Улада і шчасце — у каханні

Кампетэнтнасна арыентаваныя заданні на ўроках беларускай літаратуры

Паступовы пераход вучняў ад першасных ведаў да ўспрымання новых, актыўнай працы з інфармацыяй дазваляе кожнаму індывідуальна і сама­стойна фарміраваць свае веды, ацэньваць іх, прымаць рашэнні.

Дзейсным фактарам у арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў з’яўляецца асоба настаўніка. Трэба ўлічваць усё, пачынаючы ад структуры ўрока да выпрацоўкі асабістай метадычнай сістэмы выкладання, якія скіраваны на асобу вучня, які, калі працуе ў камандзе аднадумцаў, знаходзіць адказы на пастаўленыя пытанні, дакладна фармулюе ўласныя думкі, самарэалізоўваецца, знаходзіць патрэбную інфармацыю.

У якасці прыкладу прывяду ўзоры кампетэнтнасна арыентаваных заданняў для арганізацыі тэматычнага кантролю вучэбных дасягненняў вучняў ХІ класа па тэме “Драматычная паэма “Барбара Радзівіл” Раісы Баравіковай”.

Кампетэнтнасна арыентаваныя заданні распрацаваны па наступнай мадэлі: стымул, крыніца інфармацыі, задачная фармулёўка (заданні па рабоце з прапанаванай інфармацыяй). Стымул пагружае ў кантэкст задання і матывуе на яго выкананне. Задачная фармулёўка дакладна ўказвае на дзейнасць ці/і спосабы дзейнасці вучня, неабходныя для выканання задання. Крыніца інфармацыі ўтрымлівае і інфармацыю, неабходную для паспяховай рэалізацыі дзейнасці вучня пры выкананні задання.

Прапаную этап з выкарыстаннем кампетэнт­насна арыен­таваных заданняў, якія дапамагаюць развіваць уменні вучняў разумець свае эмоцыі ў сувязі з прачытаным творам.

Блок № 1

Ключавая кампетэнтнасць Літаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная, культуратворчая
Стымул

 

“Веданне гісторыі свайго народа — праява ўнутранай культуры кожнага чалавека, чым бы ён ні займаўся ў сваім жыцці. У мінуў­шчыне — вытокі, з якіх выйшаў ты, прадстаўнік свайго народа…” Так вызначыў ролю гісторыі ў жыцці кожнага чалавека беларускі драматург Аляксей Дудараў
Задачная фармулёўка Уважліва прачытайце фальклорную легенду “Пра Чорную Даму”. Агучце асноўныя моманты фальк­лорнага твора. Вызначце ў творы рэальныя гістарычныя падзеі (не менш за 3), назавіце іх.

Звярніце ўвагу на драматычную паэму “Барбара Радзівіл” Р.Баравіковай. На аснове зместу мастацкага твора паразважайце, ці ўдалося аўтару данесці да чытача праблемнае поле легенды. Свой адказ аформіце ў выглядзе тэкстаў

Крыніца інфармацыі Легенда “Пра Чорную Даму”, драматычная паэма “Барбара Ра­дзівіл”, інтэрнэт-рэсурсы

Блок № 2

Ключавая кампетэнтнасць Літаратурная, камунікатыўная, культуралагічная, каштоўнасна-светапоглядная, культуратворчая
Стымул Анарэ дэ Бальзак адзначыў: “Чыстае каханне, канечне, існуе на нашай планеце, але квітнее толькі 2—3 разы ў стагоддзі…”
Задачная фармулёўка З шэрага дзеючых персанажаў драматычнай паэмы “Барбара Радзівіл” Р.Баравіковай вылучыце імёны тых герояў, якія жывуць пад чарамі чыстага кахання, запішыце іх у сшыткі.

Прыгадайце з твораў мастацкай літаратуры закаханых герояў (не менш за 5). Абгрунтуйце свой выбар.

Што вы можаце ўзгадаць пра палкае каханне прадстаўнікоў беларускага слоўнага мастацтва ХІХ—ХХ стагоддзяў, як склаўся іх лёс (не менш за 4)?

Дакажыце, што Барбару Радзівіл і Жыгімонта ІІ Аўгуста слушна называюць беларускімі Рамэа і Джуль­етай. Свой адказ аформіце ў выглядзе відэароліка (да 3 хвілін)

Крыніца інфармацыі Драматычная паэма “Барбара Радзівіл”, інтэрнэт-рэсурсы

Блок № 3

Ключавая кампетэнтнасць Літаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная, культуратворчая
Стымул Памяць Барбары Радзівіл (Жыгімонт ІІ Аўгуст), імя якой стаіць у шэрагу чыстага кахання з такімі вядомымі прадстаўніцамі, як Марыля Верашчака (Адам Міцкевіч), Паўліна Мядзёлка (Янка Купала), Ганна Какуева (Максім Багдановіч), увекавечана ў вобразе цудатворнага абраза Цудадзейнай Маці Божай Вострабрамскай, палотнах Іаанны Бружэнэ, Ігнася Бурдзіса, Войцеха Герсона, Яна Мацейкі, Ёзэфа Зімлера, лібрэта гістарычнага балета “Барбара Радзівіл” Т.Мушынскай, драматычнай паэме “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, назве вуліцы ў Вільнюсе, помніку ў Нясвіжы
Задачная фармулёўка Уявіце, што вы прадстаўнік творчай прафесіі — скультар або мастак (на выбар). Паспрабуйце распрацаваць праект помніка Барбары Радзівіл; намаляваць афішу да тэатральнай пастаноўкі на твор А.Дударава ці Р.Баравіковай
Крыніца інфармацыі Драматычныя паэмы “Барбара Радзівіл”  Р.Баравіковай і “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, інтэрнэт-рэсурсы

Блок № 4

Ключавая кампетэнтнасць Літаратурная, камунікатыўная, культуралагічная, каштоўнасна-светапоглядная, культуратворчая
Стымул Гісторыя заўсёды заставалася па-за кантэкстам рэалій сучаснасці, аднак прэваліравала ў кантэксце духоўнага станаўлення народа, нацыі. Таму зварот у мастацкім творы да гістарычнага мінулага — гэта своеасаблівы спосаб асэнсавання дынамікі духоўнага сталення чалавека, вызначэнне прыярытэтаў эпохі ў сама­ідэнтыфікацыі асобы і дзяржавы

 

Задачная фармулёўка Раісу Баравікову прыцягваюць су­працьлеглыя і вельмі супярэчлівыя ацэнкі жаночай ролі Барбары Ра­дзівіл у жыцці пэўных мужчын.

Запішыце ў літаратурны сшытак імёны мужчын-персанажаў (не

менш за 3), якія рэальна існавалі ў гісторыі нашай краіны ў XVI стагоддзі. Падрыхтуйце невялікую гістарычную даведку па кожным з іх (не больш за 6 сказаў).

Назавіце з твораў мастацкай літаратуры герояў, якія былі пастаўлены перад выбарам — каханне ці інтарэсы дзяржавы (не менш за 5). Абгрунтуйце свой выбар.

На прыкладзе вобраза Жыгімонта ІІ Аўгуста дакажыце, як Раіса Баравікова акрэсліла галоўны канфлікт драматычнага дзеяння: улада і шчасце ў каханні. Свой адказ аформіце ў выглядзе мультымедыйнай прэзентацыі (да 13 слайдаў)

Крыніца інфармацыі Драматычная паэма “Барбара Ра­дзівіл”, падручнікі па гісторыі Беларусі, інтэрнэт-рэсурсы

Блок № 5

Ключавая кампетэнтнасць Літаратурная, камунікатыўная, каш­тоўнасна-светапоглядная, культуратворчая
Стымул Нарвежскі драматург Генрык Ібсэн сцвярджаў: “Перад каханнем бяссільным становіцца жах і змрок смерці”. І ў гэтым ёсць ісціна. Давайце верыць у перамогу светлага пачуцця
Задачная фармулёўка

 

Звярніцеся да драматычнай паэмы “Барбара Радзівіл” Р.Баравіковай. Назавіце час і месца разгортвання падзей. Складзіце геаграфічную карту разгортвання падзей у мастацкім творы. Растлумачце, чаму ваш выбар выпадае на тры краіны.

Паспрабуйце зацікавіць дра­ма­тычнай паэмай тых, хто яшчэ не прачытаў твор. Свой адказ прадстаўце на абмеркаванне ў выгля­дзе буктрэйлера (да 3 хвілін)

Крыніца інфармацыі Драматычная паэма “Барбара Радзівіл”, падручнікі па гісторыі Беларусі і геаграфіі, інтэрнэт-рэсурсы

Інструментам для праверкі настаўнікам кампетэнтнасна арыентаваных заданняў (КАЗы) з’яўляюцца наступныя паказчыкі: уменне арыентавацца ў зададзеным літаратурным рэчышчы, уменне самастойнага пошуку інфармацыі, навыкі аналізу, выкарыстанне інфармацыі ў самастойна-пошукавай дзейнасці, маўленчае афармленне высновы.

Выкарыстанне кампетэнтнасна арыентаваных заданняў на ўроках беларускай літаратуры спрыяе вырашэнню пытання больш якаснага засваення ведаў і здольнасці іх прымянення на практыцы, усведамленню вучнямі ролі прадмета ў сучасным жыцці, прымяненню ведаў для вырашэння праблем, ацэньванню ўласнага вопыту, кантролю эфектыўнасці ўласных вучэбных дасягненняў. Арганізаваная праца над КАЗамі скіроўвае ўвагу настаўніка на фарміраванне актыўнай, сама­стойнай і ініцыятыўнай пазіцыі вучняў у працэсе навучання; на развіццё агульнавучэбных уменняў і навыкаў; на фарміраванне не проста ўменняў, а кампетэнцый (уменняў непасрэдна спалучаных з вопытам іх прымянення ў практычнай дзейнасці); на развіццё пазнавальнай цікавасці вучняў; на рэалізацыю прынцыпу сувязі навучання з жыццём.

Яўген ЕСІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*