Аўтэнтычныя матэрыялы па этапах

Праблема аўтэнтычных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў навучанні замежным мовам, выклікае шмат рознагалоссяў. Паняцце аўтэнтычных матэрыялаў з’явілася ў методыцы не так даўно, што звязана з сучаснай пастаноўкай мэт навучання замежнай мове. У сучаснай замежнай і айчыннай методыцы тэрмін “аўтэнтычныя матэрыялы” практычна выціснуў тэрмін “арыгінальныя матэрыялы”, які выкарыстоўваўся раней. Пры гэтым ступень аўтэнтычнасці вучэбных матэрыялаў з’яўляецца сур’ёзнай метадычнай праблемай.

У гэтым артыкуле гаворка пойдзе аб выкарыстанні аўтэнтычных відэаматэрыялаў пры навучанні замежнай мове. Работа з відэа складаецца з трох этапаў: пераддэманстрацыйны, дэманстрацыйны і паслядэманстрацыйны. На пераддэманстрацыйным этапе здымаюцца моўныя цяжкасці ўспрымання відэатэксту. Для гэтага праводзіцца мазгавы штурм ці складаецца лексічная карта па прапанаванай тэме; пры дапамозе розных практыкаванняў уводзяцца і замацоўваюцца новыя словы; складаецца спіс сцвяр­джэнняў, якія здаюцца правільнымі апрыёры, і інш.

Для дэманстрацыйнага этапу можна прапанаваць наступныя заданні:

* прагляд без гуку: даць апісанне герояў, месца дзеяння, надвор’я, паслядоўнасці дзеянняў; скласці і разыграць дыялогі паміж персанажамі, скласці прадказанні па змесце і г.д.;

* праслухоўванне відэа без выявы: выказаць меркаванне аб месцы дзеяння, знешнасці герояў, родзе іх заняткаў і г.д.;

* прагляд з гукам: скласці спіс пачутых слоў; праверыць прадказанні, зробленыя навучэнцамі да прагляду; дапоўніць транскрыпцыю кароткага ўрыўка; аднавіць дыялог з пераблытанымі рэплікамі; адказаць на прапанаваныя пытанні; запоўніць табліцу і г.д.;

* перарваны прагляд: прыдумаць пачатак, працяг ці канец.

Падчас паслядэманстрацыйнага этапу вучні могуць інсцэніраваць дыялогі, скласці рэзюмэ ці падрабязны пераказ (вусна ці пісьмова), напісаць эсэ на тэму прагледжанага сюжэта, знайсці дадатковую інфармацыю па тэме і г.д.

Існуюць розныя спосабы выкарыстання відэаматэрыялаў у вучэбных мэтах. Выбар залежыць ад узроўню валодання мовай, мэт і задач навучання, а таксама ад самога матэрыялу. У якасці заданняў па выкарыстанні некаторых аўтэнтычных відэарэсурсаў навучэнцам рэкамендуюцца наступныя практыкаванні:

відэарэцэпты: назваць інгрэдыенты і сталовыя прыборы, якія выкарыстоўваюцца ва ўрыўку; пракаментаваць дзеянні (без гуку); потым праверыць з гукам; скласці рэцэпт з тымі ж інгрэдыентамі; з­няць на відэа ўласны рэцэпт;

кароткаметражныя фільмы: прадугадаць наступныя дзеянні (перарваны прагляд);

пры экранізацыі навелы: параўнаць тэкст з экранізацыяй (апісанне герояў, сітуацыі, дыялогі), выявіць, што захавана, зменена, дададзена, ліквідавана;

пракаментаваць сувязь прадукту і рэкламы на яго: прыдумаць слоган для гэтага прадукту; прыдумаць іншы сцэнарый для гэтага ж прадукту;

музычныя відэакліпы: адгадаць тэму песні, пракаментаваць, даць апісанне ўбачанага (прагляд без гуку): параўнаць пачутую лексіку са здагадкай; назваць музычныя інструменты (прагляд з гукам); выканаць лексічныя і граматычныя практыкаванні (работа з тэкстам) і г.д.;

тэлевізійныя гульні: адказаць на прапанаваныя пытанні; прыду­маць пытанні такога ж плана; скласці пытанні і адказы на зададзеную размоўную тэму; інтэрв’ю: выявіць размоўныя формулы і даць іх стандартны эквівалент; перадаць змест інтэрв’ю ва ўскоснай мове; назваць невербальныя формы камунікацыі; прапанаваць іншую форму апытання; скласці і правесці апытанне ў групе;

відэазапісы тэлевізійных навін: пасля прагляду запісаць даныя ў шэсць калонак пад загалоўкамі (“Хто?”, “Што?”, “Дзе?”, “Калі?”, “Чаму?”, “Як?”) і г.д.

Напрыканцы хочацца яшчэ раз падкрэсліць, што выкарыстанне аўтэнтычных відэаматэрыялаў на занятках робіць іх цікавымі, пазнавальнымі, павышае матывацыю да вывучэння замежнай мовы, а таксама садзейнічае развіццю іх камунікатыўнай, сацыякультурнай, прафесійнай і агульнакультурнай кампетэнцый.

Неабходна асабліва падкрэсліць, што навучанне натуральнай, сучаснай замежнай мове магчыма толькі пры ўмове выкарыстання матэрыялаў, узятых з жыцця носьбітаў мовы ці складзеных з улікам асаблівасцей іх культуры і менталітэту ў адпаведнасці з прынятымі маўленчымі нормамі, якія выкарыстоўваюцца.

Хрысціна ЧАРНЯК,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Оршы.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.