Дэбютны ўрок

Гэты артыкул у першую чаргу адрасаваны настаўнікам, якія 1 верасня ўпершыню правядуць свае першыя цалкам самастойныя ўрокі. Побач з вамі, калегі, не будзе ні метадыста, ні настаўніка, якія апякалі вас як студэнта-практыканта. Ад таго, якім будзе першы ўрок, вельмі многае залежыць, бо ён — індыкатар прафесіяналізму, умення годна выглядаць і адэкватна рэагаваць на выклікі з боку вучняў. Ад першага ўрока залежыць, ці будзе потым у вас дысцыпліна на занятках, як будуць ставіцца да вас навучэнцы, якім будзе ваша прафесійнае самаадчуванне.

Давайце паразважаем наконт падрыхтоўкі пачынаючага настаўніка да дэбютнага ўрока, яго правядзення і аналізу. Адразу заўважым, што многія парады будуць тычыцца не толькі першага ўрока, але і наступных (памятаеце, прэм’ернымі лічацца не адзін, а дзесяць першых паказаў спектакля).

Аб падрыхтоўцы да ўрока

Напэўна, калега, пры планаванні ўрока ў вас адразу ўзнікнуць пытанні: з чаго пачаць урок, як змясціць вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу ў абмежаваны час урока, як арганізаваць работу вучняў на ўроку і забяспечыць належную дысцыпліну, як самому працаваць на ўроку (прытрымлівацца ўзораў дзейнасці сваіх былых настаўнікаў, улічваць рэкамендацыі метадыста на практыцы ў школе ці кіравацца апублікаванымі метадычнымі рэкамендацыямі; ці браць пад увагу парады завуча; паспрабаваць метады і сродкі навучання, якія былі ўдалымі падчас студэнцкай практыкі, ці, магчыма, прымяніць нешта іншае; ці выстаўляць адзнакі вучням ужо на першым уроку)? Як многа пытанняў!
Пачнём з агульных рэкамендацый. Важна кіравацца класічнымі прынцыпамі дыдактыкі (нагляднасці, навуковасці, сістэматычнасці і паслядоўнасці, даступнасці, уліку ўзросту вучняў і інш.), а таксама новымі, якія абумоўлены тым, што сучасны адукацыйны працэс ажыццяўляецца ў новых (у параўнанні з часам, калі жыў Я.Каменскі) умовах: апоры на суб’ектны вопыт вучняў, зваротнай сувязі, першаснасці адукацыйнай прадукцыі навучэнцаў, рэфлексіі і інш. Прынцыпы, як вядома, з’яўляюцца регулятывамі дзейнасці, нормамі, якіх неабходна прытрымлівацца. Яны вызначаны на аснове эмпірычна высветленых заканамернасцей. Напрыклад, прынцып зваротнай сувязі вынікае з таго, што, як устаноўлена практыкай, асэнсаванне выкананай дзейнасці, вымярэнне і ацэнка прамежкавых вынікаў істотна павышае ўзровень навучанасці вучняў, іх вучэбна-пазнавальную матывацыю і адказнасць.
Да ліку агульных патрабаванняў і рэкамендацый адносіцца нарматыўная прававая і навукова-метадычная база арганізацыі адукацыйнага працэсу: патрабаванні вучэбнай праграмы, правілы фарміравання вуснай і пісьмовай мовы вучняў, нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, санітарна-гігіенічныя нормы і інш. Дарэчы, яны змешчаны ў адпаведным Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі (“Настаўніцкая газета”, 18 ліпеня 2015 года). Ёсць унутраныя патрабаванні ўстановы адукацыі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, якія таксама важна ведаць і кіравацца імі. Калі з дыдактычнымі прынцыпамі вы, калега, больш-менш пазнаёміліся ва ўніверсітэце, то яшчэ напрыканцы жніўня важна вывучыць нарматыўна-прававыя, а таксама навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу па вашым прадмеце.
Зараз аб канкрэтных рэкамендацыях. Аўтарам артыкула яны сфармуляваны на аснове вывучэння літаратуры, вопыту паспяховых настаўнікаў, свайго асабістага шматгадовага вопыту навучання фізіцы і тычацца дастаткова актуальных праблем планавання, арганізацыі і аналізу ўрока.

1. Пры падрыхтоўцы да ўрока разглядайце яго як сістэму. Урок — гэта адносна скончаны ў зместавых, часавых і арганізацыйных адносінах фрагмент адукацыйнага працэсу. Сістэма азначае “цэлае, складзенае з частак”; гэта пэўны парадак у размяшчэнні частак у цэлым, абумоўлены ўзаемасувязямі паміж кампанентамі. Урок або факультатыўныя заняткі важна разглядаць як дыдактычную сістэму, якая складаецца (паводле В.П.Сіманава) з мэтавага кампанента, зместу, дзейнасці настаўніка, дзейнасці навучэнцаў, форм, метадаў і сродкаў навучання, адукацыйнага выніку. Пры гэтым сістэмаўтваральным кампанентам з’яўляецца мэта, а ўсе кампаненты павінны быць звязаны прамымі і зваротнымі сувязямі і падпарадкоўвацца мэце. Напрыклад, на вашым уроку важна забяспечыць сувязь “мэта — вынік”, гэта значыць, што на выхадзе з яго настаўнікам і самімі навучэнцамі павінна правярацца і ацэньвацца, як засвоена тое, што пазначана ў якасці вучэбнай мэты ўрока. Яшчэ прыклад: выбірайце менавіта тыя метады і сродкі навучання, якія ў найбольшай ступені працуюць на мэту. Калі мэта ў кулінара — вегетарыянскі абед, то ён не выкарыстоўвае прадукты жывёльнага паходжання. Для вырашэння задач выхавання і развіцця навучэнцаў арганізуйце на ўроках сітуацыі, у якіх гэтыя задачы больш ці менш паспяхова вырашаюцца.
2. Варта кіравацца рэкамендацыямі І.П.Падласага па планаванні ўрока. Ён справядліва лічыць, што першым этапам у гэтым працэсе з’яўляецца вывучэнне і ацэнка перадурочнай сітуацыі — усіх акалічнасцей, у якіх будзе праводзіцца ўрок. У такім выпадку план урока будзе жыццёвым і рэальным, мінімізуюцца рызыкі ўзнікнення непрадбачаных сітуацый. Паглядзіце ў раскладзе, якое месца займае ўрок, да якога вы рыхтуецеся: які ён па ліку, пасля якіх заняткаў пастаўлены (напрыклад, пасля матэматыкі ці пасля фізкультуры), бо гэта таксама важна. Знайдзіце час і пагутарыце з класным кіраўніком, з іншымі педагогамі — пажадана як мага больш даведацца пра клас і яго гісторыю, пра вучняў, для якіх гэты ўрок рыхтуецца: чаго ад вучняў можна чакаць, наколькі яны дысцыплінаваныя, наколькі яны матываваныя і адказныя, ці ўстойлівая ў іх увага, ці працаздольныя яны. Добра, калі вы будзеце ведаць пра патэнцыяльных парушальнікаў парадку. Тады ўрок можаце пачаць з паведамлення таго, што ўжо шмат чаго ведаеце пра клас, прывядзіце нейкія факты з яго гісторыі, у якой, у прыватнасці, праявіліся са станоўчага боку цяжкія вучні. Загадзя даведайцеся пра напаўненне прадметнага кабінета.
3. Калі вы будзеце пісаць план урока, а гэта найважнейшая ўмова якаснага яго правядзення, то раім прадумаць і пазначыць сваю мэту і мэту вучняў, крытэрыі ацэнкі ходу і вынікаў іх працы, сфармуляваць да ўрока ключавое пытанне, зафіксаваць змест дзейнасці вучняў (з якім матэрыялам і як яны будуць працаваць) і змест дамашняга задання. Карысна прадугледзець альтэрнатыўныя варыянты, калі нешта на ўроку пойдзе не па плане. Не пішыце мэту фармальна (абы напісаць) — пішыце не тое, што самі збіраецеся рабіць, а запланаваны вынік: тое, чаму, як вы думаеце, навучацца вучні да канца ўрока. У такім разе ваша дзейнасць будзе мэтанакіраванай. Падумайце, як лепш давесці мэту да вучняў. “Няхай не здзіўляецца той, хто трапіў не туды, куды трэба, калі ў яго не было мэты”, — пісаў М.Твен. Сапраўды, калі ў вучня на ўроку няма мэты, то ён і матывацыі не мае, і адказнасці за сваё навучанне, і працуе як мокрае гарыць. Дадатковым фактарам павышэння матывацыі з’яўляецца сувязь мэты з канкрэтнымі жыццёвымі праблемамі або з’явамі. Паколькі ўрок павінен быць скіраваны не толькі на веды і прадметныя ўменні вучняў, але і на выхаванне, на развіццё іх сацыяльных і вучэбна-пазнавальных кампетэнцый, то вызначайце выхаваўчыя і развіццёвыя задачы на ўрок і плануйце адпаведныя сітуацыі: калі вызначана задача выхавання адказнасці, то на ўроку павінны быць сітуацыі выбару; калі развіцця даследчых здольнасцей, то сітуцыі вылучэння гіпотэзы, фармулёўкі вывадаў і г.д. Пазітыўны вопыт, які набудзе вучань у працэсе навучання, будзе станоўча ўплываць на яго будучыя паводзіны і рашэнні.
4. Распаўсюджана такая практыка: пакуль яшчэ большасць настаўнікаў, рыхтуючыся да ўрока, прадумваюць выключна сваю дзейнасць. Але такі вопыт не для вас. Па-першае, ёсць рызыка, што пры гэтым вучні будуць проста гледачамі ў тэатры аднаго акцёра, ім можа стаць нецікава. І вось тут глеба для парушэння дысцыпліны. Вы станеце гучней гаварыць, рабіць заўвагі, будзе нарастаць атмасфера процістаяння настаўніка і вучняў. Па-другое, вядома, што на добрыя адукацыйныя вынікі можна спадзявацца, толькі калі на ўроку працуюць самі вучні, а настаўнік арганізоўвае гэтую работу. Важна імкнуцца да таго, каб вучні выконвалі ўсе этапы дзейнасці: вызначалі свае мэты, планавалі работу, ажыццяўлялі дзейнасць, здзяйснялі самакантроль і ацэнку яе ходу і вынікаў. Таксама прадумвайце, што будуць рабіць вучні, калі настаўнік тлумачыць тэму, калі нехта з вучняў працуе каля дошкі, калі арганізоўваецца прагляд відэа. Пры падрыхтоўцы да ўрока для кожнага этапу прадумвайце, што будуць рабіць вучні, якія заданні будуць выконваць, якімі сродкамі карыстацца.
5. Важна не памыліцца ў выбары метадаў і сродкаў навучання. Не злоўжывайце тлумачальна-ілюстрацыйным метадам, які ў большасці абумоўлівае пасіўнасць вучняў. Знайдзіце месца для праграмаванага, эўрыстычнага, праблемнага ці даследчага метаду, паколькі яны і матывуюць вучняў, і дазваляюць развіваць у іх актуальныя вучэбна-пазнавальныя ўменні. Калі вы вырашыце выкарыстоўваць прэзентацыю, то не абмяжоўвайцеся слайдамі-ілюстрацыямі, фрагментамі тэксту з падручніка. Няхай прэзентацыя будзе арганізатарам дзейнасці вучняў: утрымлівае заданні, белыя плямы, якія трэба запоўніць, альтэрнатыўныя пункты гледжання і г.д. Паспрабуйце спланаваць выкарыстанне вучнямі на ўроку для выканання заданняў смартфонаў. Гэта вам дазволіць набраць дадатковыя ачкі.
6. Падумайце, як вы дапаможаце вучням напрыканцы ўрока ўбачыць, ці дасягнулі яны мэты. Якія сродкі вы для гэтага выкарыстаеце, як арганізуеце карэкцыйную работу і аналіз работы на занятках. Прадумайце, якім будзе дамашняе заданне.

Аб правядзенні ўрока

Здаецца, тут усё зразумела. Ёсць план, па якім арганізоўваецца работа. Але не ўсё так проста, бо ёсць аб’ектыўныя супярэчнасці: з аднаго боку, першы ўрок навучальнага года павінен насіць характар уводнага, на якім павінна адбывацца прэзентацыя курса, новага падручніка, дамова паміж настаўнікам і вучнямі аб правілах “гульні” на навучальны год (і на гэта патрэбна нямала часу);
з другога боку, неабходна вывучаць першую тэму з вучэбнай праграмы, паколькі прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне рэкамендуе ўжо на першым уроку браць першы параграф падручніка (і на гэта неабходны час). Як жа быць? Магчыма, у вас, калега, атрымаецца правесці ўрок настолькі інтэнсіўна, што вы і вучні ўсё паспееце. Адразу скажам, што гэта зрабіць цяжка. Магчыма, вы сапраўды першы ўрок зробіце ўводным, а потым на наступных уроках неяк зможаце ўшчыльніць, навярстаць вывучэнне вучэбнага матэрыялу. Выбар за вамі. Заўвага: згодна з Інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі (“Настаўніцкая газета”, 16 ліпеня 2015 года), калі настаўнік уносіць у рэкамендаванае каляндарна-тэматычнае планаванне змены або сам яго распрацоўвае, то яго план павінен зацвярджацца кіраўніком установы адукацыі.
Пры любым вашым выбары стратэгіі дзейнасці на першы ўрок трэба вырашыць, як яго пачаць, як падаць сябе, каб склалася добрае ўражанне аб педагогу, каб стварыць атмасферу, спрыяльную для навучання, каб першы ўрок навучальнага года стаў святочным і эмацыянальна насычаным. У клас патрэбна ўвайсці энергічна, з добрым настроем і прыветлівай усмешкай. Напэўна, вы пачняце з самапрадстаўлення. Пажадана не толькі выразна назваць свае прозвішча, імя і імя па бацьку, але і запісаць іх на дошцы. Вучням будзе цікава паслухаць пра вас — не проста аўтабіяграфію, а нейкія выпадкі з жыцця, чаму вы вырашылі стаць настаўнікам, чаму зрабілі ў свой час выбар на карысць менавіта вашага вучэбнага прадмета, як аказаліся на рабоце менавіта ў гэтай школе, што вас уразіла ў гэтай установе (напрыклад, калі вы спачатку знаёміліся з месцам будучай работы па сайце школы, а потым ужо ў самой установе).
Затым можна сказаць, што вы ўжо ведаеце пра клас і яго гісторыю, пра поспехі і ўдзел у спаборніцтвах, валанцёрскіх справах і г.д.; сказаць, якія ўчынкі вучняў класа і чаму вас асабліва ўразілі. Гэта вас псіхалагічна наблізіць да вучняў, будзе перадумовай добразычлівых адносін. Карысна ведаць, што дзецям заўсёды імпануе настаўнік з пачуццём гумару, які любую, нават самую канфліктную сітуацыю можа разрадзіць, пасмяяўшыся з яе. Памятаеце словы класіка: “Чалавецтва развітваецца са сваімі недахопамі смеючыся”? На баку класа колькасная перавага, але яе можна кампенсаваць сваёй знаходлівасцю. Таму не лезьце за словам у кішэню. Іронія дапаможа згладзіць любы канфлікт.
Не пажадана на першым уроку для знаёмства чытаць спіс вучняў, бо, па-першае, на гэта можа пайсці шмат часу, а па-другое, калі вы па няведанні няправільна назавяце прозвішча, гэта можа выклікаць смех або крыўду некаторых вучняў. Можна загадзя падрыхтаваць і раздаць вучням фламастары або маркеры і карткі, на якіх яны па вашай просьбе напішуць свае імёны і прозвішчы, што дазволіць вам ужо на першым уроку многіх запомніць і аблегчыць арганізацыю дыялогу з класам.
Калі ў класе вы пачынаеце вывучэнне новага прадмета (напрыклад, фізікі ў 6-м), то мэтазгодна пачаць з гутаркі, што ўжо вучні ведаюць пра гэты вучэбны прадмет; калі працягваецца вывучэнне — што вучні памятаюць з мінулага навучальнага года. Важна сказанае дзецьмі фіксаваць на дошцы ці на экране, паколькі гэта павышае іх зацікаўленасць у тым, што абмяркоўваецца, а таксама самаацэнку.
Калі вучняў у класе мала, то хопіць часу прымяніць такі прыём: вучні ў парах скажуць адно аднаму, што яны ведаюць аб прадмеце, а потым раскажуць класу і настаўніку інфармацыю, атрыманую ад суседа па парце. Пры гэтым яны будуць карыстацца планам: 1) майго сябра (суседа па парце) завуць… 2) пра фізіку (хімію, інфарматыку і г.д.) ён ужо ведае, што… 3) ён ужо ўмее… 4) ён хоча даведацца (навучыцца)… Гэты план павінен быць або на дошцы (на экране), або на паперы на кожнай парце. Няцяжка заўважыць, што гэты прыём дазваляе і пазнаеміцца з класам, і ангажыраваць вучняў у прадмет.
Пасля карысна прэзентаваць змест, які будзе вывучацца на працягу года, пазнаёміць вучняў з падручнікам. Няхай пагартаюць кнігу, убачаць яе структуру, месца знаходжання пытанняў, практыкаванняў, інструкцый для лабараторных работ, прачытаюць зварот аўтараў, адкажуць, напрыклад, на пытанне, што ў гэтым звароце ім асабліва спадабалася. Няхай вучні ўбачаць супярэчнасці, якія яны пакуль не могуць патлумачыць, доследы па фізіцы ці хіміі, відэаролікі, якія выклічуць іх здзіўленне і жаданне паказанае зразумець. На ўроках літаратуры, магчыма, абмяркуюць кнігі, якія чыталі летам. Такім чынам, ствараюцца перадумовы для з’яўлення пазнавальнай матывацыі да прадмета.
Матывуючым вучняў можа быць выкананне імі ўводнага задання (тэста), у якое настаўнік уключыць пытанні і па змесце, які вывучаўся ў мінулыя гады, на якім будзе грунтавацца вывучэнне новага матэрыялу, і па новым прадмеце або раздзеле. Пажадана, каб пытанні былі інтрыгуючымі. Вучні будуць бачыць маштаб свайго няведання, што матывуе, а настаўнік атрымае зваротную сувязь, што важна для адэкватнага планавання зместу далейшай работы. Вучням карысна будзе даведацца ад настаўніка пра асаблівасці вывучэння прадмета: якія раздзелы будуць вывучацца, якая настаўнікам будзе прымяняцца сістэма кантролю і ацэнкі. Важна паведаміць аб патрабаваннях, якія вы будзеце прад’яўляць да класнай і дамашняй работы вучняў.
Карысна вучням раздаць памяткі па афармленні класных і дамашніх работ, якія вы можаце зрабіць на падставе Метадычных рэкамендацый Міністэрства адукацыі па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі (2 мая 2013 года), а потым выдзеліць час на тое, каб вучні падпісалі сшыткі. (Магчыма, гэта будзе зроблена на наступным уроку, калі загадзя не паклапаціцца, каб усе вучні прынеслі сшыткі на заняткі першага дня).
Будзем лічыць, што на ўроку арганізацыйна-метадычныя задачы вырашаны. Зоймемся непасрэдна вучэбным прадметам. Можна, канечне, засяродзіцца выключна на першым параграфе падручніка, але гэта не заўсёды апраўдана, бо ў большасці першыя параграфы падручнікаў маюць вузканакіраваны змест. Таму пажадана на ўроку сфарміраваць цэласнае агульнае ўяўленне вучняў аб тэме, якая будзе вывучацца на працягу 10—20 урокаў. Для гэтага патрэбна структуру тэмы прадставіць цалкам з дапамогай схемы, карты памяці, табліцы з белымі плямамі і інш. Скажыце вучням, як будзе ацэньвацца засваенне тэмы, за што будуць ставіцца адзнакі, ці будзе кантрольная работа, што яна будзе ўключаць, якія магчымы альтэрнатыўныя работы вучняў (праекты, даследаванні).
Цяпер, калі ў вас застаецца час, можна заняцца і першым параграфам падручніка. А магчыма, вы гэтым зойміцеся на наступным уроку. Прыміце, калегі, да гэтага наступныя парады:
* няхай для вучняў не будзе таямніцай, чаму яны навучацца да заканчэння ўрока (гэта і ёсць мэта настаўніка і вучняў);
* арганізоўвайце на ўроках работу навучэнцаў — і вы вырашыце праблему дысцыпліны, павышэння эфектыўнасці ўрока; абапірайцеся на патрэбы вучняў у самарэалізацыі, зносінах з аднакласнікамі, пошуку, пазнанні і інш. Хочацца думаць, што чытачы гэтага артыкула пагодзяцца з наступным сцвярджэннем: “Галоўнае ў эфектыўным уроку, які забяспечвае добрую выніковасць, — работа навучэнцаў”;
* уключайце зваротную сувязь (зваротная сувязь, як вядома, — гэта ўздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання). На ўроку патрэбна зваротная сувязь і настаўніку ад вучняў, і вучням ад настаўніка, і вучням адно ад аднаго. Для яе ажыццяўлення звяртайцеся разам з вучнямі да мэты і ацэньвайце, як вы да яе набліжаецеся;
* прадугледзьце правядзенне прыблізна за 10—15 мінут да заканчэння ўрока дыягнастычнай работы, якая па змесце цалкам адпавядае мэце, што дазволіць і вучням, і настаўніку ўбачыць не толькі ступень дасягнення мэты, але і тыя яе аспекты, якія пакуль не засвоены, што дапаможа ажыццявіць адпаведную карэкцыйную работу;
* прапануйце вучням дамашняе заданне, якое ўлічвае вынікі дыягнастычнай работы. Да задання няхай яны атрымаюць ад вас крытэрыі іх выканання, а таксама спасылкі на адпаведныя інфармацыйныя рэсурсы, калі пажадана не абмяжоўвацца падручнікам. Калі ў вучняў будзе магчымасць атрымаць інфармацыю тады, калі яна ім неабходна, яны будуць цаніць яе больш;
* не забудзьцеся зрабіць неабходныя запісы ў класным журнале: даты, тэмы ўрока, дамашняга задання, адзначыць вучняў, якія адсутнічалі (гэта лепш рабіць падчас самастойнай работы вучняў).

Аб самааналізе ўрока

Урок завяршыўся. Адчуванне некаторай стомленасці. Задавальнне ці расчараванне. Можа быць, і тое, і другое. Трэба вынесці пэўныя ўрокі са свайго ўрока. Менавіта ў працэсе самааналізу адбываецца эфектыўнае самаразвіццё педагога, замацаванне ў вопыце ўдалых варыянтаў арганізацыі вучэння школьнікаў, адмаўленне ад таго, што дрэнна працуе.
Аналіз можа быць храналагічным, калі вы зноў пражывяце свой урок, паслядоўна абмяркоўваючы, што адбывалася, адзначаючы моцныя і слабыя бакі сваёй дзейнасці. Пэўная карысць ад такога аналізу будзе. Але мы раім прымяняць сістэмны аналіз, пры якім абдумваецца ўрок не паэтапна, а адносна сувязей паміж яго кампанентамі, сярод якіх, вядома, вядучым з’яўляецца мэтавы. Нагадаем, што ўрок можна прадставіць як структуру, у склад якой уваходзіць мэтавы, зместавы, працэсуальны (формы, метады і сродкі навучання, дзейнасці настаўніка і вучняў) і кантрольна-ацэначны кампаненты, паміж якімі павінны быць моцныя прамыя і зваротныя сувязі. (Малюнак.)
Паспрабуйце адказаць сабе на пытанні адносна гэтых сувязей. Прывядзём скарочаны пералік магчымых пытанняў:
Сувязь “мэта — змест урока”. Ці змог я дасягнуць пазнавальнай мэты, задач выхавання і развіцця вучняў, вызначанымі на ўрок, на аснове выбранага для ўрока зместу (ведаў і ўменняў, сацыяльных і вучэбна-пазнавальных кампетэнцый)? Ці патрэбна на будучае ўнесці карэктывы ў змест урока?
Сувязь “мэта — формы, метады і сродкі навучання”. У якой ступені мне дапамаглі дасягнуць мэты выбраныя мною арганізацыйныя формы работы вучняў (індывідуальная, парная, групавая), метады, прыёмы і сродкі навучання? Што з іх працавала на запланаваны вынік, а што перашкаджала ў дасягненні мэты?
Сувязь “мэта — дзейнасць настаўніка”. Ці ствараў я ўмовы, ці ўсё магчымае рабіў, каб вучні дасягнулі мэты? Што мне перашкаджала? На колькі рацыянальна выкарыстоўваўся час урока з пункту гледжання дасягнення яго мэты? Як можна было зрабіць маю работу больш мэтанакіраванай?
Сувязь “мэта — вучні”. Ці ўсё я зрабіў, каб вучні прынялі мэту? Што ім дапамагала і што перашкаджала? Ці мэтанакіравана яны працавалі? Ці ўсе вучні працавалі? Ці бачылі вучні, як яны набліжаюцца да сваёй мэты? Ці была напрыканцы ўрока ацэнка вучнямі ступені дасягнення імі мэты?
Сувязь “мэта — вынік”. Ці арганізаваў я суаднясенне атрыманых вучнямі вынікаў з мэтай? Ці ўбачылі вучні, як яны дасягнулі мэты, якія праблемы засталіся? Ці арганізаваў я карэкцыйную работу? Як гэта можна было зрабіць лепш? Ці ўлічыў я ў дамашнім заданні вынікі выхадной дыягностыкі?
Падобныя пытанні карысна паставіць і адказаць адносна іншых сувязей: “настаўнік — вучні”, “вучні — вучні”, “змест — вучні” і г.д.
Важна яшчэ раз падкрэсліць, што аналіз выконваемай і выкананай дзейнасці з’яўляецца магутным стымулам і эфектыўным сродкам самаразвіцця педагога. Вопыт паспяховых настаўнікаў сведчыць, што яны сталі такімі менавіта дзякуючы асэнсаванню сваёй практыкі, самааналізу ўрокаў і пошуку магчымасцей для самаўдасканалення.

Магчымыя прычыны няўдалых урокаў

* Дрэнна прадуманы і спланаваны настаўнікам урок, план якога не ўлічваў акалічнасці, умовы, у якіх ён праводзіўся: месца ўрока ў раскладзе заняткаў, асаблівасці класа ў цэлым і асобных вучняў (іх узровень кагнетыўнай гатоўнасці да работы па новай тэме, матывацыю, стыль пазнавальнай дзейнасці, тып мыслення і тэмпераменту і г.д.), наяўнасць або адсутнасць неабходных сродкаў навучання.
* Настаўнік ігнаруе патрэбы вучняў: яны жадаюць рэалізаваць сябе, прадэманстраваць свае думкі, паказаць сябе з лепшага боку, а на ўроку не ўсім даецца магчымасць гэта зрабіць; вучні хочуць узаемаадносін, зносін з аднакласнікамі, а часта гэта на ўроках забараняецца; вучні жадаюць самі адкрываць новыя веды, ім жа інфармацыя падаецца ў гатовым выглядзе. Вядома, што менавіта апора на патрэбы вучняў абумоўлівае ўзнікненне ў іх пазнавальных матываў.
* Нежаданне вучняў актыўна працаваць, што выклікана адсутнасцю ў вучняў мэты, няведаннем, як выконваць заданне, — дрэннымі інструкцыямі; неразуменнем карысці той работы, якую прапануе настаўнік; зменамі ў правілах “гульні”; завышанымі патрабаваннямі з боку настаўніка; дрэнным фізічным або псіхалагічным станам.
* Раздражнёнасць настаўніка, яго неадэкватная рэакцыя на падзеі ў класе, адсутнасць гумару. Засяроджанасць педагога на сваёй дзейнасці, а не на арганізацыі дзейнасці вучняў, іх узаемадзеяння паміж сабой. Імкненне настаўніка да арганізацыі спаборніцтва, а не супрацоўніцтва вучняў.
* Адчужанасць ад вучняў зместу навучання, калі настаўніку не ўдалося звязаць яго з актуальнымі патрэбамі і праблемамі, зрабіць яго асобасна значным для навучэнцаў.
* Выпадкова выбраныя метады і сродкі навучання, якія не маюць патэнцыялу, каб прывесці вучняў да запланаванай мэты менавіта гэтага ўрока.
* Адсутнасць сумеснага з вучнямі аналізу на працягу ўрока, а пасля яго завяршэння — таго, як яны набліжаюцца да мэты; чым ужо авалодалі, над чым трэба яшчэ папрацаваць.
На заканчэнне адзначым наступнае:
1. У артыкуле дадзена магчымае напаўненне першага ўрока навучальнага года, дэбютнага для пачынаючых педагогаў. Зразумела, што на адным уроку нельга прымяніць усё, што прапанаваў аўтар артыкула. Выбар, на чым засяродзіцца на першым уроку, — за настаўнікам.
2. Урок — поле для творчасці, для пошуку шляхоў павышэння якасці адукацыі вучняў, для самарэалізацыі настаўніка. Наколькі добра гэтае поле будзе апрацавана, наколькі добры вырасце ўраджай, залежыць ад самога настаўніка.
3. Калегі, назірайце, чытайце, райцеся з вопытнымі настаўнікамі, думайце, праяўляйце творчасць, не парушайце правераныя стагоддзямі прынцыпы.
4. Звяртайцеся да метадычных рэсурсаў, якія ёсць у метадычным кабінеце ўстановы адукацыі, у бібліятэках, а таксама ў інтэрнэце, у прыватнасці на нацыянальным адукацыйным партале, а таксама на іншых карысных сайтах: www.academy.edu.by, www.nastaunik.info, http://videouroki.net, www.aacenka.by, www.alsak.ru і інш.
З першым навучальным годам вас, калегі! Поспехаў! Вашы вяршыні наперадзе! Вы многага дасягнеце ў нашай прафесіі! Вы гэта зможаце!

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА.