Знайсці сваю любімую кветку

“Работа педагогаў лёгкай не бывае, і ўсё ж для многіх з іх яна — галоўная справа жыцця. Шчырае жаданне зразумець кожнае дзіця, не навязваць яму сваю волю, а цярпліва і паслядоўна развіваць яго здольнасці і, у рэшце рэшт, дапамагчы зразумець сябе і навакольны свет — такім я бачу сваё педагагічнае прызначэнне”, — сказала падчас размовы выхавальнік ясляў-сада № 19 Жодзіна Таццяна Мікалаеўна Залеўская — фіналістка Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” і яго пераможца ў намінацыі “Лепшы выхавальнік дашкольнай установы”. Свае ідэі педагог рэалізоўвае на практыцы, і бацькі заўсёды могуць упэўніцца ў гэтым, наведаўшы яе заняткі з дзецьмі.

На чаяванне да выхавальніцы

Таццяна Мікалаеўна закончыла педагагічны каледж па спецыяльнасці “Выхавальнік” са спецыялізацыяй “Кіраўнік выяўленчага мастацтва”, затым — факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, дзе набыла спецыяльнасць “Педагогіка і псіхалогія дашкольная і практычная псіхалогія”. У 2013 годзе выхавальнік прайшла перападрыхтоўку ў АПА па спецыяльнасці “Лагапедыя”.
На занятках педагог імкнецца актывізаваць да практычнай дзейнасці выхаванцаў: “Важна, каб дзеці пражывалі дзяцінства, рэалізоўвалі прыродай закладзены патэнцыял гэтага перыяду, з улікам яго самакаштоўнасці, праяўлялі цікавасць, жаданне спрабаваць і дзейнічаць. Каб вырашалі праблемныя сітуацыі, гулялі ў ролевыя гульні, мадэлявалі сітуацыі, выкарыстоўваючы цацкі, былі ўключаны ў тэатральна-мастацкую дзейнасць”. Таццяна Мікалаеўна задзейнічае камп’ютарныя тэхналогіі, элементы тэхналогіі ТРВЗ і РТУ (развіцця творчага ўяўлення), прыёмы нагляднага мадэлявання. Падчас Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” педагог выступіла з вопытам “Выкарыстанне нагляднага мадэлявання для развіцця ў дашкольнікаў звязнага маўлення як сродку зносін”.
— Я вельмі люблю праводзіць інтэграваныя заняткі, падчас якіх ёсць магчымасць спалучыць свае напрацоўкі з некалькіх адукацыйных сфер, — паведаміла Таццяна Мікалаеўна. — Перш чым прыступіць да падрыхтоўкі канспекта заняткаў, дэталёва прадумваю яго структуру: пра што скажу ў самым пачатку, вобразы якіх казачных герояў дзеці будуць на сябе “прымяраць”, які сюрпрыз стане стрыжнёвым для выхаванцаў, як яны будуць перамяшчацца па пакоі групы падчас выканання розных гульнявых задач і ўзаемадзеяння аднаго з адным. Прадумваю папярэдне ўсю методыку, усе формы і разумныя падыходы да дзіцяці, з улікам гендарных асаблівасцей развіцця, яго настрою, уменняў і навыкаў па тэме заняткаў. Галоўнае, каб на працягу іх былі вырашаны пазнавальныя, выхаваўчыя і развіццёвыя задачы, у дзіцяці захоўвалася цікавасць да дзейнасці і фарміравалася станоўчая самаацэнка і ўпэўненасць ва ўласных сілах, развіваліся навыкі і ўменні, якія яно зможа прымяніць у штодзённым жыцці.
Сёння, напрыклад, з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту правяду заняткі па тэме “На лузе” згодна з адукацыйным кірункам “Дзіця і прырода”, які ўключае наступныя напрамкі: “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін”, “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”, “Фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў”, “Мастацтва: выяўленчая дзейнасць; канструяванне з паперы”.
Асноўная мэта сённяшніх заняткаў — сістэматызаваць веды пра лугавыя кветкі пры дапамозе вылучэння іх агульных знешніх прыкмет. Яшчэ некалькі важных задач: сфарміраваць уяўленне аб адметных прыкметах некаторых з іх — званочкаў, рамонкаў, васількоў, дзьмухаўцоў; развіць уменне атаясамліваць пэўныя расліны і насякомых з паняццем “луг”; пазнаёміць з некаторымі лекавымі травамі (рамонкамі, трыпутнікам, падбелам); удасканаліць майстэрства складання самастойных аповедаў пра аб’екты жывой прыроды з выкарыстаннем наглядных схем; развіць уменне работы з паперай, навучыць рабіць з яе матылькоў, і, што самае галоўнае, выхаваць пачуццё адказнасці за прыроду, што нас акружае.
Разам з Таццянай Мікалаеўнай заходзім у групу. Дзеці сядзяць паўкругам. Педагог пачынае з сюрпрызу — дэманструе шыкоўны букет. Выхаванцы дакранаюцца да кветак, спрабуюць удыхнуць іх пах. Але не атрымліваецца: кветкі папяровыя!
— Падчас апошняга свайго падарожжа я бачыла на лузе шмат прыгожых кветак, але рваць іх не стала. Як вы думаеце, правільна я зрабіла? — спытала выхавальніца. — Маша, што ты зрабіла б на маім месцы? Правільна: лугавыя кветкі трэба берагчы. Чаму?
— Кветкі цвітуць працяглы час, яны шчодра радуюць многіх людзей. А ў вазе хутка вянуць, — гаварылі дзеці. — Пчолы з кветак збіраюць нектар, робяць з яго мёд, матылькі бяруць пылок.
Букет, які прынесла Таццяна Мікалаеўна, вельмі прыгожы, яго можна выкарыстоўваць пры афармленні пакояў у любы час года, а таксама ўпрыгожваць гэтымі кветкамі касцюмы і сукенкі. Выхавальніца адзначыла і тое, што аформілі яго юныя дызайнеры — навучэнцы мастацкай школы Жодзіна, з якой яслі-сад № 19 мае пераемнасць, вядзе работу па падрыхтоўцы дзяцей дашкольнага ўзросту да школы.
Наступная задача, якую паставіла перад дзецьмі Таццяна Мікалаеўна, — вызначыць, з якіх кветак сабраны букет. Выхаванцы наперабой называлі незабудкі, рамонкі, васількі, ружы, званочкі і г.д.
— У кожнага чалавека ёсць любімая кветка. У мяне таксама. Паспрабуйце адгадаць якая. Дапаможа вам у гэтым мая схема-падказка: “У кветкі ёсць сярэдзінка, пялёсткі, сцябло і корань. Яе суквецце блакітнага колеру. Яна смачна пахне. Але ты яе не рві — для прыроды беражы”. (Дзеці адгадваюць загадку з дапамогай нагляднай апоры.) Канечне, гэта васілёк, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна і на магнітнай дошцы замацоўвае схемы апісання некалькіх кветак, а пазней адгадкі — іх малюнкі. Дзеці складаюць свае расказы-апісанні кветак па апорных схемах.
На шляху ўяўнага падарожжа дзяцей на луг дыдактычная гульня “Будзь уважлівым”. На стале пастаўлены тры вазы, на кожнай з іх падказка ў выглядзе малюнка-схемы лесу, лугу, саду. Дзеці размяркоўваюць кветкі па вазах — што дзе расце — і тут жа агучваюць дзеянні, утвараюць пры гэтым новыя словы: луг — лугавыя кветкі, лес — лясныя кветкі, сад — садовыя кветкі. Далей выхаванцы пераходзяць у другі куток групы і разыгрываюць эцюд “Каця захварэла, шмат марожанага з’ела”. Таццяна Мікалаеўна завязвае адной з дзяўчынак шалік вакол горла і выклікае доктара. На хлопчыка надзяваецца белы халат, і “доктар” з наборам цацачных медыцынскіх інструментаў спяшаецца на дапамогу. Але — перашкода: доктар прапаноўвае зрабіць укол, даць лекі, а дзяўчынка капрызіць.
— Давайце папросім дапамогі ў матухны-прыроды, — сказала выхавальніца і падвяла дзяцей да століка з імбрычкам (чайнікам для заварвання чаю), кубкамі і пакецікамі травяной гарбаты. — У нашых лугоў ёсць чароўныя лекі — травы ад хвароб і прастуды. Якую гарбату заварваюць вам бацькі, калі вы хварэеце? (Травяную, малінавую, рамонкавую.) А дзе яны бяруць яе?
Дзеці ўзгадваюць, што лекавыя травы ёсць у аптэках, іх збіраюць у лесе, на лузе, вырошчваюць на дачах і ў вёсках, а пасля нарыхтоўваюць. Выхавальніца запрашае ўсіх на чаяванне.
Каб крыху адпачыць, выхавальніца прапаноўвае зрабіць зрокавую гімнастыку.
— Падчас падарожжаў я вельмі люблю фатаграфаваць, — Таццяна Мікалаеўна збірае дзяцей вакол сябе. — Заплюшчым адно вока, а другім паглядзім у аб’ектыў: “Чык-чык!” Кадр гатовы! Сфатаграфуем адно аднаго. Цяпер прыставім фотаапарат да другога вока.
Дзеці ўслед за выхавальніцай паўтараюць зрокавую гімнастыку, прыжмурваюць то адно вока, то другое, нібы фатаграфуюць адно аднаго.
— Глядзіце! Гэта мая фатаграфія з падарожжа! — выхавальніца паказала на плакат з выявай лугу (пазл “На лузе”). — Але вецер быў такі моцны, што яна распалася на мноства фрагментаў!
Затым была раскладзена настольна-друкаваная гульня, і Таццяна Мікалаеўна запрасіла малышоў сабраць пазлы.
Сярод дзяцей захоўвалася прыемная гутарка-разважанне на тэму, як сабраць пазл і што на ім намалявана. Выхаванцы праяўлялі ўважлівасць адно да аднаго, саступалі і дапамагалі сябрам. Той, хто хутчэй справіўся з заданнем, расказаў па малюнку свайго пазла пра месцазнаходжанне розных прыродных аб’ектаў, адлюстраваных на ім. Усе дружна разглядалі пазлы, бралі іх у рукі, параўноўвалі і рашалі матэматычную задачу: называлі лічбу, пад якой знаходзіўся іх фрагмент, і месцазнаходжанне яго ў агульнай карціне, напрыклад: “Справа ўверсе, унізе злева”. Далей выхавальнік увяла ў працэс заняткаў імітацыйную гульню “Матылькі пырхаюць над лугам”:
— Сярод высокіх траў красуюцца духмяныя кветкі, — выхавальніца пры гэтым паказала на кветкі-пазлы. — Над імі лётаюць пярэстыя матылькі (дзеці рукамі праімітавалі іх палёт). Фанцікі ад цукерак вельмі падобныя на матылькоў (выхавальніца дастала скрыначку з фанцікамі). Яны такія ж лёгкія і паветраныя. Варта пакласці іх на далонь і падзьмуць на іх (чым не дыхальная гімнастыка?) — і яны таксама ўзляцяць…
Нейкі час дзеці “гуляюць” з паперкамі.
— Хто можа паказаць, як без нажніц з папяровага фанціка зрабіць матылька? — спытала Таццяна Мікалаеўна. Выхаванцы прапанавалі свае варыянты. Педагог прадэманстравала тэхніку складання паперы: спачатку гармонікам, затым напалову і перакруціць яе. Дзеці прыступілі да самастойнага выканання задання. Выхавальніца ўважліва кантралявала працэс і падказвала. У пакоі гучала музыка (аўдыязапіс “Гукі лугу”).
Празвінеў званок — знак завяршэння работы:
— Якія прыгожыя атрымаліся ў вас матылькі! Я прапаную для кожнага матылька знайсці сваю кветачку, — сказала выхавальніца. Дзеці налепліваюць матылькоў на размаляваны загадзя плакат.
Таццяна Мікалаеўна спытала ў кожнага, на якую кветку сеў яго матылёк. Разам усе абмеркавалі калектыўную працу, палюбаваліся прыгажосцю лугавых кветак. Створаны калаж вывесілі на магнітную дошку. Педагог яшчэ раз звярнула ўвагу на разнастайнасць кветак і матылькоў на лузе і пахваліла дзяцей за створаны імі вялікі і незвычайна прыгожы калаж.

Не “прапусціць” дашкольны перыяд

Падводзячы вынікі заняткаў, Таццяна Мікалаеўна адзначыла:
— Для больш эфектыўнага вырашэння задач, якія стаялі перада мной, прымяніла разнастайныя формы арганізацыі дзейнасці дзяцей. На розных этапах яны адрозніваліся і чаргаваліся. Тут была задзейнічана індывідуальная работа, падгрупавая (па гендарных прыметах) і групавая. На мой погляд, большы эфект атрымаўся ў выніку стварэння праблемнай сітуацыі, калі дзеці актыўна выказвалі свой пункт гледжання, прыводзілі пераканаўчыя аргументы, растлумачвалі іх. У поўнай меры раскрываліся іх асобасныя якасці, працавалі ўсе выхаванцы, меркаванне кожнага прызнавалася.
Пры агучванні класіфікацыі раслін, якія растуць на лугах, выкарыстоўвала наглядную схему-плакат. Прымяняла цэлы комплекс метадаў і прыёмаў, накіраваных на максімальнае ўключэнне дзяцей у сумесную дзейнасць, на праяўленне іх маўленчай актыўнасці. Гэта, перш за ўсё, практычныя метады: складанне пазлаў, класіфікацыя малюнкаў, разглядванне і характарыстыка эцюда — што там намалявана — і заварванне гарбаты. Дзеці адгадвалі мнемазагадку пры дапамозе апісання кветкі, ажыццяўлялі нагляднае мадэляванне.
На занятках часта прымяраю на сябе нейкі вобраз, напрыклад, Дашы-вандроўніцы — надзяваю капялюш, бяру ў рукі чамадан. У апошні час, праўда, стараюся ўвесці дзяцей у вобраз знянацку, арганізаваць ролевую гульню стыхійна. Сёння выкарыстала для гэтага знаёмую ўсім малышам сітуацыю: “Я ўколу баюся і ад таблеткі адмоўлюся”, што пасадзейнічала згуртаванасці, абуджэнню цёплых сяброўскіх пачуццяў паміж дзецьмі. Нагадала ім пра карыснасць лекавых траў.
Паспяховае прымяненне сучасных методык і тэхналогій — толькі палова поспеху педагога. Неабходна ведаць псіхалогію дзіцяці, авалодаць адпаведнымі прыёмамі, усвядоміць самакаштоўнасць ранняга і дашкольнага дзяцінства, тое, наколькі важна пражыць яго паўнацэнна. Псіхалагічныя веды дапамагаюць знаходзіць падыходы да кожнага з іх, накіроўваць іх актыўнасць у патрэбнае рэчышча, адшукваць патрэбныя словы для малышоў, як для замкнёных, сарамлівых, так і для гіперактыўных, для аўтсайдараў — якіх іншыя дзеці не прымаюць па розных прычынах у сумесныя гульні. У зносінах з няпростымі выхаванцамі якраз і праяўляецца сапраўдны прафесійны талент выхавальніка, ён павінен зацікаўліваць усіх, да кожнага знаходзіць чароўны ключык. Імкнуся да таго, каб кожнае дзіця адчувала сябе патрэбным у групе.
Паводзіны дзяцей на сённяшніх занятках былі непасрэднымі, усе былі ўключаны ў работу, былі актыўнымі, эмацыянальна адкрытымі для зносін. У групе панавала атмасфера сяброўства і згуртаванасці. Дзеці думалі, разважалі, рабілі высновы. Пераход з аднаго кутка групы ў другі папярэджваў іх хуткую стамляльнасць. Была створана сітуацыя такога ўзаемадзеяння, падчас якой выхаванцы дапамагалі адно аднаму, напрыклад, размяркоўваць згодна з класіфікацыяй кветкі па вазах. Мяне асабліва радавала, калі яны абмяркоўвалі пачутае і пры гэтым не спрачаліся, саступалі сваім сябрам. У пэўны момант я падзяліла групу на хлопчыкаў і дзяўчынак і дала хлопчыкам магчымасць праявіць свае лідарскія якасці.
Ад імітацыйнай гульні мы перайшлі да стварэння матылькоў з паперы. Дух спаборніцтва, які я абудзіла ў дзецях, пасадзейнічаў іх зацікаўленасці ў больш хуткім выкананні задання. Рэфлексія дазволіла лагічна завяршыць заняткі, замацаваць у выхаванцаў агульнае ўяўленне аб іх дзейнасці, адлюстроўвала ступень задавальнення ад заняткаў і настроіла на новыя. Надзвычай важна, каб дзеці самі правільна ацанілі сваю работу, прааналізавалі, што ў іх атрымалася, пра што новае даведаліся. Пажадана праводзіць з дзецьмі рэфлексію ўсяго пражытага дня. Адпаведныя парады даю і бацькам, каб часцей размаўлялі са сваімі сынамі і дачушкамі аб эмоцыях і пачуццях дня сённяшняга. Дарослыя таксама павінны расказваць дзецям аб сваіх падзеях, думках. Зразумела, не аб набалелых клопатах, а ўзгадаць, напрыклад, нейкі незвычайны выпадак, які адбыўся з імі або ў іх на вачах: як кошка птушку напалохала, як вераб’і купаліся ў лужыне, як пажарная машына мчала па вуліцы.
Часта бацькі несур’ёзна ставяцца да дашкольных гадоў малыша, успрымаюць іх як перыяд, які можна “прапусціць” — аддаць дзіця ў сад, дзе яго дагледзяць педагогі, а дома ўключыць яму мультфільм або камп’ютарную гульню, і дзіця само будзе развівацца. Такі падыход у аснове сваёй няправільны. Радуе, што апошнім часам большасць бацькоў усё ж пачалі адчуваць адказнасць за гэты этап жыцця малышоў, і ў Кодэксе аб адукацыі дашкольная адукацыя заняла сваю належную нішу і была названа пачатковай ступенню адукацыі.
На бацькоўскіх сходах я пастаянна звяртаю ўвагу на важнасць дашкольнага перыяду, прапаную бацькам практыкаванні і гульні для заняткаў з дзецьмі. Тлумачу, што ў кожнага малыша ёсць тыя лепшыя якасці, ад якіх заўсёды варта адштурхоўвацца ў працэсе выхавання і навучання.

Жыццё на пазітыве

Таццяна Мікалаеўна па жыцці актыўны чалавек, не можа сядзець склаўшы рукі. Яна пастаянна ўдзельнічае ў семінарах, метадычных аб’яднаннях, конкурсах, у праектнай дзейнасці. Гэта напаўняе энергіяй, пазітывам, жаданнем ствараць новае, разуменнем таго, што ў сваёй прафесіі яе чакае яшчэ шмат адкрыццяў. Нядаўна, напрыклад, яна прысутнічала на сустрэчы педагагічнага клуба “Крыштальны журавель”. Выхавальніца была на гэтай сустрэчы адзіным прадстаўніком дашкольнай сістэмы, аднак ёй было цікава паслухаць школьных калег, тым больш што абмяркоўваліся выхаваўчыя аспекты вучэбнага працэсу — пытанні для дашкольнікаў першаступенныя.
Зараз педагог распрацоўвае матэрыялы і аўтарскія схемы па выкарыстанні нагляднага мадэлявання як сродку зносін у нерэгламентаванай дзейнасці з дзецьмі. У іх ідзе гаворка аб такіх відах дзейнасці, як работа на прыродзе, правілы паводзін у групе. Калі ў вучэбным працэсе прымяняецца шмат мнемасхем, то ў нерэгламентаванай дзейнасці яны не выкарыстоўваюцца, а, па меркаванні выхавальніцы, рабіць гэта неабходна. Напрыклад, у куточку прыроды павінна быць апорная схема, каб дзеці адразу разумелі, што тут да чаго, што спачатку трэба надзець фартух, пасля ўзрыхліць зямлю, працерці пыл, паліць кветкі. Для гульнявой дзейнасці таксама павінна быць падказка — спачатку неабходна выбраць гульню і атрыбуты да яе, затым знайсці гульнявую прастору і азнаёміцца з правіламі гульні.
Ад суму і руціны Таццяну Мікалаеўну выратоўвае сям’я і хобі. Яна любіць плаваць, займаецца фітнесам, катаецца на веласіпедзе, з сям’ёй адпачывае на прыродзе або ходзіць у паходы, зімой — аматар лыж і канькоў. Зразумела, што пасля добрага адпачынку хочацца і жыць, і ствараць, і працаваць.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.