Папулярызацыя малой радзімы сродкамі сэрвісаў Web 2.0

У мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў насельніцтва, захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны 2018—2020 гады праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Папулярызацыя вобраза роднай зямлі, на мой погляд, займае ключавую пазіцыю не толькі на вучэбных занятках пры рабоце з навучэнцамі, але і ў працэсе бесперапыннай адукацыі педагогаў.

Як вядома, асноўнымі шляхамі бесперапыннай адукацыі з’яўляюцца конкурсы прафесійнага майстэрства, засваенне адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, семінары-практыкумы, майстар-класы, педагагічныя канферэнцыі, работа па самаадукацыі. Больш падрабязна апішу зместавы кампанент папулярызацыі малой радзімы, роднага Магілёўскага краю, пры правядзенні майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, ажыццяўленні дыстанцыйнага навучання і засваенні адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі.

З’яўляючыся членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежнай мовы на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску, я право­джу майстар-класы па асаблівасцях выкарыстання сэрвісаў Web 2.0 пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу па англійскай мове як на гарадскім узроўні, так і на рэспубліканскім. Засвоіць асаблівасці выкарыстання розных інтэрнэт-рэсурсаў у педагагічнай дзейнасці мне дазволіў штогадовы ў­дзел у рабоце летняй рэспубліканскай моўнай школы пад кіраўніцтвам І.У.Зубрылінай на базе АПА. Матэрыялы гэтай аўтарскай школы размешчаны ў вольным доступе ў блогу zamezhniki1.blogspot.com.

Акрамя таго, на галоўнай старонцы сайта Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў раздзеле “Адкрыты метадычны рэсурс” — “Актуальныя матэрыялы” знаходзяцца практычныя матэрыялы для настаўнікаў замежнай мовы, у тым ліку і распрацоўка майго анлайн-урока “Мой родны Магілёў. Падрыхтоўка турыстычнай брашуры” ў 11 класе. Распрацоўка ўрока была адзначана прызам сімпатый гледачоў на рэспубліканскім конкурсе ўрокаў “Анлайн-настаўнік № 1”, арганізаваным Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі і анлайн-школай “Прайм” сёлета. Таксама ў абласным конкурсе метадычных распрацовак урокаў з выкарыстаннем кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў урок быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. Распрацоўку гэтага ўрока ў раздзеле “Карысныя спасылкі” можна знайсці ў створаным мною адукацыйным блогу “Англійская з задавальненнем” https://ekaterinadrozdova1985.blogspot.com/. Матэрыялы блога карысныя як для вучняў, так і для настаўнікаў.

Прыцягванне навучэнцаў да выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, на мой погляд, з’яўляецца найважнейшым напрамкам у вырашэнні задачы інфарматызацыі ў сучаснай школе і ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў. Мэта інфарматызацыі адукацыі — павышэнне якасці і эфектыўнасці кіравання сістэмай адукацыі з улікам сучаснага ўзроўню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Пры правядзенні майстар-класаў рознага ўзроўню з педагогамі і семінараў-практыкумаў са студэнтамі факультэта замежных моў МДУ імя А.А.Куляшова арганізую работу калег па выкананні заданняў, якія адлюстроўваюць і раскрываюць гісторыка-патрыятычны кампанент мнагаграннага паняцця “малая радзіма” і створаны пры дапамозе розных сэрвісаў Web 2.0: Wordart (сэрвіс па стварэнні аблокаў слоў), Wisemapping (сэрвіс па стварэнні ментальных карт), LearningАpps (сэрвіс па стварэнні інтэрактыўных практыкаванняў), Quizwhizzer (сэрвіс па стварэнні віктарын), Mentimeter (сэрвіс па стварэнні розных ананімных апытанняў), Templates.office (сэрвіс па стварэнні брашур і іншага нагляднага матэрыялу), Rubistar4teachers (сэрвіс па стварэнні рубрык крытэрыяльнага ацэньвання) і Fromtexttospeech (сэрвіс для пераўтварэння тэкставай інфармацыі ў аўдыёзапіс).

У маім адукацыйным блогу ў раздзеле Usefullinks знаходзяцца спасылкі на інтэрактыўныя практыкаванні, створаныя пры дапамозе вышэйзгаданых вэб-сэрвісаў: аблокі слоў па знаходжанні прыказак пра малую радзіму, па знаходжанні ключавых слоў і словазлучэнняў для складання аповеду пра Магілёў, ментальная карта “Сардэчна запрашаем у Магілёў”, аўдыязапіс пра гісторыю і славутасці Магілёва, узор брашуры пра родны горад, інтэр­актыўныя практыкаванні “Славутыя людзі Магілёўшчыны” і “Гісторыя Магілёва і славутасці”.

Такім чынам, сэрвісы Web 2.0 у бесперапыннай адукацыі здольны ўстанавіць цесную сувязь педагогаў з жыццём, намеціць новыя шляхі ў галіне тэорыі і практыкі выкладання, а таксама спрыяць індывідуалізацыі навучання. Вышэйпералічаныя практыкаванні і заданні па папулярызацыі важнасці малой радзімы садзейнічаюць фарміраванню і ўдасканаленню яе вобраза і вобраза свайго народа ў мінулым, з’яўляючыся сродкам станаўлення чалавека патрыётам сваёй краіны.

Кацярына ДРАЗДОВА,
настаўнiца англiйскай мовы сярэдняй школы № 28 Магiлёва.