Калі здараецца новае

ДЫЯЛОГ З ЧЫТАЧОМ

Нам не трэба чакаць ні адпаведнага выпадку, ні зручнага моманту, ні азарэння, ні адпачынку, ні выхадных, ні новага года, ні панядзелка для таго, каб па­чаць змяненні ў сабе да лепшага, каб па­чаць паспяховы пошук уласных рэзерваў, каб навучыцца новаму, каб адчуць невядомае, таму што ўсе пункты адліку зліліся ў адзін і заклікаюць нас дзейні­чаць. Чаму гэта нельга адкладваць? Таму што прыйшло, звалілася, з’явілася, адбылося НОВАЕ ў нашым прафесійным і асабістым жыцці. Прычым новае настала адразу для ўсіх, а значыць, усе людзі, прафесіяналы пачалі працэс асабістых змяненняў адначасова. Значыць, мы ўсе ў аднолькавых псіхалагічных умовах. Праўда, педагогу трэба не толькі з сабой упраўляцца, але і вучням, бацькам дапамагаць.

Упускаць новае ў жыццё, самому станавіцца абноўленым, мяняць прывычныя спосабы дзеяння цяжка. Таму што стабільнасць успрымаецца намі як бяспека. Калі перад намі стаіць неабходнасць змяненняў, то мы выхо­дзім з зоны камфорту. А значыць, працэс можа суправаджацца складанымі, нават непрыемнымі эмоцыямі. Зона камфорту — гэта ўнутраны стан, пры якім чалавек адчувае сябе спакойна, бяспечна, стабільна, якое задавольвае ўсе яго значныя патрэбы. Гэта звычкі і шаблоны паводзін, прывычныя месцы, распарадак жыцця і інш. Пры гэтым зона камфорту — гэта не абавязкова і не заўсёды ідэальныя ўмовы, у якіх чалавек хацеў бы знаходзіцца. Зону камфорту можна растлумачыць і як стан, у якім чалавек зразумеў свае патрэбы і мэты, арганізаваў сваё жыццё так, каб яно цалкам яго задавальняла. Лічыцца, што за межамі зоны камфорту ляжаць усе велізарныя магчымасці гэтага свету! Але няправільна было б думаць пра тое, што, выйшаўшы з зоны камфорту, мы адразу атрымліваем іх. Трэба папрацаваць.

Самае складанае на шляху да выхаду з зоны камфорту — гэта зрабіць першы крок. Але за нас яго ўжо зрабілі акалічнасці. Значыць, нам засталося пракрочыць да наступнай нашай камфортнай зоны ці пашырыць ранейшую. Калі мы пашыраем межы сваіх магчымасцей, нам часта трэба будзе пераадольваць страхі і трывогі. Найважнейшае ў жыцці часта знаходзіцца за нашымі страхамі. Пераадоленне — гэта пункт нашага асобаснага і прафесійнага росту. Гэта добра, што ў нас была і часткова застаецца зона псіхалагічнага камфорту, бо мы па-ранейшаму займаемся любімай справай, хочам садзейнічаць дасягненням нашых вучняў, з намі па-ранейшаму застаецца наш жыццёвы вопыт. Варта ўлічваць, што чым шырэйшая зона камфорту, тым вышэйшы ўзровень развіцця асобы, тым больш магчымасцей нам даступна. Паступовае планамернае пашырэнне зоны камфорту — гэта пазітыўны і неабходны зараз працэс.

Мы можам спадзявацца, што змяненні, да якіх мы імкнёмся, увойдуць у нас у звычку праз 3 тыдні. Калі мы пачынаем атрымліваць задавальненне ад змяненняў, калі наша развіццё ідзе лёгка, становіцца зразумела, што мы дасягнулі новай зоны камфорту, у якой можна і трэба будзе затрымацца на некаторы час, да новага выкліку, бо жыццё не стаіць на месцы. А выклікі заўсёды будуць, ці то вашы асобасныя, ці то звязаныя са знешнімі акалічнасцямі. Хваляванне наконт змяненняў, якія адбываюцца ў жыцці, асабліва калі яны тычацца асабіста вас, — абсалютна нармальная з’ява. Як лепш справіцца з імі? Першы крок — гэта прыняцце неабходнасці змяненняў. Прыняцце — гэта новы ўзровень разумення.

Прыняць — гэта: пагадзіцца, што сітуацыя ўжо створана і што далей трэба рухацца, улічваючы яе. Пагадзіцца, што змяніць падзеі не ў нашых сілах, але можна разгледзець іх як стымул. Важна прыняць сябе ў новых умовах. Нават тады, калі мы не задаволены сабой. Прыняць сябе — значыць, пагадзіцца з усімі сваімі добрымі якасцямі і недахопамі. Прызнаць, што вы маеце права на памылкі, што вы не можаце і вам не абавязкова быць ва ўсім ідэальным. І што вам не трэба цалкам адпавядаць чаканням іншых адносна вас.

Прыняць іншых людзей больш складана, чым сябе. Прыняць — значыць, зразумець, што людзі ў рэальнасці не з’яўляюцца крыніцай нашага болю. Праз іншых акалічнасці паказваюць нам, на што трэба звярнуць увагу ў сабе. Знешні свет сігналізуе нам: “Звярні ўвагу на крыніцу ў сабе”, да таго часу, пакуль мы не ўсвядомім сутнасць праблемы. Ра­зумеючы, што да нас могуць ставіцца несправядліва, не даём ацэнак учынкам іншых людзей, не асуджаем іх. Прыняць акалічнасці — значыць, пагадзіцца, што ёсць рэчы ў гэтым жыцці, якія не адпавядаюць вашаму бачанню і ўспрыманню свету. Усё ёсць: і тое, што мы ўспрымаем пазітыўна, і тое, што негатыўна. Паняцці “пазітыў” і “негатыў” адносныя. Таксама як і паняцці “добра” і “дрэнна”, “цяжка” і “лёгка”.

Важна навучыцца прыняццю, каб не траціць сілы, энергію, час, супраціўляючыся таму, што мы не можам змяніць, каб не разбураць сябе эмацыянальна і фізічна. Уменне прымаць патрэбна асабіста нам, а не ўдзельнікам непрыемных для нас падзей. Больш важнае за тое, якія падзеі адбываюцца ў знешнім свеце, тое, як вы на гэтыя падзеі рэагуеце. Такім чынам, прыняць — гэта паклапаціцца пра сябе. Навучыўшыся прыняццю, мы становімся больш моцнымі, спакойнымі, ураўнаважанымі, свабоднымі, гэта значыць, больш гарманічнай асобай. Намі ўжо складана маніпуля­ваць. Патрэніруемся рухацца да прыняцця з дапамогай практыкаванняў.

“Удых прыняцця”

Выконвайце раніцай, як толькі прачнуліся. Падыдзіце да акна, павітайце новы дзень і заявіце пра сваю гатоў­насць прымаць любыя падзеі ў жыцці, якія адбудуцца з вамі сёння. Папрасіце людзей і акалічнасці дапамагаць вам і накіроўваць у цяжкія моманты. Выкажыце намер бачыць глыбіню і мудрасць у кожным кроку, у кожнай акалічнасці дня, які настаў. Зрабіце глыбокі ўдых, з радасцю прымаючы ўсе дары гэтага дня!

“Махніце рукой на ўсё”

У самых цяжкіх умовах, якія выво­дзяць вас на мяжу вашых сіл і пачуццяў, выкарыстоўвайце жэст, да якога ў цяжкую хвіліну звяртаецца большасць людзей. Калі вы паднімаеце руку і злосна гаворыце: “Ды пайшло яно…”, жэст і словы азначаюць, што вы перадаяце вырашэнне сітуацыі наверх, свайму найвышэйшаму Я, настаўнікам, кіраўнікам. Але не забывайце трымаць у фокусе тое, што для вас сапраўды важна.

А цяпер станем дзейнічаць у напрамку дасягнення жаданых змяненняў.

“Мае недахопы”

Знойдзем новую назву нашым уяўным недахопам. Назавём іх так: уласцівасці, якія можна ўдасканальваць. Такое бачанне дапускае магчымасць удасканалення, мы пачынаем па-іншаму гля­дзець на сябе.

На працягу 5 мінут напішыце падрабязны спіс прычын, па якіх вы мала любіце сябе. Пасля таго як напішаце, выкрасліце ўсё тое, што суадносіцца з агульнымі правіламі, прынцыпамі: “Любіць сябе не сціпла”, “Чалавек павінен любіць іншых, а не сябе”. Няхай у спісе недахопаў застанецца толькі тое, што звязана асабіста з вамі. Цяпер перад вамі спіс таго, што псуе жыццё. Падумайце, а калі б гэтыя недахопы належалі не вам, а якому-небудзь іншаму, чалавеку, якога вы любіце, якія з іх прабачылі б ці нават палічылі добрымі якасцямі? Выкрасліце гэтыя рысы, яны не змаглі перашкодзіць вам палюбіць іншага чалавека і, такім чынам, не могуць перашкодзіць палюбіць сябе.

Адзначце тыя рысы, тыя недахопы, якія вы маглі б дапамагчы пераадолець любімаму чалавеку. Чаму б вам не зрабіць тое ж самае для сябе? Выпішыце іх у асобны спіс, а з іх выкрасліце тыя, якія зможаце пераадолець. З тымі, што засталіся, зробім так: скажам сабе, што яны ў нас ёсць, трэба навучыцца жыць з імі і думаць, як з імі справіцца. Мы ж не адмовіліся б ад любімага чалавека, калі б даведаліся, што некаторыя яго звычкі нас не задавольваюць.

Псіхалагічнае практыкаванне “Я хачу змяніць у сабе”

Практыкаванне дапамагае фарміраванню новых якасцей у сабе, паскарае асобасны рост. Каб пачаць практыкаванне, вазьміце паперу і ручку і раздзяліце ліст на дзве калонкі.

Рысы, якіх хачу пазбавіцца Рысы, якія хачу набыць

Пастарайцеся расслабіцца і ду­маць пра сябе. Можна прыглушыць святло. Потым паглядзіце на першую калонку, пачніце мазгавы штурм і хутка, не задумваючыся, запішыце ўсе рысы, якіх вы хочацце пазбавіцца. Запісвайце ўсё, што прыходзіць вам у галаву, і не спрабуйце разважаць. Працягвайце, пакуль не запішаце хаця б 5—7 рыс характару. Потым звярніцеся да другой калонкі, пачніце мазгавы штурм і хутка запішыце ўсе рысы, якія вы хочаце набыць. Не саромейцеся, калі яны супрацьлеглыя рысам, якіх вы хочаце пазбавіцца. Працягвайце працэс і запісвайце ўсё, што прыходзіць у галаву, не спрабуючы крытыкаваць і ацэньваць. Калі вы адчуеце, што скончылі, вызначце прыярытэт­насць рыс, якіх вы хочаце пазбавіцца і якія хочаце набыць. Выключыце паўтарэнні.

Для вызначэння прыярытэтаў па чар­зе разгледзьце кожную з рыс і вызнач­це, наколькі яна важная для вас, прысвойваючы літары: А (вельмі важная); В (важная); С (пажадана мець, але не так важна). Напішыце гэтыя літары побач з кожнай рысай. Паглядзіце на рысы, адз­начаныя літарай А. Калі ў гэтай катэгорыі ў вас ёсць больш чым адна, ацаніце іх па прыярытэтнасці: 1, 2, 3 і г.д. Вызначаючы прыярытэты, вы ствараеце магчымасць працаваць над развіццём найбольш важных для вас рыс. Бярыце максімум тры рысы адначасова. Як толькі вы адчуеце ўпэўненасць, што зрабілі іх сваімі індывідуальнымі якасцямі, пераходзьце да наступных у вашым спісе ў парадку іх прыярытэтнасці (А, потым В і нарэшце С). Калі-небудзь вам спатрэбіцца новы спіс!

Псіхалагічнае практыкаванне “Жыццёвыя мэты”

Папрацуем з жыццёвымі мэтамі. Вазь­міце ручку, паперу. На працягу 15 мінут падумайце над пытаннем “Што я сапраўды хачу атрымаць ад свайго асабістага жыцця, прафесійнага жыцця?” Запісвайце ўсё, што прыходзіць у галаву. Удзяліце ўвагу розным сферам вашага жыцця. Фантазіруйце. Адказвайце на пытанне так, быццам вы валодаеце неабмежаваным рэсурсам часу.

Цяпер за дзве мінуты вам трэба выбраць тое, чаму б вы хацелі прысвяціць наступныя тры гады. А пасля гэтага яшчэ дзве мінуты — каб дапоўніць ці змяніць спіс. Мэты павінны быць рэалістычнымі. Працуючы на гэтым і на наступных кроках, у адрозненне ад першага, пішыце так, як калі б гэта былі вашы адзіныя гады і месяцы. Гэта дазволіць сканцэнтравацца на сапраўды важных для вас рэчах. Зараз мы вызначым мэты на наступныя шэсць месяцаў — дзве мінуты на складанне спіса і дзве мінуты на яго карэкціроўку.

Удзяліце дзве мінуты рабоце над аўдытам сваіх мэт. Наколькі яны канкрэтныя, адпавядаюць адна адной, рэалістычныя ў катэгорыях часу і рэсурсаў.

Перыядычна пераглядайце свае спісы, для таго каб упэўніцца, што вы рухаецеся ў выбраным напрамку. Працэс выканання практыкавання падобны да выкарыстання карты ў паходзе. Час ад часу вы звяртаецеся да карты, карэкціруючы маршрут. Змяненні ніколі не заканчваюцца. Кожны дзень мы адкрываем сябе нанава. Мы заўсёды ў руху. Але кожны дзень вырашаем, куды іменна мы рухаемся: уперад ці назад. Шану­йце тое, што ў вас ёсць сёння, радуйцеся дасягненням іншых! Вазьміце сваё жыццё ў свае рукі

ПСІХАЛАГІЧНАЕ ЛЮСТЭРКА

Адносіны да справы мяняюць многае ў яе паспяховасці, эфектыўнасці, выніковасці. Гэта значыць, энтузіязм дае прыбаўку ў 25% да яе карысці і якасці выканання! А да такой справы, як жыццё асабістае ці прафесійнае, тым больш варта паставіцца з энтузіязмам. Даследуем, як вы ставіцеся да жыцця?!

1. Вы часта смеяцеся?

2. Вам сняцца фантастычныя сны?

3. Вас надоўга засмучаюць няўдачы?

4. Вы думаеце, што гэты свет варты спагады?

5. Вам знаёма пачуццё безнадзейнасці?

6. Вас стамляюць зносіны з навакольнымі людзьмі?

7. Вам здаецца, што жыццё бязмэтнае?

8. Вы верыце ў лепшую будучыню?

9. Іншым шанцуе больш, чым вам?

10. Вам здаецца, што ваша жыццё сапсавана іншымі людзьмі?

11. Вы любіце паджартоўваць з навакольных?

12. Вы часам адчуваеце сябе без яўнай прычыны няшчасным(ай)?

13. Вы любіце праводзіць час у шумных кампаніях?

За кожны станоўчы адказ (“так”) на 3, 4, 5, 6, 7, 9, 10, 12-е і на кожны адмоўны адказ (“не”) на 1, 2, 8, 11 і 13-е пытанні стаўце па 1 бале.

Падсумуйце балы і азнаёмцеся з высновамі.

Калі ў суме атрымалася ўсяго ад 0 да 2 балаў, то вас можна павінша­ваць — вы аптымістычна глядзіце на сваё жыццё і вам уласціва пазітыўнае светаўспрыманне. Вы верыце, што нават калі ў жыцці і сустракаюцца нейкія цяжкасці, то яны цалкам пераадольныя і за кожнай чорнай паласой абавязкова будзе светлая.

Калі ў вас ад 3 да 7 балаў, гэта гаворыць пра тое, што вы стараецеся мысліць пазітыўнымі катэгорыямі, хаця гэта ў вас і не заўсёды атрымліваецца. Часам вы пачынаеце панура, негатыўна ўспрымаць гэты свет і ўсё сваё жыццё. Аднак звычайна не паглыбляецеся ў балота песімізму, якое зацягвае, і гэта ўжо добра, паколькі толькі аптымістычны настрой дапамагае пераадольваць любыя жыццёвыя цяжкасці.

А калі сума набраных балаў знахо­дзіцца ў прамежку паміж 8 і 13, гэта азначае, што ў вас даволі негатыўныя адносіны да жыцця, вы не атрымліваеце задавальнення ад яго і вам цяжка бачыць “святло ў канцы тунэля”. Вы схільны “захрасаць” на мінулых няўдачах, а гэта негатыўна ўплывае не толькі на вашы адносіны да жыцця, але і на адносіны да вас навакольных людзей.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.