Як урок пачнеш, так яго і правядзеш

Як вядома, чалавека сустракаюць па адзенні. А ці задумваліся вы, як фарміруецца першае ўражанне ад праведзенага ўрока? На мой погляд, яно залежыць менавіта ад пачатку ўрока.

Выбар форм і метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў пачатку ўрока, залежыць ад многіх фактараў: асаблівасцей і ўзроўню падрыхтоўкі дзяцей, спецыфікі прадмета, складанасці тэмы, магчымасцей і тэхнічнага забеспячэння кабінета, а таксама майстэрства настаўніка.

Прааналізаваўшы праведзеныя ўрокі, прыйшла да высновы, што больш цікавымі яны атрымліваюцца тады, калі загадзя прадуманы разнастайныя метадычныя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў пачатку заняткаў.

Сёння я падзялюся тымі прыёмамі, якія асабліва прыцягваюць увагу маіх вучняў на ўроках геаграфіі.

Уключыць школьнікаў у актыўную дзейнасць дапамагае прымяненне метадычнага прыёму “нестандартны ўваход ва ўрок”. На занятках выкарыстоўваю супрацьлеглыя факты, якія складана абгрунтаваць на аснове ўжо набытых ведаў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Клімат і кліматаўтваральныя фактары” ў 6 класе ўрок пачынаю наступным чынам: “Вандроўнік з Беларусі высадзіўся на Скандынаўскім паўвостраве і ўбачыў на паўднёвай яго частцы хвойныя лясы. Затым ён пабываў на востраве Грэнландыя, які ляжыць у тых жа шыротах, аднак быў уражаны тым, што большая частка вострава пакрыта льдом. Аб якіх кліматаўтваральных фактарах трэба ведаць вандроўніку з Беларусі, каб знайсці прычыны разнастайнасці прыроды падчас яго падарожжа?” Вучні могуць спрагназаваць свой адказ, запісаць яго, а пасля праверыць. Такі метадычны прыём садзейнічае фарміраванню ўмення вызначаць супрацьлегласці, развіццю навыкаў навукова-даследчай дзейнасці на ўроку.

Цікавым з’яўляецца таксама прыём “адтэрмінаваная адгадка”, накіраваны на актывізацыю творчай дзейнасці вучняў на ўроку. Так, у пачатку заняткаў прапаноўваю дзецям паслухаць загадку, адгадку да якой можна будзе знайсці падчас работы над новым матэрыялам. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Віцебская вобласць” у 10 класе на ўроку пытаюся: “Чаму Віцебскую вобласць называюць сінявокай беднай прыгажуняй з вялікімі магчымасцямі?” Прымяненне такога метадычнага прыёму садзейнічае фарміраванню ўменняў аналізаваць, параўноўваць, рабіць адпаведныя высновы. Прапаноўваю вучням па жаданні самім складаць загадкі аб абласцях Беларусі, аб галінах прамысловасці і г.д. Пры гэтым бачу, што многія вучні зацікаўлены, творча падыходзяць да выканання заданняў.

Каб зрабіць урок разнастайным, у 8 класе пры вывучэнні тэмы “Паўднёвая Амерыка. Прыродныя зоны” выкарыстоўваю метадычны прыём “асацыятыўны рад”. Так, пры рабоце з паняццямі (гілея, мангры, льянас, компас, пампа) прапаноўваю паглядзець на фотаздымкі, малюнкі, выказванні вандроўнікаў, якія размешчаны на дошцы каля кожнага паняцця, а затым выпісаць у слупок словы — асацыяцыі да адпаведнага паняцця. Калі рад атрымліваецца дакладным, даю вучням заданне самім скласці новы геаграфічны тэрмін, выкарыстаўшы запісаныя імі словы, затым выслухаць адно аднаго і параўнаць паняцці са слоўнікам.

На мой погляд, цікавым з’яўляецца і метадычны прыём “неаб’яўленая тэма”. Ён універсальны і накіраваны на павышэнне матывацыі вучняў. Напрыклад, у 10 класе на пачатку ўрока тэму на дошцы не запісваю. Спачатку паведамляю вучням, што тэрыторыя Беларусі характарызуецца вялікай ландшафтнай разнастайнасцю. Для захавання ландшафтаў у найлепшым стане ствараюцца заказнікі, запаведнікі, нацыянальныя паркі, помнікі прыроды. Затым школьнікі адказваюць на пытанне: “Як адным словам можна назваць прадстаўленыя тэрыторыі?” Навучэнцы самі называюць тэму ўрока і запісваюць яе ў сшытак.

Метадычны прыём “згодзен — не згодзен” выкарыстоўваю для актывізацыі мыслення вучняў, павышэння цікавасці да вывучаемай тэмы. Так, на пачатку ўрока геаграфіі ў 8 класе прапаноўваю вучням паслухаць наступную цытату: “Ісландыя — востраў ільду і полымя”. Затым старшакласнікі дзеляцца сваімі меркаваннямі наконт выказвання, а напрыканцы ўрока яны могуць удакладніць правільнасць сваіх думак.

Падабаецца школьнікам і метадычны прыём “здзіўляй!”. На пачатку ўрока прыводзяцца факты, якія могуць здзівіць вучняў. Такі прыём выкарыстоўваю на ўроку геграфіі ў 9 класе па тэме “Японія”. Вучням прапаноўваецца пазнаць краіну па апісанні: “Тэрыторыя гэтай краіны ўяўляе сабой архіпелаг, які складаецца з 4000 астравоў. Тут больш чым за 1500 вулканічных конусаў. З іх 108 дзеючых вулканаў. Штогод фіксуецца больш за 1 тысячу землетрасенняў. Горы займаюць 95% тэрыторыі краіны. Сустрэць узыход сонца на вяршыні Фудзіямы — святы абавязак кожнага жыхара Краіны ўзыходзячага сонца”. Затым вучні запісваюць у сшытак факты аб Японіі, а таксама дапаўняюць характарыстыку краіны на працягу ўрока сваімі выказваннямі з выкарыстаннем падручніка, атласа і дадатковай літаратуры.

Такім чынам, выкарыстанне розных метадычных прыёмаў на пачатку ўрока стварае ўмовы для хуткага ўключэння школьнікаў у вучэбную дзейнасць, робіць урок запамінальным. Упэўнена, што кожны настаўнік зможа знайсці свой эфектыўны метадычны прыём, які будзе садзейнічаць павышэнню матывацыі навучэнцаў і развіццю іх творчых здольнасцей.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*