Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі

У апошнія гады назіраецца зніжэнне цікавасці навучэнцаў да многіх вучэбных прадметаў, у тым ліку і да біялогіі. Таму ўзнікла неабходнасць пошуку новых форм, метадаў, прыёмаў навучання, якія спрыялі б павышэнню вучэбнай матывацыі, уцягненню навучэнцаў у актыўную вучэбна-пазнавальную дзейнасць.

Развіваць матывацыю школьнікаў да вывучэння прадмета мне дапамагае выкарыстанне на ўроках інтэрактыўнай дошкі і камп’ютарнай праграмы SMART Notebook.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.SMART Notebook — гэта камп’ютарная праграма педагагічнага прызначэння для інтэрактыўнай дошкі, якая мае шэраг істотных пераваг:

  • дазваляе праводзіць заняткі з дапамогай не толькі яркіх малюнкаў, але і іншых аб’ектаў, практыкаванняў і тэкстаў, выкарыстоўваючы розныя рэсурсы;
  • працэс навучання суправаджаецца станоўчымі эмоцыямі: навучэнцам падабаецца працаваць з інтэрактыўнай дошкай, яны з цікавасцю слухаюць тлумачэнне настаўніка, канцэнтруюць увагу на адказах сваіх сяброў, з задавальненнем самі адказваюць ля дошкі;
  • вялікае значэнне мае псіхалагічны фактар — амаль усе дзеці ў класе хочуць удзельнічаць у вучэбным працэсе, адчуваюць сябе разняволена.

У сваёй рабоце я выкарыстоўваю праграму SMART Notebook на розных этапах урока. Асабліва мне падабаец­ца прымяняць калекцыю інтэрактыўных інструментаў LAT 2.0-RU. Гэтая калекцыя багата на інтэрактыўныя аб’екты, створаныя з выкарыстаннем тэхналогіі Flash.

На арганізацыйным этапе ўрока часта выкарыстоўваю розныя анімацыйныя карцінкі, стараюся прывязваць іх да тэмы ўрока, тым самым настройваючы навучэнцаў на далейшае вывучэнне прадмета. Напрыклад, пры вывучэнні разнастайнасці класаў жывёл падбіраю анімацыйныя карцінкі з выявай класаў, якія вывучаюцца. На гэтым жа этапе прымяняю прыём “Анаграма” для таго, каб высветліць тэму ўрока ці вядучую ідэю тэмы, што вывучаецца (малюнак 1).

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 1. Выкарыстанне прыёму “Анаграма”

Мэтапастаноўцы, планаванню ўрока дапамагае прыём “Адлюстраванне нататак”. Прапаную навучэнцам сфармуляваць задачы сваёй дзейнасці на ўроку, а потым праводжу параўнанне іх задач і задач, пастаўленых мной. Акрамя ўзмацнення пазнавальнай актыўнасці, прымяненне гэтага прыёму спрыяе развіццю вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі.

Станоўчым момантам з’яўляецца тое, што ў канцы ўрока заўсёды можна вярнуцца на старонку задач.

Ва ўрочнай дзейнасці эфектыўным з’яўляецца прымяненне прыёмаў “Віктарына” і “Падбор ключавога слова” (малюнак 2).

Прыём “Віктарына” прымяняю ў 6—9 класах на этапе праверкі ведаў у форме біялагічнага дыктанта. У гэтым выпадку на экран выводжу толькі пытанні, а падказкі хаваю шторкай. Час работы над пытаннем задаецца таймерам. Пытанні пераключаюцца аўтаматычна. Пасля напісання дыктанта праводжу ўзаемаправерку ці самаправерку, а адзін навучэнец выконвае заданні на дошцы.

Прыём “Падбор ключавога слова” дазваляе сістэматызаваць біялагічныя аб’екты. У час работы трэба знайсці адпаведнасць паміж азначэннямі і біялагічнымі тэрмінамі, перамясціўшы таблічку з паняццем да патрэбнага азначэння. Прымяняю яго так, як і прыём “Віктарына”. Спачатку право­джу біялагічны дыктант, пасля чаго запрашаю навучэнца для выканання задання ля дошкі. Астатнім навучэнцам прапаную абмяняцца сшыткамі, арганізоўваю ўзаемаправерку.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 2. Выкарыстанне прыёму “Падбор ключавога слова”

Таго, хто працуе ля дошкі, выбіраю гульнявым спосабам — пры дапамозе бочачак лато і мяшочка. Выкарыстанне гульнявога прыёму стымулюе дзяцей рыхтавацца да кожнага ўрока, таму што ніхто з нас не ведае, каго выкліча мяшочак на гэты раз.

На этапе вывучэння новага матэрыялу ў 6—9 класах эфектыўна выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі для дэманстрацыі аб’ектаў, складання схем, табліц, вываду заданняў на экран, праверкі выкананых заданняў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Агульныя прыметы хордавых жывёл. Бесчарапныя” ў 8 класе прапаную азнаёміцца з тэкстам і скласці схему ў сшытку. На дошцы гэтая схема ўжо запоўнена, але яе ячэйкі заценены. Пасля самастойнай работы з тэкстам арганізоўваю ўзаемаправерку, у час якой адзін з навучэнцаў адкрывае ячэйкі, папярэдне прапанаваўшы сваю версію схемы (малюнак 3). Прыём актывізуе работу навучэнцаў і спрыяе развіццю ўменняў аналізу і сінтэзу.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 3. “Зацяненне ячэйкі”

Павышае цікавасць да прадмета і развівае ўменні сістэматызаваць і абагульняць, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі паміж асобнымі элементамі цэлага прымяненне прыёму “Цыкл развіцця” (малюнак 4). Так, на ўроках у час вывучэння пытанняў размнажэння споравых раслін прапаную навучэнцам скласці ў выглядзе схемы цыкл развіцця, перамясціўшы неабходныя кампаненты і расставіўшы іх у лагічнай паслядоўнасці. Такое практыкаванне прымяняю і пры вывучэнні развіцця жывёл.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі. Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 4. Прымяненне прыёму “Цыкл развіцця”

На этапе замацавання вучэбнага матэрыялу часцей за ўсё практыкую прыём “Віхор, сартаванне тэксту” (малюнак 5). У гэтым заданні прапанаваныя паняцці трэба раз­дзяліць на дзве групы. “Сартаванне віхраў, выява” — падобны прыём, але тут трэба раздзяліць не паняцці, а малюнкі пэўных аб’ектаў. Гэтыя прыёмы дапама­гаюць класіфіка­ваць біялагічныя аб’екты. Яны прызначаны для сартавання біялагічных аб’ектаў на дзве катэгорыі, выкананы ў форме гульні. Ёсць два “віхры” з канкрэтнымі назвамі, пад імі размешчаны ў выпадковым парадку карцінкі ці назвы аб’ектаў.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 5. Выкарыстанне прыёму “Віхор, сартаванне тэксту”

Развівае ўменне параўноўваць біялагічныя аб’екты, знаходзіць рысы падабенства і адрознення прыём “Сартаванне па катэгорыях — тэкст” (малюнак 6). Прыметы параўнання вызначаюцца настаўнікам, а навучэнцам прапануецца запоўніць табліцу, метадам перасоўвання змясціць прымету ў адпаведную калонку табліцы. Напрыклад, у 7 класе пры вывучэнні тэмы “Плесневыя грыбы і дрожджы” прымяненне гэтага прыёму ў гульнявой форме дазваляе сістэматызаваць прыметы розных прадстаўнікоў царства “Грыбы”, што, безумоўна, актывізуе пазнавальную дзейнасць на ўроку.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 6. Выкарыстанне прыёму “Сартаванне па катэгорыях — тэкст”

На этапе замацавання ведаў эфектыўным з’яўляецца таксама запаўненне табліц з прымяненнем спецыяльнай функцыі праграмы SMART Notebook “Утыліта множнага кланіравання”. Напрыклад, у 8 класе пры вывучэнні тэмы “Агульныя прыметы хордавых жывёл. Бесчарапныя” навучэнцам прапаную для кожнай прыметы падабраць групу жывёл, якія маюць гэтую прымету, і метадам перасоўвання змясціць яе ў патрэбную ячэйку. Пры гэтым кожная група жывёл можа выкарыстоўвацца некалькі разоў (малюнак 7).

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 7. Выкарыстанне прыёму “Утыліта множнага кланіравання”

У 9 класе пры вывучэнні тэмы “Будова і віды нейронаў. Рэфлекс, рэфлекторная дуга” прымяняю ў сваёй рабоце прыём “Складанне сказаў” (малюнак 8). У працэсе рэдагавання ўводзіцца ў зададзеным парадку некалькі сказаў ці фраз. У час работы гэтыя фразы выводзяцца на экран у выпадковым парадку. Задача навучэнца — перасоўваючы сказы ўверх і ўніз, паставіць іх у неабходнай паслядоўнасці.

Фота да матэрыялу: Інтэрактыўныя інструменты — для вывучэння біялогіі.

Малюнак 8. Выкарыстанне прыёму “Складанне сказаў”

Такім чынам, выкарыстанне праграмы SMART Notebook на ўроках біялогіі дазваляе ствараць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, спрыяе павышэнню цікавасці да прадмета. Аднак трэба заўважыць, што выкарыстанне праграмы SMART Notebook будзе эфектыўна, толькі калі прымяняць яе сістэмна пры вывучэнні ўсяго курса вучэбнай дысцыпліны.

Прымяненне праграмы SMART Notebook на ўроках біялогіі стымулюе пазнавальную актыўнасць, забяспечвае ўключэнне навучэнцаў у адукацыйны працэс, павышае эфектыўнасць урока, спрыяе фарміраванню ўстойлівай цікавасці школьнікаў да прадмета. Навучэнцы сталі ахвотней уключацца ў адукацыйны працэс, што прывяло да павышэння якасці ведаў.

Святлана КУДРАВЕЦ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 14 Мазыра.