Добрую школу робіць каманда

Сёння перад агульнаадукацыйнай школай стаіць шэраг праблем, звязаных са стварэннем спецыяльных умоў для атрымання навучэнцамі якаснай адукацыі пры захаванні іх здароўя. У сярэдняй школе № 1 Дзятлава сёння нараўне з вынікамі вучэбнай дзейнасці па вучэбных прадметах значнымі паказчыкамі якасці адукацыі з’яўляюцца асобаснае развіццё, прафесійнае самавызначэнне, стан здароўя, сфарміраванасць навыкаў здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін навучэнцаў, паспяховае працаўладкаванне выпускнікоў, а таксама якасць адукацыйнага працэсу і якасць адукацыйнага асяроддзя.

Кіраванне якасцю адукацыі нельга забяспечыць асобнымі мерамі ці працэдурамі. Найважнейшым пры арганізацыі і ажыццяўленні кантрольнай дзейнасці з’яўляецца сістэмны падыход, які падразумявае распрацоўку і ўкараненне сукупнасці арганізацыйных структур, мерапрыемстваў, метадаў і сродкаў. У гэтым выпадку асаблівае значэнне набывае ўнутраны кантроль на аснове аналітычнай дзейнасці адміністрацыі школы, які дазваляе ацаніць стан адукацыйнага працэсу, выявіць прычыны цяжкасцей і недахопаў, вывучыць станоўчы вопыт работы асобных педагогаў.

Як і ў кожнай установе адукацыі, у нас выбудаваны свой алгарытм кіравання адукацыйным працэсам, які базіруецца на аналізе — планаванні — арганізацыі — кіраўніцтве і кантролі. Пры гэтым сістэму кіравання якасцю адукацыі выбудоўваем так, каб праблема папярэджвалася, а не выяўлялася пасля ўзнікнення. Пагадзіцеся, што залогам паспяховай работы з’яўляецца глыбокі аналіз работы, якая праводзіцца. Зыходзячы з аналізу дзейнасці ўстановы за папярэдні навучальны год, планаванне работы з педагогамі ажыццяўляецца праз раздзелы “Ажыццяўленне адукацыйнага працэсу”, “Работа з педагагічнымі кадрамі” і “Унутраны кантроль” гадавога плана школы.

У залежнасці ад значнасці пытання, якое вывучаецца, і праблемы, якая вырашаецца, пытанні выносяцца на абмеркаванне на педагагічны савет, нарады пры дырэктары, намесніках дырэктара, адміністрацыйныя нарады. Тэматыка пытанняў, якія вывучаюцца на педагагічных нарадах, за апошнія гады: “Удасканаленне метадычнага майстэрства педагогаў праз самаадукацыйную дзейнасць”, “Развіццё кагнітыўных і творчых здольнасцей навучэнцаў сродкамі сучаснага ўрока” і інш.

Праграма падрыхтоўкі да педсавета ўключае ў сябе правядзенне дзён адкрытых дзвярэй, метадычныя дэкады з наведваннем і наступным аналізам урокаў і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў па прадмеце, што дазваляе вывучыць эфектыўнасць дзейнасці педагогаў у пэўных кірунках, вызначыць праблемы, з якімі яны сустракаюцца ў практыцы работы, знайсці шляхі і спосабы іх далейшага вырашэння.

Адміністрацыя школы выкарыстоўвае розныя формы правядзення педагагічных саветаў — з выкарыстаннем асобных метадаў актывізацыі педагогаў. Для ўцягнення ў абмеркаванне даклада ўсіх педагогаў школы былі створаны праблемна-творчыя групы, выкарыстоўваліся інтэрактыўныя методыкі “Сінтэз ідэй”, “Мазгавы штурм”, сінквейн. Так, на педагагічным савеце “Развіццё кагнітыўных і творчых здольнасцей навучэнцаў у адукацыйным працэсе”, працуючы ў групах, педагогі абмяркоўвалі задачы, кірункі, формы і метады работы па развіцці кагнітыўных і творчых здольнасцей навучэнцаў як з пункту гледжання настаўнікаў-прадметнікаў, так і з пункту гледжання класных кіраўнікоў і педагогаў дадатковай адукацыі; пытанні па арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння кагнітыўнага развіцця навучэнцаў.

У практыку арганізацыі педагагічных саветаў увайшло правядзенне творчых справаздач педагогаў, якія маюць эфектыўны вопыт, што дазволіў дасягнуць аптымальных вынікаў у адукацыйным працэсе. Тэмы справаздач: “Фарміраванне арфаграфічнай зоркасці навучэнцаў першай ступені навучання на ўроках рускай мовы” (С.У.Рымша), “Развіццё творчых здольнасцей на ўроках працоўнага навучання” (У.А.Лішык), “Развіццё лагічнага мыслення ў навучэнцаў І ступені навучання на ўроках матэматыкі” (А.М.Пацыновіч) і інш.

Адзін са складнікаў кіравання якасцю адукацыі ў нашай установе — гэта метадычнае суправаджэнне. На працягу апошніх гадоў змест метадычнай работы з педагогамі быў накіраваны на павышэнне прафесійных кампетэнцый і ўдасканаленне адукацыйнага працэсу. У ходзе заняткаў метадычных аб’яднанняў штогод праз розныя кірункі дзейнасці настаўнікаў-прадметнікаў абавязкова разглядаліся пытанні па ўкараненні ў адукацыйны працэс сучасных метадаў, прыёмаў і тэхналогій, якія садзейнічаюць арганізацыі прадукцыйнай дзейнасці навучэнцаў, павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў і ўдасканаленню адукацыйнага працэсу, пытанні, якія аналізуюць прадметную і метадычную кампетэнтнасць настаўнікаў-прадметнікаў.

Пры правядзенні заняткаў метадычных фарміраванняў кіраўнікамі аб’яднанняў перавага аддаецца актыўным формам арганізацыі метадычнай вучобы педагогаў: метадычны дыялог, семінар-практыкум, метадычны практыкум, круглы стол, кірмаш метадычных ідэй. Штогод у рамках метадычнай вучобы і з мэтай прапаганды вопыту настаўнікаў-прадметнікаў праводзяцца фестывалі вучэбных і факультатыўных заняткаў рознай накіраванасці.

Сістэмная работа метадычных фарміраванняў школы, кіраўніцкія рашэнні, якія прымаюцца, даюць станоўчы вынік. На працягу 3-х гадоў застаецца стабільнай якасць навучання на 5—10 балаў (79,9—81%). Паспяховыя выступленні навучэнцаў на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры (настаўнікі Г.І.Мілейка, І.С.Орсік), інфарматыцы (настаўнік С.І.Кетко), гісторыі і грамадазнаўстве (настаўнік С.М.Сівы), на навукова-практычных канферэнцыях. Высокія вынікі паказваюць педагогі ўстановы ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (А.М.Старыкава, С.І.Кетко), у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” (Н.К.Шырко, А.М.Старыкава).

Асновай адукацыйнага працэсу з’яўляецца ўрок. Якасць адукацыі залежыць ад якасці кожнага ўрока — прадумвання ўсіх этапаў пры яго падрыхтоўцы, узроўню прафесіяналізму настаўніка, ступені дасягнення пастаўленых мэт і задач. “Урок — загадка, настаўнік — загадчык, а чалавек, які разбірае ўрок, незалежна ад таго, хто ён, павінен быць разгадчыкам”, — сказаў С.Салавейчык. Падмечана надзвычай дакладна.

Як пачынаючы кіраўнік я вывучаю тэарэтычныя і практычныя асновы ўнутранага кантролю і яго арганізацыі, змест і напрамкі, планаванне і формы кантролю ў школе, тэхналогіі кантрольнай і аналітычнай дзейнасці кіраўніка ўстановы адукацыі. Выбудоўваю работу такім чынам, каб мая дзейнасць была мэтанакіраванай і арганізаванай, нацэленай на канкрэтны вынік. Дзейнасць намесніка дырэктара складаецца з наступных этапаў: аналіз — пастаноўка мэт — планаванне — арганізацыя — кантроль — рэгуляванне — аналіз. Гэта значыць, яна пачынаецца з аналізу і аналізам заканчваецца. Такім чынам, каб правільна ажыццявіць аналітыка-дыягнастычную работу, быць добрым “разгадчыкам” урока, асноўную частку рабочага часу намеснік дырэктара павінен чытаць, думаць і хадзіць па ўроках, аналізаваць іх. Менавіта праз наведванне ўрокаў выяўляецца большасць праблем, з якіх вынікаюць задачы, што паўстаюць перад установай адукацыі і патрабуюць вырашэння. Але ў цякучцы спраў, у лавіне папер менавіта на гэтыя віды дзейнасці застаецца менш за ўсё часу. Напэўна, многім знаёма пачуццё, калі штосьці пастаянна застаецца недаробленым. Недахоп часу нараджае пачуццё стомленасці, прыводзіць да прафесійнага выгарання.
Менавіта таму наведванне ўрокаў планую на тыдзень, зыходзячы з агульных задач, намечаных у гадавым плане работы школы. Складаю план-графік наведвання ўрокаў, у якім адзначаю класы, прадметы, вызначаю змест і мэты наведвання.

Мэта наведвання можа быць агульнай, накіраванай на павышэнне эфектыўнасці вучэбнага працэсу ўсёй школы, а таксама прыватнай, напрыклад, вывучэнне сістэмы работы асобнага настаўніка і спосабаў вырашэння ім канкрэтных педагагічных задач на ўроках (напрыклад, замацавання вывучанага матэрыялу). На ўроках маладых настаўнікаў прысутнічаю з мэтай азнаямлення з іх стылем і сістэмай работы, аказання ім метадычнай дапамогі. Урокі вопытных настаўнікаў наведваю, як правіла, для таго, каб абагульніць іх багаты педагагічны вопыт, рэкамендаваць матэрыялы для публікацыі або для накіроўвання на павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі.

Лічу, што да наведвання ўрокаў неабходна старанна рыхтавацца, таму перш за ўсё вывучаю графік кантрольных работ, класны журнал, які дае ўяўленне аб паспяховасці навучэнцаў па канкрэтным прадмеце за пэўны перыяд, а таксама знаёмлюся з тэмай, якая вывучалася на папярэднім уроку, звяртаю ўвагу на рэгулярнасць і своечасовасць ацэнкі ведаў, не забываю пры гэтым зверыць раней узгодненае каляндарна-тэматычнае планаванне. Абавязковым пры наведванні ўрока з’яўляецца наяўнасць вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце (для вызначэння канчатковых уменняў і навыкаў навучэнцаў на гэтым уроку). Практыкую наступныя спосабы наведвання ўрокаў:

1. Аператыўнае (выбарачнае) — наведванне асобных урокаў без папярэджання, па асабістым плане. Такая праверка дае магчымасць выявіць, як педагог падрыхтаваны да ўрока, якая актыўнасць класа. Такім чынам можна назіраць дзейнасць настаўніка і навучэнцаў у звычайным асяроддзі.

2. Тэматычнае — наведванне цыкла ўрокаў па адной тэме (3—5 урокаў) з мэтай усебаковага вывучэння сістэмы работы настаўніка. Такая праверка дае магчымасць ацаніць вартасці і недахопы педагога, даць яму параду па ўдасканаленні педагагічнага майстэрства. Тэматычная праверка неабходна пры знаёмстве з новымі настаўнікамі, таму што выбарачнае наведванне дазваляе дакладна выявіць сапраўдныя прычыны асобных няўдач педагога.

3. Паралельнае — наведванне ўрокаў двух настаўнікаў у паралельных класах па адной тэме. Мэта наведвання — раскрыць асаблівасці педагагічнага почырку настаўніка ці эфектыўнасць асобных метадаў навучання (пры вывучэнні якасці выкладання прадмета).

4. Комплекснае вывучэнне вучэбнага працэсу ў асобных класах — на працягу ўсяго вучэбнага дня наведванне ўрокаў у адным класе. Такім чынам правяраецца работа адных і тых жа навучэнцаў у розных умовах. Гэта дазваляе зрабіць высновы аб тым, чаму навучэнцы дасягаюць розных вучэбных вынікаў у розных настаўнікаў, як падтрымліваецца дысцыпліна на ўроках, як выконваюцца адзіныя патрабаванні да навучэнцаў (класна-абагульняльны кантроль).

5. Мэтавае наведванне ўрока (яго зручней праводзіць з запрашэннем спецыяліста, напрыклад, кіраўніка метадычнага аб’яднання, бо мы не з’яўляемся спецыялістамі па ўсіх вучэбных прадметах).

У розныя часы існавалі розныя нарматывы наведвання ўрокаў. Але да гэтых лічбаў, мне здаецца, трэба ставіцца творча, бо важная не колькасць наведаных урокаў, а якасць аналізу і самааналізу ўрокаў і якасныя змены, якія адбыліся ў выніку гэтых дзеянняў (аптымальна 5—6 урокаў у тыдзень). Часам, пасля таго як я наведала ўрокі і засталася незадаволенай вынікамі, не спяшаюся з разборамі і заўвагамі. Даю рэкамендацыі наведаць урокі вопытных настаўнікаў, прыняць удзел у семінары, майстар-класе. Таксама сама выкарыстоўваю магчымасці для свайго навучання. Па-першае, бачачы, што адміністрацыя пастаянна вучыцца, калегі больш лёгка ўспрымаюць неабходнасць свайго навучання. Па-другое, у любых курсах, семінарах, канферэнцыях заўсёды ёсць тое, што можна ўзяць на ўзбраенне, прымяніць на практыцы.

Індывідуальна з кожным настаўнікам праводжу аналіз урока: разгорнуты (дзе дэталёва абмяркоўваюцца ўсе моманты ўрока як адзінага цэлага; праводжу для пачынаючых настаўнікаў і ў выпадку, калі неабходна абагульніць і распаўсюдзіць педагагічны вопыт, калі праводзіцца атэстацыя педагога); кароткі (дзе неабходна аб’ектыўнае выкладанне прапаноў і рэкамендацый, у аснове якіх ляжыць веданне асобы настаўніка і прафесіяналізму аналізуючага); аспектны (калі аналіз накіраваны на вывучэнне якога-небудзь аспекту ўрока, напрыклад, на арганізацыю самастойнай работы навучэнцаў пры вывучэнні новага матэрыялу).

Лічу, што абмеркаванне павінна быць не толькі прынцыповым і патрабавальным, але і карэктным і добразычлівым. Любыя рэкамендацыі па паляпшэнні работы настаўніка павінны абапірацца на дасягненні педагога, яго моцныя бакі. Заўсёды заахвочваю творчае правядзенне ўрока. Акрамя дзённіка наведвання і аналізу ўрокаў, вяду журнал наведвання ўрокаў і факультатыўных заняткаў, што таксама дазваляе адсочваць сістэму наведвання ўрокаў і забяспечваць завершанасць кантролю.

Глыбокі аналіз, зразумелыя мэты, дакладны план, пільны кантроль самі па сабе не з’яўляюцца залогам паспяховасці ўстановы адукацыі. Робіць добрую школу каманда. А ў гэтай камандзе аснова — настаўнікі. Зробіце іх сваімі аднадумцамі, абудзіце ў іх творчы пачатак, навучыце іх і навучыцеся ў іх — і многія мэты рэалізуюцца, задачы вырашацца. У адваротным выпадку нашы адміністрацыйныя веды і ўменні наўрад ці знойдуць сабе прымяненне.

Алена СІВАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці.