Працоўнае навучанне — з азартам

Урок настаўніка працоўнага навучання настаўніка-метадыста сярэдняй школы № 13 Жлобіна, фіналіста конкурсу “Настаўнік года — 2017” Дзмітрыя Барысавіча Доўнара прайшоў на адным дыханні. Я нават не паспела агледзецца, як прыйшлося хаваць дыктафон і фотаапарат. Прызнацца, гэта быў першы ўрок працоўнага навучання, на якім я пабыла, як гаворыцца, ад званка да званка, таму, магчыма, буду суб’ектыўнай.

З другога боку, гэта быў далёка не першы ўрок у маім журналісцкім жыцці, таму ёсць з чым параўнаць. Як пасля заўважыў настаўнік, урок прайшоў у штатным рэжыме, згодна з праграмай і каляндарна-тэматычным планаваннем. У мяне ж засталіся зусім іншыя ўражанні — такая сумесь з захаплення, здзіўлення і радасці за нашых працавітых дзяцей.

Я ў захапленні ад хлопцаў-васьмікласнікаў, такіх модных і сучасных, засяроджаных і згуртаваных. І я была здзіўлена арганізацыяй урока па працоўным навучанні. У Дзмітрыя Барысавіча не тое што ўсё па палічках было раскладзена, у яго тэарэтычны матэрыял натхняў на творчасць. Але пра ўсё па парадку.

Да пачатку ўрока заставалася некалькі хвілін. Дзмітрый Барысавіч запрасіў у кабінет, вельмі прасторны і светлы. Настаўнік яшчэ раз агле­дзеў працоўныя месцы вучняў. Затым хуценька патлумачыў: “Вы будзеце прысутнічаць на ўроку працоўнага навучання ў 8 класе. Па сваім тыпе ўрок камбінаваны (па вывучэнні і першапачатковым замацаванні новага матэрыялу, па замацаванні ведаў і ўменняў).

Тэма ўрока: “Разметка шыпавога злучэння”. Практычная дзейнасць вучняў — разметка шыпа і правушыны на плячах вешалкі.

Мэты ўрока:

адукацыйная — фарміраванне ведаў аб прыёмах і правілах разметкі шыпавых злучэнняў;

развіваючая — развіццё практычных навыкаў выканання разметкі шыпоў і правушын;

выхаваўчая — садзейнічанне выхаванню акуратнасці, добрасумленных адносін да працы, культуры вучэбнай дзейнасці.

Калі фармуляваць мэту праз прагназуемы вынік вучэбнай дзейнасці, то мяркуецца, што па завяршэнні ўрока вучні будуць ведаць спосабы і правілы разметкі шыпоў і правушын, інструменты і прыстасаванні для разметкі шыпавых злучэнняў і ўмець выконваць разметку шыпоў і правушын плячэй вешалкі.

Задачамі асобаснага развіцця і выхавання з’яўляюцца развіццё навыкаў мэтапакладання; выхаванне культуры вучэбнай дзейнасці (уменняў слухаць, працаваць у парах), добрасумленнасці; фарміраванне ўмення ацэньваць вынік уласнай вучэбнай дзейнасці і стварэнне ўмоў для развіцця рэфлексіўных здольнасцей, умення выконваць разметку шыпоў і правушын.

Абсталяваннем і сродкамі навучання на ўроку з’яўляюцца лінейка, аловак, загатоўкі, маршрутныя лісты з практычным заданнем, крытэрыямі і нормамі ацэнкі якасці выкананага задання”.

Пакуль мы гаварылі з настаўнікам, у клас зайшлі хлопцы 8 класа, занялі свае месцы, падрыхтаваліся да заняткаў. Усё, да ўрока гатовы ўсе яго ўдзельнікі (у тым ліку і я) — можна пачынаць. Чакаем званка, які ўсё роўна прагучаў неспадзявана.

Першым этапам урока з’яў­ляецца арганізацыйны. Яго задача — праверка гатоўнасці вучняў да заняткаў, мабілізацыя ўвагі, устанаўленне асобаснага кантакту з вучнямі.

Дзейнасць настаўніка рэгламентавана праверкай гатоўнасці вучняў да ўрока, актывізацыяй іх дзейнасці. Хлопцы ў гэты час арганізоўвалі працоўныя месцы, уключаліся ў дзелавы рытм, адказвалі на пытанні настаўніка і запаўнялі маршрутныя лісты.

Дзмітрый Барысавіч з першых хвілін стварыў атмасферу бадзёрасці і добразычлівасці. Запытаў, хто і па якой прычыне адсутнічае, а пасля сфакусіраваў увагу васьмікласнікаў на дошцы, дзе віселі схемы. Пачаўся наступны этап урока.

Этап актуалізацыі суб’ектнага вопыту вучняў рабіў акцэнт на актуалізацыі ведаў вучняў па тэме “Шыпавое злучэнне”, на фармуляванні сумесна з імі тэмы ўрока, вызначэнні яго мэты і відаў практычнай дзейнасці.

Дзмітрый Барысавіч працаваў каля дошкі. Ён стварыў праблемную сітуацыю праз аналіз тэхналагічнага працэсу вырабу вешалкі з выхадам на тэму ўрока. Настаўнік арганізаваў работу ў парах, задаў пытанні, якія якраз і выводзілі на мэту і від практычнай дзейнасці на ўроку.

Вучні ў сваю чаргу адказвалі на пытанні, вызначалі тэму, мэту ўрока, від практычнай дзейнасці. Здавалася б, вешалка — простае бытавое прыстасаванне, але, каб вырабіць яе з дрэва, трэба мець на ўвазе мноства нюансаў, зрабіць і прачытаць чарцяжы, разлі­чыць кожны міліметр, ведаць тэрміналогію. Васьмікласнікі 13-й школы Жлобіна ўсё гэта могуць і ўмеюць.

Трэці этап урока — вывучэнне новага матэрыялу, дзе галоўнае — забяспечыць успрыманне, асэнсаванне і першаснае запамінанне тэарэтычных звестак.

У гэтай сувязі настаўнік уцягвае вучняў у пазнавальную дзейнасць, расказвае, дэманструе паслядоўнасць разметкі, арганізоўвае гутарку па тэме “Разметка шыпоў і правушын пляча вешалкі”.

Вучні ў сваю чаргу не зво­дзяць вачэй з дошкі, дзе на апорных канспектах прапісана і намалявана ўся вучэбная інфармацыя, якую тлумачыць Дзмітрый Барысавіч. Хлопцы праглядаюць і запамінаюць паслядоўнасць разметкі шыпоў і правушын, шукаюць адказы на пастаўленыя пытанні.

Трэці этап урока плаўна пераходзіць у чацвёрты — этап першаснай праверкі вывучанага матэрыялу, падчас якога адбываецца дыягнаставанне ступені авалодання тэарэтычным матэрыялам і гатоўнасці да выканання практычнага задання. Настаўнік арганізоўвае франтальнае апытанне і працу ў парах, вучні абмяркоў­ваюць заданне, а затым адказваюць на пытанні.

Хутка пачынаецца самая цікавая і відовішчная частка ўрока — этап выканання практычнага задання, дзе навучэнцы зама­цуюць атрыманыя тэарэтычныя веды і прадэманструюць ступень авалодання ўменнямі па вывучаемай тэме. Настаўнік тлумачыць і арганізоўвае парадак выканання практычнага задання. Акрамя таго, Дзмітрый Барысавіч тлумачыць крытэрыі ацэнкі якасці яго выканання.

Васьмікласнікі ўважліва слухаюць, знаёмяцца з заданнем, яшчэ раз паўтараюць асноўныя правілы бяспекі ў рабоце з інструментамі і прыступаюць да выканання практычнага задання. Пры неабходнасці кансультуюцца з настаўнікам, які, дарэчы, усю астатнюю частку ўрока быў разам са сваімі вучнямі. Вось Дзмітрый Барысавіч дапамагае зрабіць дакладны замер, вось тлумачыць, дзе хлопец зрабіў памылку, вось бярэ ў рукі рубанак, каб паказаць правільную тэхніку габлявання (так, такая дзейнасць патрабуе пэўнага спрыту). Пры гэтым ён пастаянна сочыць за астатнімі, трымаючы ў полі зроку ўвесь клас, і не забывае кожнага падбадзёрыць, пажартаваць. Усё гэта стварае атмасферу нязмушанасці і эмацыянальнага камфорту.

І васьмікласнікі працуюць з ахвотай, нават з азартам, ні на хвіліну не выпускаюць з рук інструменты. Дарэчы, назіраючы за імі, злавіла сябе на думцы: ніхто за ўвесь урок ні разу не дастаў тэлефон! Вось яна — моц ручной працы, якая займае не толькі рукі, але і галаву. Кожны з хлопцаў працаваў па алгарытме, дзе нельга пару­шыць паслядоўнасць. Інакш ніякай вешалкі не атрымаецца.

Наступны этап праверкі і ацэнкі выканання заданняў, дзе галоўнае — праверыць і ацаніць узровень сфарміраванасці ведаў і практычных уменняў вучняў. Дзмітрый Барысавіч тлумачыць алгарытм выканання самаацэнкі, а вучні слухаюць інструкцыю, выконваюць самаацэнку.

Падчас этапу падвядзення вынікаў урока адбываецца ацэнка працы ўсяго класа і кожнага вучня персанальна.

Педагог ажыццявіў ацэначную дзейнасць вучняў на ўроку, колькасны і якасны аналіз вучэбнай дзейнасці класа і асобных вучняў. Хлопцы ў сваю чаргу зрабілі ацэнку ўласнай дзейнасці, зыходзячы з мэты ўрока, паўдзельнічалі ў падвядзенні вынікаў.

На этапе рэфлексіі адбывалася асэнсаванне навучэнцамі сваёй дзейнасці на ўроку.

Настаўнік арганізаваў рэфлексійную дзейнасць вучняў пры дапамозе рэфлексіўнага экрана, ініцыіруючы скончыць фразу.

Вучні ўсведамляюць вынікі вучэбнай дзейнасці, недахопы ў працэсе дзейнасці пры выкананні заданняў. Выказваюцца, выбіраючы пачатак фразы на рэфлексіўным экране. Нехта задаволены на ўсе сто, а некаму давядзецца яшчэ папрацаваць.

На этапе завяршэння ўрока педагог выставіў адзнакі і арганізаваў уборку працоўных месцаў. Хлопцы запісалі тэму ўрока ў дзённіках, а затым прыбралі свае працоўныя месцы. І зрабілі гэта вельмі якасна.

***

Пасля ўрока Дзмітрый Барысавіч зрабіў для мяне невялікі каментарый:

— Гэта быў апошні ўрок працоўнага навучання ў чвэрці, што, канечне, яго вылучае. Былі пастаўлены адзнакі за чвэрць, пры гэтым пад увагу браліся не столькі бягучыя адзнакі, колькі аб’ём выкананай працы, прымяненне ведаў на практыцы.

З гэтага навучальнага года ў 8 класе на працоўнае навучанне адво­дзіцца толькі адна гадзіна ў ты­дзень. Цяпер мы з імі вывучаем раздзел “Апрацоўка драўніны”. Праграмай прадугледжана вывучэнне шыпавога злучэння (новаўвя­дзенне вучэбнай праграмы гэтага навучальнага года). Раней у 8 класе я практыкаваў праектную дзей­насць. У вучняў працоўнае навучанне было 2 гадзіны на тыдзень, таму мы прыступалі да праектнай работы ў пачатку навучальнага года і заканчвалі ў канцы. Звычайна працавалі над кухоннымі наборамі з геаметрычнай разьбой.

Сёлета гадзін стала менш, а праект — гэта аб’ёмная работа, таму аб’ектам нашай працы стала вешалка. Практычна значны прадмет, пра прызначэнне якога ведае кожны вучань. Гэта нескладаны выраб, але, каб яго зрабіць, трэба выканаць шэраг тэхналагічных аперацый. Некаторыя з іх васьмікласнікам былі вядомы, а некаторыя яны вывучылі падчас першай чвэрці.

На канец першай чвэрці вучні павінны былі вырабіць два плячы для вешалкі і злучыць іх. Чацвёра падышлі да апошняга этапу са стапрацэнтнай гатоўнасцю. Адзін вучань працаваў па індывідуальных картках (апорныя малюнкі), бо апераджае сваіх аднакласнікаў (разметку ў поўным аб’ёме выканаў яшчэ на мінулым уроку), і таму сёння ён самастойна займаўся вывучэннем новай тэмы.

Думаю, вы заўважылі, з якой цікавасцю працавалі хлопцы. Зацікаўленасць будзе тады, калі вучні будуць бачыць канкрэтны вынік сваёй працы. Можна было ім проста раздаць загатоўкі (кавалкі драўніны), дзе яны зрабілі б разметку шыпа і правушыны. Але гэта было б проста практыкаванне — рэпрадукцыйны від дзеяння. Такое практыкаванне можна прапана­ваць 2—3 разы, а далей будзе ўжо нецікава. Калі вучні працуюць над цэласным вырабам, разумеюць яго прымяненне ў сваёй бытавой дзейнасці, то ў іх зусім іншая матывацыя. А без высокай матывацыі мы не даб’ёмся неабходнага ўзроўню ведаў і ўменняў.

Канечне, часта вучням, асабліва пяцікласнікам, хочацца атры­маць маментальны вынік. На дадатковых занятках (гурток, факультатыў) прапанаваў ім зрабіць дынамічную цацку. Праз 2—3 заняткі кожны зрабіў такую цацку. Вочы гарэлі ва ўсіх. У 8-х класах вяду факультатыў па мастацкім тачэнні драўніны, дзе мы не толькі точым. Яго мэта — рэалізаваць творчую задуму вучня (у межах магчымасцей нашых майстэрань), таму робім макеты зброі ў натуральную велічыню, бранятэхнікі.

Вучні здзіўляюць не толькі сваім майстэрствам працы з драўнінай, але і веданнем гісторыі. Калі ім цікава, то і настаўніку таксама. Асноўная задача педагога — падказаць, калі вучань пачынае сумнявацца. На ўроку працоўнага навучання вельмі важна сачыць за тэхналагічным працэсам, інакш ёсць рызыка не атрымаць чаканага выніку, таму настаўнік павінен сачыць і дапамагаць. Я люблю, калі ў дзяцей добры настрой і яны могуць пажартаваць. Здараецца, канечне, усякае, але мы імкнёмся падтрымліваць адзін аднаго.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*