Нашы педагагічныя знаходкі

У пачатку сакавіка ў Даўгінаўскай сярэдняй школе Вілейскага раёна Мінскай вобласці прайшоў метадычны фестываль адкрытых вучэбных і факультатыўных заняткаў “Мае педагагічныя знаходкі”, падчас якога педагогі школы прадэманстравалі калегам, вучням і іх бацькам прамежкавыя вынікі самаадукацыйнай работы за бягучы навучальны год.

Новыя метадычныя прыёмы, цікавыя інтэрактыўныя метады і напрацоўкі, апраўданае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прадставілі настаўнікі В.Я.Ляшковіч, І.К.Седая, Г.В.Тупіцына, А.М.Бяльковіч, М.Л.Манулік, Г.І.Навуменка, Н.П.Карабейка, А.В.Віркоўская, І.Э.Старычонак, К.Р.Машынскі, Н.П.Пташнік, А.В.Мурашка.Кожныя заняткі — гэта своеасаблівая педагагічная паэма, створаная ўпартай працай педагога ў суаўтарстве з вучнямі і іх бацькамі. Тэматыка мерапрыемстваў фестывалю разнастайная: манатыпія ў выяўленчым мастацтве, славутасці вялікай і малой Радзімы і легендарныя “Бітлз” па-англійску, матэматычная Масленіца, сустрэча вясны першакласнікамі, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, мода і стыль…
Дзеці і дарослыя пабывалі ў марскім падарожжы па каардынатнай плоскасці, звярнуліся да жыцця і побыту старажытных грэкаў, апынуліся ў гасцях у казкі, наведалі кладоўкі слоў і краіну баскетбола. Адкрытыя ўрокі і факультатывы не толькі ўзбагацілі вучняў новымі ведамі, дазволілі паўтарыць вывучанае праз цікавыя формы работы, але і садзейнічалі выхаванню лепшых чалавечых якасцей: дабрыні, міласэрнасці, патрыятызму, пачуцця абавязку, узаемавыручкі, аб’ектыўнай самаацэнкі, умення правільна паводзіць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях, быць здаровымі, моцнымі і спрытнымі, з добрым пачуццём гумару.
Праведзеныя ў рамках фестывалю вучэбныя і факультатыўныя заняткі сталі яркім фінальным акордам 3-й вучэбнай чвэрці, а таксама этапам падрыхтоўкі да пасяджэння тэматычнага педагагічнага савета па пытаннях навучання і выхавання. Вельмі прыемна, што высокую актыўнасць праявілі бацькі нашых вучняў і маральна падтрымлівалі сваіх дзяцей на працягу тыдня. Пахвальна, што большасць з іх знаходзіць час, каб назіраць за ростам і развіццём свайго дзіцяці, разумее, што ў нас ёсць цэлае жыццё, каб працаваць, а дзеці будуць маленькімі толькі аднойчы!

Таццяна ЗУБЕЛЬ,
Вольга САДОЎСКАЯ,
намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце
Даўгінаўскай сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці.