Складаем казкі з падказкай

Выступленне выхавальніцы ясляў-сада № 84 Мінска Ірыны Аляксандраўны Фунцікавай на Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года — 2017” запомнілася многім. Надзвычай ярка яна прадставіла сябе на сцэне. Апранула белы халацік з мноствам кішэнь, у якіх знаходзіліся пэўныя прыёмы і метады выхавання: лялька або цікавая развіццёвая гульня, каб адцягнуць увагу дзіцяці, якое плача, чароўная лыжка, якая дапаможа накарміць самага пераборлівага малыша, і г.д. Якую “пілюлю” прымяняць у кожны канкрэтны момант, педагогу падказвае не толькі педагагічны вопыт, але і мацярынскае сэрца — Ірына Аляксандраўна выхоўвае сваіх траіх дзяцей. У эфектыўнасці выхаваўчай работы педагога мы змаглі ўпэўніцца, наведаўшы яе заняткі па тэме “Вясновыя казкі”.

Ірына Аляксандраўна актыўна развівае слоўную творчасць выхаванцаў згодна з адукацыйнай праграмай дашкольнай адукацыі, працуе з імі над складаннем апавяданняў і казак, дае заданні накшталт “Прыдумай заканчэнне твора”, “Складзі загадку з дапамогай схем-мадэлей”.

Педагог запрасіла мяне на заняткі па развіцці маўлення (адукацыйны раздзел “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”) з выкарыстаннем метаду нагляднага мадэлявання, падчас якіх малышы 5—6 гадоў (старшая група) дэманстравалі здольнасці да творчага расказу і складання казак.


Пры правядзенні гэтых заняткаў Ірына Аляксандраўна вырашала вучэбныя задачы: па актывізацыі ў маўленні розных часцін мовы, па замацоўванні ўмення граматычна правільна змяняць часціны мовы, дапасоўваць іх, па складаннні казак з апорай на схемы. Выхавальніца была зацікаўлена ў вырашэнні развіццёвых задач: па ўменні дзяцей працаваць з умоўнымі намеснікамі персанажаў казак, па актывізацыі ўяўлення і слоўнай творчасці. Памятае Ірына Аляксандраўна і пра выхаваўчыя задачы: яе вучні бяруць прыклад з лепшых герояў казак і твораў, у іх фарміруецца цікавасць да складання казак і ўменне слухаць сябра, які вядзе свой казачны аповед.

…На сталах у дзяцей знаходзіўся матэрыял, які Ірына Аляксандраўна падрыхтавала загадзя: мадэль-схема для складання казкі; чыстыя лісты з рамкамі (для складання схемы казкі); умоўныя намеснікі казачных персанажаў для кожнага выхаванца; фламастары. Дзецям былі добра знаёмы гэтыя матэрыялы, педагог ужо праводзіла падобныя тэматычныя практыкаванні і гульні, расказвала дзецям казкі.


У пачатку заняткаў Ірына Аляксандраўна сабрала дзяцей у круг, усе разам зручна размясціліся на дыване. Некаторыя малышы папрасіліся сесці побач з педагогам. Яна пацікавілася настроем дзяцей і ўзгадала: “Памятаеце, аднойчы мы з вамі вандравалі па лесе і трапілі ў казачную краіну? Што там здарылася? Жыхары лесу не далічыліся старонак у кнізе казак і папрасілі нас з вамі дапоўніць яе новымі казачнымі гісторыямі і персанажамі. Сёння я прапаноўваю вам адправіцца ў незвычайнае падарожжа. Для гэтага заплюшчым вочы і скажам: “Цілі-цілі-цілі-мес, адкрывайся, казачны вясновы лес!” Дзеці вымавілі чароўныя словы, расплюшчылі вочы і пачулі, як шумяць дрэвы.

“Бачыце, як праступае зялёная траўка? А што гэта на дрэве? — выхавальнік звярнула ўвагу дзяцей на пісьмо. — Гэта жыхары лесу напісалі нам: “Тэрмінова, тэрмінова дапамажыце! Адшукайце казкі для кнігі!” Затым педагог звярнула ўвагу выхаванцаў на кнігу, у якой не хапала старонак. Усе разам вырашылі дапамагчы жыхарам лесу — прыдумаць і скласці вясновыя казкі.


“Якія словы падбяром для нашых казак? — спытала выхавальніца. — Мы можам расказаць пра прыкметы вясны або пра прыроду, якая абуджаецца, ці нават прыдумаем цікавы сюжэт: мішка ў бярлозе, нягледзячы на першыя яркія прамяні сонца, яшчэ не прачнуўся. Давайце падумаем, што павінна быць у нашай казцы спачатку”.

Ірына Аляксандраўна прадэманстравала на картцы спецыяльны значок, які ўказваў, што ў казцы павінна быць назва. Дзеці выканалі практыкаванне “Хто ў казцы жыве?”, мэта якога — вызначыць герояў казачных твораў. Яны сталі ў круг і перадалі адно аднаму скрынку са схемамі-падказкамі — умоўнымі намеснікамі персанажаў казак, пры гэтым назвалі персанажаў сваіх будучых твораў і месца, дзе будзе адбываецца дзеянне казак. Такім чынам яны актывізавалі ў маўленні назоўнікі і вызначылі ролі ўмоўных намеснікаў персанажаў. Выхавальніца нагадала малышам аб неабходнасці выкарыстоўваць у сваіх аповедах вясновыя словы. З вуснаў дзяцей гучалі наступныя: “кветка на праталінцы”, “шарык над праталінкай”, “вясновая прынцэса”, “мядзведзь у бярлозе”, “вясновая русалачка”, “коцік згубіўся ў лесе”, “вавёрачка скача па дрэвах” і г.д.


Падчас гульні “Скажы які?” выхавальніца дэманстравала схему, затым прапанавала дзецям стаць у шырокі круг. Кожны малыш павінен быў зрабіць крок або скачок у цэнтр і даць характарыстыку персанажу казкі. У якасці падказкі выкарыстоўвалася адпаведная мадэль. Ірына Аляксандраўна прывяла прыклад: “Вавёрачка рыжанькая, маленькая, з доўгім хвастом, вясёлая”. Мэтай гульні з’яўлялася актывізацыя ў маўленні прыметнікаў, якія характарызуюць персанажаў казкі.

Крыху паскакалі малышы і прыселі ў кружок. Ірына Аляксандраўна перадала ім званочак для выканання задання “Што рабіць, што здарылася?”. Цяпер выхаванцы, перадаючы адно аднаму званочак, павінны былі расказваць, што іх персанажы будуць рабіць у казцы, у цэнтры якіх падзей апынуцца. Задача гэтага практыкавання — удасканаліць у маўленні дзеясловы і замацаваць уменне правільна змяняць розныя часціны мовы і дапасоўваць.


Наступны этап заняткаў — дынамічная паўза “Казка дасць нам адпачыць”, падчас якой дзеці выконвалі рухі, якія апісаны ў вершы. Выхавальнік зачытала радкі: “Сказка даст нам отдохнуть. // Отдохнем — и снова в путь! // Нам советует Мальвина: // “Станет талия осиной, // Если будем наклоняться // Влево-вправо десять раз. // Вот Дюймовочки слова: // “Чтоб была спина пряма, // Поднимайтесь на носочки, // Словно тянетесь к цветочкам. // Раз, два, три, четыре, пять, // Повторите-ка опять: // Раз, два, три, четыре, пять”. // Красной Шапочки совет: // “Если будешь прыгать, бегать, // Проживешь ты много лет”. // Раз, два, три, четыре, пять. // Повторите-ка опять: // “Раз, два, три, четыре, пять”. // Дала сказка отдохнуть! // Отдохнули? Снова в путь!”

Затым дзеці селі за стол і выканалі практыкаванне “Складзі схему і прыдумай казку”. Ірына Аляксандраўна паклікала да сябе Машу і папрасіла дапамагчы прымацаваць на дошцы схемы: у рамачку чырвонага колеру размясціць пачатак твора, у рамачку шэрага колеру — яго асноўны змест, у сінюю рамачку — заканчэнне. Малышы атрымалі заданне на працягу трох хвілін прыдумаць казку і скласці адпаведныя схемы, выкарыстоўваючы прапанаваныя ўмоўныя намеснікі. Калі схем-падказак раптам не хопіць, дзецям рэкамендавалі намаляваць іх самастойна.


Нарэшце, казкі ўсе прыдумалі, выхаванцы прыступілі да іх аповеду па самастойна складзеных схемах. Гэты этап заняткаў называўся “Казка з падказкай”. Яго задачы — развіваць слоўную творчасць і выхоўваць уменне слухаць сябра. Вось якая немудрагелістая гісторыя атрымалася ў Машы.

“Мая казка пра мышку, маленькага слоніка і яго маму, — сказала дзяўчынка. — Слонік быў ружовы, таму што з’еў шмат ласункаў. Ён пайшоў у вясновы лес на праталінку і згубіўся. Яго ўбачыла мышка і паказала дарогу да мамы. Мама дала яму лекі”. У Тамары — свая казка: “Аднойчы ў вясновым лесе пасяліліся людзі. Дзяўчынка пайшла гу-ляць па лесе. Раптам насустрач ёй — вавёрачка, якая сказала ёй: “Чаго ты ходзіш тут, сярод лесу?” — “У мяне тут недалёка дом, я проста гуляю, — адказала дзяўчынка. — А што ты робіш, вавёрачка?” — “Я збіраю арэшкі”, — сказала тая і паскакала. Пасля вавёрачка зноў сустрэла тую ж дзяўчынку. Толькі дзяўчынка ўжо збірала кветкі, а вавёрачка — шышкі. У гэтай жа дзяўчынкі была сустрэча і з чорным катом, а пасля яна пабегла дадому”.


Кожны з малышоў цягнуў руку, бо вельмі хацеў расказаць выхавальніку сваю казку. Але час няўмольна бег, заняткі набліжаліся да завяршэння. Ірына Аляксандраўна прапанавала дзецям папрацаваць у парах, расказаць адно аднаму свае прыдуманыя гісторыі.

“Жыхары лесу ўзрадуюцца нашым творам, лісты са схемамі казак мы пакладзём у кнігу казак, — падкрэсліла Ірына Аляксандраўна. — У будучыні мы падорым ім свае творы. А зараз пакінем кнігу казак каля дрэва і вернемся ў дзіцячы сад. Зноў заплюшчым вочы і скажам: “Казачны лес, дзверы зачыняй. У дзіцячы сад нас адпускай!” Вось мы зноў у групе”.

У апошнія хвіліны заняткаў усе ўзяліся за рукі і зноў сталі ў круг. Ірына Аляксандраўна пацікавілася ў дзяцей, ці спадабалася ім падарожжа? Што было самым цікавым? Што было самым складаным? Што — самым лёгкім? Яна папрасіла дзяцей не прыбіраць складзеныя імі схемы, каб іх можна было сфатаграфаваць, а пасля раздрукаваць. З адваротнага боку прымацаваць тэкст дзіцячай казкі так, каб казку можна было перачытаць і паказаць бацькам.

* * *

“Галоўнае, чаго я чакала ад дзяцей на сённяшніх занятках, каб яны прадэманстравалі ўменне складаць уласныя апавяданні або казкі. У большай ступені выхаванцы з гэтым справіліся, — падкрэсліла Ірына Аляксандраўна. — Малышы прыдумалі сюжэты для вясновых казак, прадэманстравалі эмацыянальныя і разгорнутыя апісанні вясны, хтосьці ўспомніў прыкметы гэтай пары года. Хаця і не ўсе дзеці перанеслі гэтыя апісанні ў свае казкі. Мяне парадавала, што яны ўжывалі не толькі простыя сказы, але актыўна выкарыстоўвалі прыметнікі і дзеясловы. Не ўсе дзеці прытрымліваліся таго сюжэта і тых характарыстык, якія планавалі загадзя, многае яны дадумвалі. Схемы нагляднага мадэлявання я прапанавала для таго, каб малышы маглі бачыць паслядоўнасць падзей у сваіх казках: кружкі, квадраты, трохвугольнікі, дрэвы — усё гэта сімвалы, за якімі схаваны сюжэтныя хады. Для сваіх казак выхаванцы выбіралі не заўсёды станоўчых персанажаў, былі сярод іх і адмоўныя героі. Мы з імі неаднойчы абмяркоўвалі, што ўсе казкі заканчваюцца дабром, але персанажы ў іх могуць быць розныя. Нашы выхаванцы, дарэчы, ведаюць шмат казак, хтосьці ўжо ўмее і сам чытаць. Гэтаму спрыяюць дадатковыя заняткі па падрыхтоўцы да школы, якія праводзяцца ва ўстанове. Да таго ж малышы ўдзельнічаюць у тэатралізаваных пастаноўках (драматызацыях казак). Перад сном і перад кожным прыёмам ежы, як правіла, чытаю ім творы ўголас.


Падчас заняткаў сёння час ад часу мы з дзецьмі ўладкоўваліся на дыване ў круг, — заўважыла Ірына Аляксандраўна. — У нас гэта амаль штодзённы рытуал, і выконваецца ён згодна з методыкай Марыі Мантэсоры. Наш круг бывае дынамічным — для правядзення фізкульхвілінкі, дыдактычным — калі дзеці дзеляцца ўражаннямі аб нечым новым, пра што даведаліся на занятках і што іх зацікавіла, аб тым, што іх узрадавала, аб сваіх поспехах”.

* * *

Па першай адукацыі Ірына Аляксандраўна Фунцікава — настаўнік пачатковых класаў, скончыла Барысаўскі педагагічны каледж. Працавала ў школе нядоўга. Нарадзілася дачка, і з сям’ёй яна пераехала ў Мінск, дзе ўладкавалася ў дзіцячы сад, спачатку — памочнікам выхавальніка, а пасля — выхавальнікам.

“Прыйшла да малышоў і зразумела, што мне не хапае спецыяльнай падрыхтоўкі, — расказала Ірына Аляксандраўна. — Дзеці да мяне цягнуліся, а я дзейнічала інтуітыўна, не ведала, як правільна арганізаваць работу. Адчула сябе больш упэўнена ў прафесіі, калі скончыла факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. У дзіцячым садзе працую ўжо 10 гадоў”.


Прыняць удзел у конкурсе “Настаўнік года” Ірыне Аляксандраўне Фунцікавай прапанавалі калегі, якія заўважылі яе дапытлівасць і жаданне ўдасканальвацца. На конкурсе Ірына Аляксандраўна выступіла з вопытам па фарміраванні цікавасці выхаванцаў 4—5 гадоў да беларускай мовы праз выкарыстанне развіццёвых гульняў па матывах беларускіх казак, якія яна сама распрацоўвае. Акрамя таго, у рабоце з дзецьмі педагог выкарыстоўвае методыку Мантэсоры і ІКТ. У класічнай педагогіцы Мантэсоры для дзяцей 3—6 гадоў вылучаюць пэўныя зоны развіцця: практычнага жыцця, работы з сенсорнымі матэрыяламі, роднай мовай, матэматыкі, фарміравання ўяўленняў аб навакольным свеце. Кожная зона ўключае свой набор матэрыялаў для работы. Па магчымасці іх набываюць або вырабляюць сваімі рукамі.

“Дзеці здольны зрабіць жыццё педагога разнастайным і цікавым, унесці ў яго непаўторную ноту сваёй непасрэднасцю і эмацыянальнасцю, сваімі дапытлівымі пытаннямі і дзіўнымі ўчынкамі, — разважае Ірына Аляксандраўна. — Бывае, яны акружаць цябе і шчабечуць наперабой: “Сёння я прачытала…”, “Учора я бачыла…”, “Мама мне расказвала…”. Або задаюць нечаканыя пытанні, а ты адказваеш загадкава, з хітрынкай: “Давай мы аб гэтым падумаем, а заўтра кожны з нас раскажа, якія думкі прыйшлі яму ў галаву па гэтых пытаннях”. Не трэба абмяжоўваць дзяцей, падпарадкоўваць стандартным шаблонам, даваць гатовыя парады. Мне ўзгадваецца гумарыстычная замалёўка, на якой настаўнік з квадратнай галавой нажніцамі падразае галаву вучню, каб у таго таксама атрымаўся квадрат, маўляў, думай як я. Мне падабаюцца жвавыя непасрэдныя дзеці, нават хуліганістыя, галоўнае, каб яны маглі выказаць сваё “Я”, мелі ўласны погляд на праблему. На маіх занятках вы ўбачыце менавіта такіх дзяцей — зацікаўленых і свабодных.

Сітуацыі часам бываюць нечаканыя. Аднойчы я прыйшла ў групу да дзяцей, якія ўпершыню мяне бачылі. Адна дзяўчынка плакала і не хацела займацца. Я прапанавала згуляць з ёй у хованкі. Толькі хавалі мы часткі цела: вочы, вушы, рукі. Прайшло 1,5—2 хвіліны — і ў дзяўчынкі зазіхацелі вочы. Да таго ж я прапанавала ёй стаць маёй памочніцай, чаму малышка вельмі ўзрадавалася. На занятках яна была звышактыўнай, слёз як не было. Педагогу трэба ўмець у любой сітуацыі дасягаць эфекту “вау!”, прапанаваць дзіцяці новую гульню, расказаць цікавае, усталяваць блізкі, даверлівы кантакт вочы ў вочы, спытаць, што хвалюе, узяць за руку, абняць.

Жаданне развівацца, пазнаваць новае і дзяліцца цікавым выратоўвае мяне ад суму і прафесійнага выгарання. Кожныя новыя адукацыйныя курсы для педагогаў-дашкольнікаў як глыток свежага паветра для мяне, яшчэ адна магчымасць заняцца актыўнай творчай дзейнасцю. Я атрымліваю задавальненне ад сваёй работы, асабліва калі бачу зіхатлівыя вочы малышоў, іх усмешкі, калі чую “Я цябе люблю і нікуды ад цябе не пайду”, “Цёця, калі ты зноў да нас прыйдзеш?”. Адчуваю і ўдзячнасць бацькоў за тое, што іх дзеці з радасцю бягуць у сад, дзе атрымліваюць паўнацэннае развіццё. Калі прыходзіць час забіраць дзяцей дадому, часта ў нашым гардэробе збіраецца натоўп бацькоў, якія чакаюць, пакуль іх малышы нагуляюцца, скончаць маляваць або прыдумваць сваю новую казку. І гэта дарагога варта”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*