Для арыентацыі на педпрафесію — новыя фарматы дзейнасці

У межах Міжнароднага навуковага сімпозіума “Бесперапынная педагагічная адукацыя — гарант будучыні” ў БДПУ імя Максіма Танка адбылася ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”. Яе мэта — абагульненне вопыту работы профільных класаў і груп педагагічнай накіраванасці ў Беларусі і за яе межамі, вызначэнне перспектыў педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук.

Навучэнцы педкласа Грэскай сярэдняй школы.

Мерапрыемства сабрала больш за 400 чалавек з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Украіны, Арменіі, Узбекістана, Кітая. У рамках канферэнцыі прайшла выстава дасягненняў педагагічных класаў школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кла­стара “Педагагічныя класы — 2019/2020”, дзе былі прадстаўлены лепшыя партфоліа, дыпломы, даследчыя, творчыя работы навучэнцаў і выпускнікоў педагагічных класаў, а таксама відэаматэрыялы, публікацыі, аўтарскія і калектыўныя метадычныя распрацоўкі педагогаў.

— Бясспрэчны факт, што поспех у навучанні і выхаванні залежыць найперш ад настаўніка. Які б складаны матэрыял не вывучаўся на ўроку, наладжваецца эмацыянальны кантакт настаўніка і вучня. Калі кантакту няма, вучні чакаюць званка і ім нецікава на ўроку. Можна з упэўненасцю сказаць, што настаўнік — цэнтр усёй адукацыйнай сістэмы. Ён з’яўляецца пасрэднікам паміж грамадствам і дзіцем у асваенні культуры, назапашанай чалавецтвам, — адзначыў, адкрываючы канферэнцыю, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Сёння вельмі важна, які абітурыент прыйдзе ў педагагічную УВА: выпадковы чалавек ці прафесійна сарыентаваны, які ведае аб усіх прывабных і негатыўных баках настаўніцкай працы.

Па словах А.Кадлубая, ключавая задача профільнага навучання педагагічнай накіраванасці — прыцягненне на педспецыяль­насці ва ўстановы вышэйшай адукацыі здольных, унутрана матываваных выпускнікоў школ, якія маюць добрыя поспехі ў вучобе, —  вырашаецца. Навучэнцы педкласаў — гэта асаблівая катэгорыя абітурыентаў, чый выбар прадуманы і ўсвядомлены. Асваенне зместу факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, педагагічныя спробы і ў цэлым спецыфіка навучання ў профільных класах дазваляе навучэнцам зрабіць усвядомлены выбар будучай спецыяльнасці і не стаць выпадковымі студэнтамі.

— Сёння мы абавязаны падрыхтаваць прафесійна арыентаваных, матываваных да набыцця педагагічных спецыяльнасцей ва УВА навучэнцаў, каб яны вярнуліся ў сістэму адукацыі. І важна даносіць на месцах, што гэта праца не імгненная і вынік яе немагчыма ацаніць на працягу года ці двух-трох гадоў. Вынікі мы ўбачым праз дзесяцігоддзі, калі цяперашнія студэнты педуніверсітэтаў прыйдуць ва ўстановы адукацыі, стануць класнымі кіраўнікамі і падрыхтуюць вучняў новых педкласаў, якія ў сваю чаргу паступяць на педспецыяльнасці. Тады замкнецца сістэма, тады мы будзем бачыць рост прэстыжу педагагічнай прафесіі, —  лічыць Аляксандр Кадлубай.

Як адзначыў рэктар БДПУ імя МаксімаТанка Аляксандр Жук, у Беларусі педагагічная прафілізацыя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца сістэмна і мэтанакіравана. Гэтая работа пачалася ў 2015 годзе, калі БДПУ выступіў з ініцыятывай увядзення профільнай педпадрыхтоўкі ў 10—11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ідэя арганізацыі педкласаў знайшла падтрымку на дзяржаўным узроўні.

Калі ў 2015 годзе ў краіне былі адкрыты 102 класы, у якіх вучылася больш за 1300 чалавек, то ў бягучым навучальным годзе працуюць 438 педагагічных класаў і груп, у якіх займаюцца 4036 старшакласнікаў. Іх раўнамернае размеркаванне па абласцях і ў сталіцы сведчыць пра тое, што ўпраўленні адукацыі і педкалектывы зацікаўлены ў гэтым профілі, бо гаворка ідзе пра якасць падрыхтоўкі педагогаў. Навучэнцы і іх бацькі таксама бачаць мэтазгоднасць і эфектыўнасць педпрафілізацыі. Сёлета першае месца па колькасці адкрытых педкласаў і груп займаюць Гродзенская і Мінская вобласці. На цяперашні момант адбылося ўжо тры выпускі педкласаў. Летась школу скончылі 2182 навучэнцы, з іх 630 атрымалі рэкамендацыі педсаветаў да паступлення на педспецыяльнасці без экзаменаў, гэта 30% усіх вучняў. Па рэгіёнах лічбы адрозніваюцца: на Брэстчыне і Гомельшчыне гэта звыш 40% выпускнікоў, у Мінску і на Віцебшчыне — менш за 20%.

— У цэлым мы лічым, што 30% — гэта добры паказчык, які сведчыць пра тое, што педсаветы ўстаноў адукацыі адказна падыходзяць да выдачы рэкамендацый выпускнікам педкласаў на падставе таго, як праявіў сябе вучань, наколькі высокі ўзровень яго падрыхтоўкі і наколькі ўстойлівая матывацыя на выбар педпрафесіі. На жаль, толькі 18% выпускнікоў устаноў адукацыі Мінска атрымалі гэтыя рэкамендацыі ў сітуацыі, калі ў горадзе адчуваецца недахоп настаўнікаў пачатковых класаў, педагогаў дашкольнай адукацыі. Відавочна, што сталіца рэалізоўвае далёка не ўвесь патэнцыял педкласаў, — лічыць Аляксандр Жук.

Вынікі сёлетняй прыёмнай кампаніі пацвярджаюць, што сістэма падрыхтоўкі педкласаў паспяхова працуе на фарміраванне ў старшакласнікаў усвядомленага прафесійнага выбару. Прыкладна 80% выпускнікоў педкласаў сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, 33% паступілі на педспе­цыяльнасці. У БДПУ імя МаксімаТанка па выніках субяседавання без экзаменаў залічана на 1 курс 132 чалавекі, яшчэ 62 не скарысталі льготы і паступалі па выніках ЦТ. Прычым у БДПУ ідуць моцныя абітурыенты, сярэдні бал атэстата выпускнікоў педкласаў не ніжэйшы за 8,5 бала.

Сёння відавочна, што выпускнікі педкласаў — асаблівая катэгорыя абітурыентаў і з імі варта працаваць па-асабліваму, бо яны маюць першасны вопыт педдзейнасці і ў іх іншая матывацыя. У гэтых абітурыентаў сфарміраваны і рэфлексіўныя навыкі. Яны ўмеюць прэзента­ваць сябе і сваё партфоліа, якое стваралі на працягу 2 гадоў навучання. У параўнанні з папярэднімі гадамі партфоліа сёлета адрозніваюцца сістэмнасцю, напоўненасцю, вялікім аб’ёмам і наяўнасцю ўсіх рэкамендаваных раздзелаў.

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Ірына Буторына паведаміла, што на факультэце традыцыйнымі сталі сустрэчы дэкана з выпускнікамі педкласаў. Найбольш эфектыўным сродкам навучання ў дзеянні з’яўляецца праектная дзейнасць, якая дазваляе будучаму педагогу павысіць унутраную матывацыю, навучыцца праца­ваць самастойна і ў камандзе, прагназаваць вынік і аналізаваць свае рашэнні па дасягненні агульнай мэты. Студэнты распрацоўваюць як лакальныя праекты, так і міждысцыплінарныя:  “Музейны ўрок” (распрацоўка ўрокаў і забаўляльных мерапрыемстваў на базе музеяў Мінска), “Музыка ў фарбах” (накіраваны на асваенне мастацкага спосабу пазнання свету і развіццё творчых здольнасцей  навучэнцаў), “Медыяадукацыя для дзяцей”, “Ад культуры чытання — да культуры асобы” (распрацоўка і правядзенне нестандартных урокаў пазакласнага чытання).

Паводле слоў А.Жука, станоўчых вынікаў удалося дасягнуць за кошт работы па навукова-метадычным забеспячэнні дзейнасці педагагічных класаў. Распрацаваны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, створаны вучэбна-метадычны комплекс, які ўключае ў сябе дапаможнік, дзённік самадыягностыкі для вучняў, дапаможнік-атлас, рабочыя сшыткі “Пазнай самога сябе” і “Я ў педагагічнай прафесіі”. Распрацаваны і праходзіць працэдуру грыфавання рабочы сшытак для 10 класа. Навучэнцы могуць выкарыстоўваць і мультымедыйныя вучэбныя трэнажоры для педагагічных модуляў пра­грамы факультатыўных заняткаў, якія таксама распрацаваны ў БДПУ. Яны могуць выкарыстоўвацца як на вучэбных занятках пры суправаджэнні настаўніка, так і для самастойнай работы навучэнцаў.

Разуменне таго, што работу па прыцягненні ў педкласы найбольш матываваных і здольных навучэнцаў неабходна пачынаць як мага раней, на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прывяло да ідэі стварэння эксперыментальнага праекта, які прызваны садзейні­чаць арыентацыі школьнікаў у педагагічную прафесію, пачынаючы з 5 класа. Дадзены праект прайшоў апрабацыю. З верасня гэтага года на 16 інавацыйных пляцоўках стартаваў праект, мэтай якога з’яўляецца стварэнне ў школе развіццёвага адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае фарміраванню ў вучняў 5—9 класаў гатоўнасці да ўсвядомленага выбару педагагічнага профілю ў старшых (10—11) класах.

У Беларусі вялікая работа праводзіцца па арганізацыйна-метадычнай падтрымцы і аказанні адраснай падтрымкі педагогам, якія працуюць у педагагічных класах. Для іх арганізоўваюцца круглыя сталы, семінары, вэбінары, распрацаваны адукацыйныя пра­грамы павышэння кваліфікацыі. Напрыклад, у лютым 2019 года рэалізоўвалася чарговая адукацыйная праграма “Тэорыя і практыка дзейнасці педагагічных класаў”.

Расійскія педагогі падзяліліся вопытам работы па арганізацыі педкласаў. У нацыянальным праекце “Адукацыя” вылучаны федэральны праект “Білет у будучыню”, які нацэлены на прафарыентацыю будучых педкадраў.

Аб пілотным сацыяльна-педагагічным праекце па ўзаемадзеянні школы, дзе дзейнічаюць педагагічныя класы, і Дзяржаўнага гуманітарна-тэхналагічнага ўніверсітэта (Расія) расказала дырэктар сярэдняй школы № 11 Электрасталі Марына Азарава. Адбор у 10 педклас адбываецца на конкурснай аснове. Дзеці здаюць уступныя экзамены па матэматыцы і рускай мове, сума чатырох прадметаў па АДЭ павінна быць не меншай за 16 з 20. Акрамя таго, кожны навучэнец праходзіць дыягнастычнае тэсціраванне ў галіне самавызначэння інтарэсаў. Дзякуючы адукацыйным стандартам, на рэалізацыю праекта накіравана 5 гадзін пазаўрочнай дзейнасці і гадзіна індывідуальнага праекта. Кожны ты­дзень вучні наведваюць прадметныя школы ва ўніверсітэце, для іх ладзяцца ўніверсітэцкія суботы, канферэнцыі і семінары. Раз у два тыдні ў школу прыязджае прафесарска-выкладчыцкі склад, які займаецца псіхалагічнымі трэнінгамі, інтэрактыўнай педагогікай, спецкурсамі па ўвядзенні ў прафесію. Сапраўднай іскрынкай з’яўляецца педагагічная практыка, якая праводзіцца штотыдзень у межах рэалізацыі стандарту: за кожным дзіцем замацоўваецца цьютар-настаўнік і дзеці робяць прафесійныя спробы. Летняя практыка — школа важатых — арганізоўваецца ў прышкольных ці загарадных лагерах, установах дадатковай адукацыі. Навучэнцы прымаюць удзел у валанцёрскім руху. У кожнага старшакласніка ёсць заліковая кніжка, дзённік аб праходжанні практыкі, дзе запісваюцца розныя даныя, парады, рэкамендацыі. Вынікам такой работы стала тое, што 61% выпуснікоў педкласаў сталі студэнтамі УВА.

Сёлета канферэнцыя праводзілася ў новым фармаце. Акрамя традыцыйных дакладаў, на ёй былі прадстаўлены бінарныя даклады, працавалі восем тэматычных дыскусійных пляцовак для вучоных і практыкаў, колеравыя пляцоўкі для навучэнцаў і студэнтаў, выпускнікоў педкласаў. Так, на адной з іх мадэратарам выступіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры настаўнік-метадыст гімназіі № 5 Віцебска Галіна Сухава. Разам з ёй вучні абмеркавалі актуальныя пытанні педагагічнай практыкі, прыйшлі да высновы, што настаўнікі растуць там, дзе яны бачаць праблему, імкнуцца вырашыць яе, нягледзячы на пралікі і перашкоды, гатовы да нечаканых паваротаў, разумеюць, што гэта прафесійныя рызыкі.

Работу канферэнцыі прадоўжыла серыя майстар-класаў ад лепшых педагогаў краіны і замежжа, інавацыйна працуючых педкласаў, дзе былі прадстаўлены найбольш эфектыўныя формы і метады профільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Каманда педагагічных класаў сярэдняй школы № 11 Электрасталі (Расія) прадэманстравала незвычайныя формы правядзення прафесійных спроб, звязаных з прымяненнем 3d-мадэлявання ў пазаўрочнай дзейнасці пачатковай школы. Равеснікі з расійскай школы выступілі ў якасці цьютараў для навучэнцаў педагагічных класаў беларускіх школ у працэсе распрацоўкі электроннага педагагічнага партфоліа.

Педагог-псіхолаг гімназіі № 174 Мінска Аксана Ананіч правяла майстар-клас “Педагагічныя спробы: магчымыя і паспяховыя”, які прадугледжваў вызначэнне асноўных аспектаў, мэт, задач, функцый дзейнасці педагога, распрацоўку інтэлект-карты “Варыяцыі педагагічных спроб” і дэманстрацыю крытэрыяў ацэнкі і самаацэнкі якасці выканання заданняў. Падчас майстар-класа настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 126 Мінска Ангеліны Васільковай быў прадэманстраваны фрагмент факультатыўных заняткаў па тэме “Рэфлексіўныя здольнасці”, педагогам прадстаўлены эфектыўныя прыёмы вывучэння асноўных паняццяў тэмы.


Канферэнцыя паказала, што ў галіне педагагічнай прафілізацыі праведзена вялікая арганізацыйная і навукова-метадычная работа. Становіцца актуальным пытанне выкарыстання ўсіх існуючых рэсурсаў. На думку А.Жука, у далейшым у межах пашырэння супрацоўніцтва школ, дзе адкрыты педкласы, з УВА прапаноўваецца рэгулярна праводзіць акцыі “Студэнт на адзін дзень”, падчас якіх школьнікі могуць азнаёміцца з умовамі і спецыфікай навучання ва ўніверсітэце, арганізоўваць інтэрактыўныя пляцоўкі, конкурсы, кірмашы педспецыяльнасцей у межах дзён адкрытых дзвярэй універсітэта, пашырыць практыку ўдзелу навучэнцаў педкласаў у навукова-адукацыйных мерапрыемствах, студэнцкіх конкурсах, алімпіядах, семінарах, а таксама арганізоўваць работу валанцёрскіх атрадаў для правядзення заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў у школах і дзіцячых садках. Усё гэта будзе садзейнічаць прапедэўтычнаму пагружэнню навучэнцаў у студэнцкае асяроддзе, упэўненасці ў правільнасці іх прафесійнага выбару. Важным з’яўляецца інфармаванне школьнікаў аб прафарыентацыйных рэсурсах аддаленага доступу і прафарыентацыйных парталах, а таксама бацькоўскай грамадскасці аб мэтах, задачах і магчымасцях профільнай падрыхтоўкі педнакіраванасці. Неабходна таксама сфарміраваць у адкрытым доступе банк інавацыйнага вопыту работы педагогаў педкласаў з іх метадычнымі распрацоўкамі, відэаматэрыяламі, вучэбнымі фільмамі і інш. Значным рэсурсам з’яўляецца выкарыстанне новых фарматаў работы з навучэнцамі па іх арыентацыі на педпрафесію, якія падабаюцца моладзі, напрыклад, арганізацыя конкурсу сачыненняў “Калі б я быў настаўнікам”, конкурсу відэаролікаў “Настаўнік будучыні”, конкурсу фотаздымкаў “Нясумныя будні настаўніка” і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.