У атмасферы іншамоўных зносін

Каму сёння не хочацца адчуць рамантыку Францыі, наведаць Елісейскія палі, пабываць у Луўры, пабачыць «Нотр-Дам дэ Пары», разумець мову Гюго, Мапасана, Бальзака, Заля і ў арыгінале чытаць іх творы? Вывучыць французскую мову і далучыцца да гэтай сапраўднай мелодыі любові, гармоніі і захаплення вось ужо каторы год дае магчымасць навучэнцам мінскай гімназіі № 8 Надзея Уладзіміраўна Скібская.
Надзея Уладзіміраўна — кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў па прадмеце “Замежная мова” навучальнай установы, суаўтар вучэбных дапаможнікаў “Французская мова” для 5 і 6 класаў гімназій. У мінулым годзе педагог атрымала прэмію Мінгарвыканкама за распрацоўку практыкаванняў па французскай мове на аснове камунікатыўна-арыентаванага падыходу. Пра сістэму работы педагога, новыя падыходы да арганізацыі вучэбнага працэсу па французскай мове, а таксама аб асаблівасцях вучэбных дапаможнікаў для гімназій наш карэспандэнт гутарыць з Н.У.СКІБСКАЙ.

— Надзея Уладзіміраўна, чаму вы выбралі прафесію настаўніка? Чаму сталі менавіта настаўніцай французскай мовы?
— Я свядома паступала ў лінгвістычны ўніверсітэт, бо хацела стаць настаўнікам. Мой дзядуля ў свой час не вывучыў замежную мову і вельмі шкадаваў аб гэтым. Ён заўсёды паўтараў, што кожны чалавек, які паважае сябе, павінен ведаць хаця б адну замежную мову. Таму, каб парадаваць дзядулю, я і паступіла ва ўніверсітэт. У школе я была выдатніцай, і па французскай мове ў мяне была “пяцёрка”. Але трэба ўявіць сабе ўмовы, у якіх мы тады займаліся. У 10—11 класах у нас быў адзін урок на тыдзень французскай мовы. Часта мы завучвалі на памяць цэлыя тэксты, нават не разумеючы, навошта гэта і як правільна вымаўляюцца тыя ці іншыя словы. Граматыку нам тлумачылі, але яна была ў поўным адрыве ад камунікацыі. Зараз жа ўсё па-іншаму.
Чаму менавіта французская мова стала прадметам вывучэння? На той час асаблівага выбару мовы не было. А зараз я сваім выхаванцам гавару, што тое, што яны вывучаюць менавіта французскую мову, — вялікая перавага. З англійскай мовай усім у жыцці так ці інакш даводзіцца сутыкацца. І на курсах рана ці позна яе можна вывучыць з нуля і да любога ўзроўню. А наконт французскай мовы складаней. Рэдка якія курсы дзейнічаюць больш за 2 гады, і людзі, якія жадаюць вывучаць мову далей, не могуць гэтага зрабіць, бо часта не набіраецца група. У выніку яны вымушаны звяртацца да рэпетытараў. Ёсць такая статыстыка, што для асваення мінімальнага ўзроўню свабоднага валодання французскай мовай патрабуецца ў шэсць разоў больш часу, чым для вывучэння англійскай.

— Колькі гадоў вы ўжо працуеце ў школе? Якіх поспехаў дасягнулі як настаўнік?
— Мой педагагічны шлях пачаўся ў жніўні 1999 года, калі я паступіла па размеркаванні на работу ў сярэднюю школу № 79 Мінска з паглыбленым вывучэннем французскай мовы (зараз гімназія № 34). Выкладала французскую і англійскую мовы, а таксама французскую літаратуру.
З 2006 года працую у 8-й гімназіі. Мой першы выпуск вучняў прадэманстраваў наступныя вынікі: на гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды мае выхаванцы заваявалі 3 дыпломы (Настасся Львоўская, Алена Якубоўская, Яна Мурашка) і 1 пахвальны водзыў. На гарадской навукова-практычнай канферэнцыі дыпломамі былі адзначаны работы ў секцыі французскай філалогіі (Настасся Львоўская “Неалагізмы дзелавой французскай”) і ў секцыі французскага лінгвакраіназнаўства (Яна Мурашка, Дзіяна Герасіменка “Францыя як яна ёсць: далоў стэрэатыпы!”). Чацвёра лепшых навучэнцаў паспяхова здалі і міжнародныя экзамены DELF В2. А на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымалі 94—96 балаў.

— Як вы падтрымліваеце цікавасць вашых выхаванцаў да французскай мовы?
— У нас у гімназію прыходзяць матываваныя на вучобу вучні, нават ёсць цэлыя “дынастыі”, калі некалькі пакаленняў адной сям’і скончылі гэтую навучальную ўстанову. Таму асаблівых пытанняў з заахвочваннем дзяцей не ўзнікае. Мяркую, калі дзецям цікава на ўроку, матэрыял, з якім яны працуюць, не пакідае іх абыякавымі, то яны не страцяць інтарэс да навучання і будуць з нецярпеннем чакаць наступнага ўрока. Наш прадмет выйгрышна адрозніваецца ад іншых прадметаў тым, што на ім мы можам абмяркоўваць што заўгодна. Згадзіцеся, на матэматыцы вучні вывучаюць толькі матэматыку, на фізіцы — фізіку, а на французскай мове мы можам вывучаць фізіку, матэматыку, гісторыю, літаратуру, можам даведацца і аб традыцыях краін, якія мы разглядаем. Тым самым у вучняў пашыраецца кругагляд, эрудыцыя.

— На ваш погляд, ці можна на выхадзе са школы атрымаць выпускніка, які зможа свабодна мець зносіны на замежнай мове? Што для гэтага патрэбна?
— Для гімназіі гэта не праблема. Лічу, што, маючы пяць гадзін на тыдзень, можна навучыць дзіця свабодна выказвацца на замежнай мове. У нас ёсць дакладны параметр, які дазваляе вызначыць узровень падрыхтаванасці дзіцяці. У стандарце, канцэпцыі па замежнай мове закладзена, што на выхадзе з гімназіі дзіця павінна мець узровень па еўрапейскай сістэме сертыфікацыі В1+. Дарэчы, А1, А2 — гэта элементарны ўзровень валодання мовай, або ўзровень выжывання, калі чалавек прыязджае за мяжу і не згубіцца, забяспечыць сябе ежай, жыллём, запытае дарогу. Чалавек не абмяркоўвае нейкія высокія праблемы, але на побытавым узроўні ён умее кантактаваць. Наступны ўзровень В1, В2 — узровень свабоднага валодання мовай, калі пры неабходнасці чалавек можа вырашыць і канфліктныя сітуацыі, і можа, паглядзеўшы твор мастацтва ці прачытаўшы артыкул з газеты, выказаць сваё меркаванне, перанесці на асабісты вопыт. Гэты ўзровень лічыцца дастатковым для паступлення ва УВА за мяжой. С1, С2 — прафесійны ўзровень са спецыфічнай лексікай. І трэба сказаць, што нашы вучні паспяхова здаюць міжнародныя экзамены ўзроўню В1, В2, некаторыя нават ужо ў 9 класе.

— Надзея Уладзіміраўна, на ваш погляд, у чым перадумова паспяховага ўрока?
— У многім перадумовай паспяховага ўрока з’яўляецца падрыхтаванасць і настрой педагога. Важна, каб настаўнік поўнасцю “аддаўся” гэтаму ўроку, бо неабходна пастаянна ўтрымліваць інтарэс вучняў. Трэба падабраць цікавы матэрыял, які б нёс пэўную эмацыянальную нагрузку, падабраць такі тэкст, які б зачапіў струны дзіцячай душы. Гэта вельмі матывуе да зносін, да гаварэння. На сваіх уроках я прымяняю праблемнае навучанне (заўсёды лепш запамінаецца тое, да чаго вучні прыдуць самі), інфармацыйныя тэхналогіі (стварэнне мультымедыйных прэзентацый у PowerPoint і Notebook, камп’ютарных тэстаў у праграме Hot Potatoes), праектную дзейнасць. Пасля заканчэння работы над той ці іншай тэмай вучні самі ахвотна прапаноўваюць тэмы праектаў. Так, сёлета ў 8 класе навучэнцы пасля заканчэння тэмы “Традыцыі Рэспублікі Беларусь і Францыі” загарэліся ідэяй стварэння дакументальнага фільма пра Беларусь.
Увогуле, лічу, што ў навучанні замежнай мове павінен быць захаваны баланс. На ўроку павінны прысутнічаць усе віды маўленчай дзейнасці. Вучням неабходна і пачуць гаворку, і прачытаць тэкст, і выказацца пісьмова, і паспрачацца ўголас. Усё залежыць і ад канкрэтна ўзятай вучэбнай групы, ад узроўню яе падрыхтаванасці. Заўсёды адчуваецца, якія праблемы ёсць у той ці іншай групе: дзесьці трэба ўзмацніць аўдзіраванне, дзесьці звярнуць увагу на граматыку, дзесьці падцягнуць лексіку. Аднак гэта не значыць, што калі дзіця выказваецца, то мы павінны ўвесь час яго спыняць, выпраўляць памылкі і рабіць заўвагі. У такім выпадку маўлення ў вучня не атрымаецца. Праўда, пры праходжанні той ці іншай тэмы (напрыклад, напісанне артыкляў), я звяртаю ўвагу на артыклі і магу нават зняць бал пры наяўнасці памылак.

— Што падштурхнула вас да распрацоўкі сістэмы камунікатыўна-накіраваных практыкаванняў?
— З першых дзён выкладання французскай мовы на паглыбленым узроўні я сутыкнулася з праблемай адсутнасці нацыянальнага падручніка для гімназій. У гімназічнай бібліятэцы меліся расійскія падручнікі аўтараў Н.Ялухінай, С.Калінінай, В.Ашаніна. Але іх прадметна-тэматычны змест не заўсёды адпавядаў нацыянальнай вучэбнай праграме. Больш за тое, у іх не былі прастаўлены матэрыялы, якія б адлюстроўвалі нацыянальны кампанент, інфармацыю пра нашу краіну. Матэрыялаў жа з айчыннага дапаможніка па французскай мове Д.Вадзюшынай было недастаткова, бо патрабаванні да практычнага авалодання відамі маўленчай дзейнасці для школ і гімназій якасна адрозніваюцца.
Мы, настаўнікі, імкнуліся камбінаваць гэтыя два дапаможнікі, знаходзіліся ў пошуку дадатковых тэкстаў, аўдыяматэрыялаў, граматычных і лексічных практыкаванняў. Але нам не заўсёды ўдавалася дабіцца цэласнасці адукацыйнага працэсу. Я заўважала, што навучэнцы адчуваюць цяжкасці з прымяненнем лексічных і граматычных навыкаў у вусным маўленні, таму што правіла, якое вывучалася, заставалася “адарваным” ад маўленчай сітуацыі. Усё гэта і дало штуршок да распрацоўкі сістэмы практыкаванняў, якая б дазволіла стварыць атмасферу іншамоўных зносін, максімальна набліжаную да рэальнай камунікацыі, якая зрабіла б вывучэнне французскай мовы больш цэласным, комплексным і лагічным.

— Распрацаваная вамі сістэма практыкаванняў лягла ў аснову вучэбных дапаможнікаў па французскай мове для гімназій, суаўтарам якіх вы сталі? На якіх прынцыпах грунтуецца гэтая сістэма?
— Так, сапраўды, распрацаваная сістэма заданняў пакладзена ў аснову вучэбных дапаможнікаў па французскай мове для 5 і 6 класаў гімназій, якія я напісала разам з выкладчыкамі МДЛУ І.Г.Каласоўскай і В.М.Гаўрылавай. Мы ўлічылі прынцыпы камунікатыўна-арыентаванага падыходу, сфармуляваныя доктарам педагагічных навук Я.Пасавым. Я ўжо казала, што раней мае вучні адчувалі цяжкасці з практычным прымяненнем лексічных і граматычных навыкаў. У гэтай сістэме практыкаванняў для фарміравання актыўнага лексічнага мінімуму ў адпаведнасці з прынцыпам функцыянальнасці мы адбіралі найбольш частотныя адзінкі, якія ў працэсе работы над тэмай могуць выкарыстоўвацца шматразова ў розных відах маўленчай дзейнасці. Тым жа прынцыпам мы кіраваліся і пры адборы граматычнага матэрыялу: пэўнае правіла павінна адпрацоўвацца і замацоўвацца ў розных камунікатыўных сітуацыях на працягу ўсяго вывучэння тэмы.
У адпаведнасці з прынцыпам паслядоўнасці, засваенне лексічнага і граматычнага матэрыялу адбываецца канцэнтрычна (“ад простага да складанага”). Пры гэтым веды па тэме паглыбляюцца і пашыраюцца ў наступныя гады навучання французскай мове. Мы адмовіліся ад традыцыйных граматычных правіл на карысць правіл-інструкцый. Азнаямленне з граматычным матэрыялам пачынаецца з прад’яўлення яго ў кантэксце: навучэнцы аналізуюць кантэкст, знаходзяць новую граматычную форму і імкнуцца патлумачыць, для чаго яна выкарыстоўваецца і як утвараецца. Далей прапаноўваецца правіла-інструкцыя, якое рэзюмуе зробленыя навучэнцамі высновы.
Усе лексічныя і граматычныя практыкаванні сітуатыўныя і пабуджаюць навучэнцаў да вуснага выказвання. Адсутнічаюць традыцыйныя чыста моўныя практыкаванні, напрыклад: раскрыйце дужкі; знайдзіце пары сінонімаў ці антонімаў; ужывіце патрэбны артыкль. Замест гэтага навучэнцам прапаноўваецца скласці паведамленне аб праведзеных канікулах (у мінулым часе), падзяліцца сваімі перавагамі ў ежы (ужываючы азначальны артыкль) ці дапамагчы хлопчыку навесці парадак у пакоі (пры дапамозе залежнага стану); параўнаць дамы, пабудаваныя з розных матэрыялаў (ужываючы ступені параўнання прыметнікаў).
Прынцып аўтэнтычнасці абумоўлівае адбор і выкарыстанне моўнага, маўленчага і культуразнаўчага матэрыялу для навучання відам маўленчай дзейнасці. У дапаможніку выкарыстоўваюцца аўтэнтычныя тэксты для навучання чытанню, аўтэнтычныя аўдыя- і відэаматэрыялы для навучання ўспрыманню і разуменню маўлення на слых, якія садзейнічаюць вывучэнню адначасова мовы і культуры.
У якасці апор для навучання гаварэнню і пісьму мы таксама выкарыстоўваем самыя разнастайныя аўтэнтычныя матэрыялы, каб падтрымліваць пазнавальны інтарэс навучэнцаў, матываваць іх да зносін на французскай мове. Нярэдка на ўроках мы з вучнямі звяртаемся да ведаў, атрыманых пры вывучэнні іншых прадметаў: біялогіі, геаграфіі, гісторыі і інфарматыкі.
Я імкнуся ніколі не забываць пра тое, што мова — гэта не толькі мэта, але і сродак навучання. Таму ў свае практыкаванні закладваю пазнавальны і выхаваўчы патэнцыял. Так, напрыклад, у працэсе вывучэння французскай мовы навучэнцы даведваюцца аб прынцыпах здаровага харчавання, правілах бяспечных паводзін на вуліцы і ў лесе, вучацца арыентавацца па карце ў незнаёмым горадзе. Падобны адбор матэрыялу дазваляе рэалізаваць і генеральную мэту навучання замежным мовам, якая заключаецца ў фарміраванні полікультурнай, шматмоўнай асобы ў працэсе авалодання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй.
Лічу, што, фарміруючы полікультурную асобу, мы не павінны забываць пра тое, што нашы вучні ў першую чаргу носьбіты беларускай культуры. Мы павінны выхаваць у іх гонар за сваю краіну, навучыць расказваць пра яе замежным грамадзянам. Таму ў нашым дапаможніку вялікая ўвага удзяляецца заданням, якія змяшчаюць нацыянальны кампанент. Вельмі часта такія заданні можна сустрэць напрыканцы вывучэння тэмы, калі навучэнцам прапаноўваецца падрыхтаваць праект, у якім яны дэманструюць набыты маўленчы вопыт. Гэта садзейнічае фарміраванню агульнавучэбных уменняў і навыкаў, якія, у прыватнасці, рыхтуюць навучэнцаў да напісання даследчай работы.

— Якія першыя вынікі выкарыстання дапаможніка?
— У мінулым навучальным годзе дапаможнік прайшоў апрабацыю ва ўстановах адукацыі рэспублікі і атрымаў вельмі добрыя водгукі. І я як аўтар і як педагог-практык рада, што мая работа запатрабавана педагогамі краіны.

— Надзея Уладзіміраўна, а якія планы на бліжэйшую будучыню?
— У планах — далейшае напісанне вучэбных дапаможнікаў для гімназій. Да нашага аўтарскага калектыву далучыўся яшчэ адзін педагог — Т.В.Буйневіч. Намі падрыхтаваны да друку дапаможнік для 7 класа. Мяркую, ён пабачыць свет да новага навучальнага года. Зараз вядзецца работа па стварэнні вучэбнага дапаможніка для 8 класа. Акрамя таго, хочацца, каб у ідэале былі створаны цэлыя вучэбна-метадычныя комплексы, у якія ўвайшлі б і кніга для настаўніка, і рабочыя сшыткі, і аўдыядадаткі. Але іх распрацоўка патрабуе шмат часу, якога катастрафічна не хапае.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗIЧ.
Фота аўтара.