Клубу “Крыштальны журавель” споўнілася 10!

Дзесяць гадоў “жураўлі” няспынна і нястомна кружаць у небе педагагічнай супольнасці нашай краіны. 55 разоў яны “прызямляліся” ў самых розных школах і раёнах. І вось першы сур’ёзны юбілей. Дзеля ўшанавання клубаўцаў госці сабраліся ў актавай зале Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Першымі на сцэну падымаюцца, як іх пяшчотна называюць “жураўлі”, тата і мама — начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Іван Фёдараў і ганаровы член клуба Ірына Багачова. Іван Віктаравіч з Ірынай Віктараўнай гэтак жа пяшчотна ўспамінаюць, як усё пачыналася, як яны радаваліся першым удачам, разам вырашалі праблемы. Кожны член клуба адметны, і за 10 гадоў кожны з іх займеў не толькі прафесійнае партфоліа, але і мноства цікавых і смешных гісторый.

На жаль, літаральна напярэдадні юбілею пайшла з жыцця актыўная клубаўка, выдатны педагог і проста добры чалавек Віталіна Папковіч. Але “жураўлі” заўсёды разам, і ў горы і ў радасці. Пра духоўную еднасць клуба гаварылі многія. Яна не толькі аб’ядноўвае, яна натхняе на далейшую творчасць.

У дзень юбілею словы захаплення і падзякі за шматгадовую плённую дзейнасць, папулярызацыю конкурсу “Настаўнік года”, распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту гучалі ад рэктара Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэя Манастырнага, прарэктара старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства” Галіны Нікалаенка. І Андрэй Пятровіч, і Галіна Іванаўна адзначылі, што клуб “Крыштальны журавель” апраўдаў усе надзеі і з’яўляецца ўзорным прафесійным грамадскім аб’яднаннем. Актыўныя члены клуба атрымалі ўзнагароды педагагічнага таварыства.

Прагучалі віншаванні ад асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, асацыяцыі дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, клуба маладых настаўнікаў “Будучыня”, загадчыкаў раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, прадстаўнікоў раённых вучэбна-метадычных кабінетаў.

Падзяку клубу ўручыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў: “Паважаныя калегі! Мы з вамі калегі і па журналісцкім пяры, бо вы паўнапраўныя члены нашага рэдакцыйнага калектыву. Прыміце шчырыя віншаванні і падзяку за інфармацыйную падтрымку, вашы метадычныя распрацоўкі і цвёрдую веру ў высокі прэстыж педагагічнай прафесіі”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*