Як спусціцца з крутых беражкоў страху і трывогі да ракі Гармоніі?

Нараджаецца дзіця. У свет прыхо­дзіць, расце, развіваецца новы чалавек. З кожным днём, тыднем, месяцам дзіця становіцца складанейшым, дасканалейшым, разумнейшым. Гэты працэс развіцця даецца яму не так проста. Дзяцінства — яркі, насычаны, эмацыянальны, а часам і драматычны ўзроставы перыяд. У дзіцячае жыццё ўбудоўваюцца страхі, трывога. Трывога можа з’явіцца ў дзіцяці ўжо з 7 месяцаў, а пэўныя страхі — у 8—12 месяцаў. Гэта звязана з развіццём памяці і пазнавальных працэсаў. Часам дзіця плача, убачыўшы маму, упрыгожаную макіяжам і новай прыгожай сукенкай, або тату, які згаліў са свайго твару вусы ці бараду, і… палохаецца. Навізна і незразумеласць сітуацыі для малыша выклікае ў яго страх і трывогу. Гэтыя дыскамфортныя эмацыянальныя станы дзіця адчувае часцей, калі бацькі не адгукаюцца на плач малыша, рэдка бяруць яго на рукі, занадта строгія і эмацыянальна халодныя. Залішняя клапатлівасць маці дае той жа эфект.

Дыялог з чытачом

У 2—3 гады дзеці баяцца жывёл, пакаранняў, уколаў, болю, вышыні, часам лю­дзей, рэзкіх раптоўных гукаў. Пасля трох гадоў нярэдка з’яўляецца страх вады, цемры, крыві, закрытай прасторы, смерці. З 6—7 гадоў дзеці баяцца жывёл, пажару, катастроф, няшчасцяў з блізкімі. Пасля 8 гадоў — смерці блізкіх, сваёй смерці. Пераважаюць страхі, звязаныя з уяўленнем. У дашкольным і малодшым школьным узросце хлопчыкі больш трывожныя, чым дзяўчынкі. У 9—11 гадоў інтэнсіўнасць перажыванняў у абодвух палоў выраўноўваецца. Пасля 12 гадоў дзяўчынкі становяцца больш трывожнымі, а ў хлопчыкаў гэтае пачуццё паслабляецца. Чым больш дарослымі становяцца дзеці, тым больш прыметная розніца паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў перажываннях трывогі.

Страх, трывога суправаджаюць развіццё чалавека, з’яўляюцца своеасаблівай платай за гэтае развіццё. Такія станы дазваляюць дзіцяці захоўваць сваё жыццё, не рызыкаваць празмерна, трымацца ў рамках паво­дзін, якія сацыяльна адабраюцца, накіроўваць і канцэнтраваць намаганні, дасягаць выніку. Аднак высокі ўзровень трывожнасці з’яўляецца эмацыянальным парушэннем, якое суправаджаецца няўпэўненасцю ў сабе, пастаяннымі апаскамі і неадэкватнымі страхамі. Чым больш дарослыя дзеці, тым ра­дзей мы ўбачым у іх адкрытыя праявы страху. Дзеці вучацца дасягаць часовай палёгкі, яны інтуітыўна знаходзяць для гэтага спосабы.

Самазаспакаенне. Перабірае валасы, тузае нос, губу, вуха — такія звычкі становяцца рытуаламі самазаспакаення. Няўпэўненае дзіця грызе пазногці, скуру на пальцах, кусае шчаку.

Рытуальныя дзеянні. Баючыся атры­маць дрэнную адзнаку, дзіця адчувае пры­хільнасць, напрыклад, да пэўнага адзення, якое быццам ратуе яго ад “двойкі”, “чацвёркі” і г.д. Ахоўныя рытуалы могуць стаць неадчэпнымі. З’яўляецца страх забыць здзейсніць іх. Ствараецца новы рытуал, які дапамагае па­збегнуць страху не выканаць першы. Так усё жыццё вучня ператвараецца ў ланцуг рытуалаў, дзе парушэнне аднаго з іх актуалізуе ўсе страхі адразу.

Фантазіі. Дзіця ці падлетак мяняе рэальнасць на фантазію і жыве ў ёй (напрыклад, уяўляе, што абсалютна ўсе ў групе дзіцячага сада сябруюць з ім, усе дзяўчынкі класа закаханы ў яго), быццам супрацьпастаўляе фантазію жыццю. Фантазія як ахоўны сродак адрозніваецца ад канструктыўнай, якая звязана з рэальнасцю, уплывае на яе, прыводзіць да жадання ўвасобіць рэальнасць. У фантазіях таго, хто абараняецца, такіх прымет няма.

Аднабаковыя захапленні прыцягва­юць асобу і раз’ядноўваюць яе з навакольным светам. Прыкладам такіх захапленняў можа быць і чытанне пісьменніка, якога цяжка разумець, ці вывучэнне мёртвай мовы, паглыбленне ў жыццяпіс сусветнай знакамітасці і г.д. Іншымі словамі, змест захаплення не мае значэння, вырашальным з’яўляецца менавіта ізаляцыя сябе праз захапленне.

Захворванне. Эмацыянальны стан паляпшаецца за кошт пагаршэння фізічнага стану. У такіх выпадках прастуды, страўнікава-кішачныя захворванні, галаўныя болі, алергічныя рэакцыі, якія часта паўтараюцца, могуць з’яўляцца вынікам унутранага канфлікту.

Найбольш цяжка пераносяцца страхі і трывога ў дашкольным дзяцінстве, у пачатковай школе. Выхавальнікам, настаўнікам, псіхолагам неабходна аказваць інтэнсіўную падтрымку дзецям з такім эмацыянальным напружаннем. Тры актуальныя напрамкі дапамогі: павышэнне самаацэнкі, навучанне ўменню знімаць мышачнае напружанне, выхаванне ўпэўненых паводзін. Пазнаёмім педагогаў з некаторымі гульнямі і практыкаваннямі, што маглі б паспрыяць аптымізацыі, гарманізацыі дзяцей, якія баяцца і трывожацца.

Гульня “Ласкавая крэйда” спрыяе зняццю мышачных заціскаў, развіццю тактыльных адчуванняў. Педагог прапануе “памаляваць” адно аднаму на спіне. Ласкавая крэйда — гэта пальчык дзіцяці ці педагога. Педагог: “Што ты хочаш, каб я намаляваў? Сонейка? Добра”. І мяккім дотыкам пальцаў малюе контур сонца на спіне дзіцяці. “Падобна? Як бы ты маляваў на маёй спіне ці руцэ? Хочаш, я намалюю табе штосьці яшчэ?” — працягвае гульню педагог. Пасля заканчэння гульні дарослы пяшчотнымі рухамі рукі “сцірае” ўсё, што ён намаляваў, пры гэтым злёгку масажуючы спіну ці іншы ўчастак цела.

Гульня “Пакатай ляльку” спрыяе зняццю мышачных заціскаў у вобласці рук, павышэнню ўпэўненасці дзіцяці. Даём яму ў рукі ляльку ці іншую цацку і гаворым, што яна баіцца катацца на арэлях. Задача дзіцяці — навучыць ляльку быць смелай. Дзіця імітуе рухі арэляў, злёгку гушкае рукой, паступова павялічваючы амплітуду рухаў. Потым запытваем дзіця, ці стала лялька смелай. Калі не, то просім дзіця падказаць ляльцы, што яна павінна зрабіць, каб пераадолець свой страх. Затым паўтараем гульню яшчэ раз.

Практыкаванне “Бойка” дапамагае расслабіць мышцы ніжняй часткі твару і кісцей рук. Уявіце, што вы з сябрам пасварыліся. Вось-вось пачнецца бойка. Глыбока ­ўздыхніце, моцна сцісніце зубы. Сцісніце як мага мацней кулакі. На некалькі секунд затаіце дыханне.

Задумайцеся: а можа, не варта біцца? Выдыхніце і расслабцеся. Страсяніце кісцямі рук. Адчулі палёгку? Гэтае практыкаванне падыдзе для гарманізацыі не толькі трывожных дзяцей, але і агрэсіўных.

Гульня “Кенгуру” развівае ўменне паводзіць сябе ўпэўнена, узаемадзейнічаць з партнёрам. Дзелім удзельнікаў на пары. Адзін — кенгуру (стаіць), другі — кенгураня (прысядае спінай да кенгуру). Абодва ­ўдзельнікі бяруцца за рукі. Задача — у такім становішчы, не разнімаючы рук, прайсці да супрацьлеглай сцяны, да вядучага, абысці перашкоду, паскакаць разам і г.д. У далейшым удзельнікі гульні могуць памяняцца ролямі, потым — партнёрамі.

Практыкаванне “Ідзіце за лідарам” дае магчымасць узяць на сябе ініцыятыву, адчуць упэўненасць, нават перажыць вопыт лідарства. Дзіця малюе выяву, лінія за лініяй. Пасля кожнай лініі, кожнага нанесенага фрагмента ці дэталі яно на некаторы час паказвае свой малюнак, дазваляючы астатнім удзельнікам скапіраваць гэта. Толькі дзіця, якое выконвае ролю вядучага, ведае, якім будзе канчатковая выява. Практыкаванне заканчваецца параўнаннем вынікаў і іх абмеркаваннем.

Усім дарослым, якія выхоўваюць дзіця, карысна арганізаваць саманазіранне, каб вызначыць, ці не заражаюць яны дзяцей сваімі трывогамі і страхамі. Карысны ўплыў зыхо­дзіць ад дарослага, які пазітыўна ставіцца да жыцця, адносіцца да сябе з павагай, бачыць у людзях іх станоўчыя якасці, умее мяняць сябе да лепшага, прымае рашэнні самастойна, часам рызыкуе, акружае сябе рэчамі, якія дабратворна ўплываюць на ўласную асобу (кнігі, дыскі і г.д.), ве­рыць у свае жыццёвыя каштоўнасці. Дарослым таксама неабходна падтрымка ці самападтрымка, каб адчуваць сябе ўпэўненымі і непаўторнымі, быць крыніцай, якая насычае сваё дзіця, свайго вучня.

Прапануем варыянт. Уважліва пагля­дзіце на сябе  ў люстэрка. Ніхто на зямлі не выглядае гэтак жа, як вы: ні вашы баць­кі, ні браты, ні сёстры. Ваша хада, голас адрозніваюцца ад хады і голасу іншых лю­дзей. А ўнутры вы яшчэ больш асаблівыя: ніхто на зямлі не ўмее любіць і сябраваць так, як гэта робіце вы. У вас ёсць мары, якія толькі вашы і нічые больш. Вы робіце, думаеце, адчуваеце — і ўсё гэта толькі ваша. Чым сталейшымі мы становімся, тым лепш
умеем адказваць за сябе, сваё жыццё, за вынік сваёй працы. Самы вялікі дар, які мы атрымалі, — гэта жыццё. Успомніце тое, што ў вас лепш за ўсё атрымліваецца. ­Успомніце хвіліны ўдзячнасці вам з боку іншых людзей. Успомніце добрыя словы, якія вам гаварылі іншыя людзі. Падзякуйце сабе за тое, якія вы ёсць.

Добры псіхалагічны мікраклімат для дзяцей павінен быць і дома, і ў дзіцячым садзе, і ў школе. Гульні, паходы, экскурсіі, выхады на прыроду — вось нашы рэсурсы і рэзервы для выхавання дзіцяці спакойнага, ураўнаважанага, смелага і ўпэўненага.

Псіхалагічнае люстэрка

Хто страшнейшы: Пікавая дама, Чорная рука ці Змей Гарыныч?

Каб дапамагчы дзіцяці жыць у гармоніі са светам і самім сабой, важна ўмець разумець яго ўнутраны свет. Здараецца, што доступ у гэтую скарбніцу не заўсёды адкрыты для дарослых, ці мы не ўмеем чэрпаць з яго інфармацыю. Прапануем пазнаёміцца з інструментам для разумення, вызначэння групы дзіцячых страхаў і іх колькасці — гэта апытальнік для выяўлення страхаў у дашкольным і малодшым школьным ­узросце А.І.Захарава. Право­дзіцца ў форме гутаркі.

Страхі можна падзяліць на некалькі груп:

1. Медыцынскія (боль, уколы, урачы, хваробы, кроў).

2. Фізічныя шкоды (транспарт, агонь, стыхіі, вайна, гукі).

3. Страх смерці (памерці).

4. Жывёл і казачных персанажаў.

5. Кашмарных сноў, цемры.

6. Сацыяльныя страхі (людзі, адзінота, спазненні, дзеці, пакаранні).

7. Прасторавыя (вышыня, вада, замкнутая прастора).

Якія страхі пераважаюць, з чым гэта звязана, інтэнсіўнасць перажывання — методыка дазваляе правесці наступную гутарку, інтэрв’ю.

— Ты баішся ці не баішся:

1. калі застаешся адзін;

2. нападзення;

3. захварэць, заразіцца;

4. смерці;

5. смерці бацькоў;

6. нейкіх людзей (незнаёмых, п’яных, якія паводзяць сябе недарэчна);

7. маму, тату;

8. што цябе пакарае мама, тата;

9. казачных (міфічных) персанажаў, у тым ліку Бабу Ягу, Кашчэя, Бармалея, Змея Гарыныча (для дашкольнікаў), Пікавую даму, Чорную руку, шкілетаў, чарцей, прывідаў, невідзімак, іншапланецян (для школьнікаў);

10. спазніцца ў дзіцячы сад ці школу;

11. у час засынання, перад сном (калі так, то чаго канкрэтна);

12. страшных сноў (калі так, то якіх канкрэтна);

13. цемры, калі цёмна;

14. жывёл, насякомых: воўка, мядзведзя, сабак, насякомых, павукоў, змей;

15. транспарту: машын, цягнікоў, самалётаў;

16. стыхіі: буры, урагану, паводкі, землетрасення;

17. вышыні: калі высока;

18. глыбіні: калі глыбока;

19. у маленькім пакоі, туалеце, метро, перапоўненым аўтобусе, калі цесна (замкнутай прасторы);

20. вады;

21. агню;

22. пажару;

23. вайны;

24. вялікіх вуліц, плошчаў;

25. урачоў, медыцынскіх работнікаў (акрамя зубных);

26. крыві (калі кроў ідзе);

27. уколаў;

28. болю (калі балюча);

29. нечаканых, рэзкіх гукаў, калі раптам што-небудзь грукне, упадзе;

30. зрабіць што-небудзь не тое, не так, няправільна (дрэнна — тэрмін для дашкольнікаў);

31. не паспець (некуды прыйсці ці штосьці зрабіць).

Сцвярджальныя адказы дзіцяці на пытанні залічваюцца як адзін бал.

Калі з дзіцем размаўляюць бацькі ці псіхолаг, то можна задаць дадатковыя пытанні, якія тычацца ўзаемаадносін дзіцяці з педагогам:

— Ты баішся ці не баішся (імя, імя па бацьку педагога)?

— Ты баішся ці не баішся, што цябе пакарае (імя, імя па бацьку выхавальніка)?

Узроставыя нормы страхаў для дзяцей дашкольнага ўзросту (А.І.Захараў, 2000): для хлопчыкаў трох гадоў — 7, для дзяўчынак трох гадоў — 9 страхаў з’яўляюцца ­ўзроставай нормай. Для пяцігадовых хлопчыкаў 8 страхаў з’яўляюцца ўзроставай нормай, а для пяцігадовых і шасцігадовых дзяўчынак — 11. Для шасцігадовых і сямігадовых хлопчыкаў, якія яшчэ не пайшлі ў школу, індэкс страхаў складае 9, а для сямігадовых дзяўчынак значэнне нормы страхаў мае максімальнае значэнне — 12. Калі коль­касць страхаў у дзіцяці перавышае ­ўзроставую норму ў 1,5 разу, то ўжо можна гава­рыць пра тое, што псіхіка дзіцяці знаходзіцца ў стане перанапружання і неабходны спе­цыяльныя псіхалагічныя меры па нармалізацыі эмацыянальнага стану дзіцяці. Неабходна звярнуць увагу на адказы дзіцяці па пытаннях № 10, № 30 і № 21. Станоўчыя аказы на іх гавораць пра сацыяльную трывожнасць у дзіцяці, паходжанне якой цалкам залежыць ад празмерна абавязковых і прынцыповых дарослых.

Святлана РАДЗЬКОВА.

Comments are closed.