Ці праўдзівая карцінка перад носам?!

або Праўдай прыцягваюцца сэрцы

Дыялог з чытачом

Агульначалавечыя каштоўнасці — дабрыня, міласэрнасць, шчырасць, праўдзівасць — заўсёды служылі арыенцірам, былі пуцяводнымі зорачкамі для дарослых, якія выхоўваюць дзяцей. Гэтыя каштоўнасці вызначалі выжывальнасць роду чалавечага, адрознівалі нас ад іншых жывых істот на зямлі. Ці так гэта ў нашым імклівым і прагматычным XXI стагоддзі? Часам мы, дарослыя і дзеці, становімся сведкамі паспяховасці людзей, якія парушаюць, ігнаруюць гэтыя залатыя правілы чалавецтва, чалавечнасці. Здараецца, што разам з нашымі вучнямі, сваімі дзецьмі назіраем перавагі людзей з паніжанай мараллю (маніпулятараў, ілгуноў, нягоднікаў) у навучанні, кар’еры, жыцці. Ці ёсць супярэчнасць у неабходнасці выхавання добрых людзей і канкурэнтнай перавагі ў жыцці нядобрых? Магчыма, гэтае пытанне мільгала ў нашым прафесійным мысленні, а можа, часам нам яго задаюць бацькі, а можа вучні, здзяйсняючы тыя ці іншыя ўчынкі. Супярэчнасць ёсць. Супярэчнасцямі напоўнена жыццё чалавека і чалавецтва. Менавіта яны робяць больш яркімі і відавочнымі праблемы, якія трэба пераадолець, выклікі, якім трэба адпавядаць, стымулы, якія падахвочваюць да неабходных дзеянняў, што працягваюць жыццё. Так што супярэчнасці — гэта добра, гэта нагода да актыўнага мыслення, рухавік да прагрэсу. Кожную хвіліну чалавек робіць маральны выбар: ці быць сумленным, справядлівым, смелым, бескарыслівым, шчодрым, ці наадварот. На якую карысць ён адбудзецца, шмат у чым залежыць ад нас, дарослых — педагогаў і бацькоў. Што рабіць? Фарміраваць і замацоўваць маральныя ўменні, звычкі, прымяняючы метады з глыбокай гісторыяй, але па-ранейшаму эфектыўныя: маральных практыкаванняў, адабрэння і неадабрэння. Метад дылем цікавы і карысны для дапамогі навучэнцам у фарміраванні каштоўнасных арыентацый. Заключаецца ён у сумесным абмеркаванні школьнікамі маральных дылем. Да кожнай з іх распрацоўваюцца пытанні, у адпаведнасці з якімі будуецца абмеркаванне. Па кожным пытанні дзеці прыво­дзяць пераканаўчыя доказы “за” і “супраць”. Дылемы бяруцца з мастацкіх твораў.

Для дасягнення поспеху дарослым у выхаванні дзіцячай маралі спатрэбяцца не толькі вера ў сілу спосабаў выхавання, але і псіхічная энергія, намаганні дарослага, творчы падыход. Здараецца, што педагогу неабходна стымуляваць такога роду актыўнасць бацькоў і быць прыкладам эфектыўнасці.

Практыкаванні дапамогуць вы­вучыць маральныя арыенціры вучняў і стымуляваць імкненне да ўсвя­­домленых выбараў і ўчынкаў. Напрыклад, рэалізацыя ў класе дыскусіі або стварэнне пісьмовага ці вуснага, індывідуалнага ці калектыўнага эсэ на тэмы “Супярэчнасці нашага грамадства, іх пераадоленне”, “Я і час: мае перакананні і жыццёвыя прынцыпы”, “Мой жыццёвы дэвіз”, “Чым я адрозніваюся ад іншых”, “Мае добрыя якасці і слабыя бакі: як дасягнуць балансу”.

Прапаноўвайце навучэнцам раз­важаць, што азначаюць для іх, іх асяроддзя паняцці “абавязак”, “свабода”, “гонар”, “дабрыня”, “прынцыповасць”. Можна размясціць парадкова пералічаныя паняцці і насупраць кожнага напісаць тое, што азначае антыпод. Прапаноўвайце таксама суаднесці маральныя якасці і канкрэтныя сітуацыі, у якіх яны выяўляліся. Такую ж работу могуць рабіць дома бацькі, выконваючы заданні адначасова са сваім дзіцем, потым параўноўваць і абмяркоў­ваць вынікі.

Карысныя заданні, якія прадугледж­ваюць выбар дзеянняў. Напрыклад, як ты будзеш дзейнічаць у сітуацыі? Выберы адказ ці пра­пануй свой.

  1. Ты стаў сведкам таго, як ад зін чалавек незаслужана пакрыўдзіў іншага. Што ты зробіш:

а) запатрабуеш ад крыўдзіцеля выбачэнняў у адрас пакрыўджанага;

б) разбярэшся ў прычынах канфлікту і даб’ешся яго вырашэння;

в) выкажаш спачуванне таму, каго пакрыўдзілі;

г) зробіш выгляд, што да цябе гэта не мае дачынення;

д) ці…

  1. Ты выпадкова, не жадаючы таго, зрабіў невялікую шкоду або зло іншаму чалавеку. Як ты будзеш дзейнічаць?

а) зробіш усё для ліквідавання зла, шкоды;

б) папросіш прабачэння, растлумачыш таму, хто пацярпеў, што не хацеў гэтага;

в) пастараешся, каб ніхто не заўважыў зробленай табой шкоды, зробіш выгляд, што не вінаваты;

г) зваліш віну на таго, хто пацярпеў — няхай не лезе, сам вінаваты;

г) ці…

Трэба мець на ўвазе, што адэкватны выбар, зроблены вучнем, сведчыць толькі пра тое, што ён ведае, як правільна дзейнічаць. Нам не варта спяшацца ставіць знак роўнасці паміж веданнем і рэальным жыццём, учынкамі.

Класную гадзіну можна прысвяціць анкетаванню. Мы атрымаем інфармацыю пра некаторыя жыццёвыя каштоўнасці нашых вучняў, пра стыль паводзін у пэўнай сітуацыі, а значыць, і важныя арыенціры ў іх выхаванні, калі яны праявяць шчырасць. Нават толькі часткова сумленныя адказы вучняў будуць каштоўнай інфармацыяй для педагога.

Анкета

  1. Я прытрымліваюся прынцыпаў маральнасці больш строга, чым большасць людзей?
  2. Я магу быць у добрых адносінах з тымі, чые ўчынкі не адабраю?
  3. Лічу, што чалавек можа ігнараваць правілы, якія ён лічыць неразумнымі?
  4. Я заўсёды трымаюся пачуцця доўгу, якое выхавана ў мяне з дзяцінства?
  5. Мяне вельмі раздражняе самаўпэўненая нецярпімасць у людзях?
  6. Заўсёды добра быць шчырым і адкрытым?
  7. Добра быць добрым і спагадлівым?

Карысна паказаць вучням, што важнай з’яўляецца здольнасць ставіць сябе на месца іншага чалавека. Такое ўменне дазваляе гарманічна і маральна ўзаемадзейнічаць з навакольнымі. Выканайце з дзецьмі практыкаванне “Ярлыкі”. Вы дасце магчымасць адчуць сябе на месцы адзначаных “ярлыком” людзей, дапаможаце ўбачыць хібы такога падыходу да людзей. Падрыхтуйце наклейкі з надпісамі “лянівы”, “разумны”, “лідар”, “абыякавы” (або свае варыянты). Прымацуйце “ярлыкі” ўдзельнікам так, каб яны не маглі прачытаць іх. Прасіце вучняў не гаварыць адно аднаму, якія “ярлыкі” на іх наклеены. Дайце ўсёй групе заданне (напрыклад, намаляваць або прыдумаць што-небудзь). Нагадайце пра ўмову: удзельнікі павінны паво­дзіць сябе адно з адным так, як напісана на наклейках. Абмяркуйце працэс і вынік практыкавання.

З пункту гледжання развіцця маральнасці для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту цікавымі і карыснымі будуць гульнявыя практыкаванні. Гульня “Палачка-выручалачка”. Дапамагае выхоўваць у дзецях пачуццё ўзаемадапамогі і супрацоўніцтва. Дзеці становяцца ў круг і па чарзе ўспамінаюць якую-небудзь сітуацыю, калі ім неабходна была дапамога. Напрыклад: дрэнны настрой, балеў зуб, хтосьці пакрыўдзіў, не купілі новую цацку. У педагога ў руках прыгожая “палачка-выручалачка”. Калі першае дзіця раскажа пра сваю праблему, педагог гаворыць: “Палачка-выручалачка, дапамагай! Сябра з бяды выручай!” Той з дзяцей, хто ведае, як дапамагчы сябру ў бя­дзе, падымае руку, і педагог перадае яму палачку-выручалачку. Гэтае дзіця дакранаецца палачкай да свайго сябра і расказвае, як можна дапамагчы яму. Калі ніхто з дзяцей не ведае, як дапамагчы сваім сябрам, педагог сам дакранаецца палачкай-выручалачкай і расказвае дзецям, як можна выручыць сябра з бяды.

Гульня “Пярсцёнак прыгажосці”. Дапамагае фарміраваць маральныя адносіны з навакольным светам. Неабходна сказаць дзецям, што ў вас ёсць пярсцёнак прыгажосці. Варта накіра­ваць пярсцёнак на любога чалавека, як у ім адразу ж становіцца ві­даць усё самае прыгожае. Дзеці становяцца ў круг і выцягваюць скла­дзеныя далонькі наперад. Педагог непрыметна ўкладае пярсцёнак каму-небудзь у далонькі. Потым дзеці хорам гавораць: “Колечко, колечко, выйди на крылечко”. Той, хто атрымаў пярсцёнак, выбягяе ў сярэдзіну круга. Ён павінен дакрануцца да сваіх сяброў пярсцёнкам і расказаць, што прыгожага, добрага ён бачыць у іх. Той, хто больш за ўсіх убачыў прыгожага, добрага ў сваіх сябрах, можа атрымаць пярсцёнак прыгажосці ў падарунак.

Гульня “Кола сумленнасці”. Дапамагае развіваць лепшыя якасці дзіцяці. Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Члены адной каманды становяцца ў круг і, узяўшыся за рукі, падымаюць іх уверх. Гэта кола сумленнасці. Другая каманда становіцца ў ланцужок і пад вясёлую музыку ўбягае і выбягае з кола сумленнасці, як ручай. Калі музыка спыняецца, дзеці, што ўтвараюць кола сумленнасці, апускаюць рукі і нікога не выпускаюць з круга. Тыя, хто застаўся ў крузе, па чарзе расказваюць пра якія-небудзь сумленныя ўчынкі. Потым каманды мяняюцца месцамі.

Усе мы выдатна ведаем, што такое хлусня, і самі часам ёй карыстаемся. І нас таксама падманваюць. Чаму ж гэта адбываецца? Хлусня існуе як унікальная з’ява чалавечых узаемаадносін, але і як механізм уздзеяння людзей адно на аднаго. Навошта ж людзі хлу­сяць? Абараняючыся, для атрымання выгады, праяўляючы агрэсію, уплываючы на іншых. Існуюць розныя формы хлусні, якая можа выяўляцца ў наданні каму-небудзь ці чаму-небудзь розных якасцей, скажэннях, перабольшаннях, у ператасоўцы фактаў і падмене паняццяў, чыстай выдумцы. Ніхто не нараджаецца лгуном. Ім можна стаць ці не стаць. Падштурхоўвае дзіця да падману страх перад пакараннем. Чым большы гэты страх, тым мацнейшая схільнасць да хлусні. Педагагічныя промахі дарослых спрыяюць фарміраванню немаральных паводзін. Жадаючы падмануць, дзіця вагаецца, уважліва вывучае, як дарослыя ўспрымаюць яго ўчынак, і робіць адпаведныя высновы. Таму наша першая адмоўная рэакцыя на спробу дзіцяці хлусіць вельмі важная.

Гарманізацыя адносін з дзецьмі адбываецца дзякуючы насычэнню зносін з імі такімі пачуццямі, як:

1) бяспека;

2) дабрыня;

3) адкрытасць;

4) натуральнасць;

5) увага да выключнасці кожнай асобы;

6) павага;

7) прызнанне добрых якасцей;

8) падтрымка станоўчых учынкаў;

9) клопат.

Гэта дазволіць пазбегнуць многіх непрыемнасцей. А каб насыціць свет дзіцяці гэтымі пачуццямі, трэба іх мець у сабе.

Такім чынам, добры, прыстойны, міласэрны чалавек, які выконвае маральныя правілы, канкурэнтаздольны? Так! Добры чалавек можа паспяхова канкурыраваць у соцыуме і перамагаць, калі будзе праніклівым, разважным, вопытным, інтуітыўным, інтэлектуальным, прымаць дакладныя рашэнні, якія не супярэчаць сумленню. Прайграе ён толькі тады, калі будзе наіўным, недасведчаным, недаадукаваным. Каб гэтага не здарылася, ёсць мы, педагогі і бацькі. Шчаслівай дарогі!

Псіхалагічнае люстэрка

Як вывесці сябе на чыстую ваду?

Усе мы зацікаўлены ў атрыманні зваротнай сувязі ад свету ў чыстым і незамутнелым выгля­дзе. Здараецца, што жыццёва важна ацаніць сваё жаданне атрымаць адабрэнне навакольных у дачыненні да сваіх слоў і ўчынкаў. Высокая матывацыя адабрэння можа спакусіць схлусіць, прыхара­шыць сябе вельмі моцным. Вывучыце сябе пры дапамозе методыкі дыяг­ностыкі самаацэнкі матывацыі адабрэння (тэст на шчырасць адказаў Д.Марлоу і Д.Краўна).

Уважліва прачытайце кожнае з прыведзеных ніжэй сцвярджэнняў. Калі вы лічыце, што яно правільнае і адпавядае асаблівасцям вашых паводзін, то напішыце побач з ім “так”, калі ж яно няправільнае, то — “не”.

  1. Я ўважліва чытаю кожную кнігу, перш чым вярнуць яе ў бібліятэку.
  2. Я не адчуваю ваганняў, калі каму-небудзь трэба дапамагчы ў бядзе.
  3. Я заўсёды ўважліва сачу за тым, як я адзеты.
  4. Дома я паводжу сябе за сталом гэтак жа, як і ў сталовай.
  5. Я ніколі ні да каго не адчуваў антыпатыі.
  6. Быў выпадак, калі я кінуў штосьці рабіць, таму што не быў упэўнены ў сваіх сілах.
  7. Часам я люблю пазласловіць пра тых, хто адсутнічае.
  8. Я заўсёды ўважліва слухаю суразмоўніка, хто б ён ні быў.
  9. Быў выпадак, калі я прыдумаў “важкую” прычыну, каб апраўдацца.
  10. Здаралася, я карыстаўся промахам чалавека.
  11. Я заўсёды ахвотна прызнаю свае памылкі.
  12. Часам, замест таго, каб прабачыць чалавека, я стараюся адплаціць яму тым жа.
  13. Былі выпадкі, калі я настойваў на тым, каб рабілі па-мойму.
  14. У мяне не ўзнікае ўнутранага пратэсту, калі мяне просяць аказаць паслугу.
  15. У мяне ніколі не ўзнікае прыкрасці, калі выказваюць меркаванне, супрацьлеглае майму.
  16. Перад доўгай паездкай я заўсёды старанна прадумваю, што ўзяць з сабой.
  17. Былі выпадкі, калі я зайздросціў удачы іншых.
  18. Часам мяне раздраж­няюць людзі, якія звяртаюцца да мяне з просьбай.
  19. Калі ў людзей непрыемнасці, я часам думаю, што яны атрымалі іх па заслугах.
  20. Я ніколі з усмешкай не гаварыў непрыемных рэчаў.

Ключ

Вы атрымліваеце па 1 бале за адказ “так” на пытанні: 1, 2, 3, 4, 5, 8, 11, 14, 15, 16, 20 і за адказы “не” на пытанні: 6, 7, 9, 10, 12, 13, 17, 18, 19.

Складзіце ўсе атрыманыя па дзвюх пазіцыях балы. Выніковая сума з’яўляецца паказчыкам матывацыі адабрэння. Чым вышэйшы выніковы паказчык, тым вышэйшая матывацыя адабрэння і тым, такім чынам, вышэйшая гатоўнасць чалавека прыхарашыць сябе, па­даць сябе перад іншымі як такога, хто абсалютна адпавядае сацыяльным нормам (тым вышэйшая гатоў­насць чалавека ў адабрэнні іншых, звязаная з патрэбай у зносінах). Нізкія паказчыкі могуць сведчыць як пра непрыняцце традыцыйных норм, так і пра высокую патрабавальнасць да сябе.

Святлана РАДЗЬКОВА.