Эфектыўны сродак супраць аднастайнасці

Як зрабіць урок англійскай мовы цікавым і захапляльным? Як дасягнуць таго, каб ён спрыяў развіццю пазнавальнага інтарэсу і творчай разумовай актыўнасці навучэнцаў? Думаю, вырашыць гэтую задачу можна толькі з выкарыстаннем нетрадыцыйных форм правядзення ўрокаў. Прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій з’яўляецца адным са сродкаў павышэння цікавасці да навучання.

Мэта навучання англійскай мове ў сярэдняй школе — фарміраванне іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. Гэтая мэта прадугледжвае развіццё камунікатыўных уменняў навучэнцаў у гаварэнні, чытанні, разуменні на слых і пісьме на англійскай мове; развіццё і адукацыю навучэнцаў сродкамі англійскай мовы. Авалоданне мовай у ненатуральных умовах патрабуе стварэння ўяўных сітуацый, здольных стымуляваць зносіны на мове, якая вывучаецца, і звязана з развіццём уяўлення.
Сутнасць камунікатыўнага навучання — рыхтаваць навучэнцаў да ўдзелу ў працэсе іншамоўных зносін, навучыць свабодна арыентавацца ў іншамоўным асяроддзі і ўмець адэкватна рэагаваць у розных сітуацыях. Асноўным прынцыпам камунікатыўна-арыентаванага навучання з’яўляецца маўленчая дзейнасць. Навучэнцы павінны быць гатовы выкарыстоўваць мову для рэальнай камунікацыі: умець прадставіць сябе, напісаць ліст, анкету, заяву, задаць пытанне, весці дыскусію і г.д. Задача выкладчыка заключаецца ў тым, каб найбольш эфектыўна арганізаваць дзейнасць школьнікаў і дапамагчы ім падчас вырашэння вучэбнай задачы выйсці на пазнавальны вынік. Настаўнік плануе на ўроку як мага больш сітуацый зносін і ўсяляк заахвочвае навучэнцаў паўдзельнічаць у іх.
Асноўнай мэтай маёй педагагічнай дзейнасці з’яўляецца выхаванне асобы, якая валодае пэўнай сістэмай ведаў і ўмее выкарыстоўваць гэтыя веды ў штодзённым жыцці. У гэтым мне дапамагае прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, метаду праектаў, метаду праблемнага навучання, гульнявых тэхналогій навучання, а таксама здароўезберагальных тэхналогій.
Працуючы настаўнікам замежнай мовы ў сярэдняй школе, прыйшла да высновы: немагчыма выкарыстоўваць толькі тыя методыкі, якія склаліся некалькі дзясяткаў гадоў назад. Школа сёння імкліва мяняецца, спрабуе ісці ў нагу з часам. ХХІ стагоддзе — век высокіх камп’ютарных тэхналогій. Сучаснае дзіця жыве ў свеце электроннай культуры. Мяняецца і роля настаўніка — ён павінен стаць каардынатарам інфармацыйнага патоку. Такім чынам, настаўніку неабходна валодаць сучаснымі методыкамі і новымі адукацыйнымі тэхналогіямі, каб мець зносіны на адной мове з дзіцем. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дапамагаюць яму ў гэтым. Прымяненне ІКТ стварае ўнікальную магчымасць для тых, хто вывучае замежную мову, карыстацца аўтэнтычнымі тэкстамі, слухаць і мець зносіны з носьбітамі мовы, гэта значыць, стварае натуральнае моўнае асяроддзе. Доступ да сеткі інтэрнэт дазваляе скарыстацца вялікай колькасцю дадатковых матэрыялаў, якія даюць магчымасць узбагаціць урокі разнастайнымі ідэямі і практыкаваннямі.
Сваю дзейнасць навучання англійскай мове з прымяненнем ІКТ я пачала з распрацоўкі разнастайных заданняў і практыкаванняў, якія дазваляюць далучыць навучэнцаў да іншамоўных зносін. Для гэтага я выкарыстала прэзентацыі PowerPoint, тэкставыя дакументы Word, а таксама магчымасць інтэрнэту і работу на інтэрактыўнай дошцы. Для навучэнцаў 5 класа складаю простыя заданні з выкарыстаннем моўных клішэ. Пры вывучэнні замежнай мовы дастаткова складана правільна сфармуляваць свае думкі. Стандартныя фразы і клішэ робяць нашу мову зразумелай для іншых, таму іх выкарыстанне з’яўляецца абгрунтаваным. Так, пры вывучэнні тэмы “Тэлепраграмы” дзецям было прапанавана расказаць пра галоўных герояў тэксту па ўзоры, адказаць на пытанні пасля прагляду мультфільма, расказаць тэлерэпарцёру пра свае любімыя перадачы.
Для 6 класа заданні ўскладняюцца. Пры вывучэнні тэмы “Нацыянальныя сімвалы” навучэнцы, працуючы ў групах, не толькі чытаюць тэкст і запаўняюць табліцу неабходнай інфармацыяй, але і абменьваюцца сваёй інфармацыяй з іншымі групамі. Далей ім неабходна прадставіць сваю краіну на міжнароднай канферэнцыі.
Навучэнцам 7 класа пры вывучэнні тэмы “Жыццё ў горадзе і вёсцы” прапаноўваю выказаць сваё меркаванне па пэўных сцвярджэннях, расказаць пра вартасці і недахопы жыцця ў горадзе і вёсцы, а пасля прагляду мультфільма “Гарадская і вясковая мыш” даказаць, што кожная з іх любіць сваё роднае месца.
Навучэнцы 8 класа праводзяць завочныя экскурсіі на англійскай мове для сваіх аднакласнікаў па славутасцях Мінска і Лондана.
Заданні для навучэнцаў 9 класа адрозніваюцца не толькі павышанай складанасцю, але і максімальна набліжаны да рэальных зносін. Яны спрыяюць паглыбленню ведаў, пашырэнню кругагляду, развіццю самастойнасці ў рабоце з рознымі інфармацыйнымі крыніцамі і дадатковай літаратурай. Пры вывучэнні тэмы “Здаровая і шкодная ежа” прапаноўваю навучэнцам паглядзець відэазапіс і вызначыць тэму ўрока, а потым арыентую іх на тыя пытанні, на якія яны павінны адказаць у канцы ўрока: “Чаму фастфуд такі папулярны сёння?” “Чаму ён небяспечны для нашага здароўя?”
Працуючы ў групах, дзеці вызначаюць правілы здаровага харчавання. Таксама яны расказваюць пра свае перавагі ў ежы і даюць парады Робіну Бобіну, што варта есці, каб быць здаровым.
Увядзенне новых форм работы, у прыватнасці складанне прэзентацый дазволіла не толькі зацікавіць будучых праграмістаў, але і далучыць менш актыўных дзяцей да працэсу работы. Навучэнцы 7 класа з задавальненнем складаюць прэзентацыі па тэме “Сем цудаў свету” і абараняюць іх. Усім запомніліся прэзентацыі вучняў 10 класа “Лепшая група англійскай мовы” і “Вядомыя выпускнікі нашай школы”. Стварэнне мультымедыйных прэзентацый павышае цікавасць навучэнцаў да прадмета, жаданне працаваць творча, падаваць інфармацыю, якую здабываюць, у цікавай для ўсіх форме.
Адным з паказчыкаў засваення мовы, якая вывучаецца, з’яўляецца здольнасць навучэнцаў весці размову па канкрэтнай тэме. У сваёй дзейнасці я таксама выкарыстоўваю ўрок-інтэрв’ю, які вучыць уменню правільна фармуляваць сваю думку, задаваць пытанні, адказваць на іх, весці размову. Пры правядзенні такога ўрока выкарыстоўваю элементы ролевага дыялогу, дзе навучэнцы прайграюць пэўную ролю. Пры вывучэнні тэмы “Прафесіі” ў 11 класе навучэнцы загадзя вызначылі папулярныя прафесіі, а потым бралі інтэрв’ю ў прадстаўнікоў гэтых прафесій. Усіх прасілі расказаць пра перавагі і недахопы выбраных прафесій. Урокі-інтэрв’ю патрабуюць стараннай падрыхтоўкі і выкладчыка, і навучэнцаў. Але разам з тым яны стымулююць навучэнцаў да далейшага вывучэння замежнай мовы, спрыяюць паглыбленню іх ведаў, пашырэнню кругагляду, развіццю самастойнасці ў рабоце з рознай інфармацыяй.
Карыстаецца папулярнасцю ўрок-гульня. Гульня дапамагае пераадолець манатонны характар урока. Гэта актыўны спосаб дасягнуць многіх адукацыйных мэт і задач, выдатны спосаб падагнаць навучэнцаў, які стымулюе іх актыўна працаваць на ўроку. У сваёй практыцы выкарыстоўваю ролевыя гульні, асабліва пры вывучэнні тэм “У магазіне”, “У кафэ”, “У бібліятэцы” і інш.
Урокі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій вельмі падабаюцца дзецям. Актывізуецца пошукавая дзейнасць, з’яўляецца цікавасць да той праблемы, якую трэба вырашыць. Дзеянне параджае ідэі, якія можна рэальна ўвасобіць у жыццё.
Аналізуючы вопыт выкарыстання ІКТ на ўроках, можна з упэўненасцю сказаць, што яны дазваляюць:
— забяспечыць станоўчую матывацыю навучання;
— праводзіць урокі на высокім эстэтычным і эмацыянальным узроўні;
— забяспечыць высокую ступень дыферэнцыяцыі навучання;
— павысіць аб’ём работы, якая выконваецца на ўроку;
— удасканаліць кантроль ведаў;
— рацыянальна арганізаваць вучэбны працэс;
— павысіць эфектыўнасць урока;
— забяспечыць доступ да розных даведачных сістэм і інфармацыйных рэсурсаў.
Урокі з выкарыстаннем ІКТ, на мой погляд, з’яўляюцца адным з самых важных вынікаў інавацыйнай работы ў школе. Яны даюць магчымасць замкнутым вучням разняволіцца і дзяліцца сваімі ведамі з іншымі, павышаюць самастойнасць у працэсе навучання, дапамагаюць развіццю творчых здольнасцей, павышаюць узровень зносін і культуры, развіваюць маўленне, а таксама даюць магчымасць удзельнічаць у розных конкурсах, віктарынах, алімпіядах і праектах. Канечне, нельга сцвярджаць, што ІКТ дапамогуць у вырашэнні ўсіх праблем у навучанні замежнай мове, але гэта эфектыўны сродак супраць аднастайнасці. Практычна на любым уроку можна выкарыстаць камп’ютарныя тэхналогіі. Важна знайсці тую мяжу, якая дазволіць зрабіць урок сапраўды развіццёвым і пазнавальным. Выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій у працэсе навучання ўплывае на рост прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка, што спрыяе значнаму павышэнню якасці адукацыі. Чым больш інфармацыі, метадаў і інструментаў у сваёй рабоце выкарыстоўвае настаўнік, тым большы эфект ад яго работы. Але якім бы ні быў сучасны камп’ютар і самы хуткі інтэрнэт, галоўнае — гэта жаданне педагога працаваць над сабой, ствараць, вучыцца, эксперыментаваць. Нельга не пагадзіцца са словамі К.Д.Ушынскага: “Настаўнік жыве да той пары, пакуль вучыцца; калі толькі ён перастае вучыцца, у ім памірае настаўнік”.

Алена ЯКУБЕЦ,
настаўніца англійскай мовы
сярэдняй школы № 1 
Ляхавіч Брэсцкай вобласці.