Кожны знойдзе справу па душы

У настаўніцы фізікі і матэматыкі Падсолтаўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці Вольгі Юр’еўны Белісавай кожны вучань на ўроку можа рэалізаваць свае здольнасці і знайсці справу па душы. У яе няма непаспяховых дзяцей і тых, хто не заняты цікавай работай, — адны рамантуюць ці самастойна майструюць фізічныя прыборы, другія праяўляюць актыўнасць у экалагічных акцыях. Яе вучні рыхтуюць праекты, выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях, прымаюць удзел у алімпіядах і конкурсах.

Даследчыкі, памочнікі і лабаранты

Усё жыццё Вольга Юр’еўна Белісава працуе ў сельскай школе ў вёсцы Падсолтава. У яе 30-гадовы стаж, яна — настаўніца фізікі, матэматыкі, астраноміі, класны кіраўнік, а ў апошнія гады яшчэ і кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання матэматыкаў, фізікаў і інфарматыкаў. Зусім нядаўна Вольгу Юр’еўну прызначылі дырэктарам школы. Клопатаў дабавілася, але выкладаць свае любімыя прадметы педагог працягвае.
“Як зацікавіць вучняў фізікай — прадметам, які сам па сабе дастаткова складаны і, увогуле, выклікае інтарэс толькі ў невялікай колькасці дзяцей? — задае пытанне Вольга Юр’еўна. — У 5-6 класах, у самым пачатку вывучэння курса фізікі, я імкнуся ацаніць здольнасці вучняў, прыслухоўваюся да ўсіх іх пажаданняў. У кожным класе, як правіла, ёсць навучэнцы, якія могуць самі вызначаць і вырашаць праблемы. Яны па сваёй сутнасці даследчыкі — будучыя ўдзельнікі навуковых канферэнцый, алімпіяд, конкурсаў. Ёсць у мяне і іншыя памочнікі: гэта часцей за ўсё гуманітарыі, але яны таксама могуць самастойна даследаваць праблемы, якія я стаўлю на ўроку, і ў любы момант гатовы адказваць на мае пытанні. Некаторыя навучэнцы могуць вырашаць акрэсленыя задачы толькі пры маім удзеле — іх умоўна можна назваць “лабарантамі”. Яны ахвотна дапамагаюць мне ў рамонце і вырабе фізічных прыбораў, у правядзенні доследаў і нават у арганізацыі фізкультхвілінак. Кожны мой вучань абавязкова знаходзіць блізкую і зразумелую для сябе справу”.
Амаль на кожным уроку настаўніца імкнецца азадачыць дзяцей нечаканым пытаннем, цікавым заданнем ці нават міні-праектам. Прапаноўвае ім, напрыклад, расказаць аб спосабах прымянення ўсім вядомага паветранага шарыка або разгледзець чалавека з пункта гледжання фізікі (як фізічны аб’ект). Часам яна дае дзецям заданне, якое яны могуць выканаць па дарозе дадому. Напрыклад, падзяліць шлях на некалькі адрэзкаў (роўны участак, шлях з гары, хада па прыступках і г.д.) і з секундамерам у руках разлічыць хуткасць, з якой яны ідуць дадому, пры гэтым улічыць паскарэнне, якое будзе адзначацца, скажам, пры спуску з гары ці хадзе па лесвіцы ўніз. Каб разнастаіць заняткі, Вольга Юр’еўна можа прапанаваць вучням выканаць тэст Бенета, які складаецца з 70 фізіка-тэхнічных заданняў, што прадстаўлены ў выглядзе малюнкаў. Пасля кожнага пытання (малюнка) дадзены тры варыянты адказу на яго, і толькі адзін з іх з’яўляецца правільным. З дапамогай гэтых тэстаў настаўніца правярае, наколькі развітыя ў дзяцей тэхнічныя здольнасці.
“Любое творчае заданне або міні-праект можа стаць пачаткам вялікага праекта, а той у сваю чаргу ператворыцца ў навукова-даследчую работу, — падкрэслівае Вольга Юр’еўна. — Так, напрыклад, адбылося з нашым праектам па фізіцы “Вывучэнне фізічных характарыстык планет і іх месяцаў”, які падрыхтавалі дзявяцікласнікі ў працэсе вывучэння раздзела “Асновы дынамікі”. Ён ператварыўся ў навукова-даследчую работу па астраноміі, якая тычылася тэмы “Параўнальная планеталогія” (аўтары Аляксандр Зюлікаў і Алег Малахоўскі). Гэтая работа праз усе этапы дайшла да рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў, у якой мы апошнія пяць гадоў прымаем удзел. У мінулым годзе за работу “Адрасы нябесных свяціл” нашы вучні Аляксандр Другакоў, Аляксандра Малікава і Марыя Белісава атрымалі пахвальны водзыў. Яны аформілі сваю работу ў выглядзе кніжачкі, у якой коратка расказалі аб размяшчэнні сузор’яў на небе ў залежнасці ад месяцаў і пор года. Да аповеду дадалі спіс усіх сузор’яў па алфавіце і рухомую карту зорнага неба”.
Настаўніца расказала, чым парадуе нас яснае начное неба ў лістападзе. Асабліва прывабна выглядае зараз усходняя частка неба, на якой ужо цалкам бачны яркія зімовыя сузор’і Возніка, Цяльца, Блізнят, Арыёна і Малога Пса. Бліжэй да поўначы ўзыходзіць Сірыус з сузор’я Вялікага Пса — самая яркая зорка на ўсёй нябеснай сферы. Яшчэ пазней з’яўляюцца сузор’і Рака і Льва. А вось на поўдні неба ўпрыгожана сузор’ямі Андрамеды, Трохвугольніка, Авена, Рыб і Кіта. На паўночным захадзе бачны Геркулес, а на паўднёвым захадзе — Вадалей. Вядомыя летнія сузор’і Ліры, Лебедзя і Арла знаходзяцца ў заходняй частцы нябеснай сферы. Тут жа, крыху вышэй, бачны Вялікі Квадрат Пегаса.
На працягу чатырох апошніх гадоў вучні Вольгі Юр’еўны Белісавай прымаюць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, якую праводзіць механіка-матэматычны факультэт БДУ (заданні да яе друкуюцца загадзя). Вучаніца Падсолтаўскай школы Хрысціна Селіванава некалькі разоў прымала ў ёй удзел і атрымала сертыфікат БДУ як лепшы дакладчык па тэме “Прымяненне лікавых няроўнасцей Кашы і Кашы-Бунякоўскага для рашэння задач”. Зараз дзяўчына вучыцца на фізіка-матэматычным факультэце МДУ імя Аркадзя Куляшова.
Штогод у чэрвені Мсціслаўскі райвыканкам адзначае лепшых школьнікаў раёна стыпендыямі. У мінулым годзе ў Падсолтаўскай школе было адзначана сем вучняў, з іх тры — за дасягненні ў астраноміі (аўтары работы “Адрасы нябесных свяціл”) і адна вучаніца (Хрысціна Селіванава) — за поспехі ў матэматыцы. Сёлета стыпендыі атрымалі чатыры вучні ўстановы, з іх двое ўзнагароджаны за поспехі ў астраноміі (аўтары работы “Параўнальная планеталогія”) і адна вучаніца (Марыя Белісава) — за работу па энергазберажэнні “Дзённік для вучняў 5—11 класаў”.

Нашы “ЭКА-справункі”

Асаблівае значэнне настаўніца надае падрыхтоўцы міжпрадметных праектаў, у якіх спалучаюцца веды па фізіцы і матэматыцы, а таксама па астраноміі, біялогіі і экалогіі. Удзельнікі клуба “ЭКА-справункі”, да работы якога Вольга Юр’еўна мае самае прамое дачыненне, рэалізуюць шмат такіх праектаў. Але асноўныя пытанні, што знаходзяцца ў полі іх зроку, — атрыманне энергіі і эканомнае яе выкарыстанне, уздзеянне энергакарыстання на навакольнае асяроддзе, атрыманне энергіі з адходаў, збор і ўтылізацыя другаснай сыравіны і іншыя. Па гэтых тэмах вучні Падсолтаўскай школы апошніх пяць гадоў прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”. Яны прадстаўлялі на конкурс малюнкі (“Мы — гаспадары”, “Падлічы”, “Энергія з гною”) і навуковыя работы (праекты), напрыклад, па тэме “Біягаз — высокарэнтабельнае паліва для ўсіх рэгіёнаў Беларусі”.
Двойчы на гэты конкурс прэзентавалі каляндар. Адзін з іх — пад назвай “Зробім нашу планету лепшай. XXI стагоддзе”. Адрываючы лісток такога календара, чалавек кожны дзень будзе атрымліваць інфармацыю з гісторыі развіцця энергетыкі, аб розных відах паліва, аб другаснай сыравіне, будзе даведвацца пра пэўныя цікавыя факты, пра тэхніку бяспекі ў побыце і г.д. Для маленькіх дзяцей на календары па нядзелях — “Дзіцячая старонка”. Ёсць у календары і некалькі старонак аб міжнароднай адукацыйнай праграме SPARE/ШПІРЭ для дзяцей 7 — 18 гадоў, якая прадугледжвае распаўсюджванне ведаў аб энергетыцы і ахове навакольнага асяроддзя. Праграма была створана ў 1996 годзе Нарвежскім таварыствам аховы прыроды “Сябры Зямлі”. У выніку работа-каляндар атрымала ўзнагароды — дыпломы III ступені Міністэрства адукацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
У 2012 годзе навучэнцамі Падсолтаўскай школы быў складзены вечны перакідны каляндар “ЭКА-справункі” для кіраўнікоў устаноў адукацыі. Ён прызначаны для штодзённых напамінаў ім аб магчымых экалагічных акцыях з удзелам дзяцей. Фотаздымкі на кожнай старонцы падказваюць, як праводзіць акцыі. На большай частцы фотаздымкаў — вучні школы, якія заняты карыснымі справамі па захаванні навакольнага асяроддзя.
На конкурс прадстаўляўся і праект “Падарунак першакласніку” пад назвай “Планета Зямля — наш агульны дом”. Змест падарунка самы разнастайны: тут і прыгожая схема-расклад урокаў, і аднайменная закладка з назвай праекта, і папка “Спасцігаю свет”, і кніжка-малышка “Добрыя тэксты”, а таксама блакнот для запісаў, кубікі “Жывёльны свет”, мазаіка “Захавай клімат”, тачылка “Мадэль планеты Зямля”, дошка для пластыліну “Салодкі перац” і цацка “Калейдаскоп”.
“У Год беражлівасці мы таксама прынялі ўдзел у “Энергамарафоне” з работай “Дзённік для вучняў 5 — 11 класаў”. Ён прызначаны для напамінаў дзецям аб магчымых экалагічных штодзённых справах пад дэвізам “Клімат мяняецца, і гэта ўсіх датычыцца”, — адзначыла Вольга Юр’еўна. — У дзённіку 40 старонак, і ён разлічаны на тое, каб вучні карысталіся ім пры запісванні і выкананні дамашніх экалагічных заданняў. У гэты дзённік штодня заглядваюць не толькі дзеці, але і бацькі. Наша работа была ганаравана дыпломам абласнога ўпраўлення адукацыі”.

У “Майстэрню Самаробкіна”

У кабінеце фізікі Вольга Юр’еўна стварыла сапраўдную майстэрню — “Майстэрню Самаробкіна”, у якой знаходзяцца фізічныя прыборы, зробленыя рукамі навучэнцаў. Яны выкарыстоўваюцца як на ўроках, так і ў пазакласнай рабоце. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць “Ванька-ўстанька”, “Фантан”, “Перыскоп” і іншыя. Зрабіць такія прыборы можа кожны вучань. Настаўнік часам праводзіць конкурс у класе, хто хутчэй і лепш з гэтым справіцца або хто правядзе фізічны эксперымент з мінімальным абсталяваннем, зробленым з падручнага матэрыялу.
“Што можна прадэманстраваць з дапамогай няхітрых самаробных прыбораў? — разважае настаўніца. — Стварыць водаварот, паказаць дэфармацыю, адлюстраваць прынцыпы работы фантанаў і злучаных сасудаў. Возьмем, напрыклад, дзве пластыкавыя бутэлькі з вадой. У адну з іх пакладзём запалку або маленькую палачку. Калі мы станем бутэльку з запалкай пераварочваць і спалучаць рыльцам з другой бутэлькай, то ўбачым, што запалка не апускаецца ўніз. Але калі мы будзем бутэльку пераварочваць і пры гэтым круціць (зробім водаварот), то запалка лёгка пранікне ў другую бутэльку праз маленькую адтуліну. З падручных сродкаў мы рабілі таксама будаўнічы ўзровень для вызначэння гарызантальнасці паверхні, ключ для замыкання электрычнага ланцуга і розныя іншыя прыстасаванні”.
Нават слоўнік і сшытак для 7 — 11 класаў па фізіцы вучні зрабілі сваімі рукамі. Паколькі рабочыя сшыткі хутка заканчваюцца, а падручнікі мяняюцца штогод, то для таго, каб захаваць мінулы матэрыял па фізіцы і матэматыцы, навучэнцы 7 — 11 класаў вядуць своеасаблівыя слоўнікі. У іх ёсць наступныя графы: фізічныя велічыні (з падраздзеламі — назва, абазначэнне, адзінкі вымярэння, прыборы для вымярэння); пастаянныя фізічныя велічыні; фізічныя формулы; перавод фізічных адзінак; пазасістэмныя адзінкі; фізічныя прыстаўкі; вучоныя-фізікі; матэматычныя формулы; умоўныя абазначэнні ў электрычных ланцугах; табліцы; чалавек як аб’ект фізікі; старонка асабістага “Я”.
Старшакласнікі Падсолтаўскай школы пасля ўрокаў майструюць розныя вырабы і цацкі ў падарунак выхаванцам дзіцячага сада, што знаходзіцца на тэрыторыі сельскага савета. Са старога непрыдатнага прыбора па фізіцы вучні разам з настаўнікам працы зрабілі растамер для самых маленькіх. Матэрыялы для вырабу падарункаў школьнікі знаходзяць падчас удзелу ў акцыях па ўтылізацыі адходаў (напрыклад, выкарыстанай паперы і драўніны), якім яны фактычна даюць другое жыццё. З адходаў драўніны дзеці выразаюць кубікі і абклейваюць іх карцінкамі, робяць даміно, знакі дарожнага руху. З коркаў ад пластыкавых бутэлек робяць шашкі, лато. У кабінеце фізікі ёсць куточак утылізацыі, у якім размешчаны кантэйнеры для паперы, пластмасы, батарэек.
Дарэчы, акцыя па ўтылізацыі батарэек прайшла ў школе вельмі паспяхова. Звычайна людзі выкідваюць іх у смеццевае вядро. Пасля батарэйкі трапляюць на сметнік разам з астатнімі адходамі, пры гэтым цяжкія металы з батарэек трапляюць у глебу, грунтавыя воды, паветра. У батарэйках, да таго ж, змяшчаюцца ртуць, нікель, кадмій, свінец, ліцій, марганец, цынк, якія маюць уласцівасць назапашвацца ў жывых арганізмах. Каб засцерагчы навакольнае асяроддзе ад шкоднага ўздзеяння гэтых металаў, навучэнцы Падсолтаўскай школы ў межах рэспубліканскага месячніка па энергазберажэнні “Мы за энергаэфектыўнасць!” сабралі адпрацаваныя батарэйкі сярод аднавяскоўцаў. Акрамя таго, яны прынялі ўдзел яшчэ ў адной рэспубліканскай акцыі “Чыстая энергія, або аперацыя “Утылізацыя” па зборы выкарыстаных батарэек і акумулятараў мабільных тэлефонаў, якую праводзіў рэсурсны цэнтр па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця гімназіі № 19 Мінска і вядучы мабільны аператар Беларусі “МТС”. За перыяд двух акцый сабрана 865 батарэек і 13 мабільных акумулятараў вагой 14 кг 390 грамаў. Лідарам акцыі ў школе стала вучаніца Юлія Новікава, якая сабрала 149 батарэек вагой 3 кг 220 г. Падарункамі былі адзначаны дзесяць самых актыўных вучняў.
“Сабраныя батарэйкі мы даследавалі з вучнямі 6 класа ў межах праекта “Што хаваецца за прастатой батарэйкі?”, — паведаміла Вольга Юр’еўна. — Дзеці вывучалі характарыстыкі ўсіх відаў батарэек (“мезенчыкавыя”, “пальчыкавыя”, “крона”, “бочка”, “таблетка”), вызначалі сярэднюю вагу адной батарэйкі, напружанне і сілу току кожнага віду батарэек. Тыя з іх, што акісліліся, мы выкінулі, астатнія праверылі вальтметрам, і многім з іх падарылі другое жыццё ў гадзінніках, якіх у школе шмат”.

Надзея ЦЕРАХАВА.