Дзяліцца сваім шчасцем з іншымі

Шматлікія прафесійныя дасягненні настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Іўя Гродзенскай вобласці Інга Рычардаўна Гушча, пра якую ўжо пісала наша газета, звязвае з поспехамі сваіх вучняў — найперш перамогамі выхаванцаў на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды і высокімі вынікамі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Як удаецца педагогу дасягаць такіх поспехаў, як прывіваецца інтарэс у навучэнцаў да біялогіі і якая сістэма работы склалася ў настаўніцы па падрыхтоўцы школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання, наш карэспандэнт гутарыць з І.Р.ГУШЧА.

— Інга Рычардаўна, як даўно вы працуеце ў школе? Чым прыцягвае вас прафесія?
— Я працую ў гімназіі № 1 Іўя восьмы год. Узаемадзейнічаць з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі, якія арыентаваны на атрыманне трывалых ведаў і паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі, заўсёды было маёй марай. Але не адразу ёй удалося ажыццявіцца. Пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы мяне накіравалі працаваць выхавальнікам у дапаможную школу-інтэрнат. Затым я працавала педагогам-псіхолагам у Дайлідскай базавай школе. Але гэта ўсё было нецікава для мяне і проста не маім. Пасля двух дэкрэтных водпускаў я на год пакінула школу і спрабавала знайсці сябе ў іншых сферах. Але зразумела, што мая мара не дае мне спакою. Я ўдзячна начальніку аддзела адукацыі Ганне Андрэеўне Раманюк, якая паверыла ў мяне і маё жаданне вярнуцца ў настаўніцкую прафесію. Яна дала мне шанс зноў паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка. Таксама я ўдзячна, што лёс звёў мяне з заслужанай настаўніцай Данутай Станіславаўнай Расюкевіч, якая паказала мне, як можна захапляць дзяцей сваім прадметам. Мабыць, гэтыя людзі і сталі лёсавызначальнымі на далейшым жыццёвым шляху.
Настаўніцкая прафесія палюбілася мне, калі я пасля заканчэння ўніверсітэта пачала працаваць у школе. У стасунках з дзецьмі я знаходжу радасць і задавальненне, сілы і натхненне. Менавіта прафесія дазваляе мне развівацца далей і ніколі не спыняцца на дасягнутым, прымушае быць у фізічным і інтэлектуальным тонусе.

— Якія прынцыпы пакладзены ў аснову вашай дзейнасці?
— Мая задача — навучыць дзяцей вучыцца, адчуваючы задавальненне ад інтэлектуальнай працы, ад яе вынікаў, а таксама сфарміраваць жаданне стаць пераможцамі, лідарамі. Тры асноўныя прынцыпы пакладзены ў аснову работы — захапіць дзяцей сваім прадметам (калі настаўнік як асоба будзе цікавым для дзіцяці, то яно праявіць інтарэс і да яго прадмета), абудзіць думку навучэнца на ўроку, развіць яго прыродныя здольнасці і ў адпаведнасці з гэтым зрабіць дзіця паспяховым. Апошні прынцып рэалізуецца праз рознаўзроўневы падыход і дыферэнцыраваныя заданні. Лічу, што ў адносінах паміж навучэнцамі і настаўнікам не бывае дробязей. Вялікае значэнне мае і знешні выгляд настаўніка, і манера паводзін, і адносіны да выхаванцаў.

— Інга Рычардаўна, адзін з вашых асноўных прынцыпаў работы — захапіць дзяцей прадметам. А як на практыцы ён ажыццяўляецца?
— З нядаўняга часу дзеці сталі вывучаць біялогію ў школе з 6 класа. Мяркую, гэта правільнае рашэнне: раз у тыдзень ненадакучліва навучэнцы знаёмяцца са светам жывой прыроды. Тут яшчэ няма патрэбы даваць глыбокія веды, бо ўсе гэтыя тэмы ў старшых класах будуць дубліравацца на больш глыбокім узроўні. Гэта перыяд так званых уводзін у біялогію. І таму вельмі важна для мяне менавіта ў 6 класе абудзіць цікавасць у дзяцей да прадмета, сфарміраваць матывацыю да навучання. Каб дзеці свядома задумаліся аб неабходнасці біялогіі і магчымасці яе выкарыстання ў далейшым. Для таго каб шасцікласнікі палюбілі прадмет, я выкарыстоўваю шмат нагляднага матэрыялу (ілюстрацыі, відэаролікі, гербарый, доследы і г.д.), стаўлю высокія адзнакі за творчыя заданні — складанне крыжаванак, рэбусаў, фантастычных апавяданняў з выкарыстаннем біялагічнай тэрміналогіі, стварэнне “алфавітаў” па тэме. Практыкую правядзенне нестандартных урокаў: урокаў-спаборніцтваў, віктарын, экскурсій, конкурсаў казак і сачыненняў на біялагічную тэматыку. Калі дзіця палюбіць біялогію, значыць і далей пры вывучэнні яе ў 7 класе не спужаецца цяжкасцей. А трэба сказаць, што большасць дзяцей у 7 класе адчуваюць складанасці, бо матэрыял патрабуе вялікага цярпення і працавітасці. Я б, шчыра кажучы, вывучэнне батанікі перанесла ў 9 клас.
У 8-х класах вывучаць жывёл для дзяцей цікава і захапляльна. Таму зноў знаходжу вялікае поле для творчасці. Я ўдзячна аддзелу адукацыі за набыццё сучаснага абсталявання для ўрокаў біялогіі: мікраскопы, мікрапрэпараты, муляжы, мадэлі, гербарый. Кабінет біялогіі ў гімназіі аснашчаны праектарам, камп’ютарам, дакумент-камерай, ноўтбукамі для работы з адоранымі дзецьмі. Такім чынам, створана магчымасць не абстрактна падаць матэрыял па той ці іншай тэме, а паказаць на ілюстрацыі, даць памацаць, вывучыць пад мікраскопам. Менавіта так фарміруецца і падтрымліваецца інтарэс да прадмета.

— Сфармулюйце, калі ласка, свае патрабаванні да ўрока. На ваш погляд, у чым перадумова паспяховага ўрока?
— У кожнага настаўніка свой стыль вядзення ўрока, свой тэмп, свая сістэма кантролю. Настаўнікі ж усе розныя, таму ўніверсальнага рэцэпта паспяховага ўрока не існуе. Абазначу толькі некаторыя ключавыя для мяне моманты. Па-першае, урок павінен быць добра прадуманым, да яго падабраны цікавы матэрыял, які выходзіць за межы параграфа падручніка. Разглядаю ўрок як канструктар, які складаецца з розных прыёмаў педагагічнай тэхнікі. Па-другое, на ўроку павінны атрымліваць задавальненне і карысць як настаўнік, даючы веды, так і навучэнцы, атрымліваючы веды і ўменні. Па-трэцяе, кожная фраза, кожнае пытанне — абуджаць думку навучэнца. Па-чацвёртае, урок павінен быць не толькі эфектыўным, але і эфектным, тады ён будзе запамінальным. Лічу, што на ўроку можна праяўляць розныя эмоцыі і навучэнцам, і настаўніку — здзіўленне, радасць, цікаўнасць і г.д., а вось быць абыякавым да таго, што адбываецца, нельга.
Мой стыль работы на ўроку: увесь час працую з дошкай — запісваю апорныя словы, малюю схемы. Мяркую, гэта садзейнічае больш хуткаму разуменню і засваенню матэрыялу. Аддаю перавагу праблемным урокам, калі спачатку абазначаю перад навучэнцамі праблему, якую мы разам вырашаем, а напрыканцы прыходзім да пэўнага выніку. Прымяняю на ўроках тэхналогію поўнага засваення ведаў, не прызнаю самастойнага вывучэння тэмы навучэнцамі, бо лічу, што настаўнік увесь час павінен дапамагаць дзецям засвойваць новую інфармацыю.
Вялікую дапамогу ў рабоце мне аказвае мнагамерная дыдактычная тэхналогія: выкарыстоўваю логіка-сэнсавыя мадэлі для замацавання, паўтарэння і абагульнення пройдзенага матэрыялу. Хачу звярнуць увагу на тое, што ЛСМ забяспечвае ўдзел у пазнавальнай вучэбнай дзейнасці першай і другой сігнальных сістэм дзіцяці. Лічу, што спалучэнне вербальнага і візуальнага каналаў інфармацыі прыводзіць да рэзкага павышэння засваення матэрыялу.
Лічыцца, што навучэнец засвойвае толькі 5% ад таго, што яму расказвае настаўнік, але я з гэтым не згодна. Калі настаўнік усю тэму лагічна патлумачыць, напіша на дошцы галоўнае, а навучэнцы за ім запішуць у канспекце, то ў выніку яны засвояць і запомняць большую частку вучэбнага матэрыялу, бо на ўроку ў іх задзейнічана слыхавая, зрокавая і маторная памяць. Дарэчы, мае выпускнікі, стаўшы студэнтамі, карыстаюцца маімі канспектамі ва УВА пры падрыхтоўцы да заняткаў, паўтарэнні.

— У чым сакрэт поспеху вашых выхаванцаў на ЦТ? Атрымаць найвышэйшы бал, ды яшчэ па біялогіі, — вельмі няпроста!
— Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання павінна мець сістэмны і сістэматычны характар праз адзіную трыяду: урок, факультатыўныя заняткі, індывідуальная падрыхтоўка. На ўроках выкарыстоўваю розныя прыёмы і метады, якія дазваляюць зрабіць яго насычаным, разнастайным, нясумным. Падбіраю шмат нагляднага матэрыялу, каб вучні максімальна засвоілі і асэнсавалі інфармацыю. На факультатыўных занятках навучэнцы замацоўваюць вывучаны матэрыял, рашаючы заданні ЦТ мінулых гадоў і іншыя тэставыя матэрыялы. Індывідуальная работа навучэнцаў заключаецца ў пакрокавым выкананні дамашняга задання. Гэта прапрацоўка тэмы па розных крыніцах інфармацыі і выкананне тэставага кампанента.
Важна разумнае спалучэнне даверу і патрабавальнасці ў адносінах да дзяцей. Настаўнік і вучань павінны стаць партнёрамі, і ў іх павінна быць агульная мэта — высокі вынік. Прычым настаўнік павінен валодаць большым запасам ведаў, а навучэнец вялізным жаданнем іх атрымліваць.
Вялікую дапамогу ў ацэнцы ўзроўню сваіх ведаў аказвае рэпетыцыйнае тэсціраванне. Я пераканаўча рэкамендую сваім навучэнцам удзельнічаць ва ўсіх трох этапах РТ. Першы этап — гэта знаёмства з працэдурай і атмасферай правядзення для разумення, што гэта такое. Другі — для ацэнкі сваіх ведаў, вызначэння прабелаў і фарміравання жадання працаваць яшчэ больш. А трэці этап — гэта генеральная рэпетыцыя перад ЦТ.
Мой алгарытм работы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання ў 10-11 класах хіміка-біялагічнага профілю вось такі:
1) падрыхтоўка тэарэтычнага матэрыялу да ўрока, структураванне яго праз абазначэнне логікі падачы і ўзбагачэнне яго праз падбор наглядных прыкладаў з дадатковых крыніц і заданняў цэнтралізаванага тэсціравання мінулых гадоў;
2) вывучэнне гэтага матэрыялу разам з навучэнцамі на ўроку праз складанне апорнага канспекта па тэме (запісы дзецям рэкамендую весці ў сшытку фармату А4, пакідаючы палі для асабістых занатовак, пісаць схематычна, вылучаючы галоўнае), створаны апорны канспект — гэта аснова тэмы;
3) дыферэнцыраванае дамашняе заданне: тэарэтычны блок (асобныя пытанні, тэмы для самастойнага вывучэння), творчы блок (стварэнне логіка-сэнсавай мадэлі па тэме);
4) практычнае замацаванне: выкананне розных заданняў (на суадносіны, тэстаў з адным ці некалькімі правільнымі адказамі, незакончаныя сказы, трэнінгі па тэрміналогіі);
5) кантроль засвоенага матэрыялу: пісьмовае апытанне ці вусны залік па тэме, пералік біялагічных тэрмінаў для абавязковага засваення; ніколі з кантрольнай работы не раблю ката ў мяшку;
6) аналіз вынікаў кантрольнай, разбор складаных заданняў, ацэньванне работы кожнага навучэнца. Імкнуся не караць адзнакай і, калі ёсць неабходнасць, даю навучэнцу шанс давучыць і дапрацаваць.

— Інга Рычардаўна, вы адчуваеце сябе шчаслівай?
— Так, я — шчаслівы чалавек, які з задавальненнем ідзе на работу, а потым з радасцю вяртаецца дамоў. Мой дом і сям’я — гэта перадумова маіх поспехаў, скарбніца разумення і падтрымкі ва ўсіх пачынаннях. А мае жыццёвыя прынцыпы можна сфармуляваць так: па-першае, рабіць тое, што любіш; па-другое, рабіць так, каб цябе любілі за тое, што ты робіш; па-трэцяе, дзяліцца сваім шчасцем з іншымі; па-чацвёртае, бясконца быць удзячнай лёсу за ўсё, што ў мяне ёсць: сям’я, работа, сябры, вучні.

— Якія прафесійныя планы на найбліжэйшы час?
— Планаў сапраўды шмат: атрымаць вышэйшую катэгорыю, дапамагчы дзецям якасна падрыхтавацца да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі (я бачу ў іх і ў сабе высокі патэнцыял) і ўвайсці ў склад каманды для падрыхтоўкі да міжнароднай алімпіяды.

— Поспехаў вам у рэалізацыі ўсіх вашых планаў! Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.