А я казачкі люблю

Праблема матывацыі ў навучанні з кожным годам становіцца ўсё глыбейшай не толькі ў старшым звяне, але і ў пачатковай школе. У навучэнцаў знікае цікавасць да вывучэння прадметаў практычна з самага пачатку школьнага шляху. Новае і цікавае становіцца для іх сумным і руцінным. Бацькі пачынаюць наракаць то на настаўніка, то на дзіця, то на вучэбную праграму ў цэлым. Але менавіта бацькі могуць ст аць памочнікамі і апорай сваім дзецям у вучобе. Як гэта зрабіць? Настаўнікам варта далучыць бацькоў да адукацыйнага працэсу, зрабіць іх сваімі памочнікамі.

На працягу шэрага гадоў выкарыстоўваю асобасна арыентаваную адукацыйную мадэль “Крок за крокам”. У аснову арганізацыі вучэбнага працэсу пакладзена індывідуальна-групавая сістэма навучання. Групавая работа пабудавана такім чынам, што кожнае дзіця можа ўнесці свой уклад у агульную справу, прымаючы адно, але правільнае рашэнне, а педагог і навучэнцы заўважаюць і ацэньваюць работу кожнага. Рэалізаваць гэта магчыма праз праекты.

Работа школьнікаў над праектам патрабуе асаблівай увагі і кантролю з боку настаўніка і дапамогі бацькоў. Прыхаваная каардынацыя, якая выкарыстоўваецца на пазнейшых этапах праектнай дзейнасці, дазваляе вырашыць шэраг педагагічных задач. Па-першае, у школьнікаў фарміруюцца ўменні весці творчы працэс самастойна (дзеці бачаць і выкарыстоўваюць прыёмы настаўніка), па-другое, удзел на роўных дае магчымасць навучэнцам не пагадзіцца з прапанаваным рашэннем дарослага і карэктна ад­стаяць сваю пазіцыю, у іх з’яўляецца вопыт дыпламатычных перамоў, які так неабходны ў жыцці.

Дзецям пад сілу самастойнае выкананне ўнутраных праектаў, якія арганізуюцца ўнутры класа, але могуць і выходзіць за яго межы (ахопліваюць паралель, усе пачатковыя класы і часам усю школу). У сувязі з тым, што ў пачатковай школе ў дзіцяці толькі пачынае развівацца міжвольная ўвага, выкарыстанне доўгатэрміновых праектаў немэтазгодна. Найбольш аптымальнымі, на мой погляд, з’яўляюцца кароткатэрміновыя праекты, бо дзеці малодшага школьнага ўзросту, захапіўшыся ідэяй праекта, арыентуюцца на дасягненне хуткага выніку.

Хачу спыніцца на праекце “Добры дзень, казка!”.

Часта заўважаю, што сённяшнія дзеці больш цікавяцца сучаснай замежнай літаратурай. Ім больш падабаюцца “Гары Потэр”, “Чалавек-павук”, “Рапунцэль” і г.д. А ці ёсць упэўне­насць, што менавіта гэтыя казкі развіваюць тыя чалавечыя якасці, якія павінны быць у малодшых школьнікаў? Вядома ж, няма!

Я лічу, што ў старых добрых казках бачна выразная грань паміж дабром і злом, справядлівасцю і перадузятасцю, шчодрасцю і прагнасцю. Таму ра­зам з дзецьмі і іх бацькамі рэалізую праект “Добры дзень, казка!” у 1 класе. Праект разлічаны на 4 месяцы.

На падрыхтоўчым этапе праводжу наступную работу:

  1. Бацькоўскі сход “Знаёмства з адукацыйнай мадэллю “Крок за крокам”.
  2. Знаёмства навучэнцаў з праектам “Добры дзень, казка!”.
  3. Работа з метадычнай літаратурай.
  4. Выяўленне праблем, пытанняў, якія дзеці хацелі б даведацца і вырашыць у ходзе рэалізацыі праекта.
  5. Распрацоўка структуры праекта.
  6. Анкетаванне.
    У класе вывешваецца плакат з планам нашай работы.
    Мэта другога этапу праекта — знаёмства з казкамі.

План работы:

  1. У гасцях у казачнікаў.
  2. Конкурс малюнкаў “Мая любімая казка”.
  3. “У Васілісы-рукадзельніцы” (выраб казачных герояў).
  4. Дзень казачніка (складанне казак).
  5. Інсцэніраванне казкі “Юныя таленты”.
  6. Конкурс казак “А я казачкі люблю”.
  7. Урокі з выкарыстаннем тэхналогіі “Крок за крокам”.

Удзельнікі праекта частку работы выконваюць калектыўна ў групах. Калектыўнае выкананне заданняў уяўляе сабой вусны абмен інфармацыяй паміж удзельнікамі праекта, што дазваляе вучням падзяліцца сваімі ўражаннямі, ідэямі, выслухаць іншых, спрыяе выхаванню ўвагі, фарміраванню ўмення мець зносіны з аднакласнікамі. Работа ў групах і адзіная мэта аб’ядноўваюць усіх удзельнікаў, што стымулюе максімальнае выяўленне ўласнага “я” ў момант творчай дзейнасці.

На заключным этапе праводзіцца аналіз дасягнення пастаўленых мэт і задач, вызначэнне нявырашаных праблем, вынікаў і поспехаў праекта.

Важна адзначыць, што найбольш цікавымі для вучняў пачатковых класаў з’яўляюцца тыя праекты, якія разам з творчым маюць і сацыяльны характар, дазваляюць дзецям набыць вопыт грамадскай дзейнасці, уключыцца ў працэсы асэнсавання дзейнасці, фарміруюць іх самасвядомасць. Школьнікі праяўляюць асаблівую актыўнасць і асабістую зацікаўленасць у атрыманні вынікаў, калі праекты ствараюцца па праблемах, якія хвалююць іх саміх і прапанаваных імі.

Святлана АЛЕЙНІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Шклова Магілёўскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.