Шчасце на выбар

Раз-пораз мы заўважаем газетныя радкі, чуем з тэле- і радыёэфіру , што да Новага года засталося… шаснаццаць, дванаццаць, восем і ўсё менш дзён! Спяшайцеся купіць падарункі родным, прадукты да навагодняга стала, білеты на забавы. Спяшайцеся запісацца ў цырульню, салон прыгажосці, фітнес-клуб, забраніраваць месца ў рэстаране, катэджы для таго, каб лепшым чынам сустрэць Новы год і быць ад гэтага шчаслівым. Святочная мітусня, і праўда, бывае прыемнай, калі яна разумная, умераная, утаймаваная, не даведзеная да неўратычнай бегатні. Каб гэтага не здарылася, прыслухаемся да нашага асабістага эфіру: інтуіцыі, пачуццяў, думак. А калі ўдасца злавіць сваю хвалю, то лічыце, што птушка шчасця знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі ад нас.

Дыялог з чытачом

Такім чынам, слухаем сябе. Нязвыкла? Трывожна? Занадта ціха? Працягваем, спадзяёмся, унутраны голас праб’ецца і скажа самае важнае менавіта ў гэты час, у гэтую хвіліну, у гэтае імгненне. Каб яму дапамагчы, пачнём з падзякі за тое, што ў нас ёсць. А гэта нямала! Па-першае, мы самі ёсць у сябе: нашы рукі і ногі, дыханне і мары, цікавасці і вопыт, планы і дасягненні, сумненні і рашэнні, назіранні і адкрыцці. У нас ёсць магчымасць думаць і дзейнічаць у будучыні, а гэта значыць, што ў нашых руках бясцэнны рэсурс — час. Напоўнім яго ўвагай да сябе, родных, сяброў, здзяйсненнем мары сваёй або таго, хто зараз больш за ўсё мае ў гэтым неабходнасць, пазнаваннем, навучаннем, проста перажываннем радасці, шчасця.
Часам, як ні парадаксальна гэта гучыць, каб радавацца і быць шчаслівым, трэба не набыць штосьці або кагосьці, а наадварот, развітацца з нечым, пазбавіцца чагосьці. Як вы пагледзіце на спіс для пазбаўлення, які можаце скараціць або дапоўніць? Памяць пра мінулыя памылкі, бясконцае раскаянне, шкадаванні пра ўпушчаныя магчымасці, гнеў, злосць, зайздрасць, страх, мітусня, незадаволенасць, непавага, трывога. Калі свядомасць забіта пералічаным, то ўся прастора запоўнена, у ёй не застаецца месца для шчасця. Атрымаецца развітацца хаця б з часткай гэтага грузу — адчуеце сябе лягчэй, свабодней. Вызваліцца можна і ад нечага матэрыяльнага, аблягчаючы цяжар валодання і адначасова радуючы іншых.

У паўночна-амерыканскіх індзейцаў ёсць цудоўнае і мудрае свята дарэння — Потлач. Сэнс яго ў тым, што найбольш удачлівы і багаты супляменнік раздае некаторыя свае каштоўнасці суседзям, каб аднавіць баланс дабрабыту, падзяліцца сваёй удачай з тымі, хто побач, і падзякаваць ім.

Важна ачышчацца і пазбаўляцца душэўных таксінаў. Кожны можа прыдумаць свой спосаб ачышчэння, а можа запазычыць зноў жа індзейскі: “Ідзі ў лес, выкапай яму і сядзь перад ёй. Выгані з сябе ўсю злосць, усе крыўды, пачуццё віны і адчай. Скінь усё гэта ў яму, засып зямлёй і вяртайся з чыстай душой”. Унутраная гармонія і шчасце неабходны нам і ўсім навакольным, бо кожны з нас уносіць свой уклад у калектыўную свядомасць і чэрпае адтуль.

У свеце няма нічога больш пастаяннага, чым зменлівасць. Калі яна праяўляецца з найбольшай сілай, нам трэба штосьці мяняць, прымаць рашэнні. Калі вам напярэдадні Новага года трэба будзе прыняць важнае рашэнне, каб адчуць сябе шчаслівым, то важна ведаць, што існуе цікавы спосаб, які дапамагае вызначыцца, — сістэма дэкартавых каардынат. Каб задзейнічаць гэты спосаб, трэба раскласці сітуацыю на прамыя і ўскосныя наступствы, якія могуць адбыцца або не адбыцца ў выніку прынятага рашэння. Дзейнічаючы такім чынам, мы пазбаўляемся непрыемных эмоцый і прыводзім у парадак унутраны душэўны хаос, разгубленасць, якія пануюць у душы да моманту прыняцця рашэння.

Пачынаем з таго, што малюем на чыстым лісце квадрат, запаўняючы фігурай усю прастору. Дзвюма лініямі ўнутры квадрата малюем вялікі плюс, тым самым раздзяляючы вялікі квадрат на чатыры маленькія. У левым верхнім квадраце апісваем, што адбудзецца, калі рашэнне, якое разглядаецца, будзе прынята, што здарыцца, калі гэтая падзея настане — іншымі словамі, што адбудзецца, калі гэта адбудзецца.

Наступны крок — пошук адказаў на супрацьлеглае пытанне “Што адбудзецца, калі гэтага не адбудзецца?”. Усе адказы на гэтае пытанне запісваем у верхнім правым квадраце фігуры. Было б памылкай лічыць, што, калі рашэнне не будзе прынята, гэта не будзе мець ніякіх прамых вынікаў. Наступны крок — разбор ускосных эфектаў. У ніжнім левым квадраце вялікага квадрата запісваем: “Што не адбудзецца, калі гэта НЕ адбудзецца?” Іншымі словамі, калі вы не прымеце рашэнне, што вы ўпусціце, страціце, ад чаго прыйдзецца адмовіцца. І, нарэшце, правы ніжні квадрат прысвечаны адказу на фінальнае пытанне нашага метаду: “Што адбудзецца, калі гэтага не адбудзецца?” Гэта дазволіць нам ацаніць, зразумець, што калі вы пакінеце ўсё як ёсць, то ў вашым жыцці не адбудуцца нейкія рэчы.

Не прымаючы рашэнне, вы ад нечага адмаўляецеся: магчымасцей, шансаў, перспектыў. Запоўненая фігура вялікага квадрата падрабязна раскажа ўсё пра рашэнне, якое абдумваецца: тое, што вы вельмі хочаце ведаць, тое, ад чаго вы хочаце схавацца, і тое, пра што ведаць зусім не жадаеце. Такі метад дазваляе нам кіраваць падзеямі для стварэння новага шчаслівага жыцця.

Часам новае шчаслівае жыццё — гэта ўсяго толькі новы спосаб мыслення. Здараецца, што мы ўспрымаем простыя штодзённыя радасці як належнае, можам лічыць сябе незаслужана абдзеленымі і зняважанымі, адчуваем перагрузку і стрэс, факусіруем сваю ўвагу толькі на праблемах, скардзімся, што не атрымліваем таго, што заслугоўваем. Нядаўна, гартаючы кнігі сваёй дамашняй бібліятэкі, звярнула ўвагу на цудоўную гісторыю, якую апісаў журналіст. Газета, у якой ён працаваў, вырашыла апублікаваць серыю фотаздымкаў, якія ілюструюць галечу і пакуты людзей у бедных раёнах сваёй краіны. Журналісту прыйшла ў галаву бліскучая ідэя: ён вырашыў не пасылаць туды прафесійных фатографаў, а раздаць некалькі простых фотаапаратаў жыхарам, каб яны самі зрабілі фотаздымкі. Ён сабраў каля дзясятка алкаголікаў, наркаманаў, дробных крымінальнікаў, насельнікаў начлежак і сказаў ім: “Фатаграфуйце ўсё, што захочаце. Падзяліцеся з намі сваім жыццём”.

Да таго, як павярнулася гэтая ідэя, яе аўтар быў зусім не гатовы. Праявіўшы плёнкі, журналіст быў уражаны, колькі надзеі, радасці і прыгажосці было ў фотаздымках. У сувязі з гэтым нам пытанне: “Нават калі самыя абяздоленыя людзі знаходзяць у сваім існаванні многа радасці і прыгажосці, хіба нам пашанцавала ў жыцці менш, чым ім?” Кожны пражыты дзень прыносіць мноства прыемных момантаў. Важна вучыцца заваўжаць іх, знайсці некалькі секунд, каб убачыць, спыніцца і парадавацца. Любая дробязь можа парадаваць душу. Скажыце сабе: “Вочы маіх вачэй адкрыты” — і расплюшчыце іх.

Калі мы хочам зрабіць жыццё сваё і іншых людзей больш шчаслівым, то пачынаць рабіць гэта трэба павольна. Працягвайце набываць вопыт, практыкавацца, удасканальвацца па незвычайным раскладзе ў школе жыцця хаця б у святочныя дні. Першы ўрок — давер. Засвоіўшы яго, вы пачняце жыць весялей і цікавей. Другі ўрок — удзячнасць. З ёй жыццё становіцца больш радасным. Трэці ўрок — пазбаўленне крытычных адносін да сябе і навакольных. Зрабіўшы гэта, вы адчуеце лёгкасць і свабоду, як птушка ў палёце. Чацвёрты ўрок — дабро. У гэтым выпадку сэрца адкрыецца і адчуе сувязь са светам. Здзейсніўшы гэтыя чатыры крокі, мы з лёгкасцю будзем выбіраць шчасце, не будзем грэбаваць абавязкам быць шчаслівым, зразумеем, што радасцей у жыцці больш, чым непрыемнасцей. Выбіраючы шчасце, мы парасылаем ананімныя благаславенні свету. Выбіраючы шчасце, мы перастаём быць скептыкамі, якія лічаць, што цудаў няма, мы становімся людзьмі, якія ўспрымаюць усё як цуд!

Псіхалагічнае люстэрка

Набудзь удачу

Здаецца, з галоўнай жывёлай адыходзячага года па ўсходнім календары — Чырвонай Малпай — нам удалося наладзіць адносіны, а вось з Чырвоным Пеўнем яшчэ толькі трэба будзе. Кожны хоча набыць удачу ў будучым годзе і думае, чаго чакаць ад новага гаспадара. Певень — сапраўдны баец. Значыць, наша жыццё не будзе мерным і сумным. Нас чакаюць непрадказальныя падзеі і нечаканыя павароты лёсу, таму самымі ўдачлівымі ў год Пеўня будуць людзі, якія не баяцца змен і гатовы ісці наперад. Не забудзем, што певень — франт, а яшчэ ён клапатлівы сем’янін. І ў гэтым годзе яму трэба адпавядаць.

Усходні каляндар сцвярджае, што ўсе мы нарадзіліся ў год, які меў і мае заступніцтва пэўнай жывёлы. Цудоўна, калі вы нарадзіліся ў год Пеўня. Певень года вашага нараджэння і цяперашні пасябруюць. Для вас адкрыюцца перспектывы ва ўсіх жыццёвых сферах. Адна ўмова — неабходна быць сумленным. Дэвізам людзей, якія нарадзіліся ў год Пеўня, павінны быць такія словы: “Я раблю ўсё сумленна і справядліва, і жыццё ўзнагароджвае мяне за гэта”.

Як жа мы, тыя, хто не нарадзіўся ў год Пеўня, будзем з ім узаемадзейнічаць?

Год ПАЦУКА: “Я заўсёды выбіраю правільны шлях” — вы атрымаеце і тое, што хацелі, і тое, пра што нават не марылі.

Год БЫКА: “Я выбіраю багацце і дастатак” — у гэтым годзе грошы самі будуць ісці да вас у рукі.

Год ТЫГРА: “Усяго хопіць усім, уключаючы мяне” — смела выходзьце на “паляванне”, вы абавязкова знойдзеце пару.

Год ТРУСА: “Я смела іду наперад” — вас чакае калейдаскоп падзей, паездак і лёсавызначальных сустрэч.

Год ДРАКОНА: “Мая інтуіцыя заўсёды дае мне правільныя падказкі” — у гэтым годзе атрымаецца пакарыць увесь свет.

Год ЗМЯІ: “Я адкрыты для свету людзей, свет і людзі адкрыты для мяне” — праяўляйце ініцыятыву, майце зносіны, заводзьце новыя сувязі.

Год КАНЯ: “Я поўны сіл і энергіі” — вы атрымаеце першы прыз, калі прыкладзяце намаганні.

Год КАЗЫ: “Я стаўлю выразныя мэты і заўсёды іх дасягаю“, будзьце больш сабранымі і даброты пасыплюцца як з рога багацця.

Год МАЛПЫ: “Чым больш любові я аддаю, тым больш атрымліваю” — гаспадар года ацэніць вашу бескарыслівасць і ўзнагародзіць з лішкам.

Год САБАКІ: “Я давяраю свету” — не пазбаўляйце сябе шчаслівых шансаў і надзвычайных магчымасцей.

Год СВІННІ: “Я люблю, я любімы, я шчаслівы“ — выбірайце таго, хто ставіцца да вас клапатліва і ўважліва.

Пагодзімся і жартам і сур’ёзна з усходнім календаром, але можам звярнуць свой уяўны позірк і ў іншы бок свету. Вось пытанне да нас з захаду: “Кім ты лічыш сябе? Суперзоркай? Што ж, ты маеш рацыю. Мы ўсе ззяем, быццам сонца, месяц і зоркі. Мы ўсе ззяем!” У мяне атрымліваецца пагадзіцца з гэтымі словамі Джона Ленана. А ў вас? Вельмі рада за аднадумцаў. А калі з першага разу не атрымалася менавіта так успрыняць і адчуць сябе, то ўявіце, што вам на час свят даручылі ролю Віфлеемскай зоркі, а вы чалавек адказны і абавязковы, так што зрабіце ласку — выканайце даручэнне і ззяйце, ззяйце. Вам спадабаецца святло вашай зоркі, і ў будучым годзе, аб’яднаўшыся з іншымі, ззянне створыць чароўны арэол вакол нашай планеты, здзівіўшы і ўзрадаваўшы сусвет. Магчыма, і ён адкажа нам сустрэчнай удзячнасцю.

Святлана РАДЗЬКОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*