“Літаратура пра дурняў” або “дурная літаратура”…

Для правядзення цікавых і пазнавальных урокаў нямецкай мовы, а таксама пазакласных і факультатыўных заняткаў нам, настаўнікам, вельмі часта не хапае інфармацыі. Я, напрыклад, вырашыла запоўніць гэтыя прабелы і пачала з “літаратуры пра дурняў і нямецкага шванка”. Як ні дзіўна, замежную мову сучасныя школьнікі вучаць з куды большай цікавасцю, чым родную. Для вывучэння замежнай мовы існуе шмат паспяховых методык, але я лічу, што самым важным тут з’яўляецца чытанне арыгінальнай літаратуры на той мове, якая вывучаецца.

Яшчэ ў дзяцінстве мне трапіла ў рукі кніга, праўда, на рускай мове (нямецкай мовай я тады не валодала) — “Народная кніга пра шыльдбюргераў”. Я літаральна ўлюбілася ў яе. Для мяне гэтая кніга стала магутным матывам для вывучэння замежнай мовы, і пазней я знайшла і прачытала гэтую кнігу ў арыгінале. Больш за тое, я стала чытаць такую літаратуру ў арыгінале і далей, што значна паўплывала на мой узровень валодання мовай. І сёння я б хацела падзяліцца маімі думкамі, напрацоўкамі ў гэтай галіне.“Літаратура пра дурняў” або “дурная літаратура”… Цікавая назва, ці не так? Адразу хочацца даведацца, што гэта за літаратура? Вось я і адправілася ў падарожжа па прасторах інтэрнэту і паліцах бібліятэк у пошуках інфармацыі па гэтай тэме. І вось пра што я даведалася. Аказваецца, роданачальнікам “літаратуры пра дурняў” у Германіі з’яўляецца Себасцьян Брант. Яго кніга “Карабель дурняў” карысталася вялікай папулярнасцю і стала пачаткам “дурной літаратуры”. Брант высмейвае грамадскія заганы свайго часу. Натоўп дурняў напаўняе карабель, які адплывае ў Нарагонію (“краіну дурняў”). Сярод іх — вучоныя-педанты, астролагі, урачы-шарлатаны, моднікі і модніцы, п’яніцы і абжоры, гульцы і пралюбадзеі, самахвалы і грубіяны, блюзнеры і многія іншыя. Кожнаму з іх аўтар чытае пропаведзь, звяртаючыся да маральных прыкладаў і сентэнцый з Бібліі і антычных пісьменнікаў. Рэлігійна-маральны светапогляд аўтара яшчэ абмежаваны сярэдневяковымі ўяўленнямі. Ён скардзіцца на заняпад набожнасці і асуджае танцы і любоўныя серэнады. Скардзіцца на празмернае распаўсюджванне кніг, перасцерагае ад захаплення язычніцкімі паэтамі і разам з алхіміяй і астралогіяй адмаўляе матэматыку, смеючыся з марных спроб “цыркулем” вымераць паверхню Зямлі. Асуджае карыслівасць і эгаізм багатых і знатных. Сатыра, напісаная простай і яркай народнай мовай, мела вялікі поспех, якому нямала садзейнічалі гравюры на дрэве, што наглядна ілюстравалі галерэю адлюстраваных ім “дурняў”. Кніга неаднаразова перавыдавалася і была перакладзена на шмат якія мовы. Самай вялікай і самай распаўсюджанай дурнотай Брант лічыў сябелюбства. Падумваючы пра асабістую выгаду, сябелюбы грэбуюць агульнымі дабротамі і тым самым садзейнічаюць заняпаду нямецкай дзяржавы.
Азіраючыся па баках, Брант бачыў вялікі непарадак, які пануе ў дзяржаве як у малым, так і ў вялікім. Не з’яўляючыся апосталам Рэфармацыі, паказваючы часам кансерватыўныя погляды, Брант у той жа час выступае за абнаўленне нямецкага жыцця. Ён разумее, што краіну чакаюць узрушэнні. Літаратура Бранта пазбаўлена казачнага гіпераблізму, таму добра зразумелая простым людзям і любімая імі.
Яшчэ адным яркім прадстаўніком гэтай літаратуры з’яўляецца Ганс Сакс. Сакс не быў літаратурным наватарам. Ён культываваў асноўныя жанры, якія склаліся ў сярэдневяковай бюргерскай літаратуры, рэлігійную і наватарскую лірыку, камічныя байкі і шванкі, “масленічныя шванкі”. Вяршыні свайго майстэрства Ганс Сакс дасягае ў рэалістычных шванках і фастнахтшпілях, дзе ён стварае цэлую галерэю сучасных бытавых тыпаў і жанравых сцэн, паказаных з жывой назіральнасцю і дабрадушным гумарам (стары раўнівы муж і каварная сварлівая жонка, лянівая служанка, дурнаваты і грубы селянін).
Можна яшчэ шмат чаго напісаць пра Сакса. Але, прааналізаваўшы яго творчасць, я зразумела, што яна грунтуецца на шванках, таму з іх і пачнём.
Schwank у перакладзе з нямецкай “жарт” — так называліся ў нямецкай літаратуры Сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння невялікія вясёлыя апавяданні або навелы, часта вельмі непрыстойнага зместу, якія пераважна суправаджаліся ў канцы мараллю, часам з вершаваным тэкстам. Сюжэты іх запазычваліся з вусных народных апавяданняў. У 16 стагоддзі з’яўляюцца зборнікі шванкаў пад рознымі прывабнымі назвамі. Першым і найлепшым зборнікам нямецкіх шванкаў з’яўляецца “Schimpf und Ernst” францысканскага манаха Паўлі. Тут умела перамешана сур’ёзнае са смешным, павучальнае з займальным; галоўнай мэтай аўтара было павучанне, жарт жа быў толькі прыправай.
Шванк у Германіі распаўсюджаны са старажытных часоў, хаця каталіцкая царква выступала супраць свецкага зместу шванкаў, забараняла іх. Усё ж шванкі захаваліся да нашых дзён. Асабліва шырока распаўсюджаны шванк пра Эйнохса — беднага селяніна, які перахітрыў святара і сельскага старасту. Акрамя таго, шванк быў папулярны ў шпільманаў і вандроўных акцёраў. Нярэдка акцёры выкарыстоўвалі антычныя сюжэты.
Дзеянне шванка разгортваецца або ў рэальных умовах, або на нябёсах, або ў пекле. Матэрыялам для шванка служаць камічныя інцыдэнты са штодзённага жыцця і вясёлыя фантастычныя сітуацыі. У шванках злучыўся новы і стары, нацыянальны і міжнародны, літаратурны і народны набытак. Рэпертуар іх пастаянна мяняецца. Старыя формы напаўняюцца новым зместам. Відавочна, найменш звязаныя з рэчаіснасцю так званыя шванкі-небыліцы, іх літаратурнай паралеллю з’яўляюцца апавяданні пра барона Мюнхаўзена.
Саслоўная ідэалогія феадалізму ставіла сялян на самую нізкую прыступку саслоўнай лесвіцы, таму і ў шванках селянін у большасці выпадкаў станавіўся мішэнню для кпінаў. Бюргерская сатыра высмейвала не толькі невуцтва і сладастраснасць духавенства або бесталковасць селяніна, але і абсмейвала ганарыстасць збяднелага рыцарства. У шмат якіх шванках высмейвалі студэнтаў. Вялікая група шванкаў прысвечана сямейнаму жыццю, узаемаадносінам мужа і жонкі. Расказчыкі шванкаў звычайна дасціпныя, валодаюць добрай памяццю, цікавасцю да грамадскага жыцця, маюць схільнасць да пісьменніцтва.
У нашы дні многія сюжэты шванкаў страцілі сваю актуальнасць і іх перасталі расказваць. Да таго ж кнігі і газеты, радыё і кіно выцясняюць вуснае апавяданне з народнага быту.
У няхітрых аповесцях даволі шырока адлюстроўвалася жыццё Германіі таго часу. Рэалізм шванкаў быў даволі прымітыўным, але багацце маляўнічых дэталей, сакавітая гутарковая мова і займальнасць сюжэта надавалі шванкам вялікую жывасць, выстаўляючы на першы план тыя ці іншыя хвалюючыя маральныя праблемы.
Перачытаўшы многія шванкі (а іх налічваецца амаль 990), я паспрабавала аб’яднаць іх у групы, арыентуючыся на герояў. У мяне атрымалася 4 групы:
1. Шванкі пра хітрыя ўчынкі і падман (“Ціль Уленшпігель” Шарля дэ Кастэра).
2. Шванкі пра дурняў (напрыклад, шыльдбюргераў).
3. Небыліцы (“Мюнхаўзен” Г.А.Бюргера)
4. Шчасце з выпадку. У гэтую групу ўваходзяць:
— некаторыя апавяданні пра псеўдавоінаў;
— гісторыі пра паспяховыя знаходкі скарбаў;
— пра рабаўнікоў, якія выпадкова спужаліся…
Вывучыўшы тэорыю, мне стала цікава, ці спадабаецца гэты жанр нямецкага фальклору вучням нашай школы? І я правяла апытанне. З яго стала відаць, што інтарэсы ў школьнікаў розныя, але большасць аддае перавагу творам з фальклору.
Вучыцца ніколі не позна, але для гэтага неабходна цярплівасць. У гэтых творах змяшчаюцца нацыянальна-культурныя асаблівасці краін мовы, якая вывучаецца, якія дапамагаюць глыбей зразумець менталітэт народа. На старонках шванкаў жывуць шматлікія імёны, мянушкі персанажаў. Імёны — частка гісторыі і культуры любога народа. “У імёнах у той ці іншай ступені адлюстроўваюцца побыт і фантазія, род заняткаў і адносіны да навакольнага свету, мастацкая творчасць народаў, нават іх гістарычныя кантакты паміж сабой”.
Існуючыя асаблівасці з’яўляюцца натуральным адбіткам адрозненняў укладу жыцця, побыту, культуры нямецкага народа. Веданне нацыяналных асаблівасцей розных краін адыгрывае важную ролю ў развіцці моўнай і лінгвакраіназнаўчай кампетэнцыі.
Я прачытала шмат нямецкіх шванкаў і магу сказаць, што яны адкрылі для мяне дзівосны свет, дзе дабро перамагае зло, дзе кожны атрымлівае тое, што заслугоўвае, дзе збываюцца мары. Яны адлюстроўваюць рэальныя жыццёвыя адносіны, поўныя заўзятага гумару і смешных недарэчнасцей. Героі шванкаў — рамеснікі, салдаты, сяляне — смела ўступаюць у барацьбу з багачамі, дурнямі, злымі царамі і заўсёды аказваюцца больш разумнымі, спрытнымі і адважнымі.
Я хачу расказаць вам пра самыя цікавыя з іх.
Ціль Уленшпігель — народны герой. Адным з самых яркіх вобразаў таго часу стаў вясёлы і вынаходлівы чаляднік Ціль Уленшпігель, заўсёды гатовы зрабіць непрыемнасць скупому і бессардэчнаму гаспадару, які выціскае працоўны пот з безабароннага працаўніка.
Паводле падання, Ціль Уленшпішель не быў выдуманай фігурай і жыў у Германіі ў 14 стагоддзі. Слова “ўленшпігель” некаторыя філолагі тлумачаць як “савінае люстэрка”. Паступова Ціль Уленшпігель стаў зборным вобразам няўрымслівага вандроўніка, жартаўніка, прайдзісвета. Так, ён давёў да бойкі дзве сотні хлопцаў, наўмысна пераблытаўшы іх чаравікі. Ён збіраў грошы на пабудову храма ў дабрадзейных жанчын (жадаючы праславіцца такімі, дрэнныя жанчыны рабілі найбольш шчодрыя ахвяраванні). “Маляваў” нябачныя карціны і прадаваў іх і г.д.
Да герояў “дурной літаратуры” і шванка (як вы бачыце, гэта ўсё цесна ўзаемазвязана) адносіцца і барон Мюнхаўзен, вядомы сваімі вясёлымі фантазіямі пра паляванне, ваенныя прыгоды і падарожжы. Таксама сюды адносяцца шыльдбюргеры.
У кожнага народа ёсць свае веселуны і дзівакі. Гэта могуць быць і жыхары рэальна існуючай мясцовасці (напрыклад, аўцюкоўцы ў Беларусі), і выдуманыя героі народных казак-анекдотаў. У нямецкім фальклоры вясёлыя бесклапотныя дурні — шыльдбюргеры з гарадка Шыльды.
У шыльдбюргераў ёсць свая гісторыя. Спачатку яны былі вельмі мудрымі, знаходлівымі, таму ўсе чужаземныя князі іх у саветнікі разабралі. Горад Шыльда запусціўся. Жонкі шыльдбюргераў сталі прасіць сваіх мужоў вярнуцца дадому. Але пайсці са службы ў князя было не так проста. І тады мудрыя шыльдбюргеры сталі ратавацца дурасцю і блазнаваннем, каб вяльможы самі адмовіліся ад іх паслуг. Яны сталі рабіць глупствы і з часам так да гэтага прызвычаіліся, што ператварыліся ў самых сапраўдных дурняў.
У нямецкіх казках-анекдотах (у шванках) пра жыхароў Шыльды расказваецца, як гэтыя дзівакі пастаянна трапляюць у камічныя сітуацыі пры вырашэнні самых нескладаных задач. Вось адна з такіх смешных гісторый.
“Як шыльдбюргеры званы хавалі”.
Дайшлі да Шыльды неяк чуткі, што хутка вайна будзе. Апасаючыся за сваё дабро, шыльдбюргеры перш за ўсё падумалі пра званы на ратушы — як бы іх не знялі, каб на пушкі не пераплавіць. Склікалі яны нараду і вырашылі ўтапіць званы ў возеры, а калі вайна скончыцца, зноў падняць іх з дна возера і павесіць на ратушы.
Пагрузілі яны званы ў вялікію лодку, выехалі на самую сярэдзіну возера і хацелі ўжо іх у ваду скінуць, але тут адзін шыльбюргер закрычаў:
— Чакайце, браткі! А як мы гэтае месца знойдзем, калі нам зноў званы даставаць давядзецца?
— Мне б твае клопаты, адказаў гарадскі галава. Устаў, зрабіў зарубку на борце лодкі. — Вось, дзе я зарубку зарубіў, там мы іх і знойдзем.
Шыльдбюргеры ўзрадаваліся знаходлівасці свайго галавы, скінулі званы ў ваду і паплылі да берага.
А праз год, калі бяда мінула, яны селі ў тую ж самую лодку і паплылі званы з дна паднімаць. Зарубку на лодцы знайшлі, але вось званоў так і не змаглі адшукаць, хоць і ўсё возера шастамі стыкалі.
Я прыводжу ў прыклад гэтую гісторыю, бо ў мінулым годзе на факультатыўных занятках па нямецкай мове з ёй пазнаёміла вучняў. Мы чыталі яе, перакладалі, выконвалі розныя практыкаванні, а потым мы яе інсцэніравалі пантамімай. Караблём у нас служыла перавернутая парта, званом — стул.
Гэта было вельмі здорава, весела, творча і выклікала ў класа шмат станоўчых эмоцый і жаданне прачытаць яшчэ гісторыі пра шыльдбюргераў.
Праведзеная мной работа дазваляе зрабіць наступныя высновы: “літаратура пра дурняў” аказалася, на мой погляд, не такой ужо і дурной, а хутчэй павучальнай і з вельмі глыбокім сэнсам. Шванкі — кароткія сатырычныя апавяданні — гэта дасціпнасць, натуральнасць задумы, дабрадушны гумар, які заўсёды суправаджае з’едлівы кпін, каб ён не стаў занадта злым, страшэнная камічнасць становішчаў. Усё гэта, па праўдзе кажучы, магло б заткнуць за пояс значную частку нашай літаратуры.
Шванкі даступныя для чытаня, яны выклікаюць эмоцыі, знаёмяць з краіназнаўчай інфармацыяй, расказваюць пра побыт насельніцтва Германіі. Гэта яркія адбіткі чалавечых заганаў і грамадскіх праблем, якія прымушаюць чытачоў станавіцца больш добрымі, чыстымі, шчырымі, смеючыся з выдуманых герояў, пазнаючы ў іх сябе саміх. Усё пералічанае дапамагае глыбей зразумець культуру нямецкага народа, а сатыра, якая ляжыць у аснове шванка, — зацікавіць і матываваць школьнікаў на вывучэнне нямецкай мовы, папулярызаваць яе сярод навучэнцаў.
У выніку вывучэння матэрыялу для сваёй работы я зразумела, што спрытныя на язык нямецкія шванкі і іншая нямецкая літаратура, якая адносіцца да так званай “дурной”, былі прагрэсіўнымі для свайго часу, актуальныя па сёння і будуць запатрабаваны ў будучыні.

Вераніка КРЭЧЫК,
настаўніца замежнай мовы
Вялікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.