Кампетэнтнасны падыход на інфарматыцы

Развіццё кампетэнтнасці — працэс, які не перапыняецца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Немалаважную ролю ў гэтым працэсе займае інфарматыка як навука і вучэбны прадмет, таму што кампетэнтнасці, якія фарміруюцца на ўроках інфарматыкі, могуць быць перанесены на вывучэнне іншых прадметаў з мэтай стварэння цэласнай інфармацыйнай прасторы ведаў навучэнцаў.

На першых уроках вывучэння інфарматыкі праграмай не прадугледжана адпрацоўка практычных навыкаў. Аднак навучэнцы, якія ўпершыню апынуліся ў кабінеце інфарматыкі, хочуць хутчэй сесці за камп’ютар. Даць ім такую магчымасць можна пры вывучэнні тэмы “Інфармацыя”. Пры гэтым яшчэ і развіваючы інфармацыйную кампетэнцыю ў час разгадвання крыжаванкі пра віды інфармацыі. Існуе вялікая колькасць праграм, якія дазваляюць складаць крыжаванкі. Мне найбольш зручным здаецца дадатак з сістэмы кіравання курсамі Moodle.

Тэма “Апрацоўка графічнай інфармацыі” дазваляе развіваць творчую кампетэнцыю. Робячы простыя дзеянні з інструментамі графічнага рэдактара, навучэнцы не толькі развіваюць творчыя здольнасці, але і фарміруюць кампетэнцыі па выкананні тыпавых задач апрацоўкі графічнай інфармацыі. На першых уроках вывучэння гэтай тэмы для асваення прыёмаў работы з інструментамі графічнага рэдактара прапаную навучэнцам размаляваць карцінкі (інструмент “Заліўка”), прайсці лабірынты (інструмент “Аловак”), злучыць кропкі і атрымаць карцінку (інструмент “Лінія. Гумка”), знайсці адрозненні (інструмент “Авал”). Гатовыя карцінкі для такіх заданняў няцяжка пада­браць у сусветнай павуціне.

 Кожны навучэнец мае, з аднаго боку, індывідуальнае рабочае месца, а з другога — доступ да агульных рэсурсаў; адказы ля дошкі практыкуюцца значна радзей, чым на іншых уроках, затое больш вітаюцца адказы з месца; нават візуальны кантакт паміж навучэнцамі і настаўнікам будуецца крыху інакш, чым на іншых уроках. Гэта стварае асаблівыя ўмовы для развіцця камунікатыўных кампетэнтнасцей.

Гульнявыя тэхналогіі забяспечваюць фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці, здольнасці да вырашэння праблемных сітуацый, праз больш шырокі спектр меркаванняў. Гульня дазваляе фарміраваць нараўне з гульнявымі рэальныя раўнапраўныя партнёрскія адносіны супрацоўніцтва, якія забяспечваюць магчымасць пазітыўнага асобаснага развіцця. На першых уроках вывучэння новай тэмы навучэнцам трэба засвоіць многа новых тэрмінаў. Зрабіць гэта дазваляе любімая многімі школьнікамі гульня “Хто я?”. Назваў у гэтай гульні многа: “стыкер”, “кракадзіл”, “Аладзін”. Сутнасць яе ў наступным: аднаму з гульцоў наклейваюць на лоб паперку з напісаным на ёй тэрмінам. Пасля гэтага гулец, у якога на лбе стыкер, павінен угадаць, што гэта за слова, задаючы пры гэтым пытанні, на якія астатнія гульцы адказваюць толькі “так” ці “не”. Такім чынам, каб угадаць слова, трэба ведаць азначэнне.

Вучэбны прадмет “Інфарматыка” вызначае высокая матывацыя навучэнцаў. Таму няцяжка развіваць кампетэнцыі прымянення ІКТ для вырашэння шырокага спектра вучэбных задач.

Пра плюсы і мінусы камп’ю­тарнага тэсціравання для праверкі ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу можна гаварыць многа. Тэсціраванне з дапамогай камп’ю­тара — гэта развіццё сацыяльных кампетэнцый (якія спатрэбяцца, скажам, пры здачы экзамену ў ДАІ). Навыкі, якія набываюцца пры камп’ютарным тэсціраванні, спатрэбяцца ў будучыні, напрыклад, пры атрыманні дыстанцыйнай адукацыі, якая ў сучасным грамадстве займае ўсё больш значнае месца. Наша школа ўдзельнічае ў праекце дыстанцыйнай адукацыі вучэбнага цэнтра БДУ “Крок у будучыню”
(http://step.exam.by/).

Для любога чалавека важна належна аформіць вынік сваёй дзейнасці, прадставіць яго на сучасным узроўні. У кожнай школе ёсць навучэнцы, якія з задавальненнем возьмуцца за такую работу, як распрацоўка буклетаў, візітак, інфармацыйных лістовак, календароў з актуальнай інфармацыяй.

Мы пакуль толькі пачынаем. Да 1 верасня нашы навучэнцы атрымалі расклад урокаў з дызайнам, распрацаваным спецыяльна для нашай школы. Старшакласнікам падарылі даведнік з інфармацыяй пра тое, чым можна заняцца моладзі ў вольны час. Падрыхтавана і надрукавана візітка школы. І гэта развіццё не толькі вучэбна-пазнавальнай, але і творчай кампетэнцыі.

Такім чынам, ­кампетэнтнас-­
ны падыход робіць галоўным ­удзель­нікам адукацыйнага працэсу менавіта навучэнца з яго індывідуальнымі мэтамі і задачамі. Гэта дазваляе накіраваць работу настаўніка на ўключэнне навучэнца ў актыўную і ўсвядомленую дзей­насць, на развіццё інфармацыйных, камунікатыўных, вучэбна-пазнавальных кампетэнцый.

Рэалізоўваючы ідэю кампетэнтнаснага падыходу, мы рыхтуем чалавека да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве, дабіваючыся лепшых вынікаў у адукацыйным працэсе.

Алена ПАШКЕВІЧ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 10 Барысава Мінскай вобласці.

Comments are closed.