Урок у інтэрактыўным рэжыме

(па выніках школьнага семінара)

Спецыялісты вылучаюць чатыры К-кампетэнцыі, якія найбольш патрэбны людзям у сучасным свеце. Гэта камунікацыя, кааперацыя, крэатыўнасць і крытычнае мысленне. Як з гэтым ідуць справы ў сённяшняй школе? Ці вучым мы дзяцей разнастайным спосабам зносін? Або па-ранейшаму на ўроку чуваць: “Закрый рот! Калі трэба, я цябе выклічу!”


Вы можаце прывесці прыклад, калі на ўроку вучылі дзяцей кааперацыі, узгодненай працы адно з адным? Ці лёгка вы можаце дапусціць ажыўленае абмеркаванне ў групе правіла з мэтай яго дэманстрацыі на дошцы ў выглядзе схем і малюнкаў? Але дарослыя, супрацоўнікі фірм і кампаній менавіта так і працу­юць! Пры гэтым кааперацыя прадугледжвае размеркаванне абавязкаў у сувязі з ключавымі кампетэнцыямі, асаблівасцямі, а таксама ўзгодненасць дзеянняў.

Так, можа, навучэнец не вельмі праяўляў сябе ў групе, але, магчыма, ён ствараў атмасферу. А прадстаўленае ў арыгінальным выглядзе правіла на дошцы ён зразумеў лепш, чым калі тлумачыў настаўнік.

А ці заахвочваем мы ў дзецях крэатыўнасць? Агучваецца тэма: “Цяпер усе робім птушачку” — і дзіця пачынае склейваць папяровыя палоскі ў кольцы, потым — паміж сабой, дадаючы дзюбу, вочы… Але ж гэта не крэатыўнасць, а імітацыя. Рэальная крэатыўнасць — гэта ўзлом рамак і шаблонаў, гэта ператварэнне кольцаў у колы трактара ці вялікія акуляры і г.д.

І, нарэшце, крытычнае мысленне. Тут ужо можна паставіць кропку. Бо калі б у навучэнцаў з’явілася крытычнае мысленне, то яны б усталі і сышлі з гэтай школы ў той жа дзень.

Актыўна ўключаць кожнага вучня ў працэс засваення вучэбнага матэрыялу, вучыць навыкам паспяховых зносін, развіваць уменне праца­ваць з камандай і ў камандзе, прымаць на сябе адказнасць за сумесную і ўласную дзейнасць па дасягненні выніку — усе гэтыя задачы дазваляюць вырашаць інтэрактыўныя метады навучання.

У інтэрактыўным навучанні мяняецца ўзаемадзеянне настаўніка і вучня: актыўнасць педагога саступае месца актыўнасці вучняў, а задачай педагога становіцца стварэнне ўмоў для іх ініцыятывы.

У ходзе дыялогавага навучання вучні вучацца крытычна ду­маць, вырашаць складаныя праблемы на аснове аналізу ўмоў і адпаведнай інфармацыі, узважваць альтэрнатыўныя думкі, прымаць прадуманыя рашэнні, удзельнічаць у дыскусіях, мець зносіны з іншымі. Навучэнец становіцца паўнапраўным удзельнікам вучэбнага працэсу, а педагог падахвочвае яго да самастойнага пошуку і выконвае толькі функцыю памочніка.

Каб азнаёміць педагогаў з па­трабаваннямі да выкарыстання інтэрактыўных метадаў, ім прапанавалі карткі з інфармацыяй. Падчас вывучэння зместу настаўнікі выкарыстоўвалі пазнакі на палях: ? — не зразумела; ! — патрабуе ўвагі; J — згодзен, падабаецца. Далей кожны дзяліўся прачытаным у пары з калегам, пасля чаго яны вызначалі 5 асноўных тэзісаў і паведамлялі іх усёй групе. Такім чынам, педагогі ў ходзе сумеснага парнага і групавога абмеркавання пазнаёміліся з асноўнымі метадычнымі прынцыпамі, правіламі і ўмовамі арганізацыі інтэрактыўнага навучання.

Для абагульнення атрыманай інфармацыі ў выглядзе схемы, ментальнай карты і г.д., педагогам варта было папрацаваць з маркерам і аркушам паперы. Але папярэдне, праз мазгавы штурм, ім трэба было падумаць, як можа быць прадстаўлена інфармацыя для ўспрымання яе іншымі лю­дзьмі. Бо гэта не толькі сам тэкст, але і табліцы, дыяграмы, схемы, прэзентацыі, кластары і скрайбінг.

Інтэрактыўныя метады могуць прымяняцца на розных этапах урока. Педагогу варта памятаць, што інтэрактыўны ўрок мае крыху іншую структуру, чым звычайны. Перад пачаткам работы вучняў варта матываваць на атрыманне выніку, даць ім стымул для далейшай дзейнасці. Спачатку заінтрыгаваць вучняў, падвесці іх да тэмы ўрока з дапамогай пытанняў, цытат, прыпавесцей, відэафрагментаў і г.д. Затым прадставіць тэму, пазна­чыць чаканыя вынікі, каб навучэнцы разумелі, што ім трэба будзе вывучыць, разабраць на ўроку. Далей можна папрацаваць з кароткімі схемамі або табліцамі па тэме ўрока. У хо­дзе далейшай часткі ўрока адбываецца практычнае засваенне асноўнага матэрыялу. Настаўнік загадзя падбірае тэхналогіі для работы на ўроку, рыхтуе невялікі ўводны інструктаж і абмяжоўвае час на выкананне задання.

Калі б пры планаванні ўрока мы выкарыстоўвалі стратэгію творчасці Уолта Дыснея, то гэта выглядала б прыблізна так: спачатку мы стварылі б свой урок у марах; пражылі б урок жыццём сваіх вучняў, адчулі б іх паводзіны. Мы як быццам звяртаемся ў будучыню.

Пасля гэтага нам варта было б пралічыць час і рэсурсы, якія спатрэбяцца для стварэння ўрока. Тут нам важна зразумець: як наша мара-ўрок ператворыцца ў рэальнасць. Цяпер важныя канкрэтныя крокі і працэс урока ў цэлым.

Далей варта было б выкарыстоўваць крытычную ацэнку свайго будучага стварэння. Наколькі яно спадабаецца вучню? Ці няма чагосьці лішняга? Якіх памылак можна па­збегнуць? Што можа выклікаць супярэчнасць?

Такім чынам, урок некалькі разоў праходзіць праз мары, рэальнасць і крытыку, пакуль у выніку не застанецца найлепшы варыянт.

Падчас семінара групамі быў выкарыстаны гэты просты і адначасова геніяльны падыход. Удзельнікі ўявілі сабе ўвасабленне ўрока ў візуальным рэжыме праз працу крытыкаў, летуценнікаў і рэалістаў. Пазнаёміўшыся з інтэрактыўнымі прыёмамі, педагогі складалі план урока так, каб інтэрактыў прысутнічаў на кожным этапе. У выніку ў летуценнікаў героі аповесці “А золкі тут ціхія” не гінуць. Навучэнцы дадумваюць іх жыццё. Рэалісты выразна размеркавалі час і рэсурсы для ажыццяўлення таго ці іншага этапу падчас урока. І як належыць рэалістам, апошнія выразна і лаканічна прадставілі свой праект. Крытыкі ж прадугледзелі, што можа пайсці не так пры выкарыстанні таго ці іншага прыёму.

У прафесіі настаўніка няма мяжы дасканаласці. Тое, што ўчора здавалася адзіна магчымым, сёння выглядае састарэлым. З’яўляюцца новыя ідэі і жаданне нешта змяніць. Прыходзіцца быць пастаянна ў пошуку і зада­ваць сабе пытанні:

  • Што каштоўнага я магу рабіць сам, каб мне і маім навучэнцам жылося лепш?
  • Якую несправядлівасць або неўладкаванасць я магу выправіць сваімі сіламі, каб наша школа стала крыху лепшай?
  • Што канкрэтнага я магу зрабіць ужо на гэтым тыдні? Для сябе? Для навучэнцаў? Для блізкіх?

Інтэрактыўныя формы правядзення заняткаў абуджаюць у навучэнцаў цікавасць; заахвочваюць актыўны ўдзел кожнага ў вучэбным працэсе; звяртаюцца да пачуццяў кожнага навучэнца; спрыяюць эфектыўнаму засваенню вучэбнага матэрыялу; аказваюць шматпланавае ўздзеянне на вучняў; ажыццяўляюць зваротную сувязь; фарміруюць у вучняў меркаванні і адносіны; фарміруюць жыццёвыя навыкі; спрыяюць змене паводзін. У працэс пазнання ўключаны ўсе навучэнцы класа без выключэння. Ствараецца своеасаблівае асяроддзе зносін, што дазваляе ўдзельнікам адкрыта выказваць аргументы па любым пытанні.

P.S. Прапануйце сваім педагогам, членам метадычнага аб’яднання, а таксама адміністратарам папрацаваць над праектам мерапрыемства, планам на год і нават маючым адбыцца педсаветам па тэхніцы Уолта Дыснея і выступіць у розных ролях, выказваючы свой погляд на праблему. Вы адкрыеце шмат для сябе, многае вырашыце і зразумееце.

Група летуценнікаў

Агульнае яркае бачанне, генерацыя ідэй. Ствараеце вобраз урока настолькі яркі і прывабны, каб ён мог сапраўды зматываваць і зацікавіць. Няхай ваша бачанне разгорнецца панарамай цудоўных магчымасцей.

Зараз вы марыце з такім размахам, быццам усё магчыма. Якая тады будзе ваша мэта, чаго вы хочаце дасягнуць? Убачце гэта, як наяве. Запісвайце ўсё, што прыходзіць у галаву, перыядычна задаючы пытанне “А што яшчэ?”, пакуль не выкажаце ўсё, чаго жадаеце.

Калі вы марыце, будзьце самым безнадзейным летуценнікам, які ведае, што ўсё магчыма і ён нічым не абмежаваны ў сваіх уяўных палётах.

Група рэалістаў

Распрацоўваеце ўрок, паслядоў­насць крокаў да дасягнення мэты. Якія ідэі найбольш прыярытэтныя? Па кожнай ідэі знаходзьце найлепшыя шляхі дасягнення, знаходзьце рэсурсы. Вызначце часавыя рамкі.

Ваша задача — расказаць пра этапы ўвасаблення ідэі, даючы кожнаму з іх канкрэтныя тэрміны. Увага! Зараз вы не думаеце пра тое, што будзе, калі так ці вось так не атрымаецца. Вы апісваеце, як вы дасягняце сваёй мэты найлепшым для вас шляхам у свеце, дзе ўсё магчыма. Можа нарадзіцца некалькі спосабаў рэалізацыі ідэі. Усе запісвайце!

Будучы рэалістам, не думайце пра падводныя камяні і канкурэнцыю, думайце толькі, як вы будзеце дасягаць сваёй мэты, увасабляць ідэю.

Група крытыкаў

Дадаяце надзейнасці ў план урока. Што можа пайсці не так? Што можа перашкодзіць? Чаму хтосьці можа быць супраць гэтага ўрока, гэтай ідэі? На каго паўплываюць гэтыя дзеянні? Якія могуць быць негатыўныя наступствы і як іх не дапусціць?

Канструктыўны крытык ацэньвае ўрок з пункту гледжання рызык. Падрыхтуйце адкрытыя пытанні рэалісту, каб высветліць план урока. Што можна змяніць у плане.

Ацэньвайце ўрок з пункту гле­джання старонняга назіральніка, якому лягчэй за ўсё ўбачыць недахопы і слабыя месцы ў ідэі.

Алена ЯНКОВІЧ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Ліды.