“Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”

Па такой тэме сёлета 1 верасня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны пройдзе першы ўрок. Яго асноўная задача — фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця гордасці за дасягненні нашай краіны за гады незалежнасці, выхаванне грамадзянскай адказнасці, ініцыятыўнасці і творчай актыўнасці. Змест урока грунтуецца на асэнсаванні паняцця “малая радзіма” і яе значэння ў жыцці кожнага чалавека, а таксама на прыкладах прафесійнай і грамадскай дзейнасці землякоў, іх укладу ў развіццё эканомікі, культуры, спорту, навукі Рэспублікі Беларусь. Свае метадычныя распрацоўкі першага ўрока даслалі нам нашы чытачы-настаўнікі. Прапануем вашай увазе фрагменты некаторых з іх.

Здзейсніць падарожжа па роднай зямлі запрашае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Іван Вікенцьевіч Калкоўскі. Для стварэння эмацыянальнага настрою ў пачатку ўрока гучыць песня групы PROвакацыя “Мая Беларусь”, настаўнік ці падрыхтаваны вучань чытае верш Я.Жабко “Да апошняй бярозкі”. Затым вучні адпраўляюцца ў падарожжа, робячы прыпынкі “Беларусь — еўрапейская дзяржава”,  “Подзвіг народа бессмяротны”, “Беларусь прамысловая”, “Беларусь мая сінявокая”, “Беларусь зялёная”, “Людзі зямлі беларускай”, “Гістарычная спадчына” і інш.

“Людзі зямлі беларускай”

Галоўнае багацце нашай краіны — ЛЮДЗІ! Яны праслаўляюць сваю зямлю, нясуць свету добрае імя беларусаў.

Ці задумваліся вы, які ён, беларус?.. Што гэта за народ? Беларус адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у кагосьці на вёсцы здараўся пажар — вёска талакой ішла красці панскі лес, калі не было свайго, за пару дзён ставілі пагарэльцу новую хату, дзяліліся з ім жытам… Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто палатно, хто гаршкі. Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых (Уладзімір Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”).

Лёс падарыў нам міралюбівы характар, далікатнае сэрца, шчырую душу, каласальную шчодрасць і гасціннасць.

Сёння мы не можам не ўспомніць нашых продкаў, якія праславілі нашу родную краіну. Нашы людзі заўсёды будуць памятаць імёны асветніцы Ефрасінні, першадрукара Францыска Скарыны і славутага паэта Сімяона Полацкага…

Але і сучасная Беларусь не стаіць на месцы. Беларусь заяўляе пра сябе на сусветнай арэне. Мы праводзім су­светныя спартыўныя мерапрыемствы, прымаем удзел у Алімпіядах. Таму не можам не ўспомніць нашых вялікіх спартсменаў Дар’ю Домрачаву, Вікторыю Азаранка, Максіма Мірнага, Уладзіслава Ганчарова, Алу Цупер, Надзею Скардзіна і інш.

“Гістарычная спадчына”

2018—2020 гады ў Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Годам малой радзімы. За гэты час мы павінны пазнаёміцца з багатай і загадкавай гісторыяй нашай краіны, кожны дзень адкрываць для сябе гаючыя крыніцы роднай мовы, народнай мудрасці, самабытнай культуры Беларусі.

Зямля патрэбна людзям, як і зямля для дрэва. А мова, літаратура, культура кожнай краіны — плён гістарычнага развіцця нацыі. Толькі на радзіме чалавек дыхае свабодна, адчувае падтрымку родных і блізкіх, можа карыстацца спадчынай продкаў.

Настаўнік можа прапанаваць вучням розныя заданні з прыказкамі і прымаўкамі:

— растлумачыць сэнс прапанаваных прыказак і прымавак;

— завяршыць прыказкі (вучням даецца толькі пачатак прыказкі, неабходна назваць апошняе слова);

— гульня “Знайдзі пару” (прыказкі і прымаўкі падзелены на часткі і раздаюцца вучням). Пасля таго як прыказка (прымаўка) складзена, вучням неабходна растлумачыць яе значэнне.

Няма смачнейшае вадзіцы, як з роднай крыніцы.

Усякай птушцы сваё гняздо міла.

Радзіма — матка, чужына — мачыха.

Роднаму зямелька, як зморанаму пасцелька.

Той Бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць.

Для сваёй Айчыны не шкадуюць сілы.

Той перамагае, хто ў бядзе са сваёй зямелькі не ўцякае.

Бацькоў не цурайся, а ад Радзімы не адракайся.

Класныя кіраўнікі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Ларыса Хомбак, Яўгенія Гудач падчас урока прапаноўваюць вучням прыняць удзел у віктарыне, прысвечанай нашаму цудоўнаму краю.

Першы тур — “Гісторыя роднага краю” (за правільны адказ даецца 1 бал).

1. У гэтым горадзе прапаведаваў Кірыла Тураўскі. (Тураў.)

2. Ён узначаліў паўстанне 1863 года ў Беларусі. (К.Каліноўскі.)

3. Якім быў дзяржаўны сцяг Беларусі ў 1994 годзе? (Бел-чырвона-белы.)

4. У гэты дзень святкуецца Дзень незалежнасці Беларусі. (3 ліпеня.)

5. Рэспубліканскі піянерскі лагер на возеры Нарач. (“Зубраня”.)

6. Мемарыял ахвярам вайны, размешчаны за 65 км на поўнач ад Мінска. (Хатынь.)

7. Лазар Богша вырабіў гэтую царкоўную каштоўнасць. (Крыж Ефрасінні Полацкай.)

8. Рэактыўная зброя, якая ўпершыню была прыменена ў 1941 годзе пад Оршай. (“Кацюша”.)

9. У гэтую міжнародную арганізацыю Беларусь уступіла ў 1945 годзе. (ААН.)

10. У якім годзе Беларусь цалкам вызвалілася ад фашыстаў? (1944.)

Другі тур — “Знакамітыя людзі” (з трох варыянтаў трэба выбраць адзін, за правільны адказ — 1 бал).

1. Гэты народны паэт напісаў паэму “Новая зямля”.

а) М.Багдановіч;

б) Я.Колас;

в) К.Крапіва.

2. Ён быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.

а) Т.Касцюшка;

б) Б.Радзівіл;

в) Л.Сапега.

3. Аўтар “Дзікага палявання караля Стаха” і “Евангелля ад Іуды”.

а) Я.Маўр;

б) К.Крапіва;

в) У.Караткевіч.

4. Трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Сочы (2014) у гонцы праследавання, індывідуальнай гонцы на 15 км, мас-старце (12,5 км), бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы (2010) у індывідуальнай гонцы на 15 км.

а) В.Азаранка;

б) Ю.Несцярэнка;

в) Д.Домрачава.

5. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую — у 1517 годзе.

а) Святая Ефрасіння;

б) Ф.Скарына;

в) В.Быкаў.

6. Якая полацкая князёўна спрабавала забіць свайго мужа — князя Уладзіміра.

а) Ефрасіння;

б) Соф’я;

в) Рагнеда.

7. Хто напісаў “Песню пра зубра”?

а) М.Гусоўскі;

б) В.Зуёнак;

в) Я.Лучына.

8. Сапраўднае прозвішча вядомага беларускага паэта Янкі Купалы.

а) Луцэвіч;

б) Неслухоўскі;

в) Лучына.

9. Паэт, класік беларускай байкі.

а) Я.Колас;

б) К.Крапіва;

в) І.Шамякін.

10. Хто напісаў “Альпійскую баладу”?

а) І.Шамякін;

б) В.Быкаў;

в) Я.Колас.

Трэці тур — “Замкі Беларусі” (неабходна прачытаць гісторыі Ружанскага, Навагрудскага, Мірскага, Лідскага зам­каў, Палаца Пуслоўскіх у Косаве, Старога і Новага замкаў у Гродне і суаднесці іх з фотаздымкамі, за правільны адказ — 1 бал).

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навіцкавіцкай сярэдняй школы Камянецкага раёна Юлія Юр’еўна Атрошчанка прапануе ўвазе педагогаў метадычную распрацоўку этапу актуалізацыі ведаў на першых уроках беларускай літаратуры ў 6—11 класах.

Паводле вучэбнай праграмы першыя ўрокі па беларускай літаратуры ў 6—11 класах прадугледжваюць узнаўленне ведаў, атрыманых за перыяд навучання ў папярэдніх класах. Этап актуалізацыі настаўніца прапануе арганізаваць у выглядзе інтэлектуальнага спаборніцтва “Свая гульня”.

Гульня ўключае чатыры тэмы: аўтары, іх творчасць, жанры твораў, героі вядомых твораў. Выбраўшы сектар “Аўтар”, вучні павінны назваць пісьменніка, якому належыць прапанаваны твор. У сектары “Творчасць” змешчаны адваротныя заданні: прапаноўваецца аўтар, а вучні ўспамінаюць яго творы. У раз­дзеле “Жанр” трэба вызначыць жанравую прыналежнасць твораў, а ў сектары “Герой” — пазнаць персанажа па апісанні.

Вучні дзеляцца на каманды. Капітаны па чарзе выбіраюц­ь сектар і нумар пытання. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае 2 балы, за няпоўны адказ —1 бал. Калі каманда не справілася з заданнем, то адказаць мае права іншая група вучняў. Перамагае тая каманда, якая набрала большую колькасць балаў.

11 КЛАС

Сектар “Аўтар”

Каму належыць твор?

1) Верш “На паўмільярдным кіламетры…” (Аркадзь Куляшоў);

2) п’еса “Хто смяецца апошнім” (Кандрат Крапіва);

3) апавяданне “Літоўскі хутарок” (Максім Гарэцкі);

4) верш “О Беларусь, мая шыпшына…” (Уладзімір Дубоўка);

5) раман “Людзі на балоце” (Іван Мележ).

Сектар “Творчасць”

Якія творы пісьменніка вы ведаеце?

1) Змітрок Бядуля (апавяданні “Бондар”, “На Каляды к сыну” і інш.);

2) Уладзімір Караткевіч (аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, раман “Каласы пад сярпом тваім”, нарыс “Зямля пад белымі крыламі” і інш.);

3) Пімен Панчанка (вершы “Краіна мая”, “Герой”, “Толькі лісцем рабін шалахні…”, “Родная мова”, “Крык сойкі”, “Той дзень прапаў і страчаны навекі…” і інш.);

4) Кузьма Чорны (апавяданне “Макаркавых Волька”, аповесць “Насцечка”);

5) Кандрат Крапіва (байкі “Дыпламаваны Баран”, “Махальнік Іваноў”, камедыя “Хто смяецца апошнім” і інш.).

Сектар “Жанр”

Вызначце жанр твора.

1) “Ворагі” Міхася Зарэцкага (апавяданне);

2) “Дыпламаваны Баран” Кандрата Крапівы (байка);

3) “А ты ідзі” Петруся Броўкі (верш);

4) “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка (п’еса);

5) “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча (раман).

Сектар “Герой”

Назавіце героя твора па яго апісанні.

1) Як тая рабіна, цвіла яна ў гэта лета. Кахала аднаго, а замуж пайшла за іншага. (Ганна Чарнушка, раман “Людзі на балоце” І.Мележа.)

2) “I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве”. (Пячнік, апавяданне “Memento mori” Я.Брыля.)

3) Майстар, вырабляў драўляны посуд. Быў замкнёным чалавекам, не меў зносін з суседзямі. (Даніла, апавяданне “Бондар” З.Бядулі.)

4) Ганарыўся сваім дыпломам, які зарабіў не галавой, а лбом. (Баран, байка “Дыпламаваны баран” К.Крапівы.)

5) Паніч, але гадаваўся ў сялянскай сям’і. Быў знаёмы з Кастусём Каліноўскім. (Алесь Загорскі, раман “Каласы пад сярпом тваім” У.Караткевіча.)

Настаўніца Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Таццяна Аляксееўна Ульянава прапануе правесці першы ўрок у 6 класе ў форме гульні-віктарыны. У ёй удзельнічаюц­ь дзве каманды. Пытанні віктарыны падзелены на 2 сектары па 4 пытанні ў кожным, за якія налічваецца ад 1 да 4 балаў. Каманды па чарзе выбіраюць пытанні, адказвае адзін чалавек з каманды. На абдумванне даецца 1 хвіліна. Калі каманда не дае правільнага адказу, то на пытанне можа адказаць другая каманда. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае фішку, на якой указаны кошт пытання. Дадаткова кожная каманда можа атрымаць 1 бал, калі раскажа пра чалавека, па­дзею, славутасць, пра якія ідзе размова ў адказе. А вызначыц­ь пераможцу дапамагае журы.

На класнай дошцы размяшчаецца гульнявое табло з раздзеламі “Гісторыя Віцебскага краю”, “Вядомыя вучоныя — ураджэнцы Віцебскай вобласці”, “Прырода Віцебшчыны”, “Тэхніка”. Пасля таго як даецца правільны адказ на пытанне, у адпаведную ячэйку прымацоўваецца карцінка-адказ.

Гісторыя Віцебскага краю  1  2  3  4  
Вядомыя вучоныя — ураджэнцы Віцебскай вобласці  1  2  3  4  
Прырода Віцебшчыны  1  2  3  4  
Тэхніка  1  2  3  4  

Пытанні гульні-віктарыны.

Раздзел “Гісторыя Віцебскага краю”

1. 974 год. Пра што вам гаворыць гэты год? (Год заснавання горада Віцебска.)

2. Гэты таленавіты чалавек пісаў вершы, займаўся графікай і ілюстраваннем выданняў, стварыў унікальныя мазаікі і фрэскі. Нарадзіўся ў 1887 годзе ў мястэчку Лёзна. Сусветную славу і прызнанне яму прынёс жывапіс — карціны “Прагулка”, “Палёт”, “Дзень нараджэння”, “Я і мая вёска”. Назавіце гэтага чалавека. (Марк Шагал.)

3. Вялікая Айчынная вайна паступова адыходзіць у мінулае, становіцца старонкамі ў падручніку гісторыі. Але чалавек да той пары чалавек, пакуль памятае. Таму мы зноў і зноў вяртаемся да падзей далёкіх ваенных гадоў і захоўвае­м памяць пра тых, хто прынёс свабоду беларускай зямлі. У Віцебску на плошчы Перамогі 30 чэрвеня 1974 года ў гонар 30-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў гонар 1000-годдзя заснавання горада быў адкрыты мемарыяль­ны комплекс “Тры штыкі”. А што яны сімвалізуюць? (Воінаў, партызан, падпольшчыкаў.)

4. Ён камандзір партызанскага атрада, арганізаванага ў чэрвені 1941 года з рабочых фабрыкі в.Пудаць, які дзейнічаў паміж Суражам і Усвятамі; з красавіка 1942 года — камандзір 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Партызаны арганізоўвалі засады ў кірунку Сураж — Усвяты — Веліж, у выніку якіх нямецкія акупанты аб’явілі раён дзейнасці атрада “зонай партызан” і беспаспяхова спрабавалі ліквідаваць яе. Назавіце партызанскі псеўданім гэтага чалавека. (Бацька Мінай.)

Раздзел “Вядомыя вучоныя — ураджэнцы Віцебскай вобласці”

1. Першая ў свеце жанчына — прафесар матэматыкі. З’яўляецца прадстаўніцай беларускага шляхецкага роду. Дзяцінства правяла ў маёнтку Палібіна Віцебскай губерні. Яе работы прысвечаны матэматычнаму аналізу, механіцы і астраноміі. (Соф’я Кавалеўская.)

2. Авіяканструктар, вынаходнік, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, аўтар паўсотні арыгінальных канструкцый самалётаў, больш за трыццаць з якіх былі пабудаваны і выпрабаваны. Нарадзіўся ў 1895 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Знакаміты самалёт “Су” — яго дзецішча. (Павел Сухі.)

3. Ёсць сярод нашых землякоў Нобелеўскі лаўрэат (званне прысвоена ў 2000 годзе). З яго вынаходкамі мы сутыкаемся кожны дзень. Работа кампакт-дыскаў і дыскаводаў сучасных камп’ютараў была б немагчымай без яго ўдзелу. Святлафоры, мабільныя тэлефоны, аўтамабільныя фары, абсталяванне ў супермаркетах — у іх выкарыстоўваюцца адкрыцці гэтага беларуса. Назавіце яго. (Жарэс Іванавіч Алфёраў.)

4. Ваенны інжынер арміі Вялікага Княства Літоўскага, нарадзіўся ў мястэчку Дуброўна Віцебскай вобласці. Тэарэтык артылерыі, аўтар кнігі “Вялікае майстэрства артылерыі” (1650), вынаходнік прататыпа шматступеньчатай ракеты. Па яго кнізе вучыліся Ньютан, Пётр I і Напалеон. Бацька рускай касманаўтыкі Цыялкоўскі рабіў спасылку на яго ў сваіх працах. Амерыканскае касмічнае агенцтва НАСА называе яго адным з заснавальнікаў усёй ракетнай тэхнікі. (Казімір Семяновіч.)

Капітаны каманд здаюць журы заробленыя фішкі. Журы падводзіць вынікі гульні-віктарыны і ўзнагароджвае пераможцаў.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Мастоў Гродзенскай вобласці Таццяна Мікалаеўна Навіцкая асноўнай задачай першага ўрока бачыць садзейнічанне фарміраванню ўяўлення аб гістарычнай і культурнай спадчыне малой радзімы — Мастоўшчыны — і ў адпаведнасці з гэтым будуе сваю распрацоўку. Прыём “Воблака слоў” дапамагае настаўніцы ўвесці малодшых школьнікаў у тэму. Вучні праглядваюць відэа “Адкуль пайшла назва горада Масты”, з дапамогай прыёму “Збяры пазл” даведваюцца, як выглядаюць сімвалы горада, малююць партрэт сучаснага мастаўчаніна, знаёмяцца з вуліцамі горада, якія носяць імёны вядомых людзей (тэхналогія “Асацыятыўны куст”, прыём “Алфавіт”), суадносяць прамысловыя прадпрыемствы з іх лагатыпам (тэхналогія “Мазаіка”), гуляюць у гульню “Пазнай памятнае месца горада”. У канцы ўрока дзеці вывешваюць сэрцайкі каля надпісу “Я люблю Масты” і працягваюць фразу “Мой горад Масты я…”.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства бараўлянскай сярэдняй школы № 3 Мінскага раёна Ала Уладзіміраўна Жыліч для 10—11 класаў прапануе ўрок у форме ролевай гульні “Тэлевiзiйны канал. МЫ — беларусы.ТV”. Тэматычны выпуск канала прысвечаны Беларусі — непаўторнаму азёрна-лясному краю. З галоўнымі навінамі прысутных знаёмяць вядучыя і карэспандэнты канала. Дызайнеры займаюцца эстэтычным афармленнем тэлевізійнага рэпартажу. Увазе прысутных яны прапаноўваюць прэзентацыі, падборку відэаролікаў, выставу. На мерапрыемства пажадана запрасіць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання, старшыню сельскага савета, ветэранаў працы, спартсменаў і іншых вядомых і знакамітых асоб.

Урок складаецца з трох блокаў: “Беларусь — мая гордасц­ь”, “Падзея года. Вялікай Перамозе — 75!”, “Міншчына — наша малая радзіма”.

Навучэнцы выступаюць з паведамленнямі па тэмах “Беларусь — міралюбівая краіна”, “Эканоміка Беларусі”, “Беларусь спартыўная”, “Ахова здароўя — прыярытэт дзяржаўнай палiтыкi”, “Адукацыя і культура”. Старшакласнікам прапануецца абмеркаваць наступныя пытанні: якім вы бачыце ўласны ўклад у росквіт сваёй краіны, што канкрэтна трэба рабіць, каб праявіць удзячнасць за мір, свабоднае і дастойнае жыццё? Вучні складаюць візітную картку Міншчыны (у выгля­дзе прэзентацыі “Ганаруся Міншчынай! Люблю Беларусь!”). Старшакласнікі прыходзяць да высновы, што зямля нашых бацькоў — гэта наша зямля, яна ў нашых руках, і толькі ад нас залежыць, якой яна будзе ў будучыні.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Метадычныя распрацоўкі ўрокаў.