Аўтэнтычная песня — ключ да паспяховай камунікацыі

Як зрабіць так, каб мае навучэнцы гаварылі па-англійску? Як пашырыць іх лексічны запас, дапамагчы разабрацца ў граматычных канструкцыях? Як навучыць успрымаць на слых і разумець англійскую мову, правільна будаваць выказванні, без асаблівых намаганняў запамінаць моўныя канструкцыі? Як зрабіць урок яркім, эмацыянальна афарбаваным, незабыўным і максімальна эфектыўным? Разважаючы над гэтымі пытаннямі, я прыйшла да высновы, што выкарыстанне аўтэнтычных песень на ўроках і ў пазаўрочны час дапамагае вырашыць многія праблемы ў навучанні. Аўтэнтычныя матэрыялы неабходны для навучання ўсім асаблівасцям размоўнага маўлення. Да таго ж найбольш лёгкі спосаб даведацца пра краіну мовы, якая вывучаецца, — гэта далучыцца да яе музычнай культуры.

Аўтэнтычны песенны матэрыял на ўроках англійскай мовы я выкарыстоўваю з 2000 года. Працуючы настаўніцай англійскай мовы ў пачатковай школе, я зрабіла для сябе выснову, што гэты прыём спрыяе хуткаму запамінанню лексічных адзінак і фраз, дапамагае сарамлівым навучэнцам разняволіцца і загаварыць, стварае добразычлівую атмасферу падчас урока. Я працягнула працаваць з аўтэнтычным песенным матэрыялам і на другой ступені адукацыі.


У працэсе работы мной вырашаліся наступныя задачы:

1. Вывучалася спецыяльная літаратура і вопыт калег па арганізацыі вучэбнай дзейнасці з выкарыстаннем аўтэнтычных песень для інтэнсіфікацыі працэсу навучання на ўроках англійскай мовы і ў пазаўрочнай дзейнасці.

2. Разглядаліся асаблівасці выкарыстання аўтэнтычных песень як метадычнага прыёму пры навучанні вымаўленню, успрыманню і разуменню маўлення на слых, пры ўдасканаленні лексічных і граматычных навыкаў.

3. Падбіраліся аўтэнтычныя песні рознай тэматыкі, якія адпавядаюць пэўным мэтам і этапам урока англійскай мовы, з улікам магчымасці іх выкарыстання для розных узроставых груп навучэнцаў.

4. Распрацоўвалася і апрабоўвалася сістэма заданняў і практыкаванняў для навучання розным відам моўнай дзейнасці на ўроку англійскай мовы з выкарыстаннем аўтэнтычных песень.

5. Аналізавалася аптымальнасць выкарыстання песеннага матэрыялу ў працэсе навучання замежнай мове.

Працэс вывучэння эфектыўнасці выкарыстання аўтэнтычных песень на ўроках англійскай мовы ўключаў:

*  падрыхтоўчы этап (вывучэнне спецыяльнай літаратуры па тэме, вывучэнне псіхалагічных асаблівасцей навучэнцаў, іх здольнасцей і захапленняў; пошук адпаведных аўтэнтычных песень);

*  этап практычнай рэалізацыі (стварэнне інтэрактыўных заданняў, спецыяльных практыкаванняў, аналіз іх выніковасці і эфектыўнасці выкарыстання на розных этапах вывучэння англійскай мовы ў 7, 9 класах);

*  этап абагульнення вопыту (выступленні на пасяджэнні метадычнага аб’яднання, правядзенне серыі адкрытых урокаў).

Сутнасць майго вопыту — у сістэматызацыі метадычных прыёмаў выкарыстання аўтэнтычных песень на ўроках англійскай мовы і стварэнні спецыяльных практыкаванняў пры рабоце з аўтэнтычным песенным матэрыялам для ўспрымання і разумення іншамоўнага маўлення на слых і актывізацыі вуснага маўлення з мэтай павышэння эфектыўнасці працэсу навучання.

Не сакрэт, што для многіх навучэнцаў падлеткавага ўзросту песні сучасных музычных груп уяўляюць асаблівую цікавасць, таму выкарыстанне песень на англійскай мове істотна павышае матывацыю да вывучэння замежнай мовы. Да таго ж у цяперашні час навучанне ўсё часцей будуецца на камунікатыўным, міжкультурным падыходзе, адным з найважнейшых аспектаў якога з’яўляецца ўспрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых, таму што менавіта ўменне ўспрымаць і разумець замежную мову на слых з’яўляецца ключом да паспяховага авалодання гэтай мовай з пазіцыі камунікацыі. Тэксты песень напісаны ў асноўным у размоўным стылі, і з іх дапамогай можна вывучаць гэты стыль мовы.

Аўтэнтычныя песні змяшчаюць шэраг лексічных адзінак, у іх сустракаецца шмат граматычных з’яў — з дапамогай гэтага можна паспяхова навучаць успрыманню і разуменню іншамоўнага маўлення на слых. І, што вельмі важна, аўтэнтычныя песні з’яўляюцца тэматычнай дапамогай, якая стымулюе гаварэнне на замежнай мове. Выбраць і выкарыстаць каштоўныя ў культурных адносінах аўтэнтычныя іншамоўныя песні нескладана, бо іх вялікая колькасць і можна знайсці матэрыял практычна па любой тэме. Амаль да кожнай тэмы, якая вывучаецца, я стараюся падабраць песню адпаведнага зместу з магчымасцю выхаду на этап абмеркавання з дапамогай складзеных мной спецыяльных практыкаванняў, што, безумоўна, дапамагае мне мадэляваць камунікатыўную сітуацыю на ўроку і робіць працэс навучання больш эфектыўным.

Перш чым пачаць работу, стараюся выбраць цікавы, а галоўнае, якасны песенны матэрыял. Існуе некалькі крытэрыяў адбору. Першы крытэрый — гэта адпаведнасць узросту і лексічнае напаўненне. Другі крытэрый — гэта сама песня. Яна павінна быць прыемнай для слухання і па магчымасці лёгкай для перадачы. Трэці крытэрый — гэта адпаведнасць песні тэме ўрока або цыклу ўрокаў.

Для выкарыстання аўтэнтычнага песеннага матэрыялу на першай ступені адукацыі, на мой погляд, вельмі добра падыходзіць зборнік песень і рыфмовак, складзены К.Грэхэм. У ім прадстаўлены песні на розныя тэмы, напрыклад, Animals, Food and Drink, Household, Nature and Weather, People and parts of the body, Clothing and Accessories, School. Песні простыя ў выкананні і рытмічныя, іх можна суправаджаць жэстамі, мімікай, што таксама палягчае працэс запамінання новых слоў і выказванняў.

Дзіяна Вэбстэр і Эн Ворэл склалі цудоўны дапаможнік па англійскай мове для дзяцей English Together. Ён змяшчае шэраг цікавых па змесце аўтэнтычных песень, такіх, напрыклад, як I love holidays, On the way to school, Come with me to the stars, The future is in our hand, Carnival time, A best friend, Have you ever.

Для інтэнсіфікацыі працэсу навучання на ўроках англійскай мовы на другой і трэцяй ступені адукацыі можна выкарыстоўваць аўтэнтычныя песні, прадстаўленыя ў вучэбна-метадычным комплексе Pacesetter Д.Стрэнджа і Д.Хол (напрыклад, песні Has she got a message for him?, Anymore, Maybe, Fields of grey, Don’t talk, My best friend), а таксама ў зборніку In English П.Вайні. Аўтэнтычныя песні на любую тэму нескладана знайсці і ў інтэрнэце. Галоўнае, каб яны адпавядалі вышэйназваным крытэрыям адбору.

Песенны матэрыял выкарыстоўваю на розных этапах вучэбных заняткаў, у залежнасці ад метадычнай задачы кожнага: на пачатковым этапе ўключэння ў атмасферу іншамоўных зносін — для фанетычнай зарадкі, на этапе ўвядзення або першаснага замацавання і актывізацыі ведаў пры ўжыванні граматычных правіл і лексічных адзінак. Аўтэнтычныя песні могуць выкарыстоўвацца на любым этапе ўрока як стымул для развіцця маўленчых навыкаў і ўменняў, а таксама, калі неабходна, для адпачынку і рэлаксацыі. Для ўключэння кожнага навучэнца ў актыўную работу з аўтэнтычнай песняй найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца групавая і парная формы работы на ўроку.

Звычайна я праводжу работу з аўтэнтычнай песняй у некалькі этапаў. Першы этап — падрыхтоўчы. Прапаноўваю навучэнцам выказаць свае здагадкі пра тэму песні на аснове назвы або ўступу. Гэта можна зрабіць з дапамогай прыёму “мазгавога штурму”, асацыяцый і г.д. На гэтым жа этапе можна арганізаваць работу ў парах для абмену думкамі. На ўроку ў 9 класе па тэме “Здароўе” перад пачаткам работы з песняй I ain’t got спачатку прашу навучэнцаў выказаць сваё меркаванне пра важнасць здароўя. Працуючы з песняй What a wonderful world у 7 класе пры вывучэнні тэмы “Падарожжы па розных краінах” перад першым праслухоўваннем прапаноўваю навучэнцам адказаць на пытанні, пра што спяваецца ў песні з такой назвай. Такі ж прыём выкарыстоўваю пры рабоце з песняй Return to sender, вывучаючы тэму “Сучасныя сродкі камунікацыі” ў 9 класе.

Другі этап — аўдытыўны. Мэтай першага праслухоўвання з’яўляецца азнаямленне з песняй і меркаванні пра яе змест. Калі назва песні загадзя не паведамлялася, можна прапанаваць навучэнцам самім яе прыдумаць. Можна таксама пачынаць слухаць песню без папярэдняга азнаямлення з яе тэкстам. Навучэнцы абавязкова ўловяць эмоцыі і ідэю песні, нават калі не зразумеюць тэкст. Часам я, наадварот, прапаноўваю навучэнцам запоўніць пропускі ў тэксце песні, яшчэ да яе праслухоўвання. Такую работу праводжу ў групах. Пасля праслухоўвання можна параўнаць вынікі работы ў групах і выявіць лідара. Пры другім праслухоўванні песні важна звярнуць увагу на разуменне тэксту песні. Можна прапанаваць навучэнцам запоўніць загадзя складзеныя табліцы з заданнямі, напрыклад, уставіць прапушчаныя словы (граматычныя структуры, лексіку па тэме). Можна прыдумаць серыю практыкаванняў на разуменне зместу песні, дапасаванне слоў і выказванняў (matching), лексіка-граматычныя практыкаванні, а таксама практыкаванні на гаварэнне з выкарыстаннем слоў песні (падключаецца таксама фантазія навучэнцаў), падабраць сінонімы або антонімы да вылучаных слоў, знайсці пэўныя лексічныя адзінкі ў адпаведнасці з іх азначэннем.

Трэці этап работы над песняй — творчы. Далейшае праслухоўванне цэлага твора або яго фрагмента дазваляе паглыбіцца ў работу над тэкстам. На гэтым этапе можна паглыбляцца ў тэму, адказваючы на пытанні, да каго звернута песня, якая яе асноўная ідэя, якая асноўная сувязь паміж назвай і тэкстам песні. Можна выканаць шэраг практыкаванняў на гаварэнне з выкарыстаннем тэксту песні. Напрыклад, расказаць, пра што або пра каго спяваецца ў песні; калі гэта балада, то сваімі словамі расказаць пра падзеі, што апісваюцца ў песні; прыдумаць, чым скончыцца гісторыя, пра якую спяваецца ў песні. У якасці дамашняга задання магу прапанаваць навучэнцам напісаць сачыненне на основе адной з фраз песні, скласці дыялог на аснове тэксту або напісаць апавяданне пра песню, пра пачуцці і асацыяцыі, якія яна выклікае.

У залежнасці ад мэты і задач урока песню можна выкарыстоўваць пры навучанні ўсім аспектам мовы. Але асабліва эфектыўным, на мой погляд, з’яўляецца выкарыстанне песенных матэрыялаў пры навучанні ўспрыманню і разуменню замежнай мовы на слых. Пасля праслухоўвання твора можна прапанаваць навучэнцам аднавіць яе тэкст з асобных фрагментаў, уставіць прапушчаныя словы або, наадварот, выкрасліць лішнія словы, дабаўленыя настаўнікам у тэкст. Я рэгулярна праводжу работу ў групах, напрыклад, прапаноўваючы навучэнцам сабраць тэкст песні з фрагментаў або аднавіць яго з пераблытаных слоў. Усё гэта, безумоўна, удасканальвае навыкі актыўнага ўспрымання англійскай мовы на слых і разумення праслуханага. Навучэнцы працуюць разам, вучацца самастойнасці, развіваюць свае камунікатыўныя ўменні.
Адна з пераваг выкарыстання аўтэнтычных песень — магчымасць мадэлявання сітуацыі зносін на ўроку, што з’яўляецца асноўнай умовай камунікатыўнага навучання замежным мовам. Можна выкарыстоўваць аўтэнтычныя песні, якія з’яўляюцца не проста ілюстрацыяй да тэмы, якая вывучаецца, але і асновай для абмеркавання.

У выніку выкарыстання аўтэнтычных песень на ўроках англійскай мовы павышаецца матывацыя і актывізуецца пазнавальная дзейнасць навучэнцаў. Акрамя таго, я рэгулярна праводжу анкетаванне навучэнцаў з просьбай адказаць на пытанні, што падабаецца і што не падабаецца на ўроках англійскай мовы. Як правіла, усім падабаецца работа з песенным матэрыялам. У тых групах, дзе шырока выкарыстоўваецца аўтэнтычны песенны матэрыял, працэс навучання праходзіць лягчэй, навучэнцы больш матываваныя, без асаблівых намаганняў запамінаюць лексічныя адзінкі і размоўныя формулы. Успрыманне на слых і разуменне праслуханага тэксту на англійскай мове таксама выклікае ў навучэнцаў менш цяжкасцей.

Аднак варта памятаць пра тое, што прымяненне аўтэнтычных песень на ўроках павінна быць дазіраваным. Мне здаецца, мэтазгодна прысвячаць такой рабоце не больш за 15—20 мінут. Звычайна я працую з новым песенным матэрыялам у пачатку ўрока, каб настроіць дзяцей на тэму вывучэння, задаць тон заняткам. Як правіла, я прапаноўваю песню для праслухоўвання і практыкаванні, звязаныя з ёй, або ў пачатку тэмы, што вывучаецца, або, наадварот, пасля яе праходжання. Але такую работу не трэба праводзіць на кожным уроку, каб яна не ператварылася ў руцінную.

Практычнае выкарыстанне аўтэнтычных песень было неаднаразова прадэманстравана падчас серыі адкрытых урокаў і атрымала высокую ацэнку на пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы. Што да навучэнцаў, то яны таксама могуць прымяняць атрыманыя навыкі, удзельнічаючы ў традыцыйным конкурсе англійскай песні Silver bells, які штогод праводзіцца ў нашай гімназіі.

Тамара КРЫЧКО,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 16 Мінска.