У чаканні Каляд

Шчыра кажучы, яшчэ за тыдзень да выхаду нашага “Партфоліа”, думала, што матэрыял у рубрыку “Рэпартаж з урока” не атрымаецца. Настаўнікі, якім я тэлефанавала, гаварылі аб сваёй загружанасці ў канцы чвэрці, аб правядзенні ўрокаў кантролю, на якіх асабліва няма чаго паказваць, аб выстаўленні адзнак і падрыхтоўцы справаздачнай дакументацыі адміністрацыі — адным словам, запрашалі мяне да сябе на ўрокі толькі пасля Новага года. А вось з настаўніцай нямецкай мовы намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 73 Мінска Наталляй Дзмітрыеўнай Грушко мне вельмі пашанцавала. Нягледзячы на перадканікулярныя клопаты, падрыхтоўку дзяцей да атрымання міжнародных сертыфікатаў на нямецкай мове, на сваю занятасць на семінары дырэктараў школ, якіх у той дзень павінна была сустракаць навучальная ўстанова, яна адразу ж пагадзілася прыняць мяне на сваім уроку, тэму якога —“Сімвалы Каляд” — таксама агучыла з ходу. Вось што значыць сапраўдны прафесіянал!

З Наталляй Дзмітрыеўнай Грушко я пазнаёмілася даўно. Дзесьці гадоў сем назад, яшчэ да яе ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”, я пісала артыкул пра яе вопыт работы. У гэтай настаўніцы мяне тады вельмі ўразіла прадбачлівасць, уменне ўлічваць інтарэсы і патрэбы дзяцей, здольнасць ісці крыху наперадзе часу: ужо тады яна выкарыстоўвала на сваіх уроках тэхніку і праграмнае забеспячэнне Аpple. Педагог па прызванні, яна любіць свой прадмет, працуе ўдумліва, творча і захоплена. Вось і цяпер я была ўпэўнена, што Наталля Дзмітрыеўна прадэманструе штосьці цікавае. І не памылілася.
Усе мы — і дзеці, і дарослыя — напярэдадні навагодніх свят жывём у чаканні цудаў. І памыляюцца тыя, хто думае, што цуды падаюць з неба. На самай справе, яны заўсёды побач з намі. Трэба толькі навучыцца бачыць іх у простым і штодзённым і ўпускаць іх у сваё сэрца. А цуды, між іншым, ужо пачаліся! Вуліцы і вітрыны магазінаў расквечаны яркімі агеньчыкамі, усюды красуюцца прыгажуні-ёлкі, здаецца, само паветра насычана водарам святочнага настрою. Вось і на ўроку нямецкай мовы Наталлі Дзмітрыеўны Грушко адбываліся сапраўдныя цуды. Настаўніца стварыла сваім выхаванцам і мне пераднавагодні настрой.

Урок па тэме “Сімвалы Каляд” — урок засваення новага матэрыялу — быў арганізаваны ў межах тыдня нямецкай мовы, які праходзіць у школе па добрай традыцыі штогод і звычайна прымеркаваны да каталіцкіх Каляд. Мэты гэтых заняткаў — стварыць умовы для фарміравання ў навучэнцаў моўных ведаў і маўленчых уменняў па тэме “Сімвалы Каляд” (адукацыйны кампанент); садзейнічаць развіццю здагадкі, асацыятыўнага мыслення, фарміраванню ўменняў працаваць з інфармацыяй; стварыць умовы для развіцця аналітычных здольнасцей і ўменняў ажыццяўляць рэфлексіўную дзейнасць (развіццёвы кампанент); садзейнічаць фарміраванню станоўчай матывацыі вучэбнай дзейнасці; стварыць умовы для развіцця культуры ўзаемаадносін пры рабоце ў парах, групах; садзейнічаць фарміраванню каштоўнасных адносін да звычаяў і традыцый краіны, мова якой вывучаецца.Ужо на пачатку ўрока было відаць, што Наталля Дзмітрыеўна сур’ёзна падрыхтавалася да яго. Немагчыма было незаўважыць багаты наглядны матэрыял, які дазволіў актывізаваць увагу навучэнцаў, захапіць іх, паспрыяў лепшаму запамінанню вучэбнага матэрыялу. На стале настаўніцы ляжалі шматлікія канверты, ілюстрацыі, раздатачны матэрыял, чырвоны калядны пакецік для падарункаў, а таксама прыцягваў увагу ўключаны відэапраектар, падрыхтаваная магнітная дошка.

Урок быў арганізаваны ў адной з падгруп 6 класа, якая складалася з 10 вучняў з розным узроўнем падрыхтаванасці. Гэтых дзяцей настаўніца вельмі добра ведае — выкладала ў іх нямецкую мову з першага класа, а таму ўсе іх індывідуальныя асаблівасці былі ўлічаны пры падрыхтоўцы да ўрока. Яшчэ на перапынку я заўважыла, што ў педагога з дзецьмі наладжаны добрыя адносіны. Вучні з радасцю прыйшлі на ўрок, пыталіся, аб чым на ім пойдзе гаворка, ахвотна дзяліліся сваімі ўражаннямі наконт выставы ёлак, якая праводзіцца ў школе. — Guten Tag, liebe Schüler! Ich begrüße euch ganz herzlich. Heute haben wir eine ungewöhnliche Stunde. Denn das Thema, an dem wir arbeiten, ist sehr interessant, — пачала ўрок Наталля Дзмітрыеўна.

На першым этапе, які быў накіраваны на пагружэнне ў моўнае асяроддзе, канцэнтрацыю ўвагі і ўнутранай падрыхтаванасці вучняў да ўрока, была арганізавана гутарка пра пару года, надвор’е, зімовыя святы. Спачатку няўпэўнена, мабыць, паўплывала на дзяцей прысутнасць на ўроку чужога чалавека, а потым больш выразна і гучна шасцікласнікі адзначылі, што ў зімовыя месяцы мы будзем святкаваць Каляды, Новы год і мужчынскі дзень. Вызначыць тэму заняткаў вучням дапамагла мультымедыйная прэзентацыя з падборкай слайдаў пра ўпрыгожванні дома на Каляды ў Германіі. Дзеці ў адзін голас сказалі: Weihnachten.

— Ja, stimmt! Unser Thema heißt Weihnachten, genauer gesagt Weihnachtssymbole,— удакладніла Наталля Дзмітрыеўна.

Для таго каб вучні самі вызначылі мэты заняткаў, ім былі прапанаваны лісты рознага колеру, на якіх адлюстроўваліся магчымыя мэты па розных тэмах (“Ежа”, “Беларусь”, “Сімвалы Каляд”). Працуючы ў парах (як патлумачыла настаўніца, на ўроку вучні сядзелі па двое, бо гэта было прадугледжана планам урока, звычайна ж яны сядзяць па адным, што спрыяе захаванню дысцыпліны, арганізацыі самастойнай работы, адказнасці за сваю дзейнасць), вучні паспяхова справіліся з заданнем і вызначылі мэты. Гэты момант педагог лічыць вельмі важным, бо калі школьнікі з малодшага ўзросту ставяць сабе зразумелыя і пасільныя мэты, то і ў далейшым навучанні гэта дасць магчымасць планаваць сваю дзейнасць і дасягаць намечанага.На асноўным этапе была арганізавана слоўнікавая работа. Школьнікі пазнаёміліся з новымі і паўтарылі ўжо вядомыя словы, даведаліся пра іх семантыку, з дапамогай аўдыяфайла паспрабавалі правільна вымаўляць іх (некаторыя словы складаліся з некалькіх каранёў і выклікалі цяжкасці ў вымаўленні). Затым настаўніца прапанавала вучням у парах сабраць пазлы: злучыць слова і яго выяву. Гэты гульнявы прыём сапраўды садзейнічаў стварэнню матывацыі да вывучэння слоў, імкненню як мага хутчэй выканаць заданне. Дзеці, гуляючы, асвойвалі вучэбны матэрыял, ахвотна выконвалі, здавалася б, руцінную работу — шукалі значэнні слоў. У полі зроку педагога былі ўсе школьнікі. Да кожнага настаўніца падышла, запыталася пра цяжкасці. Ды і пары вучняў педагог імкнулася сфарміраваць такім чынам, каб той, хто слабейшы, адчуваў падтрымку і дапамогу сваіх аднакласнікаў.

Далей шасцікласнікам былі прапанаваны канверты, у якіх знаходзіўся тэкст з пропускамі і словы на картках. Гэта было першаснае замацаванне лексічных адзінак. На тварах школьнікаў чыталася гатоўнасць выканаць пастаўленую задачу. Яны, нібы масцітыя знаўцы клуба “Што?Дзе?Калі?”, сказ за сказам устаўлялі патрэбныя словы. Работа таксама выконвалася ў парах, у класе падчас яе стаяў рабочы шум.

Фізкультхвілінку настаўніца звязала з тэмай урока. Яна была прысвечана зімовым забавам. Дзеці прыгадалі, што зімой яны любяць катацца на санках, лыжах і каньках, ляпіць снежную бабу, гуляць у снежкі. І гэта было зыходнай кропкай да гульні ў снежкі, якая праходзіла з музычным суправаджэннем. З яскравага пакета падарункаў кожны выцягнуў сабе снежку з сімваламі Каляд. Тым самым дзеці змаглі крыху размяцца, разняволіцца, адпачыць.Потым школьнікаў чакала работа ў групах, кожная з якіх атрымала заданне знайсці з прапанаванага тэксту пэўную інфармацыю (адна група — пра калядны вянок Adventskranz, другая — калядны каляндар Adventskalender) і потым прадставіць паведамленне (кожны вучань па сказе па ланцужку). Цяжкасці заключаліся ў тым, што вучням неабходна было размеркаваць ролі ў камандзе, а пры абароне зробленага гаварыць спантанна.

Дзесьці праз дзесяць хвілін на дошцы з’явіліся плакаты з сімваламі Каляд, групы паспяхова прадставілі сваю інфармацыю. Хтосьці з вучняў гаварыў свабодна і нязмушана, а камусьці была патрэбна дапамога настаўніка. Дарэчы, памылкі пры маўленні Наталля Дзмітрыеўна ненавязліва выпраўляла словамі і знакамі, якія дзеці добра разумелі. Было відаць, што гэта ніколькі не перашкаджае школьнікам, яны не губляюць ход сваіх думак. Як потым патлумачыла настаўніца, яна лічыць важным адпрацаваць у сярэднім звяне граматыку, пазбавіцца памылак у пабудове сказаў, каб у старшых класах гэта дайшло да аўтаматызму. “У Германіі ёсць практыка, калі ў пачатковай школе педагогі не выпраўляюць памылак вучням. У выніку вялікія праблемы назіраюцца ў дзяцей у сярэднім звяне: на роднай мове ў вучняў цяжкасці з пабудовай сказаў, — адзначае настаўніца. — Звычайна пры выстаўленні адзнак я больш прымаю пад увагу менавіта тую граматычную структуру, над якой мы непасрэдна працуем. Калі ж у вучня ёсць пэўныя недахопы ў ведах, то мы імкнёмся пазбавіцца іх на дадатковых, факультатыўных занятках”.Цікава было паслухаць (у школе я калісьці вывучала менавіта нямецкую мову), што калядны вянок — упрыгажэнне ў дамах немцаў у перадсвяточны час у форме вянка з яловых галінак з чатырма свечкамі, якое замацоўваецца вертыкальна ці ўстанаўліваецца на стол. У першую з чатырох нядзель запальваецца першая свечка, на наступным тыдні — другая і г.д. Вянок быў уведзены ў калядныя традыцыі гамбургскім тэолагам Іаганам Хінрыхам Віхернам, які ўзяў на выхаванне некалькіх дзяцей з сем’яў беднякоў. У адвент дзеці пастаянна пыталіся ў выхавальніка, калі ж надыдуць Каляды. Каб дзеці маглі адлічваць дні да Каляд, у 1839 годзе Віхерн змайстраваў са старога драўлянага кола вянок, упрыгожаны 24 малымі чырвонымі і чатырма вялікімі белымі свечкамі. Кожную раніцу ў гэтым вянку запальвалася па адной маленькай свечцы, да якіх па нядзелях дабаўлялася вялікая свечка.

Калядны каляндар — спецыяльны каляндар, які паказвае час, што застаецца да Ражджаства. Традыцыйна гэта паштоўка ці кардонны домік з акенцамі, якія адкрываюцца, дзе ў кожнай ячэйцы ляжыць цукерка, запіска з пажаданнямі ці маленькія падаруначкі. Калядны каляндар складаецца з 24 дзён, адлічваючы час з 1 па 24 снежня. Першыя прыгадванні аб калядных календарах адносяцца да першай паловы ХІХ стагоддзя. Пачатак традыцыі быў пакладзены ў Германіі паслядоўнікамі лютэранскай царквы.

Засвоеныя на ўроку веды навучэнцы праверылі праз тэставую работу, прапанаваную настаўніцай. Кожны школьнік самастойна на ноўтбуку адказваў на пытанні, якія тычыліся святкавання Каляд, сімвалаў свята. У выпадку правільнага варыянта адказу камп’ютар прапаноўваў вучням ісці далей, а няправільнага — вярнуцца назад і падумаць. Дарэчы, у межах адной тэмы настаўніца практыкуе тэсціраванне раз ці два ў чвэрць. У старшых класах часцей. Прычым старшакласнікі прыцягваюцца больш да самастойнай работы, робяць пэўны прадукт (відэафільмы, ролікі і г.д.) і прадстаўляюць яго.

Увесь урок Наталлі Дзмітрыеўны суправаджаўся вядзеннем вучнямі дзённіка, у які яны за зробленыя заданні самі налічвалі сабе балы (напрыклад, максімальная колькасць балаў за складванне пазлаў — 10; у рабоце па тэксце: колькі слоў правільна ўставіў у тэкст — столькі балаў атрымаў і г.д.) і падлічвалі іх суму. Пераводная шкала з градацыяй давала магчымасць атрымаць заслужаную адзнаку.

Напрыканцы ўрока была праведзена рэфлексія. Вучні вярнуліся да пастаўленых мэт і адзначылі, што яны цяпер ведаюць словы каляднай тэматыкі, могуць апісаць вянок, расказаць аб календары і аб тым, як святкуюцца Каляды ў Германіі.

Напружаная праца павінна ўзнагароджвацца. У канцы ўрока вучняў чакаў сюрпрыз: Наталля Дзмітрыеўна з чароўнага навагодняга боціка прапанавала самаробныя ёлачныя ўпрыгажэнні, унутры якіх дзяцей чакаў салодкі пачастунак і пажаданне. Усе былі задаволены ўрокам. Вучні атрымалі шмат станоўчых эмоцый, вялікі зарад бадзёрасці, радасныя хвіліны зносін. І званок, які на некаторых уроках становіцца доўгачаканым, на занятках Н.Д.Грушко аказаўся не такім ужо жаданым. Вучням хацелася больш цікавых заданняў, цудаў і сюрпрызаў.

Пасля заканчэння ўрока Наталля Дзмітрыеўна прааналізавала некаторыя яго моманты:

— Па сваім тыпе гэты ўрок нацэлены на засваенне новых ведаў (па Ю.А.Канаржэўскаму). Ён уключае ў сябе адукацыйны, развіццёвы і выхаваўчы кампаненты. Асноўнай мэтай урока з’яўляецца авалоданне навучэнцамі лексічнымі адзінкамі па тэме “Сімвалы Каляд”. Падчас урока вучням неабходна было вырашыць няпростую задачу: знайсці ў прапанаваным тэксце неабходную інфармацыю аб звычаях і традыцыях Каляд і прадставіць яе ў форме вусных выказванняў. Увогуле, тэму “Каляды” больш падрабязна праходзяць у 5 класе, вучні знаёмяцца з традыцыямі святкавання Каляд у Германіі, таму ў 6 класе адбывалася своеасаблівая актуалізацыя ведаў. Шасцікласнікам не заўсёды ўдавалася прыгадаць пэўныя факты, таму дзесьці я іх папраўляла, накіроўвала, падказвала.

Перавага на ўроку аддаецца такім відам маўленчай дзейнасці, як гаварэнне і чытанне, што адпавядае рэальным магчымасцям навучэнцаў, іх здольнасцям і ўзроўню матывацыі. Каб максімальна выкарыстаць названыя віды маўленчай дзейнасці, быў ажыццёўлены выбар абсталявання — раздатачнага матэрыялу, наглядных і тэхнічных сродкаў, відэаінфармацыі. Выкарыстанне нагляднасці вельмі важна для вучняў 5—6 класаў, бо калі ў старшых класах словы можна тлумачыць праз дэфініцыі, то ў сярэднім звяне і ў малодшых класах — праз нагляднасць.

Гульнявыя прыёмы пры ўвядзенні лексічных адзінак прызваны панізіць эмацыянальнае напружанне, а мультымедыйная падтрымка — зрабіць урок інфарматыўным, дынамічным, што ў сваю чаргу павінна павысіць пазнавальны інтарэс навучэнцаў, садзейнічаць развіццю іх мыслення і ўвагі. Фізкультхвілінка дазволіла пазбегнуць стомленасці і перагрузкі навучэнцаў. Гэтую ж задачу вырашала спалучэнне франтальнай, парнай, індывідуальнай і групавой форм работы навучэнцаў і пераключэнне на разнастайныя віды дзейнасці.

У цэлым я задаволена ўрокам. Мэты, пастаўленыя на ім, дасягнуты. Вучні актыўна працавалі, адказвалі поўнымі сказамі. Аднак крыху засмуціла групавая работа, а менавіта тое, калі ў адной з груп дзеці не змаглі размеркаваць ролі, кожны цягнуў коўдру на сябе. Таму працаваць у камандзе іх трэба яшчэ вучыць.

***

Урок Наталлі Дзмітрыеўны Грушко мне вельмі спадабаўся. Усе выхадныя я прыгадвала яго цікавыя моманты. Думаецца, што калі такія неабыякавыя, па-сапраўднаму захопленыя сваёй працай настаўнікі, будуць вучыць нашых дзяцей, то, несумненна, выпускнікі на выхадзе са школы будуць свабодна і нязмушана размаўляць на замежнай мове, чаго патрабуе адукацыйны стандарт і што так неабходна ў сучасным інфармацыйным грамадстве.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*