Калі мова Паскаль ужываецца з чалавечай

Рашэнне напрасіцца на ўрок да настаўніка інфарматыкі базавай школы № 10 Наваполацка Уладзіміра Вячаслававіча Цымановіча прыйшло спантанна. Спачатку трошкі сумнявалася, ці пагодзіцца (навучальны год толькі пачаўся, і ў галаве іншы клопат). Але Уладзімір Вячаслававіч пагадзіўся лёгка і хутка. Як аказалася, яго ўрок быў такім жа лёгкім і нязмушаным, як і рашэнне аб маім запрашэнні. Забягаючы наперад, хочацца падзякаваць яму за гэты ўрок, бо ён пакінуў вельмі шмат эмоцый.

Спадабалася манера настаўніка. Ён быў спакойны, засяроджаны і эмацыянальны адначасова. Уразілі дзеці. Як патлумачыў перад урокам Уладзімір Вячаслававіч, гэта спартыўны клас і да ўрока яны паспелі добра так патрэніравацца ў басейне (у школе ёсць свой басейн). Гэтыя дзеці найперш нацэлены на высокія вынікі ў спорце, а ўжо затым у вучобе. Але ж яны і ў вучобе аказаліся дастаткова паспяховымі. Акрамя таго, гэтыя васьмікласнікі здзівілі сваёй непасрэднасцю і шчырасцю, здольнасцю да адэкватнай самаацэнкі і ўменнем прыйсці на дапамогу. Магчыма, жорсткая канкурэнцыя паміж імі адбываецца ў басейне, а на ўроку яны дружны і дружалюбны клас.

Для мяне ўрок пачаўся з іх простых і шчырых пытанняў: “А як вас завуць? Вы пра нашага Уладзіміра Вячаслававіча будзеце пісаць?” “Так, буду”, — адказала я. Празвінеў першы папераджальны званок. Дзеці хуценька падрыхтаваліся, паспелі перакінуцца паміж сабой парай слоў. Пачаўся ўрок. 9_DSCN2133.jpg(Сайт) 9_DSCN2290.jpg(Сайт) 9_DSCN2273.jpg(Сайт)

Гэта быў урок новых ведаў у 8 класе. Школьнікі пачыналі вывучаць няпросты раздзел па праграмаванні. Пасля невялікага арганізацыйнага моманту і ўступнага слова настаўніка пачалася асноўная частка ўрока. Гэта было паўтарэнне. Каб яно прайшло цікава і ненапружана, Уладзімір Вячаслававіч узяў у рукі тэнісны мячык. Паўтарэнне праводзілася ў выглядзе вучэбнай размінкі. Першае пытанне — і мячык ляціць у рукі вучаніцы за першым сталом. Яна трошкі разгубілася, але мячык злавіла лоўка, а затым здолела адказаць на першае пытанне. У выніку мячык злавіў кожны. Пытанні задаваліся хутка.

— З чаго пачынаеццца праграма на мове Паскаль?

— З радка Program.

— Што гэта азначае? Навошта ставіцца такі радок?

— Ён азначае назву праграмы.

— Што азначае слова var, якое ідзе за словам рrogram?

— Апісанне зменных.

— Што мы пішам пасля var?

— Зменныя.

— Як вы разумееце, што такое зменныя?

— Напрыклад, а і в. Гэта тыя ўмоўныя значэнні, якія будуць прымаць нейкія канкрэтныя лічбы.

— Што абазначае слова begin?

— Вegin — гэта пачатак асноўнай праграмы.

— Пасля begin нам неабходна ўвесці значэнне зменных. Якой камандай мы ўводзім значэнне зменных?

— Write.

— Далей наша праграма апрацоўвае даныя, якія атрымала, і выводзіць на экран вынік з дапамогай каманды…

— …Readln.

— Добра. І заканчваем нашу праграму камандай…

— Еnd.

— Выдатна.

Пасля размінкі Уладзімір Вячаслававіч звяртае ўвагу вучняў на дошку. Там запісаны сказ: “Праграмаванне — гэта проста”, пасля якога няма ніякага знаку прыпынку. Яго трэба неяк закончыць. “Як бы вы зараз закончылі гэты сказ? Які б знак прыпынку паставілі?” — пытаецца настаўнік. “Коску, кропку, клічнік, пытальнік, шматкроп’е”, — пасыпалі дзеці. Але ж які гэта будзе знак, стане зразумела ў канцы ўрока, калі кожны зможа параўнаць свае меркаванні.

Далей вучні бліжэй знаёмяцца з тэмай урока, якая з’яўляецца ў кожнага на экране. “Магчыма, тэма ўрока гучыць незвычайна: “Галінаванне. Умоўны аператар”, — працягвае настаўнік. — З якімі словамі ў вас асацыіруецца галінаванне?” І пагаджаецца з вучнямі: “Сапраўды, галіна, а галіны — на дрэве. Якім чынам праграмаванне можа быць звязана з галінамі на дрэве?”

Васьмікласнікі адказваюць адразу: “Праграмы звязаны паміж сабой так, як галіны на дрэве”; “Калі ты нешта зрабіў, гэта дае пэўнае значэнне, а калі не зрабіў, то гэта таксама нешта азначае. Карацей, значэнні могуць быць рознымі”; “Алгарытмы ў праграме паміж сабой звязаны”. Прызнацца, слухаючы асацыяцыі школьнікаў, нават я пачала задумвацца над сувязямі галін на дрэве і праграмаваннем.

Каб замацаваць агучаныя асацыяцыі канкрэтнымі ведамі, настаўнік прапанаваў зрабіць вядомы вучням алгарытм з агаворкай: “Праграма будзе не на мове Паскаль, а на звычайнай чалавечай мове. Алгарытм “Збор на трэніроўку”. Вы раніцай прачынаецеся і паслядоўна выконваеце пэўныя дзеянні. Першае дзеянне — прачнуўся, падняўся з пасцелі. Што далей?”А далей васьмікласнікі выдалі звычайны для іх парадак, бо робяць гэта штодзень: пайсці паставіць чайнік, схадзіць у душ, паснедаць, апрануцца і выйсці з дому. Такі алгарытм называецца лінейным, бо ўсе каманды ў праграме выконваюцца ў пэўным парадку, адна за адной. З такім тыпам алгарытмаў вучні пазнаёміліся ў мінулым годзе. Каб рухацца далей, неабходна было паўтарыць вывучаны матэрыял.

На гэтым жа ўроку ім прапанавалася засвоіць наступны тып праграм, ужо больш складаны, чым вывучаны. “Нам трэба скласці такую праграму, якая б размяркоўвала месцы, атрыманыя спартсменамі на спаборніцтвах, — звярнуўся да сваіх вучняў Уладзімір Вячаслававіч. — Вы плаваеце. Якім чынам у вас арганізавана судзейства? Так, існуе электронная сістэма, якая фіксуе вынікі заплыву. Давайце разбяромся, як яна працуе. Глядзім на экран.

Першае — сістэма атрымлівае даныя (вынікі вашага заплыву). А далей адбываецца наступнае: калі вынік першага спартсмена лепшы за астатніх, то яго сістэма запісвае пераможцам. Інакш яна будзе шукаць лепшы вынік сярод тых, хто застаўся, далей выведзе на экран імя пераможцы.

Ці заўважылі вы новую фармулёўку, якая з’явілася ў гэтым алгарытме? Якія новыя словы з’явіліся ў структуры гэтага алгарытму? Правільна: “калі”, “то”, “інакш”. Гэта тыя словы, якія і вызначаюць алгарытм з галінаваннем і вызначаюць структуру галінавання. Малайцы! А цяпер давайце падумаем, дзе мы ў звычайным жыцці сутыкаемся з галінаваннем?”

Адказы, шчыра кажучы, мяне ўразілі: “Калі ты атрымаеш добрую адзнаку, то можаш паступіць у абраную навучальную ўстанову, інакш пойдзеш прыбіраць вуліцу”; “Калі ты пачысціш зубы, то яны ў цябе будуць здаровыя, інакш будзе карыес”; “Калі ты выйдзеш у школу раней, то прыйдзеш своечасова, інакш спознішся”. І я была поўнасцю згодна з ацэнкай настаўніка: малайцы!Са структурай галінавання разабраліся. Зразумелі, як яна запісваецца на чалавечай мове. Цяпер трэба ад чалавечай мовы перайсці на мову камп’ютара. Трэба перайсці на мову праграмавання Паскаль. Агульны выгляд каманды галінавання з’явіўся на экранах камп’ютараў:

Калі (умова)

То (каманда 1)

Інакш (каманда 2);

“Умова — тое, што вызначае выкананне першай ці другой каманды, — пачаў тлумачыць Уладзімір Вячаслававіч. — Прыклад:

Калі падчас спаборніцтваў парвалася красоўка,

то трэба пераабуцца,

інакш працягваць забег.

Выраз, які вызначае, першае дзеянне мы робім ці другое, называецца ўмовай. Атрымліваецца, што, калі ўмова выканана (красоўка парвалася), мы выконваем каманду, якая ідзе пасля слова “то” (адбываецца дзеянне — пераабуваемся). Інакш выконваем другую каманду (працягваем бег). Атрымліваецца, што ў нашым галінаванні мы выконваем два дзеянні. Але насамрэч мы робім адно дзеянне: або каманду 1, або каманду 2. Ідзе выбар.У лінейным алгарытме ўсе каманды мы выконвалі па парадку, а тут мы робімм або адно, або другое. Працягваючы развіваць тэму галінавання ў звычайным жыцці, звернемся на карціны В.Васняцова “Віцязь на раздарожжы” з выявай багатыра перад каменем з указаннем напрамкаў далейшага руху (на экранах камп’ютараў паяўляецца адпаведная карціна). Дзе тут галінаванне?”

А галінаванне якраз ва ўказальніку напрамкаў, падумала я (і, дарэчы, правільна): хто прама пойдзе, той жыццё страціць, хто направа пойдзе — каня згубіць, а хто налева пойдзе — багатым стане. Пасля такога маляўнічага прыкладу настаўнік прапанаваў перайсці да мовы праграмавання Паскаль. А на гэтай мове словы “калі”, “то”, “інакш” гучаць як If, Then, Else. На мове Паскаль структура галінавання выглядае наступным чынам:

If (умова)

Then (каманда 1)

Else (каманда 2);

Яшчэ раз прагаварыўшы новыя словы і іх значэнні, вучні адкрываюць рабочыя сшыткі, у якіх пасля пазначэння даты і тэмы запісваюць структуру галінавання на мове Паскаль. Затым настаўнік звяртае ўвагу на наступнае: “Кожны аператар Паскаля заканчваецца такім сімвалам, як кропка з коскай. У структуры галінавання, якая разглядаецца, яна стаіць пасля каманды 2. Ёсць невялікая неадпаведнасць: мы гаворым, што кропка з коскай ставіцца пасля кожнай каманды, а тут яна стаіць пасля другой каманды, у самым канцы. Справа ў тым, што If Паскалем успрымаецца як адзінае цэлае і кропка з коскай заканчвае адразу ўсю структуру аператара галінавання”.

Першая частка ўрока завяршаецца фізкультхвілінкай, якая таксама была звязана з алгарытмамі і ўвагай. “Раз — крок наперад, два — крок назад, тры — пляскаем у далоні, чатыры — глядзім у акно, — патлумачыў Уладзімір Вячаслававіч, а далей былі самыя розныя камбінацыі гэтых дзеянняў. Атрымалася карысна і весела.

Пасля, як адзначыў настаўнік, адбылося нарошчванне тэмпаў трэніроўкі: трэба было рашаць практычныя задачы, каб замацаваць новы матэрыял. Задача:

Дадзены вынікі двух плыўцоў на дыстанцыі 100 м — значэнні Х і Y (даныя, якія ўводзяцца ў праграму). Неабходна вывесці лепшы вынік (таго спартсмена, які перамог).

Праграму для гэтай задачы вучні пісалі разам з настаўнікам, каб зразумець ход рашэння і мець пэўны алгарытм для дзеяння. Аператары, якія трэба было запісваць, вучні агучвалі па парадку. Пры напісанні праграмы трэба ўважліва сачыць за кожным сімвалам.

Затым Уладзімір Вячаслававіч вырашыў правесці невялічкія спаборніцтвы, прапанаваўшы рашыць задачу на хуткасць. Пераможа той, хто з ёй справіцца хутчэй і правільна. Адпаведныя загатоўкі праграмы, у якой неабходна было толькі нешта змяніць, настаўнік адправіў са свайго камп’ютара кожнаму на рабочы стол. Героямі задачы сталі васьмікласнікі Злата і Косця.

Задача:

Дадзены вынікі двух плыўцоў на дыстанцыі 50 м — значэнні Х і Y.

Вывесці паведамленне “Перамагла Злата” або “Перамог Косця”.

Значэннем Златы будзе пераменная Х, а Косці — пераменная Y.

Падказка: для вываду паведамлення ў камандзе Writeln() неабходна паставіць адзіночныя кавычкі.
Writeln (‘Прывітанне’);

У выніку пераможцамі сталі двое вучняў, якія пасля пайшлі дапамагаць астатнім. Кожнаму трэба было папрацаваць са сваёй паловай класа. І трэба адзначыць, яны з задавальненнем пабылі ў ролі педагогаў. А ў задачы перамог Косця (аднакласнікі задалі такія даныя).

“Варыянтаў галінавання існуе многа. І на рэальных спаборніцтвах, калі сістэма апрацоўвае даныя спартсменаў, галінаванне не такое простае, як у нас з вамі. Спаборнічаць могуць, напрыклад, 6—8 спартсменаў. І тут ужо адбываецца галінаванне як на тым дрэве, якое было на вашых экранах у пачатку ўрока. Каманд можа быць вельмі многа. І яны будуць выконвацца: або адна, або другая, або трэцяя”, — яшчэ раз засяродзіў увагу вучняў на значэнні галінавання Уладзімір Вячаслававіч.

А затым у класе загучалі радкі А.С.Пушкіна:

Коль кругом все будет мирно,

Как сидеть он будет смирно;

Но лишь чуть со стороны

Ожидать тебе войны,

Иль набега силы бранной,

Иль другой беды незванной,

Вмиг тогда мой петушок

Приподымет гребешок,

Закричит и встрепенется

И в то место обернется.

“Чаму ўрок заканчваецца такім вершам? Ці ёсць тут галінаванне? Давайце перакладзём гэты верш на мову праграмавання”, — прапанаваў настаўнік.

І вучні зрабілі гэта адразу: “Калі вакол усё будзе мірна, то пеўнік будзе сядзець ціха, інакш ён закрычыць”. Структура галінавання можа быць зашыфравана, але яна сустракаецца ў звычайным жыцці.

Урок практычна закончаны. Васьмікласнікі запісваюць у дзённікі дамашняе заданне. Уладзімір Вячаслававіч падводзіць вынікі ўрока і запрашае да дошкі, дзе вучні ставяць свае знакі прыпынку пасля сказа, які быў у цэнтры ўвагі на самым пачатку: “Праграмаванне — гэта проста”. Знакі прыпынку аказаліся самымі рознымі. Але гэта толькі пачатак, бо ўрок па праграмаванні быў першым. Уладзімір Вячаслававіч запэўніў, што калі тэма будзе пройдзена, то ў канцы сказа ўсе паставяць клічнік. Думаю, што так і будзе.

* * *

Пасля ўрока настаўнік патлумачыў:

— Гэта быў, як вы, напэўна, зразумелі, урок новых ведаў. У 8 класе гэта першая новая тэма (спачатку ў нас было паўтарэнне матэрыялу за 7 клас), таму ўрок быў уводны. Тэма тычыцца алгарытмізацыі і праграмавання. Сёння мы разглядалі аперацыю галінавання. Праграмаванне не з’яўляецца для вучняў цікавым і захапляльным. Яно для іх сумнае і складанае, таму мне хацелася падаць яго бліжэй вучню. Тым больш гэта неабходна ў спартыўным класе, дзе навучанне ідзе пасля спартыўных трэніровак. Ім няпроста. Яны ж да навучання праплываюць некалькі кіламетраў, а затым трэніруюцца і пасля ўрокаў. І так кожны дзень.

Перада мной стаяла задача патлумачыць галінаванне мовай, зразумелай і блізкай гэтым вучням. Мне, дарэчы, падабаюцца гэтыя дзеці. Яны вельмі актыўныя, нягледзячы на сваю стомленасць, разняволеныя і таварыскія. Да настаўніка такія вучні ставяцца як да памочніка, які рана ці позна прывядзе да поспеху.

Дарэчы, гэты ўрок з’яўляецца аблегчанай версіяй майго конкурснага ўрока. Тады таксама быў верасень, і тэма, якая сёння разглядалася, была актуальнай і на той момант.

Цяперашнія мае васьмікласнікі мяне вельмі парадавалі. З пастаўленай задачай яны добра справіліся. Па сваёй структуры ўрок быў камбінаваны. Я люблю класічныя ўрокі, але ў прыгожай абалонцы, бо яны эфектыўныя. Часта звяртаюся да гульнявых форм (люблю спорт). А інтэлектуальная размінка, якая была сёння на ўроку, дапамагае наладзіць кантакт з дзецьмі. Такі прыём вельмі дапамагае і тады, калі ў класе незнаёмыя дзеці.

Увогуле, пры падрыхтоўцы да ўрока звяртаюся да самых розных крыніц. Інфарматыка — той прадмет, які развіваецца вельмі інтэнсіўна. І гэта наводзіць на думку, што нам трэба адыходзіць ад папяровых падручнікаў. Акрамя таго, не хапае мабільнасці ў плане змены курса школьнай інфарматыкі. Вучэбная праграма па інфарматыцы (у 6 класе) змянілася, што добра. Але ўсё роўна ў плане мабільнасці мы адстаём. Разам з тым з гэтага года ў нашай школе значна палепшыліся інтэрнэтныя магчымасці (павялічылася хуткасць, за што вялікі дзякуй нашай адміністрацыі), што дазваляе разнастаіць урок у любы час.

Да самааналізу Уладзіміра Вячаслававіча далучылася дырэктар школы Ганна Паўлаўна Чыгрына, якая адзначыла высокі ўзровень метадычнай падрыхтоўкі настаўніка. Ганна Паўлаўна звярнула ўвагу на эмацыянальнасць урока ў 8 класе, актыўнасць педагога і вучняў, арганізацыю дзейнасці вучняў (вусныя адказы, калектыўная, самастойная праца), удалую работу над паняццямі, развіццё лагічнага мыслення дзяцей, прысутнасць міжпрадметных сувязей.

“На інфарматыцы вельмі важна ўмець даваць дакладныя фармулёўкі, быць лаканічным. Ва Уладзіміра Вячаслававіча гэта добра атрымліваецца. Выдатна, калі настаўнік ведае асаблівасці не толькі класа, але і асобных дзяцей, што дапамагае ў арганізацыі вучэбнай дзейнасці на ўроку. Немалаважную ролю адыгрывае асоба настаўніка, уменне наладзіць псіхалагічны кантакт і стварыць адпаведную атмасферу”, — заўважыла Ганна Паўлаўна.

Так, урок быў атмасферным, на якім вучні стваралі максімальна камфортныя ўмовы для дзейнасці свайго настаўніка, а настаўнік працаваў на стварэнне эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя для сваіх вучняў. Калі прыходзіш у клас працаваць, то вынік будзе, інакш там няма чаго рабіць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.