Як з урока нямецкай мовы перанесціся ў далёкую Германію?

У настаўніцы замежных моў сярэдняй школы № 2 Жодзіна Мінскай вобласці Алены Уладзіміраўны Пузына склаўся свой асаблівы падыход да выкладання. У кабінеце нямецкай мовы яна імкнецца стварыць ні многа ні мала маленькую Германію. Ёй важна, каб дзеці адчувалі каларыт краіны, мова якой вывучаецца, і непасрэдную сувязь з ёй, каб з цікавасцю атрымлівалі новыя веды і актыўна прымянялі іх на практыцы.

Абудзіць цікавасць і ініцыятыву вучняў

У самой Алены Уладзіміраўны любоў да замежных моў была з дзяцінства. Калі ў школе ў сярэдніх класах пачалі выкладаць нямецкую, яна хутка стала любімым прадметам і вызначыла далейшы лёс. У студэнцкія гады ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава прыйшло ўсведамленне: замежныя мовы патрэбны не толькі для зносін, яны яшчэ і вельмі пашыраюць кругагляд, дапамагаюць лепш разумець навакольны свет, жыць больш насычана і цікава — словам, даюць многа добрых магчымасцей і перспектыў.

У 2011 годзе Алена Уладзіміраўна была размеркавана ў жодзінскую сярэднюю школу № 2, дзе працуе і сёння. У добразычлівай атмасферы невялікай утульнай школы настаўніца хутка асвоілася і вырасла прафесійна. Прымала ўдзел у абласным педагагічным праекце “Фарміраванне медыякультуры навучэнцаў у асяроддзі комплекснай медыя­адукацыі сучаснай школы”. Зараз Алена Уладзіміраўна дзеліцца сваім паспяховым вопытам на метадычных аб’яднаннях і гарадскіх семінарах. Да кожнага ўрока падыходзіць творча, стараецца перадаць дзецям свае асаблівыя адносіны да мовы і прагу да яе вывучэння.

— Я вельмі люблю дзяцей і працую з імі з вялікім задавальненнем, — расказвае А.У.Пузына. — Яны адкрытыя, непасрэдныя, дапытлівыя, пазітыўна і з цікавасцю ўспрымаюць новае. Пераканана: ініцыятыва павінна сыходзіць менавіта ад вучняў. А для гэтага мы, педагогі, павінны яе абудзіць. Якімі ж метадамі і прыёмамі гэта рабіць? Тут усё ў нашых руках: можна эксперыментаваць і выбіраць сваё.

 Яшчэ святы Аўрэлій Аўгусцін адзначыў: “Для вывучэння мовы намнога важнейшая вольная цікаўнасць, чым грозная неабходнасць”. Алена Уладзіміраўна цалкам згодна з гэтай думкай і кіруецца ёй у сваёй рабоце. На ўроках стараецца быць сябрам, не навя­зваць свае меркаванні і пазіцыі. Уцягнуць вучняў у творчы, поўны адкрыццяў і новых, цікавых момантаў вучэбны працэс ёй дапамага­юць аўтэнтычныя матэрыялы, якія А.У.Пузына шырока выкарыстоўвае. Гэта і ёсць адзін з прыёмаў, які дае магчымасць стварыць у кабінеце замежнай мовы і непасрэдна на ўроку маленькую Германію, перанесці дзяцей туды, дзе мова жыве, дзе ёй карыстаюцца штодня. Дарэчы, для гэтага ў школе створаны аптымальныя ўмовы. У кабінеце нямецкай мовы ўстаноўлены камп’ютары, падключаны інтэрнэт. Акрамя таго, ёсць багатая бібліятэка з аўтэнтычнымі матэрыяламі. Напрыклад, ёсць слоўнікі і іншыя кнігі, якія выдаваліся менавіта ў Германіі. Вялікую падтрымку школе ў гэтым аказала ініцыятыўная група “Дзеці Чарнобыля” (г. Мюльхайм-на-Руры, Германія).

Алена Уладзіміраўна пераканана: на ўроку заўсёды ёсць месца аўтэнтычным матэрыялам. Неабходна толькі падабраць іх правільна, адпаведна тэме, актуальнасці інфармацыі і яе даступнасці для вучняў пэўнага класа і ўзросту.

— Адзін з кірункаў, на які я зрабіла стаўку ў рабоце, — гэта павышэнне эфектыўнасці працэсу навучання нямецкай мове пры дапамозе аўтэнтычных матэрыялаў, — расказвае А.У.Пузына. — Я бачыла, якія фактары ў­складняюць вывучэнне замежнай мовы. У мяне не раз былі магчымасці паназіраць за тым, як мае вучні размаўляюць з карэннымі немцамі. Агульнымі праблемамі пры гэтым аказаліся страх зрабіць памылку, недастатковы слоўнікавы запас для таго, каб свабодна выка­зваць свае думкі на замежнай мове, і нізкая пазнавальная матывацыя. На жаль, некаторыя вучні і іх баць­кі памылкова лічаць, што нямецкая мова не вельмі запатрабавана ў сучасным свеце.

Каб істотна змяніць сітуацыю і вырашыць выяўленыя праблемы, Алена Ула­дзіміраўна і выбрала ў якасці сродкаў навучання аўтэнтычныя матэрыялы. Прывабілі іх даступ­насць, шматфункцыянальнасць, мабіль­насць, актуальнасць і метапрадмет­насць (такія матэрыялы адлюстроўваюць рэаліі краіны, мова якой вывучаецца, “уплецены” ў розныя сферы дзейнасці чалавека, на іх асно­ве можна мадэляваць сітуацыі міжкультурнай камунікацыі).

Алена Уладзіміраўна з 2015 года стала актыўна выкарыстоўваць аўтэнтычныя матэрыялы для павышэння эфектыўнасці вывучэння нямецкай мовы на паглыбленым узроўні ў 10—11 класах. Новаўвядзенні адбываліся паступова. Спачатку настаўніца вывучала і сістэматызавала тэорыю па выкарыстанні аўтэнтычных матэрыялаў у адукацыйнай сферы, затым падбірала і спрабавала на практыцы дыдактычныя заданні, аналізавала іх эфектыўнасць, абагульняла свае назіранні. Такі падыход хутка апраўдаў сябе, таму настаўніца ўпэўнена працягвае развівацца ў гэтым кірунку.

Выбар аўтэнтычных матэрыялаў зараз вельмі багаты. Да іх адносяцца літаратурныя, фальклорныя, выяўленчыя, музычныя творы, а таксама прадметы рэальнай рэчаіснасці: разнастайныя вусныя і пісьмовыя аб’явы, анкеты, апытанні, шыльды, этыкеткі, меню, рэкламныя праспекты, телепраграмы, зводкі навін і прагнозы надвор’я… Таксама можна смела выкарыстоўваць асабістыя пісьмы, анекдоты, артыкулы, кулінарныя рэцэпты, навукова-папулярныя і края­знаўчыя тэксты і г.д. Жанрава-кампазіцыйная разнастайнасць дазваляе знаёміць вучняў з моўнымі клішэ, фразеалогіяй і лексікай, якія адносяцца да розных стыляў і звязаны з рознымі сферамі жыцця.

Алена Уладзіміраўна хутка заўважыла, наколькі важна сістэматычна прымяняць на ўроках аўтэнтычныя матэрыялы. Асабліва ёй падабаецца, што яны з’яўляюцца ўзорам менавіта сучаснай замежнай мовы і, значыць, ствараюць ілюзію ўдзелу ў што­дзённым жыцці краіны, мова якой вывучаецца. Гэта стала добрым дадатковым стымулам для павышэння матывацыі вучняў. Да таго ж пастаяннае выкарыстанне такіх матэрыялаў дапамагло стварыць моўнае асяроддзе, максімальна набліжанае да рэальнай камунікатыўнай сітуацыі. А гэта таксама эфектыўна матывуе, а яшчэ накіроўвае дзейнасць вучняў на фарміраванне міжкультурных і камунікатыўных кампетэнцый, неабходных для свабоднага выказвання сваіх думак на замежнай мове.

Аўтэнтычныя матэрыялы на розных этапах урока

Алена Уладзіміраўна на ўласным вопыце праверыла: выкарыстанне аўтэнтычных матэрыялаў на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці адкрывае шырокія магчымасці для настаўніка.

— На кожным этапе ўрока можна лаканічна выкарыстоўваць той ці іншы від аўтэнтычных матэрыялаў, — дзеліцца А.У.Пузына. — Здавалася б, арганізацыйна-матывацыйны этап доўжыцца ўсяго 5—7 мінут, за якія педагогу неабходна акцэнтаваць увагу на мэце ўрока і актуалізаваць атрыманыя раней веды. Тут я паспяхова выкарыстоўваю аўтэнтычныя плакаты, цытаты вядомых людзей, фота­здымкі, вытрымкі з нямецкіх газет, часопісаў ці форумаў, апошнія навіны, прыказкі — словам, тое, што адлюстроўвае рэальныя сферы жыцця ў Германіі. Дзякуючы гэтаму, атрым­ліваецца зацікавіць дзяцей, каб далей яны працавалі актыўна і з жаданнем.

Напрыклад, на павышаным узроўні пры вывучэнні тэмы “Экалогія” вучням неабходна было абгрунтаваць спосабы вырашэння праблем аховы навакольнага асяроддзя. На пачатку ўрока настаўніца стварыла праблемную сітуацыю Ist ein Leben ohne Müll möglich? (Ці магчыма жыццё без смецця?) і перш-наперш прапанавала дзецям пазнаёміцца з сайтам вядомага нямецкага магазіна, які прадае шматразовыя тавары для жыцця без смецця. Пасля гэтага вучні пачалі самі разважаць на тэмы аховы навакольнага асяродзя: уяўлялі сваё жыццё без смецця, свой магчымы ўклад у змяншэнне адходаў… А.У.Пузына засталася задаволена вынікам. Знаёмства з рэальным сайтам адразу выклікала ціка­васць, дзеці жыва абмяркоўвалі тое, што іх закранула, што здзівіла, спадабалася ці, наадварот, абурыла, і выказвалі прапановы па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі. Што можа быць лепш і карысней для школьнікаў і радасней для іх настаўніка за жывую, дынамічную гутарку на замежнай мове па актуальнай тэме?

Алена Уладзіміраўна падкрэслівае, што адным з крытэрыяў аўтэнтычнасці лічыцца крытэрый функцыянальнасці. Добра, калі матэрыялы арыентаваны на жыццёвае выкарыстанне, стварэнне ілюзіі далучэння да натуральнага моўнага асяроддзя. Таму А.У.Пузына часта выкарыстоўвае тэрміны, акалічнасці і праблемы, якія ў цяперашні час актуальныя ў пэўнай сферы. Прыкладам можа служыць тэма, звязаная з сацыяльнай ізаляцыяй бежанцаў у Германіі. Гэта вострая грамадская праблема, якая патрабуе вырашэння. Навізна і рэальнасць камунікатыўнай задачы дапамагаюць актывізаваць у вучняў эмацыянальна-асобасны кампанент. Сумным ці шаблонным такі ўрок быць не можа!

На аператыўна-пазнавальным этапе вучні знаёмяцца з новымі фразамі-клішэ, лексічнымі адзінкамі. Алена Уладзіміраўна будуе гэты працэс так, каб ён праходзіў абавязкова ў кантэксце. Значэнні незнаёмых лексічных адзінак яна тлумачыць выключна на нямецкай мове, пры гэтым выкарыстоўвае візуалізацыю, нагляднасць, прыём сінонімаў-антонімаў і інш. Дзякуючы такому падыходу, дзеці вучацца думаць і гаварыць на нямецкай мове, максімальна пазбягаючы працэсу перакладу на родную.

На гэтым этапе патрэбен асабліва строгі адбор аўтэнтычных матэрыялаў. Яны павінны адпавядаць узроставым асаблівасцям вучняў, а таксама нормам і патрабаванням да практычнага валодання відамі моўнай дзейнасці згодна з вучэбнай праграмай. У залежнасці ад таго, які від дзейнасці на ўроку будзе асноўным, настаўніца і выбірае матэрыял. Так, для ўспрымання і разумення мовы на слых падыходзяць навіны, вучэбныя фільмы, песні, ток-шоу, рэклама, інтэрв’ю. Для чытання спатрэбяцца іншыя матэрыялы: артыкулы, вытрымкі з форумаў, каментарыі, плакаты і інш. Пісьмовую мову можна вывучаць пры дапамозе заяў, віншаванняў, рэзюмэ, запрашэнняў. А пры гаварэнні будуць да месца фотавыставы, карціны, інфаграфіка.

Алене Уладзіміраўне падабаецца выкарыстоўваць у якасці аўтэнтычнага матэрыялу папулярную сёння інфаграфіку. Яна лёгка ўспрымаецца візуальна і адразу падахвочвае да абмеркавання, таму можна плаўна арганізаваць дыялог ці маналог на патрэбную тэму. Пры гэтым настаўніца выкарыстоўвае такія формы, як дыскусія, круглы стол, ток-шоу, адкрыты мікрафон, форум. Работа з інфаграфікай дапамагае яшчэ і актуалізаваць веды з іншых галін адукацыі, сістэматызаваць іх, фарміраваць адначасова і камунікатыўныя, і міжкультурныя кампетэнцыі. Аднак пры выкарыстанні падобных матэрыялаў неабходна папярэдне “зняць” моўныя цяжкасці: правесці падрыхтоўку, дапамагчы вучням вызначыць тэму і праблематыку заняткаў па інфаграфіцы. Асобную ўвагу варта ўдзяліць лексічным адзінкам і фразам-клішэ. Тады ўсё праходзіць паспяхова: вучні выяўляюць прычынна-выніковыя сувязі, параўноўва­юць, абагульняюць, робяць высновы і ўсё гэта, безумоўна, на нямецкай мове.

Арганізацыйна-дзейнасны этап урока самы прадукцыйны і доўгі. Падчас яго ідзе працэс трэніроўкі і фарміравання вучэбна-пазнавальных кампетэнцый на аснове прапанаванай камунікатыўнай задачы. Тут вучні ўжо выкарыстоўваюць у сваёй мове новыя лексічныя адзінкі, фразы-клішэ ці граматычныя структуры. Каб аблегчыць ім гэтую задачу, зняць стрэсавы фактар і стварыць станоўчую атмасферу, Алена Уладзіміраўна абавязкова рыхтуе апоры, прыклады ці падказкі. Гледзячы на іх, дзеці адчуваюць сябе больш упэўнена і смела ўключаюцца ў размову.

На гэтым этапе ўрока вучням, якія вывучаюць нямецкую мову на павышаным узроўні, А.У.Пузына нярэдка прапаноўвае наступныя заданні: вазьміце інтэрв’ю, прарэкламуйце вядомыя беларускія газеты, аформіце і пракаменціруйце інфаграфіку, дакажыце перавагі выкарыстання шматразовых тавараў для жыцця без смецця, абмяркуйце асаблівасці выхавання позніх дзяцей, складзіце рэзюмэ для атрымання месца ў кампаніі і інш.

Падчас рэфлексіўна-ацэначнага этапу вучні аналізуюць уласную вучэбную дзейнасць, супастаўляюць вынікі з пастаўлена мэтай. Гэта мае вялікае значэнне ў станаўленні матывацыі вучэбнай дзейнасці. Работу па падвядзенні вынікаў Алена Уладзіміраўна арганізуе так, каб вучні адчулі эмацыянальную задаволенасць ад зробленага і радасць перамогі над пераадоленымі цяжкасцямі. У такім выпадку фарміруецца патрэба ў творчасці, пазнанні, з’яўляецца станоўчая ўстойлівая матывацыя да вучобы. Дасягнуць гэтага Алене Уладзіміраўне дапамагаюць наступныя заданні: пракаменціруйце, выразіце свае пажаданні, унясіце свой уклад у стварэнне калектыўнага плаката на пэўную тэму, прапануйце свой варыянт вырашэння праблемы, абгрунтуйце выбар і інш. Формы для выканання заданняў таксама могуць быць рознымі: е-mail, word cloud, mind map, дыван ідэй, метад чатырох вуглоў.

— Я задаволена вынікамі прымянення аўтэнтычных матэрыялаў на сваіх уроках, — рэзюмуе А.У.Пузына. — Лічу, што пры гэтым станоўча ўплываюць яшчэ некалькі важных момантаў. Да іх адносяцца неўжыванне роднай мовы на ўроках і стварэнне ўмоў для раскрыцця творчага патэнцыялу вучняў пры дапамозе нямецкай мовы. Таксама важна павышаць імідж замежнай мовы, якую выкладаеш. Апошнюю задачу вырашаю не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочнай дзейнасці, пры рэалізацыі разнастайных праектаў.

Настаўніца з радасцю заўважае ў сваіх вучняў павышэнне матывацыі і ўстойлівы рост вучэбных дасягненняў. Так, 45% яе вучняў, якія вывучаюць нямецкую мову на павышаным узроўні, прайшлі адбор і прынялі ўдзел у міжнародным адукацыйным праекце Rad(Er)fahren, які ў 2016 і 2019 гадах пры падтрымцы ініцыятыўнай групы “Дзеці Чарнобыля” праходзіў на тэрыторыі Германіі. Станоўчыя тэндэнцыі назіраюцца і ў выніках ЦТ, і ў алімпіядным руху.

У самой Алены Уладзіміраўны — актыўнай, крэатыўнай, творчай — шмат асабістых узнагарод і перамог. У мінулым годзе яна была адзначана Жодзінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Жодзінскай гарадской арганізацыяй ГА “Беларускі саюз жанчын” у якасці лаўрэата конкурсу “Жанчына года — 2018” у намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”. Яна сапраўды стараецца даваць сваім вучням не толькі веды, але і сардэчную, душэўную цеплыню і падтрымку, каб вынікам вучобы сталі добрае веданне мовы і толькі прыемныя ўспаміны пра ўрокі.

Таццяна ШЫМКО.