Вашы дзеці — не дзеці вам!

Дыялог з чытачом

Нядаўна прачытала і вельмі здзівілася: “Нялёгка быць дзіцем! Цяжка, вельмі цяжка. А што гэта значыць? А гэта зна­чыць, трэба класціся спаць, уставаць, апранацца, есці, чысціць зубы і смаркацца, калі гэта зручна дарослым, а не табе. Гэта зна­чыць, што трэба есці зерневы хлеб, калі хочацца французскую булачку, што трэба, не міргнуўшы вокам, імчацца па малако, якраз калі ты сабраўся пачытаць. А яшчэ гэта значыць, што трэба, не скардзячыся, выслухоўваць асабістыя заўвагі ад любога дарослага пра свой знешні выгляд, здароўе, адзенне і перспектывы. Я часта задумваўся, што будзе, калі пачаць гэтак жа абыходзіцца з дарослымі. У дарослых ёсць найсумнейшая прага да параўнанняў. Яны з задавальненнем гавораць пра сваё дзяцінства. Наколькі я заўважыў, за ўсю гісторыю чалавецтва яшчэ ніколі не было такіх таленавітых і выхаваных дзяцей, як у той час, калі раслі мама з татам”. Маглі б вы падумаць, калі і кім гэтыя радкі напісаны? Спадзяюся, што здзіўлю, раскрыўшы імя аўтара і дату публікацыі гэтых думак. Артыкул быў надрукаваны ад імя маладога чалавека 4 класа гімназіі 7 снежня 1939 года ў газеце “Дагенс нюхетэр” у самым нізе 13-й паласы, паміж аб’явамі з рэкламай дамскіх панчох, аспірыну і вермуту. Артыкул напісаны ад асобы юнага бунтара і вырас са школьнага даклада трынаццацігадовага Ларса, з якім яму дапамагала мама — Астрыд Ліндгрэн. Яна так натхнілася школьнай тэмай “Пра майстэрст­ва быць дзіцем”, што напісала працяг і адправіла матэрыял у газету. Што такое для знакамітай дзіцячай пісьменніцы, перакладзенай на 50 моў свету, бацькоўскі аўтарытэт, Астрыд Ліндгрэн расказала і ў размове на радыё 30 снежня 1978 года: “Я гуляла на баку сваіх дзяцей супраць сябе”. У тым жа інтэрв’ю Астрыд падкрэслівала, што кожнаму дзіцяці патрэбны абмежаванні. Менавіта гэтую двайную пазіцыю, гэтую рэдкую здольнасць дарослага Астрыд Ліндгрэн захавала назаўсёды.

Праз успаміны пра выдатную дзіцячую пісьменніцу і грамадскага дзеяча Астрыд Ліндгрэн мы хацелі звярнуць увагу на акалічнасці, якія дазваляюць адчуваць дзіцяці, падлетку сябе ў бяспецы, псіхалагічным камфорце дома. Гэта памяць бацькоў пра сваё дзяцінства: пачуцці, думкі, мары таго часу, уменне гуляць, смяяцца, жартаваць, а таксама адносіны да дзіцяці — паважлівыя, далікатныя, добрыя. Такія адносіны, якія не сорамна было б прымяніць і да дарослага чалавека. Ці павінна існаваць пераемнасць у характары псіхалагічнага мікраклімату для дзіцяці, падлетка дома і ў школе? Павінна, нягледзячы на тое, што калектыў класа — гэта не адзін і не два дзіцяці, а некалькі дзясяткаў.

Сучасная псіхалагічная навука заявіла пра ўзнікненне новага кірунку — псіхалогіі бяспекі, што дазваляе ўсім удзельнікам адукацыйнага асяроддзя цяперашняга і будучыні спа­дзявацца і атрымліваць максімальна добрыя псіхалагічныя ўмовы для навучання і развіцця. Адукацыйнае асяроддзе для дзіцяці, падлетка павінна быць бяспечным: узаемадзеянне з дзецьмі павінна быць гуманным (прыняцце, увага да пачуццяў, кіраванне патрэбамі). Адукацыю можна разгледзець як галіну чалавекавытворчасці. Школа выпускае звышскладаны прадукт — асобу, а значыць, павінна ствараць стабільныя і камфортныя ўмовы “вытворчасці” і выкарыстоўваць тэхналогіі, якія маюць мінімальную рызыку нанясення шкоды фарміраванню і развіццю асобы.

Дык якое адукацыйнае асяроддзе будзе для вучня бяспечным? Асяроддзе, свабоднае ад праяўлення псіхалагічнага насілля ва ўзаемадзеянні, якое задавальняе патрэбы ў асобасна даверлівых зносінах, аўтарытэтнае, якое забяспечвае псіхічнае здароўе.

З нашага пункту гледжання, найбольш актуальна фарміраванне псіхалагічнай бяспекі адукацыйнага асяроддзя для адораных навучэнцаў, у тым ліку якія маюць педагагічную скіраванасць, педагагічныя здольнасці, бо прафесія педагога прадугледжвае асобаснае ўздзеянне на навучэнцаў, а для гэтага неабходна валодаць прафесійна значнымі асобаснымі якасцямі. Будучы педагог, які атрымлівае адукацыю ў псіхалагічна небяспечным адукацыйным асяроддзі, бу­дзе перадаваць яе ў сваёй прафесійнай рэальнасці, рызыкі яго прафесійнага дэфармавання шматразова ўзмацняюцца. Асноўнымі пагрозамі для ўдзельнікаў адукацыйнага асяроддзя з’яўляюцца: адсутнасць ці частковае прызнанне значнасці асяроддзя, адсутнасць ці частковая задаволенасць асноўнымі характарыстыкамі ўзаемадзеяння, адсутнасць ці частковая абароненасць ад псіхалагічнага насілля. Псіхалагічнае насілле — зыходная форма любога віду насілля, выяўляецца як наўмыснае маніпуляванне, ігнараванне асабістых характарыстык, разбурэнне прыхільнасці, якія прыводзяць да дэфармацый і парушэнняў псіхалагічнага развіцця. У сувязі з гэтым выхаванне і псіхалагічнае суправаджэнне павінны быць у эпіцэнтры дзейнасці адукацыйнай установы.

У бягучым навучальным годзе ў рамках супрацоўніцтва з гімназіяй № 37 Мінска, дырэктарам якой з’яўляецца вопытная, з інавацыйным мысленнем Ірына Валер’еўна Данянкова, я як супрацоўнік кафедры псіхалогіі і прадметных методык Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі суправаджаю стажыроўку педагога-псіхолага гімназіі Таццяны Міхайлаўны Раманчык. Тэма, якую мы выбралі, — “Псіхалагічная бяспека адукацыйнага асяроддзя гімназіі” — актуальная і перспектыўная. Таццяна Міхайлаўна з удзячнасцю выказваецца пра кіраўніка гімназіі, якая накіравала яе на стажыроўку: “Ірына Валер’еўна Данянкова з увагай ставіцца да сацыяльна-псіхалагічнай службы, падтрымлівае дзейнасць педагога-псіхолага, сваім прыкладам натхняе нас прафесійна і асобасна расці. Дарэчы, на стажыроўку я адважылася пасля таго, як наш дырэктар і сама прайшла гэты шлях”.

Вопыт вучоных і практыкаў паказвае, што псіхалагічныя наступствы насілля, калі яно прысутнічае ў адукацыйным асяроддзі, адбіваюцца на ўсіх узроўнях функцыянавання асобы: з’яўляюцца парушэнні ў пазнавальнай сферы, з’яўляюцца трывожныя і дэпрэсіўныя перажыванні, фарміруюцца негатыўныя ўяўленні, якія кіруюць паводзінамі і ўзаемадзеяннем з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага асяроддзя, прыводзяць да стойкіх асобасных змен.

Магчымыя рызыкі набыцця такіх негатыўных наступстваў для навучэнцаў увогуле і будучых педагогаў у прыватнасці падахвоцілі нас з педагогам-псіхолагам гімназіі № 37 папраца­ваць і правесці пілотнае даследаванне, ацаніўшы іх у канкрэтным адукацыйным асяроддзі. Самая высокая магчымасць стаць ахвярай псіхалагічнага насілля прыходзіцца на ўзрост  12—24 гады. Узрост падыспытных гімназістаў якраз у рамках згаданага вучонымі дыяпазону. Колькасць удзельнікаў апытання — 218 навучэнцаў 9—11 класаў гімназіі № 37 Мінска. Важнай тэарэтычнай праблемай псіхалогіі бяспекі з’яўляецца распрацоўка дыягнастычнага інструмента для вызначэння ўзроўню псіхалагічнай бяспекі адукацыйнага асяроддзя і асобы. Для вывучэння адукацыйнага асяроддзя ёсць методыкі. Мы выкарыстоўвалі апытальнік І.А.Баевай “Псіхалагічная бяспека адукацыйнага асяроддзя школы”. Апытальнік складаецца з трох частак: адносіны да адукацыйнага асяроддзя школы; значныя характарыстыкі адукацыйнага асяроддзя школы і задаволенасць імі; абароненасць ад псіхалагічнага насілля ва ўзаемадзеянні. Прадугледжаны тэксты апытальніка для настаўніка, вучня, бацькоў. У сваім даследаванні мы абмежаваліся апытаннем вучняў, бо лічым іх найбольш уразлівымі ўдзельнікамі адукацыйнага асяроддзя. Вынікі апытання:

Які настрой бывае ў вас часцей за ўсё ў гімназіі?

Звычайна дрэнны 6,8% Часцей дрэнны 17% Не ўплывае 36,4% Часцей добры 29,6% Звычайна добры 10,2%

Звярніце ўвагу на прыведзеную ніжэй шкалу: “0” характарызуе знаходжанне ў школе, якое вельмі не падабаецца; “9” — якое вельмі падабаецца. У якой з клетак вы адзначылі б сваё меркаванне?

0 4,5% 1 0% 2 3,4% 3 36,8% 4 5,7% 5 10,2% 6 22,7% 7 31,8% 8 13,6% 9 1,1%

З пералічаных ніжэй характарыстык выберыце толькі 5 найбольш важных, з вашага пункту гледжання, і ацаніце іх па 5-бальнай сістэме:

  Характарыстыкі школьнага асяроддзя   Сярэдняя адзнака   Рэйтынг па колькасці выбараў  
1   Узаемаадносіны з настаўнікамі   3,9   2  
2   Узаемаадносіны з вучнямі   4,3   3  
3   Эмацыянальны камфорт   3,9   1  
4   Магчымасць выказаць свой пункт гледжання   3,5   5  
5   Паважлівыя адносіны да сябе   4,1   4  
6   Захаванне асабістай годнасці   3,7   8  
7   Магчымасць звяртацца па дапамогу   3,9   6  
8   Магчымасць праяўляць ініцыятыву, актыўнасць   4,3   9  
9   Улік асабістых праблем і цяжкасцей   3,0   7  
10   Увага да просьб і прапаноў   3,6   9  
11   Дапамога ў выбары ўласнага рашэння   4,2   10  

Ці лічыце вы сваё навучанне ў школе цікавым?

Так 4,5% Бадай што так 40,9% Не магу сказаць 28,5% Бадай што не 21,6% Не 4,5%

На аснове анкетавання навучэнцаў адукацыйнае асяроддзе гімназіі № 37 Мінска можна лічыць псіхалагічна бяспечным для навучэнцаў 9—11 класаў, паколькі большасць навучэнцаў (больш за 70%) маюць станоўчыя і нейтральныя адносіны да яе, высокі ўзровень задаволенасці характарыстыкамі школьнага асяроддзя і абароненасці ад псіхалагічнага насілля. Такія высновы мы зрабілі на аснове крытэрыяў, прапанаваных І.А.Баевай: ацэньваць адукацыйнае асяроддзе як бяспечнае, калі 70% і больш навучэнцаў даюць станоўчую ці нейтральную ацэнку.

Вывучыўшы бяспеку адукацыйнага асяроддзя аднойчы, не варта спыняцца. Неабходна пастаянна праводзіць яе маніторынг, які дазваляе кантраляваць якасць псіхалагічных умоў, у якіх атрымліваюць адукацыю навучэнцы, а таксама ўдасканальваць у выпадку неабходнасці. Удзельнікі адукацыйнага асяроддзя могуць супрацьстаяць псіхалагічнаму насіллю ў соцыуме дзякуючы ўключанасці ў адукацыйнае асяроддзе, якое дае ім клопат, падтрымку, магчы­масць удзелу ў жыцці ўстановы адукацыі. Як адзначаў А.Маслоу, “дзіця лі­чыць за лепшае жыць ва ўпарадкаваным і структураваным свеце, яго прыгнятае непрадказальнасць”. Магчыма, настаўнікі, педагогі-псіхолагі, баць­кі аддадуць перавагу прадказальнасці і захочуць вывучаць адносіны вучняў да адукацыйнага асяроддзя сваёй канкрэтнай школы, гімназіі, уключаючы ў гэты працэс усіх яе ўдзельнікаў. Выкарыстоўвайце методыку І.А.Баевай у поўным ці скарочаным яе варыянце.

Падтрымліваць і фарміраваць бяспеку асяроддзя варта пастаянна, выкарыстоўваючы актуальныя кірункі: развіццё навыкаў зносін, талерантнасць і супрацоўніцтва, трэніроўка ўпэўненых паводзін і іншыя. Зноў успомнім Астрыд Ліндгрэн з яе надзвычайнай інтуіцыяй: трэніруючы ўпэўненыя паводзіны вучняў, у нейкай ступені мы будзем гуляць супраць сябе, гэта значыць, з упэўненымі паводзінамі вучня нам прыйдзецца пастаянна шліфаваць свой камунікатыўны талент. І гэта варта таго, бо і мы зможам карыстацца правамі асобы ў поўнай меры, да якіх падрыхтуем вучняў. Напрыклад, дабівацца змены дамоўленасці, якая нас не задавольвае; мець уласныя пачуцці, незалежна ад таго, ці разумеюць іх навакольныя; гаварыць “дзякуй, не” ці “прабачце, не”; не звяртаць увагі на парады іншых і ісці сваёй дарогай; мець уласнае меркаванне ці перакананні; прасіць аб дапамозе ці эмацыянальнай падтрымцы; часам ставіць сябе на першае месца, а таксама не лічыць сябе абавязаным быць бездакорным на ўсе 100%; любіць людзей, якія прыносяць вам шкоду; мірыцца з непрыемнай для вас сітуацыяй; рабіць больш, чым вам дазваляе час; несці на сабе цяжар нечых няправільных паводзін.

Практыкуйце з дзецьмі цікавыя ім і вам у рамках тэмы практыкаванні. Для трэніроўкі ўпэўненых паводзін прапануем практыкаванне-гульню “Палепшы лёс героя казкі”. Выберыце вядомую ўсім удзельнікам казку “Дзюймовачка”, “Зайкава хатка”, “Калабок”, “Чырвоная Шапачка”. Размяркуйце ролі і пастаўце задачу. Задача: кожны персанаж да канца гульні павінен палепшыць сваё становішча. У казцы “Чырвоная Шапачка” ніхто не павінен аказацца з’едзеным, воўк не павінен быць забітым, у казцы “Воўк і сямёра казлянят” казляняты не павінны быць з’едзенымі, Воўк — забітым, а мама Каза не павінна перажыць гора. Потым дайце час для разыгрывання казкі. Пасля пагутарыце з дзецьмі пра тое, хто лепш за ўсіх справіўся з заданнем і як яму гэта ўдалося.

Дайце перажыць прыемныя эмоцыі дзецям і падлеткам у практыкаванні “Крэсла добрых якасцей”, якія пазней дапамогуць вучням фарміраваць упэўненыя паводзіны. Перад усімі ўдзельнікамі заняткаў пастаўце адно крэсла. Адзін з дзяцей займае гэтае крэсла, а ўсе астатнія па чарзе выказваюцца ў яго адрас: “Мне падабаецца, што ты…” ці “Мне падабаецца ў табе…”. Важна, каб на крэсле добрых якасцей пабывалі ўсе ўдзельнікі групы і каб не было тых, хто прамаўчаў. Выснова, да якой варта падвесці навучэнцаў, такая: у кожнага чалавека ёсць многа станоўчых якасцей, і кожны мае права на павагу навакольных.

На шляху да фарміравання самапавагі вучняў, іх упэўненых паводзін і камфортнага самаадчування ў сценах школы, дарагія настаўнікі, будзьце нястомнымі і творчымі, будзьце дзеючымі чэмпіёнамі нестандартных выказванняў, гульняў, практыкаванняў, заданняў. Будзьце гуляючымі трэнерамі, гуляючымі настаўнікамі. Астрыд Ліндгрэн (14 лістапада ёй споўнілася б 112 гадоў, і 60 з іх мы чытаем яе на рускай мове), па ўспамінах равеснікаў яе дзяцей Ласе і Карын, як ніякі іншы дарослы, умела гуляць. Пісьменніца сцвярджала, што чалавек, які гуляе, патрэбны ўсяму свету. Можа, таму Астрыд не хавала, што ў яе ёсць “малпін ген”, тлумачачы сваю любоў з дзяцінства ўзлазіць на дрэвы і мачты. На радасць журналістаў, у значным узросце Астрыд Ліндгрэн са сваёй калегай Эльсай Аленіус прадэманстравалі гэтае ўменне і дазволілі сфатаграфаваць сябе журналістам. Знакамітая дзіцячая пісьменніца і рэвалюцыянер у фарміраванні паважлівых адносін да дзяцінства вяла ў сваіх творах пастаянны дыялог паміж светам дзяцей і дарослых. Яна паказвала нам, дарослым, як дзеці могуць адчуваць свабоду і абароненасць у жыцці.

Самая родная замежная пісьменніца для мяне, бадай, Астрыд Ліндгрэн. Яна сцвярджала, што зрабіць свет лепшым можа здольнасць дзяцей ствараць уласныя сусветы ў сваім уяўленні, а на пытанне журналістаў “На што можна спадзявацца ў сучасным свеце?” адказала: “Для стварэння свету, прыдатнага для жыцця, неабходны больш шчаслівыя лю­дзі”. Дык давайце ж імкнуцца выхоўваць шчаслівых людзей! І бу­дзем памятаць парадаксальнае сцвярджэнне ліванскага паэ­та Халіля Джэбрана, што вашы дзеці — не дзеці вам, бо іх душы знаходзяцца ў доме заўтрашняга дня, дзе мы не можам пабываць нават у марах.

Святлана Раманчык.
Святлана Радзькова,
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.