Літаратурныя рэцэпты барацьбы са шкоднымі звычкамі

Да Дня памяці Якуба Коласа

XXI стагоддзе — час кантрастаў і вострых супярэчнасцей, глыбокіх сацыяльных канфліктаў і расчараванняў, але разам з тым і час надзей чалавецтва, настойлівых пошукаў новых, больш дасканалых, шляхоў развіцця грамадства. Гэта пад сілу толькі людзям фізічна і духоўна здаровым. Грамадства, заражанае вірусамі п’янства, курэння і наркаманіі, не зможа справіцца з гэтай задачай. Шкодныя звычкі настолькі актыўна ўкараняюцца, што аказваюць негатыўны ўплыў як на жыццё грамадства ў цэлым, так і на жыццё і дзейнасць асобы. На сучасным этапе гэтая праблема стала проста глабальнай. Барацьбу з ёй павінна весці не толькі грамадства, кожнаму чалавеку неабходна ўсведамляць вялікую шкоду гэтых звычак і старацца змагацца з імі.

Пазачасавы характар твораў Якуба Коласа выклікаў жаданне паглядзець на яго паэзію з нечаканага ракурсу: асэнсаваць прычыны шкодных звычак і паспрабаваць знайсці для сваіх сучаснікаў літаратурныя “рэцэпты”. Звярнуўшыся да крытычнай літаратуры па творчасці паэта, мы прааналізавалі яе на прадмет адлюстравання названай тэмы, аднак ніякіх спецыяльных даследаванняў па гэтай тэме не выявілі.

Пачалі мы з аналізу вершаў. У томе 1 (вершы 1898—1917) знойдзена 5 твораў на адпаведную тэматыку: “Пахмелле”, “Змаганне з п’янствам”, “Песня п’янага”, “Панас гуляе” і верш на рускай мове “Белоруссия”.

Якуб Колас як патрыёт свайго краю балюча перажываў за цяжкае становішча простых людзей, што крывёй і потам здабывалі сабе мізэрныя грошы, якія потым прапівалі ў карчме:

Сеешь жито на песке,
“Карчмы” не минуешь.
“Спустишь” гроши в кабаке,
В ус себе не дуешь…

У гэтым вершы піцейныя ўстановы называюцца “карчма”, “шынок”, “кабак”. Згодна з тлумачальным слоўнікам, гэта пабудовы, дзе падарожнік мог падсілкавацца і пераначаваць; заезныя дамы з продажам моцных спіртных напіткаў. Словы “карчма”, “шынок” ужываліся ў Беларусі, Польшчы, Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі. А вось слова “кабак” адносіцца да Расіі і ўведзена Іванам Грозным.

Пра тое, што п’янства — тыповая ў XIX стагоддзі з’ява для беларускага грамадства, гаворыць Якуб Колас у кароткім фельетоне “Змаганне з п’янствам”:

Мы заўсёды выпівалі
І гарэлку шанавалі, —
Так вядзецца ад
дзядоў…

Для п’янства было шмат прычын у беларускага мужыка: хрышчэнне дзіцяці, пахаванне, адыход у рэкруты, хвароба, пазыка грошай:

Рады мы прычыне кожнай
Зрабіць поўную парожняй…
Ды “яе” мы не здалеем,
Хоць п’ём шмат, ажно шалеем…

Прычыну зла героі бачаць у манапольцы — так у дарэвалюцыйнай Расіі называлі дзяржаўную краму, у якой прадавалі гарэлку. У 1917 годзе яны былі забаронены. Колас згадвае, як на агульным сходзе ставіцца пытанне аб закрыцці ў вёсцы манаполькі: “Годзе гэту дрэнь глушыць!”

У 1914 годзе Якуб Колас даслаў у “Нашу ніву” допіс “Манаполька жыве”, у якім выкрываў п’янства, што запанавала ў вёсцы і стала сапраўдным сацыяльным бедствам. У фельетоне “Змаганне з п’янствам” паэт паказаў сябе тонкім знаўцам псіхалогіі мужыка, з уласцівым яму гумарам апісаў рэальную карціну сваёй эпохі:

Ну што ж, — кажам, — хіба вып’ем?
Манапольку з вёскі выпрам,
Справа важная, нябось!”
“Вып’ем, вып’ем!” — загукалі.

Так іранізуе пісьменнік, выхадзец з народа, таго народа, які прывык свае праблемы вырашаць з дапамогай гарэлкі і іншага выйсця проста не бачыў.

Лірычны герой верша “Пахмелле” клянецца перад жонкай, што кіне піць. Надзвычай маляўніча апісваецца тут пахмельны сіндром:

Тфу! Пад грудзі падпірае!
Кішкі зблытаны ў камяк,
Ну, а ў роце, каб ты знала —
Фэ, які нядобры смак!

У сваіх вершах Якуб Колас выступае ад імя мужыка, ставіць сябе на яго месца, пасмейваецца з яго. А значыць, і з сябе? А калі чалавек здольны жартаваць са сваіх звычак, магчыма, яшчэ не ўсё страчана?

Прааналізаваўшы вершы савецкага часу (1917—1956), змешчаныя ў т.2 збору твораў у чатырнаццаці тамах, мы знайшлі толькі адзін верш на тэму п’янства — “Сіла агітацыі” (1928 год). З пачатку 1930-х гадоў тэма п’янства і алкагалізму ў савецкай дзяржаве набывае палітычны сэнс. Антыалкагольная прапаганда вялася пад лозунгамі “П’янства — шлях да злачынства”, “П’янству — бой” і інш. У службовых характарыстыках з’явілася фармулёўка “маральна ўстойлівы”, што на той час азначала “не алкаголік”.

У вершы “Сіла агітацыі” Я.Колас з гумарам расказвае, як у вёску прыехаў начальнік міліцыі праводзіць кампанію супраць самагонаварэння:

Прамову закончыў
канцоўкай завілай,
І грымнулі: “Прэч самагон!”

Адзін з сялян, Хвядос, на вачах у начальніка міліцыі нават разбіў самагонны апарат. Начальнік, задаволены сілай сваёй агітацыі, паехаў у раён, а Хвядос дастаў новы апарат:

Прадукцыя вышай
працэнтаў на сорак,
Спакой — на ўсе сто!..
І носа сюды не паказвае болей —
Гані, брат, ваўсю!

У гэтым творы Якуб Колас не адступае ад творчай манеры. Насмешка прыхавана, але мараль на паверхні: барацьба з п’янствам — справа не аднаго дня, з наскоку не робіцца, трэба набрацца цярпення, каб дабіцца поспеху.

Якое месца адведзена шкодным звычкам у “энцыклапедыі жыцця беларускага сялянства”? Героі паэмы “Новая зямля” паказаны ў будні, за штодзённай працай, і ў святы. Трэба адзначыць, што гарэлка з’яўляецца ў іх толькі на святочным стале. Перад гэтым Якуб Колас з такой любоўю, з такім веданнем справы апісвае звычаі, абрады, святочны стол, што бутэлька займае там як быццам належнае месца.

Гарэлка, радасць-весялуха,
Прыемна булькае для вуха…
(“На Каляды”.)

У раздзеле “Падгляд пчол” паэт паказвае, што пасля ўдала скончанай працы гарэлка становіцца крыніцай весялосці для гасцей і гаспадароў:

І з рук у рукі ходзіць чарка,
Шаломіць голавы ім шпарка…
А голас крэпне і дужае,
І смех гаворку аздабляе.

Чытаючы такія радкі, мы не ўспрымаем герояў як людзей, што злоўжываюць гарэлкай, аднак сам Якуб Колас у раздзеле “Смерць Міхала” з горыччу гаворыць, што хваробу героя “і спатайка гадоў праз колькі … жывілі манаполькі”. Паэт асуджае сваіх герояў-мужыкоў за празмернае ўжыванне спіртных напіткаў, якія прыводзяць да страты здароўя і разладу ў сем’ях і часта з’яўляюцца адзіным сродкам вырашэння жыццёвых праблем, але робіць гэта без лішняга маралізатарства, тактоўна, з гумарам.

Героі “Новай зямлі” маюць схільнасць і да курэння, асабліва дзядзька Антось, курыльшчык “са стажам”. Ужыванне тытуню Якуб Колас параўноўвае тут з ужываннем алкаголю: “як бы спірытусу кватэрку”. Кватэрка, кварта — мера аб’ёму вадкасці, звычайна крыху большая за літр. Можна ўявіць, якое шкоднае ўздзеянне аказвае ўжыванне тытуню на курыльшчыка і на тых, хто апынуўся побач, на так званых пасіўных курыльшчыкаў:

Нясецца дым, насы зрывае,
“Зайцам” духі ён забівае.
Падняўся кашаль між “зайцамі”,
І ўсе зашморгалі насамі.

Маляўніча, з дапамогай трапных народных выразаў Якуб Колас паказвае, якую шкоду прыносіць арганізму чалавека курэнне. Гэта і ўздзеянне на галаўны мозг (“па галаве біў, як даўбешка”), і на лёгкія і бронхі (“і чхаў, і пырхаў з паўгадзіны, і выціраў з вачэй слязіны”).

У коласаўскіх творах мы не заўважылі адкрытай аўтарскай пазіцыі ў адносінах да шкодных звычак. Тут не знойдзеш заклікаў “не піць і не курыць!”, яны ўгадваюцца ў падтэкстах твораў. Адсутнасць павучальнасці, спачуванне, бяскрыўдны жарт, іронія — пастаянныя спадарожнікі яго творчасці. Пісьменнік не асуджае сваіх герояў, стараецца іх зразумець, звязвае прычыны п’янства і курэння з грамадскім ладам і ўмовамі жыцця людзей. Аўтарская пазіцыя выказваецца завуаліравана, у жартоўнай форме. Тым самым пісьменнік як бы намякае, што самаіронія — адзін са спосабаў барацьбы са шкоднымі звычкамі. Усмешка, гумар таксама лечаць.

Якуб Колас пра шкодныя звычкі пісаў не спецыяльна, а паказваў іх як адзін з бакоў жыцця чалавека. У яго творах мы не знойдзем адкрытых падказак, літаратурных рэцэптаў, як змагацца з п’янствам і курэннем, аднак яны лёгка ўгадваюцца. Пісьменнік дае людзям унікальную магчымасць паглядзець на сябе збоку, паглядзець, жахнуцца і, магчыма, выправіцца. Паэт канстатуе, а вывады кожны робіць для сябе сам.

На думку Якуба Коласа, жаданне кожнага весці здаровы лад жыцця і падтрымка дзяржавы — галоўныя складнікі барацьбы са шкоднымі звычкамі.

Наталля СЫРЫЦА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
Настасся БАРАДУЛІНА,
вучаніца 11 “А” класа Сноўскай сярэдняй школы
Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.