Каб вучні дасканала ведалі родную мову

Інтэрактыўныя метады навучання, інтэлектуальныя гульні і конкурсы для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры і ў пазакласнай рабоце выкарыстоўвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 16 Мінска Таццяна Іванаўна Шкурко. Напрыканцы мінулага года яна атрымала прэмію Мінгарвыканкама за адпаведны вопыт работы. Яго эфектыўнасць пацвярджаецца высокай якасцю ведаў, якія дэманструюць яе вучні, а таксама іх перамогамі на алімпіядах, на інтэлектуальных і творчых конкурсах: за два гады атрымана 36 узнагарод рознай вартасці.

Адчуваць сябе педагогам

Знаёмімся з Таццянай Іванаўнай. Па лініі маці ў яе ўсе педагогі, пачынаючы ад прабабулі, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў у вёсцы Буды Ляхавіцкага раёна. Па татавай лініі — урачы. У сям’і будучай настаўніцы размовы вяліся пераважна на беларускай мове. А паколькі дзяўчынка яшчэ з дзяцінства ўяўляла сябе толькі педагогам, то і спецыяльнасць выбрала адпаведную — “Настаўнік пачатковых класаў. Беларуская мова і літаратура”. БДПУ імя Максіма Танка скончыла на выдатна.

“Сапраўдны педагог — не той, хто проста працуе ва ўстанове адукацыі. Настаўнікам трэба сябе адчуваць. Адмысловы лад жыцця і стан душы, якая пастаянна непакоіцца за сваіх вучняў, характарызуюць таленавітых педагогаў. Нават па-за межамі школы яны паводзяць сябе так, быццам дзеці побач і бяруць з іх прыклад, — адзначыла Таццяна Іванаўна. — Усе захапленні настаўніка, як правіла, адлюстроўваюцца на яго вучнях. Я, напрыклад, вельмі люблю чытаць, сама прафесія патрабуе гэтага. Прычым чытаю многа і хутка. Люблю дэкламаваць. Пішу ўласныя апавяданні і вершы. А яшчэ мне падабаецца адзначаць народныя святы. Усё гэта даспадобы і маім вучням.

Актыўна вывучаю метадычную літаратуру, знаходжуся ў пастаянным пошуку новых метадаў і падыходаў да навучання. Гэты працэс можна параўнаць з прымеркай адзення ў магазіне: яно можа спадабацца, але не падысці. Настаўнік можа “прымераць” на сябе нейкі цікавы прыём работы з вучнямі, які выкарыстоўвае яго калега, але не факт, што ён менавіта ў яго спрацуе. Тое, што сапраўды табе падыходзіць, знаходзіш, як правіла, толькі пасля шматлікіх спроб. Я настаўнік-філолаг і сваю задачу бачу ў тым, каб вучні дасканала ведалі родную мову і ніколі не саромеліся карыстацца ёю. Я заўсёды звяртаюся да іх толькі па-беларуску, і яны звычайна адказваюць мне гэтак жа, прычым не толькі на ўроках, але і па-за заняткамі”.

У гімназіі № 16 Мінска з верасня 2015 года ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць па праекце “Апрабацыя мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці ў навучэнцаў у рамках дзейнасці ўстановы адукацыі як сацыякультурнага цэнтра”. Праект разлічаны на тры гады. У складзе творчай групы педагогаў па яго рэалізацыі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры і гісторыі, у тым ліку — Таццяна Іванаўна Шкурко. У рамках гэтай дзейнасці ў гімназіі праводзяцца гасцявыя ўрокі “Славутыя людзi зямлi беларускай”, а таксама экскурсіі па выставах і музеях Мінска, экскурсійныя туры па гарадах Беларусі, акцыі “Мы — беларусы”, прысвечаныя памятным і знамянальным датам, прэзентацыі класных калектываў “На цябе, наша моладзь, надзея” і іншыя мерапрыемствы. Мэта іх — садзейнічаць асэнсаванню кожным беларусам сваёй годнасці, выхаванне пачуцця гонару за нашу Радзіму. Разам са сваёй калегай Наталляй Генадзьеўнай Кур’ян, настаўніцай гісторыі, Таццяна Іванаўна ў бягучым навучальным годзе плануе правесці серыю інтэграваных урокаў па беларускай мове і літаратуры і гісторыі.

Інтэрактыў і пазітыў

Таццяна Іванаўна адзначыла, што ў пачатку педагагічнай дзейнасці была даволі патрабавальнай, магла лішні раз нагадаць дзецям: “Вы проста павінны гэта ведаць!” Але з вопытам прыйшло ўсведамленне таго, што не можа кожнае дзіця засвоіць усё тое, што ад яго патрабуюць, бо ў дзяцей розная хуткасць засваення, і настаўніку важна быць цярплівым і патлумачыць матэрыял некалькі разоў, калі гэта неабходна.

“Задача настаўніка — заўсёды ствараць сітуацыю поспеху для вучняў, — лічыць Таццяна Іванаўна. — Прасцей за ўсё рабіць гэта на ўроках літаратуры, дзе можна дапамагчы правільна прачытаць слова па-беларуску, напісаць сачыненне, разам з дзецьмі паправіць памылкі і лішні раз пахваліць іх. Часта выступаю ў ролі дарадцы, старэйшага сябра, падтрымліваю памкненні школьнікаў да ўласнай творчасці, нават разам дасылаем іх таленавітыя вершы і апавяданні ў часопіс або газету: а раптам надрукуюць! Не магу паскар­дзіцца на тое, што мае вучні не чытаюць, на ўрок літаратуры яны заў­сёды прыходзяць падрыхтаванымі, працуе звычайна ўвесь клас. Часам пры абмеркаванні пэўнага літаратурнага твора мы глядзім і яго экранізацыю, шукаем адрозненні паміж арыгіналам і яго інтэрпрэтацыяй у кіно. У такія моманты разумею, хто чытаў твор поўнасцю, а хто бегла”.

Каб падтрымаць цікавасць вучняў да прадмета, каб зрабіць урок насычаным, настаўніца выкарыстоўвае інтэр­актыўныя метады навучання. У іх ліку метад “Памяняемся месцамі”, які яна прымяняе пераважна пры рабоце з вучнямі 5—7 класаў на арганізацыйным этапе ўрока з мэтай стварэння камфортнай спрыяльнай атмасферы. Дзеці пры гэтым становяцца ў кола. Таццяна Іванаўна прапаноўвае памяняцца месцамі тых, хто прагне актыўнай дзейнасці; у каго добры настрой; хто піў раніцай гарбату; у каго ёсць што-небудзь белае ў адзенні, і г.д. — крытэрыі перамены месцаў часта прыдумваюць самі дзеці. Вучні, якія пагаджаюцца з выказваннямі, мяняюцца месцамі, а тыя, хто адказвае адмоўна, застаюцца на сваім месцы. Гэты ж метад можа быць выкарыстаны і на этапе рэфлексіі.

Наступны цікавы метад — “Трымайся да перамогі”. Таццяна Іванаўна выкарыстоўвае яго для праверкі тэарэтычных ведаў вучняў. Кожнаму з іх па чарзе задаецца пытанне па тэме. Той, хто адказвае правільна, працягвае ўдзел у гульні. Перамагае вучань, які змог адолець усе пытанні, у тым ліку і тры фінальныя. Такую работу можна праводзіць па групах, калі адна з іх задае пытанні, а другая — адказвае.

Метад “Асацыятыўны рад” мае на ўвазе пабудову вучнямі асацыятыўных радоў, або вызначэнне і вывучэнне па прапанаваных асацыяцыях пэўных паняццяў. Настаўніца любіць праводзіць віктарыны. Пытанні да іх ахопліваюць усе раз­дзелы мовазнаўства і накіраваны на пашырэнне кругагляду вучняў. Віктарыны найбольш эфектыўныя пры правядзенні арфаграфічна-фанетычна-лексічных размінак. Іх можна выкарыстоўваць на ўроках беларускай літаратуры.

Метад “Адгадай” выкарыстоўваецца пры вывучэнні граматычных катэгорый розных часцін мовы. Згодна з метадам “Завяршы фразу”, настаўніца прапануе вучням запісаць у сшытку пачатак фразы (у адпаведнасці з тэмай урока), якую неабходна завяршыць.

“Не магу ўявіць свае заняткі, асабліва ўрок літаратуры, без камп’ютара, праектара і інтэрактыўнай дошкі,— заўважыла Таццяна Іванаўна. — Пад музыку дзеці слухаюць ці выконваюць песні, наведваюць Батлейку, вандруюць разам з паэтамі, слухаюць, як яны дэкламуюць свае вершы, ажыццяўляюць віртуальныя экскурсіі ў музей, глядзяць экранізаваныя творы мастацкай літаратуры і інш.

Вельмі падабаецца мне праводзіць фізкультхвілінкі пры дапамозе мультымедыя. Бацькоўскі сход таксама больш наглядны, калі выкарыстоўваецца мультымедыя. Час ад часу размаўляю з вучнямі па скайпе: яны бачаць мяне, чуюць, пры неабходнасці адпраўляю ім файлы з заданнямі і атрымліваю ад іх адказы. Асабліва дапамагае гэта пры падрыхтоўцы канкурсантаў і алімпіяднікаў. А як цудоўна задаваць вучням у камп’ютарным класе самастойную работу! Не трэба і сшыткі правяраць, усё робіць камп’ютар, нават адзнакі выставіць.

Аднойчы разам з дзецьмі праводзіла майстар-клас у рэжыме анлайн для слухачоў МГІРА. Гэта быў урок-падарожжа ў гомельскі палац.

Мы стварылі групу ў вайберы. У ёй мае вучні і я абменьваемся думкамі, фотаздымкамі, жартамі. Часам хтосьці забываецца, якое дамашняе заданне трэба выканаць, і яму напамінаюць. Мы чэрпаем там самую разнастайную інфармацыю.

Раней, каб стварыць відэаролік ці фільм, трэба было выклікаць спецыяліста, а зараз мы з вучнямі самі даволі хутка робім сапраўдныя шэдэўры ў розных камп’ютарных праграмах. У апошні час нам даспадобы праграма iMovie. Мы знялі цудоўны фільм пра наша гімназічнае жыццё і некалькі відэаролікаў. Сучасны настаўнік павінен валодаць найноўшымі камп’ютарнымі праграмамі — гэта ўжо штодзённая неабходнасць”.

Лепшыя чытальнікі і аўтары

Любімыя формы пазакласнай работы з навучэнцамі, якія Таццяна Іванаўна практыкуе, — інтэлектуальныя гульні і конкурсы. Падчас іх ствараюцца ўмовы, блізкія да адпаведных гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтваў і алімпіяд.

“Мае дзеці актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць у алімпіядах, шматлікіх літаратуразнаўчых і мовазнаўчых конкурсах. Так, яны традыцыйна і з поспехам прадстаўляюць уласныя мастацкія творы ў літаратурных гасцёўнях, а таксама ў гарадскім конкурсе па краязнаўстве “Мой родны кут” і інтэрнэт-конкурсе “Мой Мінск” — іх праводзіць Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Вучаніца Лізавета Тазіева, напрыклад, па выніках конкурсу “Мой Мінск” была ўзнагароджана дыпломам. Паспяховым было яе выступленне і ў конкурсе мультымедыйных матэрыялаў, прысвечаным ­60-годдзю членства Беларусі ў ЮНЕСКА. Ліза прадстаўляла работу па тэме “Калядныя цары”. Разнастайныя мера­прыемствы для дзяцей праводзяцца таксама ў Мін­скім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі (інтэрнэт-алімпіяды, анлайн-турнір “Размаўляй, краіна”, штогадовыя фестывалі, прымеркаваныя, напрыклад, да Года культуры, які ­адзначаўся ў нашай краіне), Нацыянальным інстытуце адукацыі (конкурсы “Чытацкая культура і культура чытання”, “Віншавальная паштоўка”, па старонках жыцця і творчасці Ула­дзіміра Караткевіча і інш.), на філалагічным факультэце БДУ, у музеях”.

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, напрыклад, навучэнцы выступалі са сваімі паэтычнымі віншаваннямі з Калядамі і Новым годам пад назвай “Калядкі ў Купалавым доме”. Вучні Таццяны Іванаўны сталі дыпламантамі адпаведнага конкурсу, а іх творы былі надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце”. Творчыя работы навучэнцаў “Купаляняты” выстаўляліся ў гэтым жа музеі. Яны былі прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі і Года моладзі. Дар’я Кароль, навучэнка Таццяны Іванаўны, атрымала за сваю работу дыплом. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа разам з Саюзам пісьменнікаў праводзіў літаратурны конкурс да 90-годдзя коласаўскай паэмы “Сымон-музыка” “…І, здавалася, жывое нешта ішло ад гэтых струн”. Дыплом І ступені зноў жа ў скарбонцы вучняў нашай настаўніцы — у Марыі Крупскай. Дарэчы, Дар’я Кароль і Марыя Крупская прымалі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі для навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій краіны, прысвечанай 110-годдзю творчай дзейнасці Якуба Коласа.

Вучні Таццяны Іванаўны ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе маладых журналістаў “Залатое пяро Белай Русі — 2014” у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь”, па выніках якога Данііл Дудак быў узнагароджаны падарункамі ад РГА “Белая Русь”. Сямікласніца Марыя Крупская прыняла ўдзел у адкрытым інтэрнэт-праекце “Мне сняцца сны аб Беларусі” з эсэ “Беларусь мая, родная, мілая…”. Захапляльным для дзяцей стаў творчы конкурс “Слоган прыгажосці”, які праводзіла СП “Беліта”. Неабходна было прыдумаць слоганы да серыі новай касметыкі. Па выніках вучні Таццяны Іванаўны таксама сталі пераможцамі.

Да конкурсаў і алімпіяд настаўніца рыхтуе дзяцей на стымулюючых занятках, якія могуць наведваць усе жадаючыя. Педагог папярэдне праводзіць для вучняў свае конкурсы. Напрыклад, прапаноўвае васьмікласнікам заданне па п’есе Аляксея Дударава “Вечар”: “Як, дзеці, на ваш погляд, можна закончыць п’есу?” А справа ў тым, што на творчым конкурсе “Літаратурныя крытыкі”, напрыклад, вучням прапаноўваецца серыя цытат з пэўнага твора і неабходна вызначыць, у якім выпадку цытата належыць героям пэўнага аўтара, а ў якім не.

Пры падрыхтоўцы гімназістаў 5 класа да вуснага выказвання Таццяна Іванаўна выкарыстоўвае прыём “Паразважаем”. Агучвае пры гэтым выказванні вядомых людзей па пэўнай тэме. Затым прапаноўвае дзецям паразважаць, выбраць тры найбольш блізкія выказванні і патлумачыць пісьмова сваё разуменне іх сэнсу.

“Пасля таго як навучэнцы вывучаць жанры “казка” і “легенда”, яны пішуць свае творы: вершы, апавяданні, замалёўкі. Лепшыя з іх дасылаю, напрыклад, у рэдакцыю часопіса “Бярозка”, — працягвае Таццяна Іванаўна. — Пры вывучэнні ў 6 класе твораў аб роднай зямлі і продках дзеці паралельна працуюць над стварэннем праекта “Мой радавод”. Пры гэтым інсцэніруем урыўкі з твораў, якія вывучаюцца на ўроках. Люблю праводзіць конкурс на лепшага чытальніка вершаў на памяць. Пераможцы гэтых конкурсаў пасля з’яўляюцца ўдзельнікамі адпаведных гарадскіх і рэспубліканскіх этапаў”.

Настаўніца таксама праводзіць конкурс на лепшага чытальніка празаічных твораў беларускай літаратуры. Ва ўсіх класах адбываецца культуралагічная і лінгвістычная віктарына “Вандроўка па родным краі”. Пытанні і заданні віртуальнага падарожжа тычацца самых разнастайных бакоў жыцця Беларусі. Для вучняў 5—8 класаў настаўніца праводзіць вусны часопіс “Мая Радзіма — Беларусь!”. Вучні рыхтуюць некалькі старонак часопіса: “Мы — беларусы”, “Беларусь у свеце”, “Славутыя імёны Беларусі”, “Беларусь і экалогія”.

***

Таццяна Іванаўна прад’яўляе да сябе значна большыя патрабаванні, чым да сваіх вучняў. Калі яна пачынае новую тэму, то сама чытае па ёй значна шырэй, чым патрабуе школьная праграма. Вучань ніколі не пойдзе ад настаўніцы з нявырашаным пытаннем. Таццяна Іванаўна не толькі рыхтуе дзяцей да творчых і інтэлектуальных выпрабаванняў, але і сама выступае на конкурсах. Напрыклад, нядаўна яна стала пераможцай конкурсу метадычных распрацовак па беларускай літаратуры фестывалю мастацкай і інтэлектуальнай творчасці “Мой Мінск — мая сталіца — творчасці і таленту крыніца!”, які праводзіў МГІРА, з пазакласным мерапрыемствам, перамагла і ў творчым конкурсе для педагогаў “Стань продвинутым учителем”, што праводзіла газета “Камсамольская праўда” ў Беларусі”. Акрамя таго, Таццяну Іванаўну запрашаюць працаваць у журы конкурсаў, даваць майстар-класы, выступаць на НПК.

Мая суразмоўца так гаворыць пра сябе і сваё жыццё: “Я ў пошуку вечным, а крэда такое: “Пакуль я настаўнік — не бу­дзе спакою!”

Надзея ЦЕРАХАВА.