Музычныя падарожжы

Вядома, што ў малодшых школьнікаў ярка праяўляецца творчы пачатак. Яны надзвычай вынаходлівыя ў перадачы інтанацый, перайманні, лёгка ўспрымаюць вобразны змест казак, гісторый, песень, музычных п’ес, ім уласціва прыродная актыўнасць, вера ў свае творчыя магчымасці. Пачатковы перыяд навучання лічыцца найважнейшым у далучэнні навучэнцаў да прыгожага. Лічу, што інтэграцыя на ўроках музыкі прадугледжвае ўзмацненне міжпрадметных сувязей, зніжэнне перагрузак, а павелічэнне долі праблемных сітуацый актывізуе разумовую дзейнасць школьніка і фарміруе даследчы тып асобы.

У гэтых адносінах метад мадэлявання мастацка-творчага працэсу выступае гарантам дзейнаснага асваення музычнага мастацтва, арганізоўвае разгортванне музычна-мастацкай дзейнасці як цэласнай з’явы ў адзінстве працэсу і выніку. На ўроках музыкі выкарыстоўваю такія прыёмы, якія абуджаюць пазнавальныя інтарэсы, цікаўнасць, пачуццё здзіўлення.
Сістэму творчых заданняў праецырую ў дзвюх плоскасцях: з аднаго боку, увесь час звяртаюся да жыццёвага вопыту, уражанняў школьнікаў, з другога — да твораў мастацтва, у якіх адлюстраваны знаёмыя навучэнцам вобразы, з’явы, сітуацыі.
Прыём 1. Аб’яднанне розных вобразных рашэнняў у межах аднаго і таго ж сюжэта: “Вобраз роднай прыроды ў карцінах І.Левітана, І.Шышкіна, В.Бялыніцкага-Бірулі і інш.”, “Вобраз Радзімы ў музычных творах І.Лучанка, М.К.Агінскага і інш.”, “Поры года” ў творах В.Карэтнікава, П.Чайкоўскага, А.Вівальдзі”. Заданні развіваюць асацыя-тыўнасць мыслення, навыкі мастацкага абагульнення, вучаць шматграннаму бачанню рэальнасці, фарміруюць здольнасць мастацкага пазнання свету.
Прыём 2. Складанне мастацкіх калекцый твораў розных відаў мастацтва з мэтай развіцця ўмення бачыць іх эмацыянальную агульнасць, напрыклад, музычных: “Тамбурыніст і флейтыст” А.Дзюрэра, “Танцоўшчыца з бубнам” Э.Дэга, “Бубен і браткі” Вінсента Ван Гога, музычная п’еса “Тамбурын” Ж.Рамо (Дадатак 1). На ўроках прапаноўваецца прааналізаваць розныя мастацкія ўвасабленні ідэнтычных з’яў прыроды, навакольнага свету, напрыклад: “Раніца” Э.Грыга, “Раніца ў лесе” В.Салманава, “Раніца ў лесе” І.Шышкіна.
Прыём 3. Імправізацыя, заснаваная на прынцыпе ролевай гульні. Прапаноўваецца вучням глянуць на адзін і той жа прадмет, з’яву, твор мастацтва вачыма чалавека, які знаходзіцца ў розных эмацыянальных станах. Адна з найважнейшых функцый прапанаванага задання — раскрыць узаемасувязь ва ўяўленні школьніка паміж унутраным і знешнім светам.
Прыём 4. Параўнанне розных спосабаў мастацкага ўвасаблення аднаго і таго ж сюжэта, а таксама яго выканальніцкіх інтэрпрэтацый.
Прыём 5. Складанне самастойнага музычнага суправаджэння да прапанаванага апавядання, жывапіснага палатна.
Навучэнцам прапаноўваецца пачатак казкі: “У казачным горадзе пайшоў дождж. А які бывае дожджык, дзеці?” (Адказы: халодны, асенні, калючы, веснавы, цёплы, летні, грыбны.) “З якога дожджыку пачынаецца наша казка? Якім ён будзе? Якая будзе наша казка, сумная ці вясёлая? Давайце пакажам дождж”. Сродкі для такой імправізацыі элементарныя: калючы дождж — кончыкамі пальцаў па парце, цёплы дождж — воплескамі пальцаў па далоні другой рукі.
Іншы фрагмент казкі: “У нашым горадзе наступіла цёмная, таямнічая, казачная, зорная ноч. Давайце намалюем музыку зорак. Які музычны інструмент нам дапаможа?” Варыянтаў складання музычнага суправаджэння да казак, апавяданняў дастаткова: можна выкарыстоўваць вакальныя імправізацыі, розныя дзіцячыя інструменты, а таксама жэсты, якія гучаць, пластычнае інтанаванне.
Прыём 6. Колеравае ўвасабленне музыкі. Варта адзначыць, што пераклад музыкі, яе эмацыянальна-вобразнага зместу сродкамі выяўленчага мастацтва цалкам адпавядае і псіхалагічным асаблівасцям малодшага школьнага ўзросту, і спецыфіцы комплекснага ўрока музыкі як формы ўзаемадзеяння розных відаў мастацтва. На ўроках музыкі выкарыстоўваю розныя варыянты колеравага мадэлявання ў залежнасці ад тэмы задач:
* выбар колеравай кампазіцыі з прапанаваных колераў;
* прапанова стаць мастаком і з дапамогай чарадзейных колераў маляванне музыкі сваімі прыдуманымі колерамі (Дадатак 2);
* выкарыстанне спалучэння абавязковых і сваіх колераў. Такое спалучэнне дазваляе ўбачыць у колеравых кампазіцыях індывідуальныя рысы дзяцей, а таксама стварыць больш творчую атмасферу на ўроках (Дадатак 3);
* спроба ў фарбах зафіксаваць працэс руху, развіцця музычных вобразаў, гэта значыць, мадэляванне музычнага твора як інтанацыйнага працэсу (можна з дапамогай колеравага мадэлявання каляровымі карткамі, кубікамі);
* стварэнне пры дапамозе сістэмы колераадчуванняў ёгаў колеравай палітры песні (Дадатак 4).
Прыём 7. Знаходжанне рознага ў падобным. Супастаўленне задум музычных, літаратурных і мастацкіх твораў для развіцця здольнасці знаходзіць унутраныя эмацыянальныя сувязі (а не толькі сюжэтныя) у розных творах мастацтва, якія блізкія па задуме і ў той жа час адрозніваюцца вобразным вырашэннем. Прапаноўваецца параўнаць палатно “Катрыншчык з сурком” А.Вато, п’есу “Сурок” Л.Бетховена і ўрывак “Катрыншчык” з балета “Марыянетка” І.Стравінскага.
Прыём 8. Графічнае адлюстраванне музыкі — даступны і эфектыўны метад навучання і актывізацыі творчай актыўнасці малодшых школьнікаў у працэсе ўспрымання музыкі. Адзін з самых даступных і эфектыўных варыянтаў гэтага метаду (4 клас, тэмы “Танцавальная культура майго народа”, “Музычныя падарожжы”): падчас гучання музыкі дзеці выконваюць каляровымі алоўкамі на лістку паперы музычны твор. У малюнку інтуітыўна адлюстроўваюцца розныя прыметы эмацыянальнага перажывання музыкі (напрыклад, станоўчая ці адмоўная прымета): колер алоўка і напрамак лініі ўверх ці ўніз; розныя сродкі выразнасці — рэгістр (месцазнаходжанне лініі), дынаміка (націск алоўка), тэмп (характар руху), гукавышынная лінія мелодыі (напрамак лініі), рытмічная пульсацыя, акцэнты, агульныя асаблівасці часавай арганізацыі музычнага гучання (форма) і г.д. Правядзенне такога тыпу творчага задання ўключае некалькі этапаў:
* падрыхтоўку навучэнцаў да ўсведамлення лініі як сродку выразнасці;
* слуханне твора;
* абдумванне і выбар выразных сродкаў для выканання (колер алоўка, характар і напрамак лініі);
* увасабленне ў фарбах твора, які гучыць.
У працэсе шматгранных зносін з мастацтвам як цэласным арганізмам навучэнец акунаецца ў свет мастацкіх адкрыццяў, пачуццёвага пазнання, атрымлівае вялікую колькасць уражанняў, асэнсоўвае, перапрацоўвае і рэалізоўвае іх у сваёй творчай дзейнасці, развівае мастацка-эстэтычныя патрэбы, здольнасць разумення прыгожага, фарміруе свой светапогляд, мастацкі густ.

Дадатак 1

Фрагмент урока ў IV класе, III чвэрць
Тэма: “Музычнае падарожжа па Еўропе (па Францыі)”
Слуханне, гутарка і рытмічныя рухі
Настаўнік Даведаемся пра адзін французскі інструмент. (Пра тамбурын вучань чытае артыкул з “Кароткага музычнага слоўніка”.) У розных краінах ёсць свае разнавіднасці барабанаў. Даўно ў Францыі з’явіўся высокі барабан. Ён падобны да бочачкі. А называецца тамбурын. Часта музыкант адной рукой іграў на тамбурыне, а другой — на флейце. У вас на сталах ляжаць бубны — так часам называюць тамбурын. Паглядзіце, як галандскі мастак Вінсент Ван Гог і нямецкі мастак Альбрэхт Дзюрэр паказвалі гэты інструмент на сваіх карцінах. Французскі мастак Эдгар Дэга намаляваў танцоўшчыцу з бубнам, якая выконвае тамбурын. Якраз так (тамбурын) называецца жвавы французскі танец. Паўтарыце назву танца, інструмента. Назавіце французскага мастака. Французскі кампазітар Жан-Філіп Рамо (надпіс) напісаў музычную п’есу “Тамбурын”. Паслухайце яе і, карыстаючыся слоўнікамі эмоцый і музычнай мовы, дайце характарыстыку гэтай п’есе-танцу. (Пасля слухання настаўнік паўтарае пытанне.) Які інструмент саліруе? (Флейта.) Мы яшчэ раз паслухаем п’есу “Тамбурын” і будзем суправаджаць рытмічнымі рухамі кісцей, якія імітуюць удары па бубне (1-шы рад — усёй кісцю, 2-гі рад — папераменна ўказальнымі пальцамі, 3-ці рад — па бубнах). Хто хоча паспрабаваць сябе ў ролі дырыжора?

Дадатак 2

Фрагмент урока ў IV класе, IV чвэрць
Тэма: “Музыка ў народных абрадах і святах (“Купалле”)
Настаўнік. Сёння мы падзяліліся на дзве каманды. Кожны з вас пабудзе ў любімай ролі. (На дошцы прымацаваны рамонкі. На пялёстках — надпісы: “кампазітар”, “мастак”, “саліст”, “крытык”, “дырыжор”, “музыкант”, “слухач”. Дзеці выбіраюць сваю ролю.)
Звяртаю ўвагу дзяцей на малюнак “Купалле” (малюнак падрыхтаваны вучнем класа).
Настаўнік. Калі б вы былі кампазітарамі, то якую музыку напісалі б, гледзячы на гэты малюнак? Адказваюць кампазітары дзвюх каманд.
Настаўнік. Якая пара года паказана на малюнку? Якое народнае свята праходзіць у ноч з 6 на 7 ліпеня? Свята праходзіла на беразе ракі, возера ці ўскрайку лесу ў самую кароткую летнюю ноч. Сімвалы — агонь, вада, кветка. Якія купальскія песні вы ведаеце?
(“Ой, рана на Івана” — выкананне аднаго куплета.)
Настаўнік. Паслухайце яшчэ адну беларускую народную купальскую песню “Купалінка” і адкажыце, які настрой выклікае ў вас гэта песня? Чаму? (Настаўнік выконвае песню a cappella.)
Настаўнік. Які настрой выклікае ў вас гэта песня? Чаму? Якія фарбы выкарыстаны ў музычнай мове песні: светлыя або цёмныя? Вызначце лад. Зараз мы правядзём эксперымент. Музычныя гукі могуць выклікаць у чалавека пэўны зрокавы вобраз. Асабліва ярка гэта здольнасць праявілася ў ёгаў, а таксама ў такіх кампазітараў, як Ф.Шуберт, А.Скрабін, Ш.Гуно, Ф.Ліст, Л.Бетховен, М.Рымскі-Корсакаў. Яны лічылі, што кожнаму гуку адпавядае які-небудзь колер (табліцы дадаюцца).
Заданне. Паказаць два такты песні ў колеры. Адна каманда — па сістэме ёгаў, другая — па сістэме Скрабіна. Пачарговае развучванне партый. Пялёсткі прымацоўваюцца да асяродкаў кветак на дошку.
— Пытанне мастакам. Якая кветка адпавядае настрою песні, а якая стварае плаўнасць, пявучасць і бесперапыннасць гучання? У гэтай песні, як і ў многіх іншых народных песнях, выкарыстоўваецца ланцуговае дыханне, над якім мы папрацуем.

Дадатак 3

Фрагмент урока ў IV класе
Тэма: “Музыка прыбалтыйскіх народаў”
Слуханне і развучванне. “Снежная песенька”, муз. М.Парцхаладзэ, словы. Г.Чычынадзэ.
Настаўнік. У пачатку ўрока я звярнула вашу ўвагу на карціну літоўскага мастака і кампазітара Мікалоюса Чурлёніса (1875—1911) “Мора”. Ён валодаў такім моцным колераадчуваннем, што музыку бачыў у фарбах, а карціны чуў у музычных гуках.
Давайце і мы правядзём эксперымент. Я вам выканаю песню, а вы дайце ёй назву і на камп’ютары пры дапамозе праграмы Microsoft PowerPoint адлюструйце ў колеры. (Вучні працуюць за камп’ютарамі, малююць малюнак або робяць заліўку экрана манітора. Затым падпяваюць фразу, якая паўтараецца (“Сыплет снег-снежок…”) і суправаджаюць яе пакалыхваннем рук, гэта значыць, выкарыстоўваюць прыём пластычнага інтанавання.)

Дадатак 4

Фрагмент урока ў IV класе, III чвэрць
Тэма: “Музычнае падарожжа па Еўропе (па Францыі)”
Развучванне і творчыя заданні. Французская народная песня “Пастухова песня”. (На партах надпісы слоў на каляровых лістках. Кожнай ноце адпавядае пэўны колер. Сістэма колераадчуванняў ёгаў: до — фіялетавы, рэ — сіні, мі — блакітны, фа — зялёны, соль — жоўты, ля — аранжавы, сі — чырвоны).
Настаўнік. Каб пазнаёміцца з адной вядомай французскай народнай песняй, мы пагуляем у гульню: знойдзем ноты, з якіх складаецца гэта песня. Хто адкажа, прымацуйце гэты лісток другім бокам на дошцы. Ноты схаваліся ў словах (минута, мир, ксилофон, сирень, дом, домра, ситуация, лягушка, лязг, соль, сольфеджио, фамилия, фагот, мишка, синица, синева, клякса, капля, малосольный, фасоль, фазан, факт, василек, лисица, косуля, земляника, сольный, рассольник, фабрика, фартук, мимоза, тмин, символ, система, доброта, доверие, симфония, цапля, поляна, Ассоль, соль, фантазия, фанат, милосердие).
Настаўнік. Паглядзіце на дошку. У нас атрымалася каляровая песенька. Ведаеце, дзеці, ёсць людзі, якія музычныя гукі бачаць у колерах — гэта ёгі, многія кампазітары, мастакі. Мяркуючы па гэтых колерах, як вы думаеце, якая па характары песенька схавалася ў вашых словах? Паслухайце “Пастухову песню” і адкажыце, карыстаючыся слоўнікамі эмоцый, які характар музыкі.

Галіна ЯСКЕЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці.