Пазнавальная цікавасць — праз візуалізацыю

Настаўніцай Святлана Уладзіміраўна Здаранкова стала найперш дзякуючы сваім бацькам, якія змаглі разгледзець патрэбны патэнцыял. Але ж усвядомленае жаданне быць настаўніцай прыйшло да яе ва ўніверсітэце, калі на першай педагагічнай практыцы ў сярэдняй школе № 30 Мінска пазнаёмілася з яркім і захопленым педагогам кіраўніком практыкі Ганнай Георгіеўнай Ясковіч. Тады Святлана Уладзіміраўна ўсвядоміла, што хоча быць менавіта педагогам, што вучыць дзяцей фізіцы — адказная і захапляльная справа.

Яна зразумела, што педагог — гэта чалавек, які ўвесь час удасканальваецца, не стаіць на месцы, бо імкнецца, каб яго вучні пастаянна развіваліся. І Святлана Уладзіміраўна не стаіць на месцы: яна стала фіналістам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017”, увайшла ў клуб “Крыштальны журавель”, распрацавала ўласную сістэму выкладання і займела свой педагагічны почырк. Сёння яна — паспяховая настаўніца фізікі сярэдняй школы № 9 Бабруйска, і менавіта яе мы запрасілі падзяліцца сваім бачаннем выкладання фізікі сучасным дзецям.

— Святлана Уладзіміраўна, чаму вы некалі выбралі фізіку?

— Ведаеце, у нашым жыцці фізіка ва ўсім без выключэння. Фізіка — навука аб прыро­дзе. Менавіта з гэтай тэмы ўрока мае вучні пачынаюць вывучэнне фізікі. Дзякуючы развіццю навукі фізікі, адбываецца развіццё тэхнікі. Работу розных прыбораў, гаджэтаў, сродкаў перамяшчэння можна апісаць законамі фізікі. Акрамя таго, менавіта на фізіцы мы вучым дзяцей метадам навуковага пазнання, вучым даследаваць і спазнаваць.

— Ці змяніўся за гады работы ваш стыль выкладання? Што цяпер ляжыць у аснове вашых педагагічных прынцыпаў?

— Вядома, з гадамі мяняецца стыль выкладання любога настаўніка, бо з кожным годам мы становімся больш вопытнымі, развіваем сябе і бачым вырашэнне педагагічных праблем і задач пад рознымі вугламі. Сёння ў мяне педагагічны працэс выбудаваны ў адпаведнасці з наступнымі прынцыпамі: асобаснага мэтапакладання навучэнца, выбару індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, прынцыпу прадукцыйнасці навучання, адукацыйнай рэфлексіі, праектавання дзейнасці па фарміраванні кампетэнцый, увядзення ў адукацыйны працэс кампетэнтнасна арыентаваных заданняў, крытэрыяльнасці і прыярытэту самаацэнкі.

— Зыходзячы з вашага вопыту, які ўрок можна лічыць эфектыўным?

— Эфектыўны ўрок, на мой погляд, гэта ўрок выніковы. Паставіўшы задачу на такім уроку, вучань бачыць, як ён яе дасягае. Разумее вынікі сваёй дзейнасці, патрабаванні, якія да яго прад’яўляюцца, знаёмы з крытэрыямі выканання заданняў. Пасля заканчэння ўрока вучань павінен мець магчымасць выбару дамашняга задання ў адпаведнасці з вынікамі ўласнай вучэбнай дзейнасці.

— Святлана Уладзіміраўна,  да якіх форм урока вы часцей за ўсё звяртаецеся і чаму? Ці ёсць у вас любімыя метадычныя прыёмы?

— Пры навучанні фізіцы немагчыма абыс­ці­ся без даследчага метаду, бо ён спрыяе твор­ча­му пошуку і прымяненню ведаў, забяспечвае ава­лоданне метадамі навуковага пазнання ў працэсе дзейнасці па іх пошуку: усведамленне праблемы, вызначэнне мэты даследавання, фармулёўка гіпотэзы і пабудова мадэлі, вызначэнне методыкі даследавання, яго правядзення, фіксацыя, апрацоўка і інтэрпрэтацыя вынікаў, фармулёўка высноў. Гэты метад спрыяе фарміраванню ў вучняў уменняў, неабходных для самастойнага мэтапакладання, праектавання і планавання вынікаў вучэбнай дзейнасці, аналізу і рэфлексіі. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці па развіцці экперыментальна-даследчых кампетэнцый вучняў з’яўляюцца як выкананне індывідуальных, лабараторных, франтальных і дамашніх даследаванняў, так і рашэнне эксперыментальных задач на ўроках і факультатыўных занятках.

У якасці асноўнага сродку арганізацыі даследчай работы выступае сістэма даследчых заданняў. У 2012 годзе для суправаджэння дамашніх даследаванняў навучэнцаў быў распрацаваны вучэбны адукацыйны рэсурс для пачынаючых даследчыкаў (5—7 клас) “Сябры і фізічны праект”, пры дапамозе якога вучні вучацца ствараць праекты. Рэсурс уключае ў сябе ўрокі, тэсты, гульні, даследчыя заданні, прыклады даследаванняў і накіраваны на ўключэнне вучняў у праектную і даследчую дзейнасць. Безумоўным плюсам з’яўляецца пашырэнне кругагляду школьнікаў, авалоданне ўменнямі і навыкамі, неабходнымі і ў вучобе, і ў жыцці.

Пры арганізацыі дамашняга эксперымента прапаную навучэнцам, выкарыстоўваючы ўласныя мабільныя прылады, рашаць эксперыментальныя задачы, праводзіць міні-даследаванні. Для выканання такіх заданняў яны выкарыстоўваюць дадаткі-вымяральнікі, работа якіх магчымая дзякуючы наяўнасці ў мабільным устройстве рознага роду датчыкаў (акселерометр, гіраскоп, магнітаметр, датчык набліжэння, датчык жэстаў, датчык асветленасці, барометр, тэрмометр, датчык Хола, сканер адбіткаў пальцаў, дазіметр і г.д.).

Пры вывучэнні тэмы “Магнітнае поле” ў 8 класе прапаную навучэнцам ацаніць работу дадаткаў компасаў (SmartTools, Compass). Вызначаючы стораны свету, палажэнні прадметаў па азімуце, паказанні компаса ў магнітным полі паласавых і дугападобных магнітаў, навучэнцы параўноўваюць паказанні лабараторнага прыбора і дадаткаў вымяральнікаў, робяць высновы аб хібнасці работы дадатку.

Пры рашэнні эксперыментальных задач і выкананні лабараторных работ з нахіленай плоскасцю неабходна вызначаць вугал нахілу, мяняць яго розным чынам. Пры правядзенні ўрокаў выкарыстоўваем дадатак Leveler, які дазваляе вызначыць нахіл паверхні, на якой знаходзіцца мабільная прылада. Вялікую цікавасць вучні праяўляюць да заданняў, звязаных з ацэнкай хібнасці работы розных дадаткаў-вымяральнікаў. Для замацавання вывучанага матэрыялу прапаную з дапамогай мабільных прылад правесці віртуальныя эксперыменты. Для такіх заданняў выкарыстоўваю матэрыялы віртуальнай лабараторыі і інтэрактыўныя сімулятары ўніверсітэта Каларада (праекта PhET).

У 2017 годзе прайшла курс дыстанцыйнага навучання “Актыўная ацэнка”. Цяпер на ўроках прымяняю элементы гэтай тэхналогіі. Для навучэнцаў і бацькоў распрацавала “Дзённік навучэнца па стратэгіі актыўнай ацэнкі”. У дзённіку ёсць правілы вядзення, сімвалы і абазначэнні, старонкі для кожнага ўрока. Старонка для работы на ўроку ўключае тэму ўрока, дату, пытанні для самаацэнкі работы на ўроку і выканання дамашняга задання, каментарыі настаўніка па рабоце на ўроку і па выкананні дамашніх заданняў, каментарыі бацькоў, узаемаацэнку.

Раздзел узаемаацэнкі размешчаны на адваротным баку ліста з каментарыямі настаўніка, аднаго з бацькоў і самаацэнкай уладальніка, што дазваляе, на мой погляд, павысіць аб’ектыўнасць і справядлівасць узаемаацэнкі, захаваць атмасферу адкрытага супрацоўніцтва паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

У дзённіку прапанаваны пытанні самаацэнкі:

· Наколькі мэты, пастаўленыя ў пачатку ўрока, былі мне зразумелыя і блізкія?

· Што я зрабіў для таго, каб дасягнуць пастаўленых мэт?

· Разумеючы фізічны сэнс паняццяў, я вырашыў… выказаў… вызначыў… разлічваў… даведаўся… зрабіў выснову… .

· Для мяне пакуль цяжка … .

Пытанні для самаацэнкі па дамашнім заданні:

· працуючы над дамашнім заданнем, я даведаўся…

· пераадолеў цяжкасці ў разуменні…

· вырашыў…

· выканаў творчае заданне наступнага зместу….

У канцы дзённіка размешчаны НаШтоБуЗУ (крытэрыі) для розных відаў дзейнасці. Напрыклад, для складання канспекта, выканання дамашняга эксперымента, выканання франтальнага эксперымента, рашэння і афармлення задачы.

— Не магу не спытаць і пра ролю самаадукацыі настаўніка: як вы да яе ставіцеся? Гэта стымулюе настаўніка ці прыгнятае пэўнымі рамкамі?

— Па-мойму, самаадукацыя — гэта неабходны і важны складнік дзейнасці педагога. Настаўнік бачыць пэўную праблему, звязаную з уласнай педагагічнай дзейнасцю, і разумее, што для яе вырашэння неабходны новыя навыкі і веды. Сёння ёсць мноства платных і бясплатных, вочных і дыстанцыйных курсаў. Акрамя таго, у сетцы інтэрнэт можна знайсці запісы розных вэбінараў. У летні перыяд праводзяцца аўтарскія курсы і метадычныя летнікі, на якія можна рэгістравацца анлайн любому настаўніку.

У прыватнасці, я з асаблівай цеплынёй успамінаю метадычны летнік у вёсцы Альхоўка Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Штогод Мікалай Іванавіч Запрудскі праводзіць там аўтарскія курсы. Мне пашчасціла пабываць тройчы ў гэтым дзіўным месцы. Прымаю ўдзел у фестывалі педагагічнага майстэрства “Творчыя канікулы”, арганізаваным метадыстамі аддзела фізіка-матэматычных і прыродазнаўчых дысцыплін Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Яўгеніяй Валер’еўнай Лазарэнка і Людмілай Алегаўнай Машкоўскай. Акрамя таго, у нашай краіне арганізуюцца педагагічныя фестывалі розных фарматаў. У мінулым годзе стала ўдзельніцай першай канферэнцыі для настаўнікаў у фармаце EdCamp. Асаблівасцю гэтага фармату з’яўляецца тое, што ўдзельнікі анансуюць свае ідэі, затым праводзіцца галасаванне і арганізуюцца майстар-класы па тэмах, якія выбіраюць самі ўдзельнікі.

Тры гады ўдзельнічаю ў калядным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праходзіць у АПА. У гэтым годзе мне пашчасціла правесці практычныя заняткі “Прымяненне сэрвісаў візуалізацыі інфармацыі на ўроках фізікі і астраноміі як сродку актывізацыі пазнавальнай актыўнасці вучняў”. На такіх мерапрыемствах знаёмішся з творчымі людзьмі, развіваеш свой педагагічны патэнцыял, ставіш перад сабой новыя мэты. Такім чынам, у настаўніка мноства магчымасцей для самаадукацыі. Удзел у канферэнцыях, педагагічных чытаннях і метадычных конкурсах, а таксама прымяненне атрыманых ведаў, тэхналогій, прыёмаў ва ўласнай дзейнасці, вядома ж, стымулюе развіццё настаўніка.

—  Ваш майстар-клас на калядным фестывалі прайшоў паспяхова. Было бачна, што ваша тэма актуальная.

—  Так, бо сёння, каб быць на адной хвалі з дзецьмі, трэба развіваць свае карыстальніцкія навыкі ў кірунку інфарматызацыі. А сэрвісаў візуалізацыі інфармацыі дастаткова. Работу з імі ўмоўна можна падзяліць на два складнікі: настаўнік працуе з сэрвісам і складае заданне на аснове атрыманага прадукту і вучань працуе ў сэрвісе, каб прадставіць вынік выканання задання.

Прывяду некалькі прыкладаў. Выберыце з воблака назвы: а) рэчываў; б) фізічных цел; в) фізічных велічынь; г) фізічных з’яў.

Назавіце нябесныя аб’екты, якія паказаны на гэтым калажы. (Глядзі калаж).

Заданні другога тыпу:

1. Пазнаёмцеся з вучэбным дапаможнікам. Якія асноўныя паняцці вы будзеце ведаць да заканчэння першай чвэрці, года? Складзіце воблака слоў з гэтых паняццяў.

2. Стварыце воблака слоў з прыставак для ўтварэння дзесятковых кратных і дольных велічынь. Паспрабуйце адлюстраваць ступень дзесяці ў памеры.

Калаж.

3. Складзіце рэбус пра вучонага або па­дзею, выкарыстоўваючы воблака слоў.

Прыклад выканання задання 2:

На калядным фестывалі педагагічнага майстэрства правяла практычныя заняткі “Прымяненне сэрвісаў візуалізацыі інфармацыі на ўроках фізікі і астраноміі як сродкаў актывізацыі пазнавальнай актыўнасці вучняў”. Удзельнікі, выкарыстоўваючы сэрвіс AnswerGarden (https://answergarden.ch), “вырасцілі” сад адказаў на пытанне “Якія сэрвісы візуалізацыі інфармацыі вам знаёмы?”

У Google-прэзентацыі ўдзельнікі прадставілі вынікі работы груп. Прывяду некалькі прыкладаў заданняў, створаных удзельнікамі практычных заняткаў.

1. З воблака слоў скласці азначэнне механічнага руху.

3. Прааналізуйце фотакалаж. Назавіце віды электрастанцый і растлумачце, чаму яны размешчаны менавіта такім чынам.

— Напаследак хачу папрасіць вас паразважаць на тэму настаўніцкага прызвання і сучасных патрабаванняў да гэтай няпростай прафесіі. На ваш погляд, якім павінен быць цяперашні настаўнік, каб адпавядаць і часу, і вучнёўскім запытам?

— У цяперашні час настаўніку ўсё складаней падтрымліваць цікавасць да навукі, расце колькасць вучняў, якія маюць цяжкасці ў вывучэнні прадмета “Фізіка”. З іншага боку, грамадству неабходны спецыялісты, гатовыя вучыцца самастойна на працягу ўсёй сваёй прафесійнай дзейнасці. Значыць, перад педагогамі стаіць задача падрыхтаваць выпускніка, які ўмее вучыцца сам. Для вырашэння такой супярэчнасці, на мой погляд, неабходна ў першую чаргу развіваць пазнавальную цікавасць навучэнцаў. Пазакласная дзейнасць дазваляе выкарыстоўваць шырокі спектр займальных і пазнавальных заданняў, цікавых навучэнцам з розным узроўнем вучэбнай матывацыі. Арганізоўваючы правядзенне прадметных і тэматычных тыдняў, факультатыўных заняткаў, турніраў па інтэлектуальных гульнях, работы па даследчай дзейнасці навучэнцаў, педагог фарміруе і падтрымлівае цікавасць не толькі да вучэбнага прадмета, але і да навучання ў цэлым.

Сучасны педагог павінен валодаць сваім прадметам у дасканаласці, валодаць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, пастаянна развіваць сябе, бо нашы вучні мяняюцца, кожнае новае пакаленне дзяцей патрабуе карэкцыі ў стылі выкладання. Настаўнік ужо даўно перастаў быць адзінай крыніцай інфармацыі, таму неабходна развіваць і медыяпісьменнасць вучняў, і крытычнае мысленне. Інакш нашы дзеці бу­дуць давяраць любой інфармацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.