Па-іспанску лёгка і нязмушана

Самае вялікае задавальненне ў працэсе работы настаўніца іспанскай мовы сярэдняй школы № 114 Людміла Генадзьеўна Кажамякіна атрымлівае ад поспехаў сваіх выхаванцаў, ад правядзення ўдалых урокаў. Навучэнцы педагога штогод заваёўваюць дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай мове. Так, у мінулым навучальным годзе дзесяцікласніца Аляксандра Бабак была адзначана дыпломам ІІ ступені, навучэнец 10 класа Павел Смірноў — дыпломам ІІІ ступені. За сваю плённую працу на сёлетняй жнівеньскай педагагічнай нарадзе Людміла Генадзьеўна была адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Педагагічны стаж Людмілы Генадзьеўны складае 38 гадоў, з іх 18 гадоў яна працуе ў сярэдняй школе № 114 імя Сімона Балівара, якая з’яўляецца своеасаблівай кузняй кадраў для МДЛУ і БДЭУ, на адным з факультэтаў якога вывучаецца іспанская мова. Для падтрымання ў вучняў высокага ўзроўню ведаў на базе школы створаны рэсурсны цэнтр па іспанскай мове, наладжана супрацоўніцтва з МДЛУ, Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь, Лацінаамерыканскім культурным цэнтрам імя Сімона Балівара пры пасольстве. А мець зносіны з носьбітамі мовы навучэнцам дазваляюць заняткі, якія праводзяць супрацоўнікі пасольства.

— Яшчэ са школы я хацела быць настаўніцай, — расказвае Людміла Генадзьеўна. — У старшых класах паглядзела фільм “Пусть говорят” — рамантычную гісторыю кахання вядомага маладога спевака Рафаэля да простай гарадской дзяўчыны. Мяне зачаравала Іспанія — загадкавая краіна, прыгожая мілагучная мова, якую я, дарэчы, вывучала ў школе (я cкончыла сярэднюю школу № 91 Мінска). І выбар быў зроблены: паступаць у інстытут замежных моў, пасля заканчэння якога я і прыйшла працаваць у школу.

Па перакананні Л.Г.Кажамякінай, залог паспяховага ўрока не толькі ў выбары той ці іншай тэхналогіі ці методыкі. Важна выклікаць інтарэс кожнага дзіцяці да тэмы ўрока, падрыхтаваць займальныя заданні, з дапамогай якіх будзе праходзіць пазнавальны працэс, гэта значыць сфарміраваць унутраную матывацыю навучэнцаў. А гэта поўнасцю залежыць ад настаўніка, яго вопыту і жадання вучыць. Педагог стварае камфортныя ўмовы, у якіх навучэнцы адчуваюць сваю кампетэнтнасць і грунтоўнасць. Яна стварае для іх сітуацыю поспеху, заахвочвае жэстам, поглядам, словам літаральна кожны крок. Калі ёсць заахвочванне — будзе і поспех.

Мэта навучання замежнай мове — у авалоданні камунікатыўнай кампетэнцыяй, навучанні яе практычнаму авалоданню. Пры гэтым, на думку Л.Г.Кажамякінай, вучыць неабходна так, каб у свядомасці навучэнца фарміравалася сістэма мовы за кошт разнастайных метадаў, падыходаў і тэхналагічна прапрацоўваць тыя з іх, якія б маглі прадаставіць магчымасць вуснай практыкі кожнаму вучню на ўроку. Іншымі словамі, на ўроку большую частку часу павінны практыкавацца навучэнцы, а не настаўнік.

— Авалодаць камунікатыўнай кампетэнцыяй на замежнай мове, не знаходзячыся ў краіне, мова якой вывучаецца, — справа вельмі складаная, — адзначае Людміла Генадзьеўна. — Іспанская мова ў нас вывучаецца з 1 класа, таму пастаянна задумваюся, як эфектыўней пабудаваць свае ўрокі, які метад падабраць, каб дзецям быў цікавы і сам матэрыял, і спосаб яго падачы. Практыка паказвае, што метад камунікатыўна-арыентаванага навучання садзейнічае стварэнню на ўроку спрыяльных умоў для зносін.

Пры пабудове ўрока настаўніца звычайна ўлічвае шэраг прынцыпаў. Па-першае, маўленчую накіраванасць, навучанне замежнай мове праз зносіны. Безумоўна, на пачатковым этапе немагчыма весці ўрок толькі на замежнай мове, але ключавыя фразы, якія паўтараюцца кожны ўрок, першапачаткова агучвае менавіта на іспанскай мове. Па-другое, словы і граматычныя формы засвойваюцца адразу ў дзейнасці: навучэнец выконвае якую-небудзь маўленчую задачу — пацвярджае думку, сумняваецца ў пачутым, пытаецца пра што-небудзь, і ў працэсе гэтага засвойвае матэрыял. Па-трэцяе, гэта сітуатыўнасць, ролевая арганізацыя вучэбнага працэсу. Важным з’яўляецца адбор і арганізацыя матэрыялу на аснове сітуацый і праблем зносін, якія цікавяць навучэнцаў кожнага ўзросту. У сярэдняй школе дзецям цікавыя краіны і іх звычаі, асабліва краін, мова якіх вывучаецца. Яшчэ адзін прынцып — калектыўнае ўзаемадзеянне, пры якім вучні актыўна ўзаемадзейнічаць адно з адным, а ўмовай паспяховасці кожнага з’яўляюцца поспехі астатніх.

Для павышэння матывацыі да навучання настаўніца прымяняе разнастайныя творчыя прыёмы. Так, напрыклад, яна прапаноўвае вучням шэсць лічбаў і пытаецца, як гэтыя лічбы звязаны з ёй. Дзецям даецца заданне прыдумаць шэсць правіл для настаўніка і для вучня або настаўніца запісвае на дошцы некалькі фраз наконт таго, што ёй падабаецца, і вучні вызначаюць, якія з фраз праўдзівыя. Усё гэта прыцягвае ўвагу дзяцей, яны ахвотна ўключаюцца ў работу.

Як вядома, словы замежнай мовы трэба завучваць, але гэтая работа не вельмі падабаецца навучэнцам. Настаўніца падбірае практыкаванні, ідэя якіх заключаецца ў тым, што вучні выконваюць заданні, у якіх словы з’яўляюцца не мэтай, а сродкам іх выканання — спрацоўвае прынцып міжвольнага запамінання. Так, пры абмеркаванні тэмы сяброўства настаўніца прапаноўвае вучням наступныя заданні:

— Сябры бываюць добрыя і не вельмі. Знайдзіце ў прадстаўленым спісе неабходныя словы і перапішыце іх да сябе ў сшытак, падзяляючы на дзве калонкі — станоўчыя рысы і адмоўныя.

— Падбярыце 10 рыс, якія больш за ўсё вы паважаеце. Назавіце самую прывабную для вас.

— Назавіце тры самыя ненавісныя недахопы.

— Што б вы выбралі з рыс характару для вашага сябра: настаўнік называе па дзве якасці процілеглыя па сэнсе (гультай — працавіты, бяздушны — чулы і інш.).

Надаць адукацыйнаму працэсу рэальную практычную накіраванасць і зрабіць вучня актыўным суб’ектам дзейнасці дазваляе Людміле Генадзьеўне тэхналогія навучання ў супрацоўніцтве, якая арганічна ўпісваецца ў класна-ўрочную сістэму.

— Лічу, што вопыт навучання ў супрацоўніцтве дазваляе найбольш эфектыўна раскрыць патэнцыяльныя магчымасці кожнага вучня, — тлумачыць Людміла Генадзьеўна. — Асноўная ідэя гэтай тэхналогіі — стварыць умовы для актыўнай сумеснай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў у розных вучэбных сітуацыях. Усе вучні розныя: адны хутка схопліваюць усе тлумачэнні настаўніка, лёгка авалодваюць лексічным матэрыялам, камунікатыўнымі ўменнямі; іншым патрабуецца не толькі значна больш часу на асэнсаванне матэрыялу, але і дадатковыя прыклады, тлумачэнні. Такія вучні, як правіла, саромеюцца задаваць пытанні пры ўсім класе, а часта проста і не ўсведамляюць, што канкрэтна яны не разумеюць, не могуць сфармуляваць правільна пытанне. Калі ў такіх выпадках аб’яднаць дзяцей у невялікія групы (па 3—4 чалавекі) і даць ім адно агульнае заданне, агучыўшы ролю кожнага ўдзельніка групы, то ўзнікае сітуацыя, у якой кожны адказвае не толькі за вынік сваёй работы (што часта пакідае школьніка абыякавым), але і за вынік усёй групы. Таму слабыя вучні імкнуцца высветліць у моцных усе незразумелыя ім пытанні, а моцныя зацікаўлены ў тым, каб усе члены групы, у першую чаргу слабы вучань, дасканала разабраліся ў матэрыяле. Такім чынам, сумеснымі намаганнямі ліквідуюцца недахопы. Групавая форма выхоўвае ўзаемную адказнасць, уважлівасць, фарміруе цікавасць да работы таварыша.

Так, працуючы над тэмай “Падарожжа”, Людміла Генадзьеўна вылучае розныя падтэмы: выбар маршрута, заказ білетаў, збор багажу, заказ гасцініцы і г.д. Кожны член групы знаходзіць матэрыял па сваёй тэме. Затым школьнікі, якія вывучаюць адно і тое ж пытанне, але якія працуюць у розных групах, сустракаюцца і абменьваюцца інфармацыяй (“сустрэча экспертаў”). Затым дзеці вяртаюцца ў свае групы і вучаць усяму новаму, пра што даведаліся, таварышаў у сваёй групе. Тыя ў сваю чаргу расказваюць пра сваю частку задання. Адзіны шлях засвоіць матэрыял усіх фрагментаў і такім чынам падрыхтаваць падарожжа — уважліва слухаць партнёраў па камандзе і рабіць запісы ў сшытку.

Пры падрыхтоўцы да ўрока (а якасная падрыхтоўка ў педагога, нягледзячы на шматлікія напрацоўкі і вопыт, займае 2—3 гадзіны) Людміла Генадзьеўна падбірае такія заданні, якія выконваюцца ў парах і малых групах, заданні для спантанных зносін, калі вучэбная сітуацыя пераходзіць у натуральную.

Самастойнасць мыслення навучэнцаў і іх крэатыўнасць прадугледжвае праектная тэхналогія. Так, напрыклад, у 11 класе навучэнцы дзеляцца на групы, выбіраюць сумесныя заданні па тэме “Праблемы моладзі” і плануюць вынік і форму іх прадстаўлення самастойна. У 6 класе па тэме “Мой лепшы сябар” школьнікі рыхтуюць прэзентацыю праекта ў слайдах у PowerPoint, маюць магчымасць прадставіць свайго сябра па перапісцы.

Найбольшую цікавасць у навучэнцаў выклікаюць гульні і гульнявыя сітуацыі, паколькі яны набліжаюць маўленчую дзейнасць да натуральных норм, дапамагаюць развіваць навык зносін. Часта навучэнцы падказваюць тэму гульні. Акрамя праграмнай лексікі, уводзіцца многа новых слоў, якія ў гульні лёгка запамінаюцца. Напрыклад, удзельнікі становяцца ў кола і вымаўляюць кожны сваё слова так, каб утвораны сказ гучаў плаўна, нібыта яго вымаўляў адзін чалавек; вучні ўтвараюць знешняе і ўнутранае кола і, рухаючыся па крузе, абменьваюцца рэплікамі; навучэнцы ўважліва слухаюць партнёра, ківаючы ў знак згоды і выяўляючы згоду з ім.

На ўроках і факультатыўных занятках настаўніца абавязкова ўключае ў працэс навучання музыку і песні. Прычым выкарыстоўваецца як фальклорная, класічная, джазавая музыка, так і сучасныя мелодыі. У псіхолага-педагагічнай літаратуры даказана, што з дапамогай песень лепш засвойваецца лексіка і пашыраецца лексічны запас. У 8 класе па тэме “Музыка” педагог імкнецца выклікаць пэўны эмацыянальны стан у вучняў, каб пры праслухоўванні музыкі яны аргументавана выказвалі свае думкі. Навучэнцы спяваюць пад фанаграму. Падобная форма работы выклікае ў кожнага школьніка жывы эмацыянальны водгук і жаданне прыняць непасрэдны ўдзел у рабоце.

Па меркаванні Людмілы Генадзьеўны, сёння ў адукацыйным працэсе не абысціся без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сваю дзейнасць з прымяненнем ІКТ настаўніца пачала з падрыхтоўкі дыдактычнага матэрыялу да ўрокаў. Спачатку гэта былі тэсты, тэксты з заданнямі, граматычныя таблічкі з тлумачэннямі і прыкладамі, карткі размоўнай тэматыкі і г.д. Калі ў школе з’явіўся інтэрактыўны курс навучання “Іспанская 3 узроўняў”, дыскі рознаўзроўневага характару, лексіка-граматычны практыкум для 10—11 класаў, якія пры выкананні заданняў рэагуюць і на поспех дзіцяці, якое вучыцца, і на яго няўдачу, то навучэнцы з задавальненнем сталі наведваць камп’ютарны клас, дзе можна было папрацаваць над сваім вымаўленнем, удасканаліць лексічны запас, патрэніравацца ў граматыцы і інш.

Вялікую цікавасць выклікаюць у навучэнцаў відэафільмы аб Іспаніі. Настаўніца падбірае іх такім чынам, каб яны не былі занадта доўгімі. Перад праглядам яна фармулюе пэўныя задачы, напрыклад, запісаць, якія геаграфічныя назвы прагучалі ў фільме (расказаць аб асацыяцыях, звязаных з імі); якія ўласныя імёны вучні пачулі; што аказалася новым для іх і г.д.

Па словах Л.Г.Кажамякінай, выкарыстанне ІКТ дазваляе праводзіць рацыянальную арганізацыю вучэбнага працэсу, якая садзейнічае дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання. У вучняў павышаецца пазнавальная актыўнасць, паляпшаецца падрыхтаванае і непадрыхтаванае маўленне.

У рабоце з вучэбным матэрыялам Людміла Генадзьеўна шукае новыя формы правядзення ўрокаў. Настаўніца практыкуе нестандартныя ўрокі: урокі-падарожжы, урокі-канферэнцыі, відэаўрокі, урокі-брэйн-рынгі, урокі-залікі і г.д. Напрыклад, пазнаёміўшыся з Іспаніяй, дзеці ў групе дзеляцца на 2 падгрупы, каб удзельнічаць у гульні “Шчаслівы выпадак”. Гульня падзелена на этапы і разлічана на хуткасць мыслення навучэнцаў, іх творчасць і фантазію. Рыхтуючыся да канферэнцыі па тэме “Праблемы экалогіі”, клас дзеліцца на групы, ад кожнай выбіраецца выступоўца і два-тры карэспандэнты, якія прадстаўляюць розныя газеты і часопісы. Яны задаюць вострыя, актуальныя пытанні дакладчыкам, бяруць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў канферэнцыі, у запрошаных прадстаўнікоў замежных кампаній, уносяць свае прапановы па захаванні і абароне навакольнага асяроддзя.

Наладжаная такім чынам работа дазваляе навучэнцам удасканальваць свае веды ў авалоданні іспанскай мовай, развіваць аналітычныя і творчыя здольнасці. У гэтым навучальным годзе Людміла Генадзьеўна працягвае яе, а таксама актыўна рыхтуе навучэнцаў да алімпіяды і навукова-практычнай канферэнцыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.