Гісторыя Старажытнага свету на прыкладзе Старажытнага Егіпта

Вывучэнне гісторыі ў школе з’яўляецца адным з самых займальных і цікавых працэсаў, бо што можа быць цікавейшым, чым даведвацца, як жылі людзі тысячы гадоў назад, як фарміраваліся іх уяўленні пра свет, побыт, дзяржаву — іншымі словамі, як яны сталі тымі, кім ёсць зараз.

Яшчэ старажытныя грэкі гаварылі: гісторыя — настаўніца жыцця, бо, калі людзі не ведаюць свайго мінулага, у іх не можа быць будучыні. Не раз даказана часам, што жыццё цыклічнае, і ўсё новае — гэта проста добра забытае старое, бо ў канчатковым выніку мы ідзём па крузе, перажываючы тыя падзеі, якія ўжо некалі перажывалі нашы папярэднікі, магчыма, сотні гадоў назад, а магчыма, нават і тысячы. Як бы там ні было, людзей заўсёды цікавіць пытанне пра тое, якім быў свет да іх, а адказаць на яго можа толькі такая навука, як гісторыя. І калі ўжо і вывучаць гісторыю, то пачынаць трэба з самых вытокаў, а менавіта з гісторыі Старажытнага свету.
З гэтага раздзела і пачынаецца ў школе знаёмства вучняў з гісторыяй. Прыйшоўшы ў пяты клас, дзеці адкрываюць для сябе новы загадкавы і цікавы свет гісторыі, якая пакуль яшчэ шмат у чым падобная да казкі. Аднак, вывучаючы гэты прадмет далей і далей, дзеці ды і педагогі бачаць: паступова ён запаўняецца раней невядомымі фактамі, якія пяцікласніку цяжка зразумець і запомніць, а перад настаўнікам паўстае праблема, як спрасціць гэтыя факты для свядомасці дзіцяці, зрабіць іх цікавымі і займальнымі, каб вучню было прасцей іх запомніць.На матэрыяле гісторыі Старажытнага свету фарміруюцца пачатковыя асновы і шэраг агульнагістарычных паняццяў: класы, дзяржавы, культура, гістарычныя крыніцы і інш. Гэтыя паняцці выкарыстоўваюцца і паглыбляюцца ў далейшым вывучэнні гісторыі. У курсе гісторыі, які вывучаецца ў 5 класе, хоць і даюцца азначэнні, але ў навучэнцаў яшчэ няма канкрэтных гістарычных ведаў, неабходных і дастатковых для свядомага засваення гэтых складаных і абагульняльных паняццяў, таму настаўніку неабходна даступна і вобразна раскрываць найважнейшыя рысы, уласцівыя гэтым паняццям.
Адной з такіх складаных для ўспрымання тэм у гісторыі Старажытнага свету з’яўляецца тэма пра Старажытны Егіпет. Гэта цалкам новая і незнаёмая цывілізацыя, лад якой для пяцікласнікаў невядомы нават на ўзроўні назвы і паняццяў, а значыць, запомніць гэты матэрыял для іх будзе праблематычна. Для таго каб палегчыць працэс засваення гэтай інфармацыі, настаўніку, безумоўна, варта ведаць псіхолага-педагагічныя асаблівасці развіцця дзяцей гэтай узроставай групы. Так, многія псіхолагі і педагогі лічаць, што ў школьнікаў 11—13 гадоў пераважае канкрэтна-вобразнае мысленне, хаця гэта і не выключае іх здольнасцей да абстрактнага мыслення. Таму, каб падвесці навучэнцаў да высноў, сфарміраваць у іх паняцці, неабходна абапірацца на яркія вобразныя ўяўленні. “Чым больш канкрэтныя засвоеныя веды, тым больш трывала і надоўга яны захоўваюцца ў памяці. Гістарычныя факты, засвоеныя і замацаваныя толькі наменклатурна, па-за вобразамі, дэталямі і сувязямі з іншымі фактамі, знікаюць з памяці лягчэй і хутчэй”.Пры недахопе вобразных уяўленняў пра мінулае навучэнцы нярэдка ўспрымаюць гістарычныя з’явы ў скажоным выглядзе. Па-першае, узнікае даволі тыповая для часткі навучэнцаў мадэрнізацыя гістарычных з’яў, іх асучасніванне. Па-другое, калі вобразныя ўяўленні бедныя або недастатковыя, навучэнцы схільны пераносіць асаблівасці асобнага фактару, узятага ў якасці прыкладу, на паняцце, якое абагульняе прыметы цэлага шэрага такіх з’яў.
Частка школьнікаў адчувае цяжкасці пры вызначэнні сутнасці асобных гістарычных з’яў. Раскрыццё гэтай сутнасці патрабуе падвядзення вывучаных фактаў пад паняцце або асобных паняццяў пад больш агульнае. Некаторыя ж навучэнцы з-за неразвітасці абстрактнага мыслення схільны, наадварот, сутнасць гістарычных з’яў падмяняць больш асобнымі паняццямі і нават апісаннем з’яў.
Найбольш складаным для навучэнцаў 5 класа з’яўляецца ўспрыманне гістарычных працэсаў і прычынна-выніковых сувязей. Навучэнцы 5 класа вызначаюць пераважна двухбаковыя прычынна-выніковыя сувязі: адна прычына — адзін вынік. Калі названа некалькі прычын, вучні часта запамінаюць толькі адну з іх, прычым не заўсёды галоўную. Такой бывае прычына або названая першай, або тая, што выклікала ў навучэнцаў найбольшае эмацыянальнае ўражанне, або найбольш канкрэтная.
Навучэнцы гэтага ўзросту лепш усведамляюць тыя прычыны, якія заключаюцца ў імкненні або дзеяннях асобных асоб або груп насельніцтва. Але, калі трэба вызначыць прычыну з’явы шляхам аналізу тых зрухаў, якія адбыліся ў сацыяльна-эканамічным развіцці грамадства, яны сутыкаюцца з сур’ёзнымі цяжкасцямі. У лепшым выпадку яны ахопліваюць толькі найбліжэйшую канкрэтную прычыну, якая прывяла да такіх змен, часта апускаючы галоўныя прычыны або звёны гістарычнага працэсу.Старажытнаегіпецкае грамадства па сваім ладзе, па менталітэце і жыццёвым укладзе вельмі моцна адрозніваецца ад любых іншых грамадстваў, пра якія раней маглі чуць пяцікласнікі, у прыватнасці ад сістэмы жыццёвага ўкладу і светапогляду славян, з якімі яны знаёміліся ў малодшых класах. Гэта адзін з нямногіх народаў Старажытнага свету, у якога рэлігія была першараднай, асновай дзяржаўнага ладу, для якога жыццё пасля смерці было важнейшым за зямное, а таму яго яны прысвячалі падрыхтоўцы да замагільнага жыцця. Свядомасці пяцікласніка вельмі складана зразумець такі тып светапогляду, акрамя таго, курс гісторыі знаёміць іх з такімі паняццямі, як фараон, піраміда, раб і інш. Гэтыя словы таксама з’яўляюцца незразумелымі для навучэнцаў, таму што раней яны з імі не сутыкаліся.
З гэтага вынікае, што перад настаўнікам стаіць задача зацікавіць дзіця новай, хоць пакуль і незразумелай інфармацыяй. Эфектыўнасць урока гісторыі залежыць ад стварэння эмацыянальнай, творчай атмасферы, развіцця пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў. Інтэлектуальная актыўнасць навучэнцаў, якія цікавяцца прадметам, у шмат разоў вышэйшая, чым у школьнікаў, у якіх гэтая цікавасць нязначная.
У гэтым напрамку значную ролю адыгрывае тое, як настаўнік будзе расказваць новы матэрыял. Маляўнічы, цікавы аповед настаўніка дае магчымасць узнавіць перад разумовым позіркам вучня яркія карціны мінулага, канкрэтызаваць вучэбны матэрыял у той ступені, каб сфарміраваць пэўныя вобразныя ўяўленні, а таксама ажыццявіць эмацыянальнае ўздзеянне на вучня, што вельмі неабходна для вырашэння выхаваўчых задач. Падчас вуснага выкладання матэрыялу настаўнік дае навучэнцам узоры разважання і тлумачэння ўзаемасувязі паміж гістарычнымі падзеямі.
Тут асабліва актуальнай з’яўляецца задача як мага паўней і канкрэтней узнавіць падзеі і з’явы, “наблізіць” іх да вучня. Пры ўсёй важнасці арганізацыі актыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроку метадычная навука і вопыт перадавых настаўнікаў пераконваюць, што нельга супрацьпастаўляць самастойную работу і актыўнасць навучэнцаў вуснаму выкладанню настаўніка.З гэтай мэтай можна выкарыстаць метад надання аповеду такой формы, якая быццам бы ператварае навучэнцаў са слухачоў у “сведак” і нават “удзельнікаў” падзей і з’яў. Пры гэтым узнікае “ўнутраная актыўнасць” навучэнцаў, звязаная з іх напружанай увагай і павышанай цікавасцю. У гэтым выпадку правільным будзе выкарыстаць наступны прыём: аповед у форме падарожжа ў мінулае, які спрыяе таму, што навучэнцы ў думках пераносяцца ў далёкую ад нас эпоху дзякуючы стварэнню “ілюзіі ўдзелу”.
Акрамя таго, вельмі дзейсна выкарыстоўваць у сваім аповедзе метад параўнальнага аналізу — гэта значыць прыводзіць паралелі з гісторыі народаў, якія маюць штосьці агульнае з народам Старажытнага Егіпта, але для дзяцей будуць больш блізкімі. Таксама можна ў якасці прыкладу прывесці народ з цікавай гісторыяй, але які не вывучаецца ў рамках школьнай праграмы.
Так, для таго каб даць пяцікласнікам больш яркае ўяўленне пра старажытнаегіпецкі народ, яго светапогляд і грамадскі лад, можна параўнаць гэты народ са старажытнымі славянамі і скіфамі. На першы погляд агульнасць гэтых народаў наўрад ці праглядаецца, але пры аналізе настаўнік можа зрабіць акцэнт на найбольш цікавы факт у гісторыі Старажытнага Егіпта — наяўнасць пірамід, якія па праве лічацца першымі з сямі цудаў свету.
Піраміда, яе будаўніцтва і значэнне для егіпцян выклікаюць у дзяцей як цікавасць, так і неразуменне. Акрамя таго, варта адзначыць, што падручнік па гісторыі для пятага класа не дае канкрэтных звестак па гэтым пытанні. Хаця вельмі цікавым фактам з’яўляецца тое, што піраміда пабудавана такім чынам, што, калі ссунуць хаця б крыху адзін блок, вага якога каля 6 тон, піраміда абваліцца. Аднак гэтыя блокі так шчыльна прыціснуты адзін да аднаго, што паміж імі нельга прасунуць і лязо нават праз тысячы гадоў.
Адной з самых велічных з’яўляецца піраміда Хеопса ў Гізе. Унутры піраміды — мноства пакояў, звязаных лабірынтамі. Лічыцца, што той, хто патрывожыць спакой фараона, ніколі не знойдзе выхаду з яе, калі яна зачыніцца, і будзе пракляты за сваё вераломства. Бо спакой фараона абараняе магічнае заклінанне, накладзенае жрацамі Анубіса — бога смерці — чалавека з галавой шакала. Паколькі егіпцяне рыхтаваліся да замагільнага жыцця, у пірамідзе фараона было ўсё, што яму магло там спатрэбіцца. А таксама многа золата, каштоўнасцей і зброі, усе прадметы побыту таксама былі з золата.
У якасці параўнання можна прывесці скіфскія курганы, якія не былі такімі моцнымі, як піраміды, таму што сцены іх былі драўлянымі. На іх рабіўся высокі насып з зямлі, як і ў егіпцян. У скіфаў было прынята забяспечваць сваіх цароў усім неабходным у замагільным свеце, уключаючы слуг, коней, салдат і наложніц. Скіфскія стэпавыя курганы (а скіфы ў адрозненне ад егіпцян — качавы народ стэпаў) былі вельмі багатыя, а ўнутры падобныя да пірамід.
Найбольш блізкім прыкладам могуць стаць старажытныя славяне, якія таксама насыпалі курганы сваім князям па скіфскім узоры. Так, нябожчыка князя змяшчалі ў труну і ўрачыста хавалі ў поўным узбраенні, разам з князем хаваля яго каня, дружыну і наложніц, пакідаючы ў кургане вялікую колькасць залатых рэчаў, зброі і ўпрыгажэнняў разам з вялікімі запасамі ежы ў глыбокай магіле, на якой быў насыпаны курган.
Задачай настаўніка з’яўляецца падаць гэты матэрыял як мага ярчэй і жывей, каб уяўленне вучняў перамясцілася да гэтых падзей. Выкладаючы гэты матэрыял, настаўнік паступова тлумачыць, грунтуючыся на паралельных прыкладах, хто такі фараон, як было наладжана грамадска-сацыяльнае жыццё старажытных егіпцян, што такое піраміды і якое іх значэнне для народа.
Праверка эфектыўнасці гэтых прыёмаў паказала вялікую сілу іх уздзеяння на ўяўленне і памяць пяцікласнікаў. Навучэнцы добра запамінаюць і, адказваючы, перадаюць нават пасля працяглага прамежку часу тыпізаваныя дыялогі, біяграфічныя звесткі, цікавыя дэталі, якія настаўнік уключаў у свой аповед.
Такім чынам, можна зрабіць выснову пра тое, што для вырашэння асноўнай праблемы выкладання курса гісторыі ў пятым класе — праблемы засваяльнасці матэрыялу, настаўніку варта выкарыстоўваць вышэйпададзеную методыку. Тады ўрокі стануць не толькі маляўнічымі і цікавымі, але і прадукцыйнымі і пазнавальнымі, а атрыманыя веды на доўгі час застануцца ў памяці вучняў.

Ганна СТРЫЖАКОВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы

Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.