Пакінуць след у гісторыі

Да Аляксандра Міхайлавіча Ерахаўца, настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 161 Мінска, дазванілася адразу, і ён лёгка пагадзіўся стаць героем рубрыкі: “Калі цікавіць тэма барацьбы з фашыстамі ў часы Вялікай Айчыннай вайны — прыходзьце на ўрок у 10 клас, калі ж хочаце больш даведацца пра полацкую зямлю — завітайце да шасцікласнікаў”. Мне прыйшлася даспадобы работа настаўніка з шасцікласнікамі, якія першы год вывучалі курс гісторыі Беларусі. Нагадаю, што Аляксандр Міхайлавіч — фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Трымаць інтрыгу

Можна даносіць веды вучням па-рознаму. Адзін настаўнік скажа: “Дзеці, разгарніце падручнік, прачытайце параграф і адкажыце на пытанні пасля яго”. Другі ж выкладае творча, крэатыўна, працуе ў тэмпе, у хуткасці, але пры гэтым захоўвае асноўны стрыжань урока. Менавіта дынамікай, частай зменай дзейнасці вылучаюцца ўрокі Аляксандра Міхайлавіча. Са шчырай усмешкай ён прызнаецца: “Напрыканцы заняткаў адчуваю сябе так, быццам зрабіў 45-хвілінную прабежку”.
“Добры ўрок, як і добры спектакль, заўсёды пастаўлены, мае дакладны сцэнарый, але ў ім абавязкова ёсць месца для імправізацыі і гумару”, — разважае настаўнік. Свае ўрокі ён праводзіць у пастаянным дыялогу з вучнямі, выкарыстоўвае пры гэтым вялікую палітру прыёмаў і метадаў. Ён толькі лічаныя хвіліны спакойна сядзіць за сталом. Амаль увесь час рухаецца, гучны голас гісторыка не дае вучням спаць: дакладна адшліфаваныя змястоўныя фразы ў спалучэнні з выдатнай дыкцыяй выклікаюць шчырую цікавасць у дзяцей. Заўсёды да месца адмысловы здаровы гумар настаўніка, і школьнікі вельмі цэняць гэтую яго якасць. У той жа час Аляксандр Міхайлавіч даволі строгі і прамы чалавек. Ён адразу ўказвае вучням на няправільнасць іх дзеянняў, абходных шляхоў не шукае. Магчыма, за такую адкрытасць і шчырасць ён аднойчы быў выбраны навучэнцамі 11 класаў лепшым настаўнікам іх выпуску.
Аляксандр Міхайлавіч працуе не па адной канкрэтнай педагагічнай методыцы, а выкарыстоўвае цэлы набор разнастайных прыёмаў і метадаў. Але на кожным з этапаў урока, пачынаючы з арганізацыйнага моманту і заканчваючы рэфлексіяй, імкнецца перш за ўсё актывізаваць пазнавальную дзейнасць дзяцей. Часта праводзіць камбінаваныя ўрокі. Каб яны былі цікавымі, настаўнік выкарыстоўвае і камп’ютар, і мультымедыйны праектар, і гатовую прэзентацыю па тэме, і разнастайны раздатачны матэрыял.
“Мэты сённяшняга ўрока ў шостым класе ўжо акрэслены, — патлумачыў мне настаўнік. — Неабходна высветліць, чым адметны перыяд раздробленасці ў Полацкім княстве, вызначыць прычыны раздробленасці і яе наступствы. У працэсе знаёмства шасцікласнікаў з тэмай важна навучыць іх карыстацца гістарычнай картай, а таксама развіць іх увагу, памяць, лагічнае і аналітычнае мысленне. Урок павінен быць і выхаваўчым: неабходна сфарміраваць у вучняў пачуццё павагі да гісторыі сваёй краіны, свайго народа, падтрымаць у дзецях парасткі талерантнасці, якія ў некаторых да гэтага ўзросту ўжо з’явіліся”.
Заняткі пачаліся з пытання: “Што вы бачыце на дошцы?” Усім вучням зразумела, што на ёй намаляваны сляды чалавека. Настаўнік працягвае: “Даўно гэта было. Яшчэ ў Старажытнай Эладзе. Жыў у ёй чалавек па імені Герастрат. Ён не меў ніякіх талентаў, але яго сэрца поўнілася моцным жаданнем абавязкова пакінуць след у гісторыі. Блукаючы па сваім родным горадзе Эфесе, ён бясконца разважаў: што б такога зрабіць, каб яго ўспаміналі на працягу многіх стагоддзяў? І аднойчы ноччу (а было гэта ў 356 годзе да нашай эры) ён пракраўся ў Храм Артэміды і падпаліў яго. На судзе Герастрат прызнаўся, што зрабіў гэта для таго, каб імя яго памяталі нашчадкі.
Ва ўсе часы былі прыклады такіх антыгерояў. Скажыце, ці годна пакідаць такі след у гісторыі? Як яшчэ можна праславіць у стагоддзях сваё імя?” Дзеці пачалі пералік: можна пабудаваць храм, вынайсці новае прыстасаванне, механізм, зрабіць добрую справу для свайго народа. Шасцікласнікі пакуль не могуць ажыццявіць свае высокія мары, але пакінуць след у душы свайго настаўніка гісторыі і аднакласнікаў ім па сілах. Яны давалі волю фантазіі, актывізавалі мысленне, і іх шчырыя старанні і цудоўныя адказы-аповеды падтрымліваліся і эмоцыямі, і добрымі адзнакамі.
Аляксандр Міхайлавіч, тым не менш, не ўпускаў інтрыгі і прапанаваў дзецям паспрабаваць адамкнуць дзверы на ўрок уяўным ключом. Для таго каб ён павярнуўся ў замку, вучням прыйдзецца адказаць на некалькі пытанняў і выканаць некаторыя заданні, прадэманстраваўшы такім чынам, як былі засвоены папярэднія веды.
З дапамогай метаду “Карцінная галерэя” прайшла праверка дамашняга задання. Дзеці разглядалі на слайдах карціны, давалі ім назвы, расказвалі, якія падзеі на іх адлюстраваны. На адной, напрыклад, сын Ізяслаў абараняў сваю маці Рагнеду ад князя Уладзіміра. Другая прысвечана будаўніцтву горада Ізяслава (цяперашняе Заслаўе). Трэцяя паказвала гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, які праходзіў па тэрыторыі беларускіх зямель. Яшчэ адна дэманстравала Сафійскі сабор у Полацку. Былі карціны аб падзеях, звязаных з Усяславам Чарадзеем, бітвай на Нямізе ў 1067 годзе. На адным са слайдаў змяшчалася першае летапіснае ўпамінанне пра Мінск і інш.
Нарэшце, ключ падышоў да замка — і тэма, якую загадзя настаўнік не аб’яўляў, была сфармулявана: “Полацкая зямля ў XII — сярэдзіне ХІІІ ст.”. Рыхтуючы дзяцей да засваення новага матэрыялу, Аляксандр Міхайлавіч прапанаваў ім выкарыстаць слоўнік: “Зыходзячы з усяго сказанага раней на ўроку і таго, што вы ўжо для сябе ўсвядомілі, скажыце, якія тэрміны, паняцці і даты са слоўніка нам сёння спатрэбяцца? Аб чым мы будзем гаварыць?” Каб высветліць гэта, ён выкарыстаў кубік Блума, на кожнай грані якога былі напісаны словы — пачатак фраз, якія неабходна працягнуць. Такім чынам настаўнік з вучнямі вызначылі аб чым пойдзе гаворка на ўроку. Дзеці наперабой гаварылі: “Я раскажу пра Менскае княства”, “Я патлумачу, што такое раздробленасць”, “Я раскажу пра гістарычныя асаблівасці ХІІ стагоддзя”, “Я навучу адрозніваць войскі ад апалчэння”, “Я ведаю ўсё пра веча”.
Але пра адказы вучняў мы даведаемся пасля, таму што прагучалі яны ў канцы ўрока…

Не спыняць дыялог з вучнямі

Асноўная частка заняткаў — засваенне новага матэрыялу. Аднак і пры яго тлумачэнні настаўнік не спыняў дыялог з вучнямі, новыя веды яны здабывалі з вялікай доляй самастойнасці, а Аляксандр Міхайлавіч толькі дапамагаў ім:
“Усяслаў Чарадзей быў апошнім з князёў, хто валодаў усёй Полацкай зямлёй. ХІІ стагоддзе — гэта перыяд раздробленасці і міжусобных войнаў на Полаччыне. Давайце паразважаем. (На экране з’яўляюцца пытанні.) Які тып гаспадаркі называецца натуральным? У які перыяд яна існавала? Што такое феадальная раздробленасць? Пры якім князю Полацкае княства дасягнула найвышэйшага росквіту і магутнасці?”
Дзеці актыўна адказвалі на пытанні. Агульнымі намаганнямі была сфармулявана адукацыйная мэта ўрока аб вызначэнні прычын і наступстваў феадальнай раздробленасці на Полацкай зямлі. Каб разабрацца ў гэтым пытанні, настаўнік прапанаваў вучням зазірнуць на некалькі хвілін у падручнік і паспрабаваць самім знайсці тлумачэнне прычын раздробленасці. Дзеці агучылі знойдзеныя адказы, і на экране манітора з’явіўся поўны пералік прычын. Галоўныя з іх — панаванне натуральнай гаспадаркі, раздача зямель ва ўласнасць дружыннікам (баярам), у выніку чаго некаторыя воласці-княствы Полацкай зямлі, на чале з гаспадарамі — дзецьмі Усяслава Чарадзея — пачалі адасабляцца.
Пасля на экране з’явіўся пералік наступстваў раздробленасці. Дзеці павінны былі пракаменціраваць іх. Вучні разважалі аб слабых гандлёвых сувязях паміж асобнымі валасцямі, аб узмацненні баярства, аб аслабленні княжацкай улады, міжусобных войнах, аб распадзе буйных княстваў на больш дробныя. Адзін хлопчык па аналогіі заўважыў: маўляў, па адным прутку і венік лягчэй зламаць. Пагадзіўшыся з гэтым, настаўнік узгадаў эпізод з “Гармідара”, калі хлопчык адным махам змог паламаць увесь венік.
Каб даведацца, на якія княствы распалася Полацкая зямля, Аляксандр Міхайлавіч прапанаваў зазірнуць у чорную скрыню. Вучні даставалі з яе назвы княстваў (іх усяго пяць), а затым шукалі іх на карце. Настаўнік падкрэсліў, што раздробленасць беларускіх зямель працягвалася да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя, гэта значыць, амаль 150 гадоў.
У сярэдзіне ўрока прайшла фізкультхвілінка з філалагічным ухілам пад назвай “Купі літару”. Шасцікласнікі называлі літару і паварочваліся спачатку налева — шукалі аб’ект, назва якога магла пачынацца на гэтую літару, затым паварочваліся направа з той жа мэтай.
Пасля размінкі заняткі прадоўжыліся. Цяпер вучням належала даведацца аб прычыне часовага ўзлёту і росквіту, а затым хуткага заняпаду Менскага княства. У настаўніка для раскрыцця гэтай тэмы было падрыхтавана пісьмовае заданне. Самастойна (або ў парах) дзеці шукалі на яго адказы ў падручніках і пісалі іх у таблічкі, якія перад пачаткам урока Аляксандр Міхайлавіч палажыў на парты. Калі нешта незразумела, вучні задавалі пытанні настаўніку. Затым зачытвалі знойдзеныя адказы і каменціравалі іх.
Наступны раздзел урока “Войска і веча” пачынаўся з пытанняў: “Што такое веча?”, “Якую ролю яно адыгрывала?”. Аляксандр Міхайлавіч патлумачыў, што ў тыя часы многія спрэчныя пытанні вырашаліся з дапамогай зброі. На экране з’явілася структурная схема полацкага войска. Менавіта яно і апалчэнне былі надзейнай апорай князя. Войску належала галоўная роля пры абароне княства ад знешняй небяспекі. Але на пачэсным месцы ў Полацку знаходзілася веча. Роля веча то ўзрастала, то зніжалася ў залежнасці ад часу і сітуацыі. Настаўнік разам з дзецьмі паспрабаваў прааналізаваць характар гэтых перападаў.
Ён прапанаваў гульню: пры націску на слайд на ім з’яўлялася пэўная сітуацыя. Калі роля веча пры такой сітуацыі вялікая, дзеці ўставалі, калі малая — сядзелі; узнікала сітуацыя мірнага часу — дзеці сядзелі, вайны — уставалі; кіраваў моцны князь — сядзелі, князь мяняўся — уставалі.
На этапе замацавання атрыманых ведаў Аляксандр Міхайлавіч падкрэсліў, што ўрок быў вельмі насычаным, дзеці пачулі мноства імён, паняццяў, дат . Настаўнік прапанаваў запомніць сэнс слоў і самі словы, якія былі напісаны на слайдзе: “раздробленасць”, “ХІІ стагоддзе”, “Менскае княства”, “князь Глеб”, “войска”, “апалчэнне”, “веча”. Затым вучні, не гледзячы на слайд, узнавілі словы ў сшытках. У канцы ўрока навучэнцы склалі з імі некалькі сказаў па тэме ўрока і зачыталі іх.

Заслужаныя адзнакі

“Які след пакінулі вы сёння на ўроку або які след наш сённяшні ўрок пакінуў у вашай душы; што новага вы даведаліся?” — з такім пытаннем звярнуўся ў канцы ўрока настаўнік. Свае пісьмовыя адказы вучні прымацоўвалі на дошку на сляды чалавека, якія былі намаляваны на ёй. Дзеці пісалі: “Добры настрой”, “Мне ўдалося адказаць на шмат пытанняў”, “Раздробленасць — гэта вельмі дрэнна”, “Я часта паднімаў руку”, “Даведаўся, хто такія баяры”, “Цяпер ведаю пра князя Глеба”, “Нібы пабываў у ХІІ стагоддзі”.
— Вы пакінулі добры след на нашым уроку, — звярнуўся Аляксандр Міхайлавіч да шасцікласнікаў. — Плённа папрацавалі, і зараз я пастаўлю вам заслужаныя адзнакі ў дзённікі — “дзявяткі” і “дзясяткі”.
Падводзячы вынікі ўрока, настаўнік адзначыў:
“Падчас урока ў дзяцей адбывалася частая змена дзейнасці. Яны то пісалі, то чыталі, то адказвалі, то разважалі, але ўсё ж паспявалі лавіць усе мае словы і думкі. Хтосьці, можа, крыху і стаміўся, але ўрок , думаю, спадабаўся ўсім. Да таго ж за партамі дзеці сядзяць так, што няма побач двух слабых вучняў. І той, хто мацнейшы, дапамагае суседу.
Пра сябе адзначу: не ўсё паспеў. Была яшчэ ў мяне задума адносна схемы, планаваў параўнаць, як была пастаўлена ваенная справа ў Полацку і Мінску, падрабязней расказаць пра дружыну і апалчэнне, чыя роля была больш уплывовай пры абароне княства. Хацеў узгадаць і адну старую добрую прытчу. Чаму не паспеў — на тое, лічу, былі аб’ектыўныя прычыны. Клас вельмі актыўны, кожны з вучняў жадаў выказацца. Калі б стаў стрымліваць іх запал, яны б на мяне пакрыўдзіліся.
Упэўнены, што менавіта выхаванню на ўсіх занятках трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу. Завяршыць свой урок хацеў наступнай прытчай:
“Жыла-была на свеце сям’я. Прычым няпростая. Больш за 100 чалавек у яе ўваходзіла. Займала гэтая сям’я цэлае сяло. Ва ўсіх сэнсах яна была адмысловая — мір і лад панавалі ў ёй. Ні сварак, ні лаянкі не чулася ў ёй. Дайшла чутка аб гэтай сям’і да самога кіраўніка краіны. Вырашыў ён праверыць, ці праўду людзі кажуць, даведацца, як жыхары вёскі дасягнулі такой згоды. Прыйшоў цар да старога, які быў галоўным у сям’і: “Раскажы, калі ласка, аб сваіх сакрэтах”. Той узяў ліст паперы і нешта напісаў. Затым перадаў ліст цару. І цар убачыў, што на паперы ўсяго толькі 3 словы. “І гэта ўвесь сакрэт”, — здзівіўся цар. “Так, — адказаў стары. — Гэта аснова жыцця любой добрай сям’і.” І, падумаўшы, дадаў: “Ды і ўсяго свету таксама”. Як вы думаеце, якія гэта словы? Тут дзеці павінны былі паразважаць. Словы самыя простыя, усім вядомыя, але сэнс іх надзвычай глыбокі: “каханне”, “прабачэнне”, “цярпенне”.

Бачыць новыя вяршыні

— У нашай школе немагчыма праводзіць урок павольна, спусціўшы рукавы, паколькі шмат настаўнікаў удзельнічаюць у педагагічных конкурсах, пастаянна дзеляцца сваім вопытам. Маё жыццё да конкурсу “Настаўнік года” і пасля конкурсу вельмі адрозніваецца, успрымаю яго як зусім розныя этапы, — гаворыць Аляксандр Міхайлавіч. — Дарэчы, кожны свой урок таксама ацэньваю як новую прыступку. Да самаўдасканалення, да прафесійнага станаўлення. Быццам не маю права памыліцца, расслабіцца, зрабіць крок назад. Мяне часам ставяць у прыклад іншым, я даю адкрытыя ўрокі, майстар-класы, друкуюся ў прадметных часопісах і г.д. На раённым метадычным аб’яднанні правёў для педагогаў майстар-клас “Пазнанне пачынаецца праз здзіўленне”. На ім узнімаў пытанне аб тым, ці дапушчальна з навучэнцамі выпускных класаў выкарыстоўваць на занятках гульні. На мой погляд, не проста дапушчальна, гэта нават неабходна рабіць.
Класічных урокаў я не праводжу, заўсёды выкарыстоўваю мультымедыя- і гульнявыя формы работы. Хаця ў 10—11 класах практыкую, напрыклад, урокі-дыспуты, да якіх неабходна больш сур’ёзная падрыхтоўка.
Ёсць у мяне і любімыя прыёмы, напрыклад, “Храналёт”. На папяровым лістку пішу пытанне, затым раблю з яго самалёцік і накіроўваю яго дзецям. Яны ловяць самалёцік, чытаюць пытанне і адказваюць мне. Вучні і самі па маім прыкладзе выкарыстоўваюць такую “авіятэхніку” і атакуюць адно аднаго пытаннямі. Пра гэты прыём раней амаль не пісалі, і я прысвяціў яму цэлы артыкул у прадметным часопісе. Прывабнасць яго ў тым, што ён не патрабуе затрат, затое вельмі эфектыўны і даспадобы вучням.
Мы складаем з вучнямі казкі, зразумела, на гістарычныя тэмы. У залежнасці ад тэмы вучні пераўвасабляюцца ў пэўных персанажаў. Паперкі з назвамі іх роляў я кладу ў канверт, дзеці па чарзе дастаюць іх, затым мы інсцэніруем свае ж складзеныя казкі. Часам прапаноўваю ім на ўроку пераапрануцца ў нейкага пэўнага персанажа, напрыклад, у першабытнага чалавека (атрыбуты адзення рыхтую загадзя). Пры тлумачэнні матэрыялу выкарыстоўваю відэаматэрыялы. Шмат цікавых станоўчых момантаў падгледзеў у выпусках “Гармідара”, у фільмах. Праводжу і інтэграваныя ўрокі — сумесныя з іншымі настаўнікамі. Напрыклад, урокі “гісторыя — беларуская літаратура”, “гісторыя — геаграфія Беларусі”.
У найбліжэйшых планах — удзел у мерапрыемствах клуба “Крыштальны журавель”. Лічу, што неабходна дзяліцца вопытам з калегамі, знаёміцца ў сваю чаргу з іх матэрыяламі. Гэта садзейнічае шліфоўцы, удасканаленню прафесійнага майстэрства. Планую дапрацоўваць свой вопыт па выкарыстанні інтэрактыўных метадаў і прыёмаў для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Сваім першым памочнікам і дарадчыкам у педагагічным пошуку лічу сваю жонку Ніну Аляксееўну Ерахавец, якая адначасова і мая калега, паколькі таксама выкладае гісторыю ў нашай школе.
Быць настаўнікам сёння няпроста. Трэба ўвесь час ісці наперад, інакш непазбежна адстанеш ад часу. У нашай прафесіі ўвогуле немагчыма дасягнуць вяршынь, таму што заўсёды перад табой з’явіцца нешта новае, непакорнае. Конкурс стаў для мяне пэўнай вяршыняй, але зараз я бачу новыя, да якіх зноў узнімаюся крок за крокам. Я заўсёды і дзецям кажу: каб мара ажыццявілася, трэба пераадолець не адну прыступку, прайсці праз ланцужок канкрэтных мэт, маленькіх дасягненняў. Толькі так можна дасягнуць значнага і вялікага ў сваім жыцці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.