Як павысіць вучэбную матывацыю

Інтэрактыўныя тэхналогіі актыўна ўваходзяць у наша жыццё. Яны дапамагаюць кожнаму чалавеку максімальна раскрыць свой творчы патэнцыял, стаць больш паспяховым у навучанні і рабоце і проста зрабіць свет вакол сябе ярчэйшым.

Урок паспяховы тады, калі настаўніку ўдаецца зацікавіць і ўтрымліваць увагу ўсіх вучняў на працягу ўсяго ўрока. У гэтым плане інтэрактыўная дошка (далей — ІД) — вялікая памочніца. Яна не перастае здзіўляць сваімі магчымасцямі. Актыўнае выкарыстанне ІД дазваляе забяспечыць пераход да якасна новага ўзроўню педагагічнай дзейнасці, значна павялічваючы яе дыдактычныя, інфармацыйныя, метадычныя і тэхналагічныя магчымасці. Пры правільным размяшчэнні, удалым колеравым афармленні, выкарыстанні схем і табліц, галасавым суправаджэнні матэрыял будзе ўспрымацца лягчэй і хутчэй, таму што будзе задзейнічана больш відаў памяці. Выкарыстанне традыцыйных форм работы дазволіць перыядычна пераключаць увагу вучняў. ІД, незалежна ад таго, для якіх мэт, на якім этапе яна прымяняецца, з’яўляецца інструментам візуальнага прадстаўлення даных, гэта значыць рэалізоўвае адзін з галоўных прынцыпаў — нагляднасць.

Канструяванне інтэрактыўнага ўрока ў праграме Smart Notebook — тэма, якая набывае ўсё большую папуляр­насць. Інтэрактыўная дошка на ўроку даказала сваю значнасць. Такіх прылад становіцца ўсё больш.

Smart Notebook дазваляе вырабляць свайго роду прэзентацыю да ўрока, якая складаецца з асобных старонак (слайдаў), што мяняюць адна адну ў адвольным парадку. У адрозненне ад звычайнай прэзентацыі, кожная старонка праграмы ў працэсе ўрока інтэрактыўная, з ёй могуць працаваць настаўнік і вучні, мяняючы яе змест, уносячы любы тэкст, перамяшчаючы, выдаляючы і дабаўляючы розныя аб’екты з дапамогай набору прадстаўленых інструментаў. І ўсё гэта непасрэдна ля дошкі! Проста трэба прывыкнуць да думкі, што калі вы, працуючы ў праграме за камп’ютарам, усе дзеянні выконваеце мышкай, то на дошцы тыя ж дзеянні робяць, выкарыстоўваючы (у залежнасці ад мадэлі дошкі) або спецыяльныя маркеры, або ўвогуле любы прадмет, які не драпае дошку.

Перад настаўнікам, які хоча ўключыць у практыку сваёй работы выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі, стаяць паслядоўна наступныя задачы: навучыцца (тэхнічна) працаваць у асяроддзі Smart Notebook; асвоіць практычныя прыёмы работы непасрэдна з дошкай; метадычна правільна прымяніць атрыманыя ўменні і навыкі пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрока ці іншага мерапрыемства.

На жаль, эфектыўнасць выкарыстання інтэрактыўнай дошкі на ўроках часта зводзіцца да нуля. Не ведаючы, як разабрацца з праграмай Smart Notebook, некаторыя настаўнікі выкарыстоўваюць інтэрактыўную дошку як экран для праектара. Іншыя выкарыстоўваюць яе замест звычайнай вучэбнай дошкі з крэйдай, наносячы надпісы і малюнкі на паверхні інтэрактыўнай дошкі спецыяльным маркерам ці проста пальцам. Аднак самыя цікавыя магчымасці праграмы Smart Notebook — гэта інтэрактыўныя элементы бібліятэкі праграмы. Яны нясуць у сабе вялікія магчымасці па пабудове інтэрактыўных вучэбных матэрыялаў для выкарыстання на інтэрактыўнай дошцы ў час урока. Для гэтага ў калекцыі інтэрактыўных сродкаў настаўніка LAT 2.0 (Lesson Activity Toolkit) вельмі многа інтэрактыўных шаблонаў і інструментаў, створаных з выкарыстаннем тэхналогіі Flash. Тут шаблоны для анаграм, сартавання па катэгорыях, для выбару правільнага варыянта з прапанаваных і г.д.

Разгледзім магчымасці прымянення інтэрактыўнай калекцыі Lesson Activity Toolkit 2.0 на ўроках англійскай мовы.

1. Сартаванне віхроў (тэкст). Выбіраем інтэрактыўны шаблон, перасоўваем на слайд, бачым два віхры. Задаём кожнаму віхру назву, упісваем словы. Атрымліваем практыкаванне на адпрацоўку Past Simple\Past Continuous.

 2. Выбар выявы. Выбіраем інтэрактыўны шаблон, перасоўваем на слайд, націскаем праўку. Тут мы можам выбраць колькасць выяў, зрабіць подпісы да іх. Вынік: практыкаванне на адпрацоўку лексічных адзінак.

 3. Мазаіка. Выбіраем інтэрактыўны шаблон, перасоўваем на слайд. Можна выбраць колер, колькасць аб’ектаў, зрабіць подпісы, дабавіць гук. Вынік: практыкаванне на ўвядзенне лексічных адзінак.

4. Складанне сказаў. Выконваем аналагічныя дзеянні. Упісваем словы ў такім парадку, у якім яны павінны быць у сказе. Вынік: практыкаванне на адпрацоўку The Present Perfect.

Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі робіць адукацыйны працэс больш захапляючым, ён прыносіць вучням са­праўднае задавальненне, а яны ў сваю чаргу пачынаюць удзяляць навучанню больш увагі. Дзіця перажывае станоўчыя эмоцыі: пачуццё дасягнення поспеху і гордасці за сябе, здольнага кіраваць вялікім экранам. Ён адчувае рост свайго статусу, пачынае працаваць больш творча і становіцца больш упэўненым у сабе. Інтэрактыўная дошка заахвочвае ўдзел дзяцей ва ўроку і канцэнтруе іх увагу мноствам разнастайных спосабаў. Так забяспечваецца эмацыянальная ўцягненасць усяго класа ў адукацыйны працэс.

Таццяна КАЖАРСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Лепеля Віцебскай вобласці.