Кім быць — вось у чым пытанне

Пра асабістую прафесійную перспектыву выпускніка

Адказны час выбару і прыняцця рашэнняў у старшакласнікаў. Яны разам з бацькамі і настаўнікамі вырашаюць пытанне не менш важнае, чым Гамлетаўскае “быць ці не быць?”. Толькі гучыць яно па-іншаму: “Кім быць?”. Яшчэ Фрэнсіс Бэкан у ХVI стагоддзі гаварыў, што шчаслівыя тыя, чыя прырода знаходзіцца ў згодзе з іх заняткамі. Непрадукцыйная бязрадасная дзейнасць становіцца не толькі асабістым няшчасцем, але і тых, хто сутыкаецца з чалавекам, які зрабіў памылку ў прафесійным выбары. Таму важна дапамагчы выпускніку знайсці самыя кароткія і эфектыўныя шляхі да сваёй прафесіі.

Многімі старшакласнікамі выбар ужо зроблены. Аднак варта пераправерыць або выверыць свой падыход, яшчэ раз прымераць прафесійную будучыню, ці не цягне, ці не цісне, ці не вісіць балахонам, як адзенне не па памеры. Узнікае пытанне: на якія асаблівасці чалавека варта арыентавацца пры прафесійнай арыентацыі і адборы? Псіхолагі надаюць вялікае значэнне ўзроўню развіцця інтэлекту, тыпу тэмпераменту, нервовай сістэме, задаткам, схільнасцям, здольнасцям, якія ёсць у чалавека. У свеце вядомы факты масавага развіцця некаторых спецыяльных здольнасцей у розных народаў. Напрыклад, італьянцы любяць і ўмеюць спяваць, жыхары памор’я — умелыя рыбакі, в’етнамцы вельмі музыкальныя. У нашай краіне многія здольны быць разважлівымі, узважанымі, суперажываючымі.
Пачынаючы выбар прафесіі, можна арыентавацца на вылучаныя вучонымі прафесійныя групы. Адна з класіфікацый (Л.Тайлер, 1964): вышэйшыя інтэлектуальныя прафесіі; прафесіі, звязаныя з кіраваннем; работнікі разумовай працы; кваліфікаваныя рабочыя; паўкваліфікаваныя рабочыя і якія выконваюць некваліфікаваную работу. У нашай краіне найбольш вядома класіфікацыя прафесій, прапанаваная Я.А.Клімавым: “чалавек — чалавек”, “чалавек — тэхніка”, “чалавек — прырода”, “чалавек — знак”, “чалавек — мастацкі вобраз”. Больш падрабязную кваліфікацыю прафесій даў В.Г.Лоас (1974). Усе прафесіі ён падзяліў на восем груп.

Справаводства. Прадстаўнікі гэтых прафесій займаюцца афармленнем дакументацыі (бахгалтар, рэвізор, статыстык).

Літаратура і мастацтва. Гэтыя прафесіі звязаны з цікавасцю да мастацкай творчасці. Яны дзеляцца на прафесіі, звязаныя з драматычным мастацтвам (акцёры, радыё- і телекаментатары); прафесіі, звязаныя з выяўленчым мастацтвам (скульптары, мастакі, архітэктары, дызайнеры, мадэльеры, фатографы, ювеліры, рэкламшчыкі); літаратурныя прафесіі (пісьменнікі, паэты, драматургі, журналісты, крытыкі, перакладчыкі, публіцысты, рэдактары, рэферэнты); прафесіі, звязаныя з музыкай (музыканты, спевакі, кампазітары, дырыжоры, аранжыроўшчыкі); прафесіі, звязаныя з рэжысурай (рэжысёры кіно і тэатра, аператары); прафесіі, звязаныя з харэаграфіяй (салісты балета, танцоры, харэографы); цыркавыя прафесіі.

Навука. Прадстаўнікі гэтых прафесій займаюцца навуковай дзейнасцю.

Прырода. У адрозненне ад Я.А.Клімава В.Г.Лоас адносіць у гэтую групу толькі тыя прафесіі, якія звязаны з культываваннем прыродных багаццяў, а тыя, што суадносяцца з іх распрацоўкай, — у іншую (рабочыя прафесіі). Вылучаны дзве падгрупы: жывёльны свет (зааветработнікі: ветэрынарны ўрач, заатэхнік, птушкагадовец, пчаляр, рыбавод; рабочыя прафесіі: даярка, конюх, пчаляр, птушкагадовец, рыбавод) і раслінны свет (агратэхнічныя прафесіі: аграном, ляснічы, садавод, кветкавод; рабочыя прафесіі: земляроб, камбайнер, работнік аранжарэі, трактарыст).

Работа з людзьмі. Вылучаны наступныя падкласы: адміністратары (брыгадзір пчалярнай брыгады, майстар, кіраўнік аддзела і г.д.); медыцынскія работнікі (урачы, фельчары, медсёстры і інш.); педагогі (настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых устаноў, трэнеры, выкладчыкі інстытутаў, вучылішчаў); юрысты, бібліятэкары, справаводы (сакратар, страхавы агент); прафесіі па абслугоўванні пасажыраў транспарту (кандуктар, бортправаднік, праваднік цягніка); работнікі суправаджэння (перакладчык, экскурсавод); работнікі сферы абслугоўвання (афіцыянт, закройшчык, цырульнік, работнік даведачнага бюро і інш.); работнікі гандлю (касір, прадавец, кантралёр).

Рабочыя прафесіі. Вадзіцельскія прафесіі (шафёры, машыністы, вагонаважатыя); прамысловыя прафесіі (станочнікі, наладчыкі, слесары, токары і інш.); аператары (апаратчыкі, дыспетчары, аператары); работнікі друкарань (лінатыпіст, наборшчык); прафесіі, звязаныя з распрацоўкай прыродных багаццяў (бурыльшчык, пільшчык, праходчык, шахцёр); будаўнічыя прафесіі (муляр, цясляр, маляр, тынкоўшчык, бетоншчык, бульдазерыст).

Рамантычныя прафесіі. Прафесіі, звязаныя з вострымі адчуваннямі (геолаг, кітабой, лётчык, касманаўт, марак, рыбак).

Тэхніка. Сюды ўваходзяць інжынерныя прафесіі, звязаныя з цікавасцю да канструявання машын, абсталявання, да праектавання тэхналагічных працэсаў, да работы па арганізацыі вытворчасці (канструктары, тэхнолагі, арганізатары вытворчасці).

Разглядаючы любую класіфікацыю, мы будзем бачыць яе недасканаласці, бо час бяжыць з вялікай хуткасцю і цяжка паспець за яго пэндзлем, які стварае новыя прафесіі, іншыя пераўтварае, а некаторыя назаўсёды знішчае. Нашы чытачы дапамагалі сваім падапечным выбіраць прафесійны шлях, асноўваючыся не толькі на класіфікацыі, але і на сваіх назіраннях за вучнямі, іх здольнасцямі, працэсам навучання. Напэўна, класныя кіраўнікі або псіхолагі адкрылі старшакласнікам таямніцу васьмівугольніка Я.Клімава асноўных фактараў выбару прайфесіі (асабістая прафесійная перспектыва, здольнасці, узровень прэтэнзій, інфармаванасць пра будучую прафесію, схільнасці, меркаванне бацькоў, меркаванне сяброў, патрэбы рынку). Але давайце паглядзім на праблему выбару прафесіі з яшчэ аднаго ракурсу. Вызначым каштоўнасныя арыентацыі выпускніка ў плане прафесіі, якая яго цікавіць. Скарыстаемся апытальнікам кар’ерных арыентацый Э.Шэйна “Якары кар’еры”, адаптаваным псіхолагамі Л.Г.Пачэбут, В.А.Чыкер. Методыка падыходзіць як для старшакласнікаў, так і для тых, хто пачаў асвойваць прафесію ў спецыялізаванай навучальнай установе. Вынікі даследавання дапамогуць пацвердзіць зроблены выбар або падштурхнуць засумнявацца ў ім. І той, і іншы варыянт стане карысным, бо час выбару яшчэ не прайшоў. Ён цячэ.

Інструкцыя. Вам будзе прадстаўлены спіс сцвярджэнняў, якія адлюстроўваюць розныя кар’ерныя арыентацыі. Уважліва прачытайце іх і адзначце, наколькі важна для вас тое ці іншае сцвярджэнне. Фіксуйце свой адказ па 10-бальнай шкале: 1 — абсалютна не важна, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10 — выключна важна

1. Строіць сваю кар’еру ў межах канкрэтнай навуковай або тэхнічнай сферы.

2. Ажыццяўляць назіранне і кантроль над людзьмі, уплываць на іх на ўсіх узроўнях.

3. Мець магчымасць выконваць работу па-свойму і не быць абцяжараным правіламі якой-небудзь арганізацыі.

4. Мець пастаяннае месца работы з гарантаваным акладам і сацыяльнай абароненасцю.

5. Выкарыстоўваць сваё ўменне мець зносіны на карысць людзям, дапамагаць іншым.

6. Працаваць над праблемамі, якія ўяўляюцца невырашальнымі.

7. Весці такі лад жыцця, каб інтарэсы сям’і і кар’еры ўзаемна ўраўнаважвалі адно аднаго.

8. Стварыць і пабудаваць нешта, што будзе цалкам маім творам або ідэяй.

9. Працягваць работу па сваёй спецыяльнасці, чым атрымаць больш высокую пасаду, не звязаную з маёй спецыяльнасцю.

10. Быць першым кіраўніком у арганізацыі.

11. Мець работу, не звязаную з рэжымам або іншымі арганізацыйнымі абмежаваннямі.

12. Працаваць у арганізацыі, якая забяспечыць мне стабільнасць на доўгі прамежак часу.

13. Выкарыстаць свае ўменні і здольнасці на тое, каб зрабіць свет лепшым.

14. Спаборнічаць з іншымі і перамагаць.

15. Строіць кар’еру, якая дазволіць мне не здраджваць свайму ладу жыцця.

16. Стварыць новае камерцыйнае прадпрыемства.

17. Прысвяціць усё жыццё выбранай прафесіі.

18. Заняць высокую кіруючую пасаду.

19. Мець работу, якая дае максімум свабоды і аўтаноміі ў выбары характару заняткаў, часу выканання і г.д.

20. Заставацца на адным месцы жыхарства, чым пераехаць у сувязі з павышэннем.

21. Мець магчымасць выкарыстоўваць свае ўменні і таленты для служэння важнай мэце.

Наколькі вы згодны з кожным з наступных сцвярджэнняў?

Варыянты адказаў:

1 — зусім не згодны, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10 — цалкам згодны.

22. Адзіная сапраўдная мэта маёй кар’еры — знаходзіць і вырашаць цяжкія праблемы незалежна ад таго, у якой галіне яны ўзніклі.

23. Я заўсёды імкнуся ўдзяляць аднолькавую ўвагу маёй сям’і і маёй кар’еры.

24. Я заўсёды знаходжуся ў пошуку ідэй, якія дадуць мне магчымасць пачаць і пабудаваць уласную справу.

25. Я пагаджуся на кіруючую пасаду толькі ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ў сферы маёй прафесійнай кампетэнцыі.

26. Я хацеў бы дасягнуць такога становішча ў арганізацыі, якое давала б магчымасць назіраць за работай іншых і інтэграваць іх дзейнасць.

27. У маёй прафесійнай дзейнасці я больш за ўсё клапаціўся пра сваю свабоду і аўтаномію.

28. Для мяне важней застацца на цяперашнім месцы жыхарства, чым атрымаць павышэнне або новую работу ў іншай дзейнасці.

29. Я заўсёды шукаў работу, на якой мог бы прыносіць карысць іншым.

30. Спаборніцтва і выйгрыш — гэта найбольш важныя і хвалюючыя бакі маёй кар’еры.

31. Кар’ера мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі яна дазваляе весці жыццё, якое мне падабаецца.

32. Прадпрымальніцкая дзейнасць складае цэнтральную частку маёй кар’еры.

33. Я хутчэй пайшоў бы з арганізацыі, чым пачаў займацца работай, не звязанай з маёй прафесіяй.

34. Я буду лічыць, што дасягнуў поспеху ў кар’еры толькі тады, калі стану кіраўніком высокага ўзроўню ў сур’ёзнай арганізацыі.

35. Я не хачу, каб мяне абцяжарвала якая-небудзь арганізацыя або свет бізнесу.

36. Я палічыў бы за лепшае працаваць у арганізацыі, якая забяспечвае працяглы кантракт.

37. Я хацеў бы прысвяціць сваю кар’еру дасягненню важнай і карыснай мэты.

38. Я адчуваю сябе такім, які дасягнуў вялікага поспеху, толькі тады, калі я пастаянна далучаны да вырашэння цяжкіх праблем або ў сітуацыю спаборніцтва.

39. Выбраць і падтрымліваць пэўны лад жыцця важней, чым дабівацца поспеху ў кар’еры.

40. Я заўсёды хацеў заснаваць і пабудаваць уласны бізнес.

41. Я аддаю перавагу рабоце, якая не звязана з камандзіроўкамі.

АПРАЦОЎКА І ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ ВЫНІКАЎ ТЭСТА

Ключ да тэста

* Прафесійная кампетэнтнасць: 1, 9, 17, 25, 33.

* Менеджмент: 2, 10, 18, 26, 34.

* Аўтаномія (незалежнасць): 3, 11, 19, 27, 35.

* Стабільнасць работы: 4, 12, 36.

* Стабільнасць месца жыхарства: 20, 28, 41.

* Служэнне: 5, 13, 21, 29, 37.

* Выклік: 6, 14, 22, 30, 38.

* Інтэграцыя стыляў жыцця: 7, 15, 23, 31, 39.

* Прадпрымальніцтва: 8, 16, 24, 32, 40.

Падлічваецца агульная сума балаў па кожнай шкале і выяўляюцца вядучыя арыентацыі.

Інтэрпрэтацыя вынікаў тэста

Пры дапамозе ключа падлічыце колькасць балаў (складзіце ўсе лічбы, якія атрымаліся ў выніку вашай ацэнкі) па прадстаўленых кар’ерных арыентацыях, а потым суму, якая адпавядае кожнай арыентацыі, раздзяліце на колькасць пытанняў у групе. Калі лік, які атрымаўся, большы за 5, то можна зрабіць выснову, што гэтая кар’ерная арыентацыя з’яўляецца адной з вядучых у жыцці. Праводзячы разлікі, вы вызначыце сваю вядучую кар’ерную арыентацыю (іх можа быць некалькі). Калі вы высветлілі, што ні па адной з прапанаваных кар’ерных арыентацый не набралі высокіх балаў, значыць, пакуль будучая работа не займае цэнтральнае месца ў вашым жыцці. Гэты вынік не з’яўляецца сведчаннем таго, што ў будучыні вы не зменіце сваю пазіцыю.

Як мы пераканаліся сёння, поспех у выбары прафесіі залежыць ад многіх фактараў, якія варта разглядаць, ўлічваць. Важна шукаць баланс, лепшае спалучэнне сваіх асаблівасцей і патрэб грамадства, заканамернасцей і выпадковасцей, сваіх назіранняў і вопыту іншых.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.