Праблемнае навучанне ў дапамогу настаўніку

Праблемнае навучанне рэалізоўваецца праз вырашэнне праблемных задач і паслядоўна створаных у вучэбных мэтах праблемных сітуацый. Яно развівае разумовыя здольнасці навучэнцаў, цікавасць да навукі, творчыя сілы. Акрамя таго, праблемнае навучанне выпрацоўвае навыкі творчага засваення і прымянення ведаў.

Метад праблемнага навучання ўключае часткова-пошукавы і даследчы метады, якія могуць спалучацца з класічнымі тлумачальна-ілюстрацыйным і рэпрадуктыўным. Пры выкарыстанні тэхналогіі праблемнага навучання дзейнасць навучэнцаў стымулюецца пастаноўкай пытання, якое павінна быць складаным, але пасільным для вучняў.

У методыцы выкладання гісторыі прынята вылучаць некалькі тыпаў праблемных пытанняў, напрыклад, на аналіз тэарэтычных палажэнняў, выказаных рознымі лю­дзьмі з нагоды пэўнай падзеі. Адны гісторыкі гавораць пра раптоўны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз, іншыя ж заяўляюць, што І.В.Сталін ведаў пра падрыхтоўку Германіі да вайны, трэція — пра намер І.В.Сталіна нанесці прэвентыўны ўдар па Германіі. Супярэчнасць адчуваецца адразу. Задача навучэнцаў — даказаць адзін з пунктаў гледжання, прычым можна працаваць групамі адначасова па ўсіх трох пунктах, што зробіць урок больш разнастайным. Ёсць пытанні, якія тычацца супрацьлеглых выказванняў пэўнага чалавека. Так, У.І.Ленін у 1919 годзе рэзка асуджаў эсэраўскі прынцып свабоднага гандлю, а ў 1921 годзе была абвешчана нэп, адным з прынцыпаў якой стаў свабодны гандаль. Прапаноўваюцца пытанні на аналіз факта, падзеі, на ацэнку дзейнасці канкрэтнай асобы.

На ўроках гісторыі варта вывучаць самыя сутнасныя якасці гістарычных асоб. Варта запамінаць прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, знаёміцца з этапамі, перыя­дамі і зместам яе дзейнасці, палітычнай, рэлігійнай платформай, інфармацыяй пра тое, чые інтарэсы яна прадстаўляла, пажадана вывучыць ацэнкі гэтай асобы з боку яе сучаснікаў і сённяшніх гісторыкаў, палітолагаў. Карысным з’яўляецца матэрыял пра паводзіны асобы ў экстрэмальных сітуа­цыях, у побыце. Напрыклад, у 5—6 класах можна звярнуцца да князя Уладзіміра Святаслававіча. Ён пачаў праўленне з забой­ства свайго брата Яраполка. Жыццё яго было поўнае шматлікіх злачынстваў і грахоў. У летапісе гаворыцца, што ён меў 5 жонак, 800 наложніц, але ў памяці народнай ён застаўся як Уладзімір Чырвонае Сонейка, а хрысціянскай царквой кананізаваны.

Для вучняў 10 класа можна прапана­ваць наступную сітуацыю. У Расійскай імперыі цар быў больш, чым манарх. Ён быў баць­кам народа, царом-бацюхнам, мільёны людзей з захапленнем спявалі “Божа, цара захоўвай”, салдаты ішлі на франтах Першай сусветнай вайны са словамі “За веру, цара і Айчыну”. Аднак у 1917 годзе не знайшлося нікога, хто стаў бы на абарону цара. У гэтых дзвюх сітуацыях адчуваецца вострая праблема, і вучні павінны яе вырашыць.

Навучэнцы, аналізуючы, параўноўваючы, абагульняючы фактычны матэрыял, часта атрымліваюць новую для сябе інфармацыю. Гэта і ёсць удасканаленне ведаў пры дапамозе раней засвоеных або новае прымяненне ранейшых ведаў, што магчыма толькі пры ўмове, калі вучань пастаўлены ў адпаведную сітуа­цыю. Кожны ўрок па тэхналогіі праблемнага навучання павінен змяшчаць нешта, што выкліча здзіў­ленне, захапленне ў дзяцей — адным словам, тое, што яны запомняць надоўга. Гэта можа быць цікавы факт, нечаканае адкрыццё, нестандартны падыход да ўжо вядомай інфармацыі. Настаўнік павінен умець так па­даць вучэбны матэ­рыял, каб у вучняў узнікалі новыя пытанні, каб на аснове аналізу матэрыялу дзеці самастойна рабілі высновы і абагульненні, фарміравалі пэўныя паняцці. На традыцыйным уроку настаўнік задае рэпрадуктыўныя пытанні: як, калі, хто? На ўроку па тэхналогіі праблемнага навучання ставяцца прадукцыйна-пазнавальныя пытанні: чаму, дакажыце, супастаўце, падумайце, у чым, сфармулюйце. Пры гэтым праблемнае пытанне патрабуе ад вучняў не гатовых ведаў, а разважанняў і часцей за ўсё кароткіх па змесце адказаў. На такіх занятках у дыялог не баяцца ўступаць дзеці неактыўныя, не падрыхтаваныя да ўрока.

Выкарыстоўваючы праблемны метад, кожны настаўнік павінен улічваць гатоўнасць вучняў да ўспрымання праблемнага матэрыялу: агульны ўзровень ведаў, настроенасць на ўрок, вопыт прымянення праблемнага навучання ў канкрэтным класе. Неабходна выбраць такі падыход да вывучэння матэрыялу, які ў найбольшай меры будзе адпавядаць узроўню  класа. У класе з высокім узроўнем матывацыі навучэнцаў можна ставіць праблемы адну за другой, а ў класе са слабай матывацыяй — растлумачыць матэрыял і ў канцы правесці апытанне праблемнага характару.

Праблемны метад навучання патрабуе спецыяльнай пабудовы вучэбнага працэсу і зместу матэрыялу, які вывучаецца, падбору метадаў арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці дзяцей і кіравання ёй, структуры ўрока і форм кантролю настаўніка за працэсам і вынікамі дзейнасці вучняў.

Ганна СТРЫЖАКОВА,
настаўніца гісторыі і геаграфіі Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Comments are closed.