Сігналы зваротнай сувязі

Аляксандр Уладзіміравіч Якубоўскі — асоба вядомая найперш у супольнасці настаўнікаў фiзiка-матэматычнага напрамку, але насамрэч яго ведаюць многія. Настаўнік фізікі, настаўнік-метадыст, ён разам з жонкай Элай Мікалаеўнай, таксама настаўніцай фізікі, праводзіць шмат майстар-класаў, актыўна засвойвае новыя метады і тэхналогіі, таму вопыт педагогаў запатрабаваны сярод калег. Але сёння маім суразмоўцам стаў Аляксандр Уладзіміравіч. На сваіх занятках ён актыўна выкарыстоўвае зваротную сувязь і з’яўляецца прыхільнікам перавернутага ўрока і медыяадукацыі.

Аляксандр Уладзіміравіч працуе ў Жодзінскай жаночай гімназіі. Вучыць дзяўчат яму падабаецца: яны старанныя і заўсёды падрыхтаваны. Да таго ж у дзявочым класе пануе асаблівая добразычлівая атмасфера. Тут зваротная сувязь працуе пастаянна. Педагогу вельмі важна адчуваць яе, бо інакш яму пагражае непаразуменне з вучаніцамі. У сувязі з гэтым арганізацыя зваротнай сувязі на ўроку — прадмет асаблівай увагі настаўніка.“З майго пункту гледжання, менавіта зваротная сувязь з’яўляецца эфектыўным сродкам дыягностыкі дасягненняў вучняў, дазваляе ім адрэфлексаваць вучэбную дзейнасць і спланаваць карэкцыйную работу, індывідуальную траекторыю развіцця. Эфектыўнасць зваротнай сувязі залежыць ад таго, як яна арганізавана на розных этапах урока: планавання, правядзення і аналізу.

Бывае, па вачах навучэнца відаць, што ён хоча нешта спытаць, але не можа (саромеецца), і тады пачынаеш шукаць прыёмы, каб дапамагчы дзіцяці. А пры арганізаванай зваротнай сувязі важным з’яўляецца тое, што кожны навучэнец атрымлівае неабходную для яго інфармацыю: той, хто мае праблемы, даведваецца, над чым і як яму працаваць, каб засвоіць матэрыял, а моцны вучань атрымае яшчэ больш цікавае заданне, якое можа выходзіць за межы праграмы.

У кнізе Роберта Дж.Марзана, амерыканскага псіхолага і педагога, зваротная сувязь уваходзіць у пералік дзевяці найбольш эфектыўных стратэгій. Эфектыўная зваротная сувязь павінна быць карэкціруючай па прыродзе, змяшчаць тлумачэнне таго, што навучэнец робіць правільна, а што — няправільна, быць своечасовай. Чым больш аператыўная зваротная сувязь, тым яна больш эфектыўная.

Зваротная сувязь павінна арыентавацца на пэўны ўзровень ведаў, а не на ўсярэдненую норму, даваць навучэнцам магчымасць для ажыццяўлення іх уласнай зваротнай сувязі. Вучні павінны ўмець эфектыўна ажыццяўляць маніторынг свайго прагрэсу ў працэсе самаацэнкі, заснаванай на зваротнай сувязі, якую прадстаўляе настаўнік”, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Разумець, як сябе адчуваюць вучні, камфортна ім ці не, падабаецца ўрок або наадварот, педагогу дапамагаюць пэўныя прыёмы і метады. Напрыклад, каб высветліць, што дзеці ведаюць з пройдзенага матэрыялу, Аляксандр Уладзіміравіч звяртаецца да ўваходнага тэста.

“Уваходны тэст служыць для актуалізацыі апорных ведаў школьнікаў, праверкі іх гатоўнасці да ўспрымання новага матэрыялу. Калі ён даецца ў пачатку ўрока, то павінен быць кароткім, змястоўным і выклікаць цікавасць у вучняў. Для гэтага я выкарыстоўваю прыёмы “Змейка”, “Так — не”, “Тры пытанні”.

На ўроках сістэматызацыі і абагульнення ведаў выкарыстоўваю ўваходны тэст для арганізацыі самастойнай карэкцыйнай дзейнасці навучэнцаў. Прапаноўваю ім тэст-карэкцыю. Ён уяўляе сабой аркуш фармату А4, на адным баку якога напісаны заданні тэста, на другім — задачы для карэкцыі. Пасля выканання тэста і яго праверкі на адваротным баку аркуша навучэнец выбірае задачы для адпрацоўкі тэм тых заданняў, дзе былі дапушчаны памылкі. Нумар задання ў тэсце звязаны з адпаведным нумарам задачы для адпрацоўкі.

Такім чынам кожны вучань правярае сябе сам і ажыццяўляе карэкцыю. І рабіць гэта трэба да кантрольнай работы, калі ёсць рэальны шанс дапрацаваць матэрыял і павысіць сваю адзнаку. Я лічу, што работа над памылкамі пасля кантрольнай работы ў яе традыцыйным разуменні носіць хутчэй фармальны характар, чым карэкціруючы”, — сказаў настаўнік.

Яшчэ адным дзейсным прыёмам з’яўляецца каментарый настаўніка. Але, як заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч, пры такіх каментарыях трэба быць вельмі далікатным, карэктным і ні ў якім разе не крыўдзіць дзіця, як бы дрэнна яно ні справілася з заданнем. Мы робім заўвагі дзецям куды часцей, чым хвалім іх, а трэба наадварот.

“Часцей за ўсё я даю вусныя каментарыі адказам вучняў або іх пісьмовым работам. Заўсёды пачынаю з таго, што хвалю. Нават самаму слабаму ў класе неабходна сітуацыя поспеху. Пры арганізацыі зваротнай сувязі трэба ўлічваць розныя спосабы ўспрымання інфармацыі навучэнцамі. Я выкарыстоўваю некалькі тыпаў вуснай зваротнай сувязі.

Напамін. Гэты від — для моцных вучняў, якім дастаткова проста паказаць кірунак дзейнасці па выпраўленні. Напрыклад, навучэнцы часта робяць памылкі, працуючы з вектарнымі велічынямі. Пры рашэнні задач па дынаміцы нагадваю: “Пры знаходжанні раўнадзейнай сілы неабходна прымяніць правілы складання вектарных велічынь. Паглядзіце ў матэматычную шпаргалку”.

Паэтапная дапамога: прагаворванне, няскончаныя сказы. Гэтыя прыёмы добра працуюць для вучняў, якія дзейнічаюць па інструкцыі.

Прагаворванне. Каб вучань зразумеў, як яму выправіць або папярэдзіць памылку, я прапаноўваю апісаць алгарытм рашэння гэтай праблемы. Напрыклад, калі ён дапусціў памылку пры рашэнні задачы на другі закон Ньютана, то апісвае алгарытм рашэння задач на другі закон Ньютана.

Няскончаныя сказы. Слабым вучням трэба ўказваць, дзе дапушчана памылка і як яе выправіць, але рабіць гэта трэба з іх дапамогай. Прапаноўваю закончыць фразу: “Цела рухаецца раўнамерна і прамалінейна пры ўмове…” або: “Для вызначэння знака праекцыі сілы на восі каардынат неабходна ўлічыць…”

Прадстаўленне ўзору. Калі навучэнцы дрэнна справіліся з заданнем, то я прапаноўваю паўтарыць алгарытм яшчэ раз на рэшаным прыкладзе, а затым — выканаць заданне нанова. Настаўнік не павінен рабіць за вучня тое, што ён у стане зрабіць сам, у тым ліку выпраўленне сваіх памылак”, — падзяліўся Аляксандр Уладзіміравіч.

Падабаюцца педагогу і адкрытыя пытанні, бо яны, па яго меркаванні, больш зразумелыя. Напрыклад, стандартнае пытанне гучыць так: “Якія фізічныя велічыні з’яўляюцца адноснымі (залежаць ад выбару сістэмы адліку)?” А адкрытае выглядае ўжо па-іншаму: “Якія з пералічаных велічынь з’яўляюцца адноснымі: энергія, хуткасць, сіла, маса, шчыльнасць, магутнасць, работа, імпульс? Паспрабуй патлумачыць”. Або такое класічнае пытанне: “Якія матэрыялы валодаюць магнітнымі ўласцівасцямі?” Адкрытае гучыць так: “Што з пералічанага валодае магнітнымі ўласцівасцямі: драўляная лінейка, кнопка, гумка, нажніцы, медная манета, жалезны кубак, алюмініевы провад, пластыкавая ўпакоўка? Чаму вы так думаеце?”

“Калі мы хочам, каб вучні з гатоўнасцю адказвалі на нашы пытанні, трэба вучыцца правільна рэагаваць на іх няправільныя адказы. Часта няправільны адказ паказвае, што прыводзіць вучня да недакладных высноў ці чым абумоўлены тыповыя памылкі. Адказ вучня “не ведаю” — гэта важная інфармацыя, яна паказвае, які матэрыял вучні яшчэ не засвоілі, да чаго трэба звярнуцца яшчэ раз”, — зазначыў настаўнік.

Падчас аповеду пра метады і прыёмы зваротнай сувязі ўзнікла пытанне, ці патрабуюць такія прыёмы арганізацыі нейкага адметнага ўрока. У адказ я пачула кароткае “не”, але затым Аляксандр Уладзіміравіч дадаў: “Гэта традыцыйны ўрок, насычаны элементамі зваротнай сувязі. І многія настаўнікі праводзяць такія ўрокі. Яны проста не ведаюць, што прымяняюць падобныя метады і прыёмы. Стварэнне адукацыйных сітуацый, заснаваных на зваротнай сувязі, можа быць выкарыстана ў практыцы выкладання іншых прадметаў. Зваротная сувязь падыходзіць для работы з навучэнцамі любога ўзросту і любога ўзроўню падрыхтоўкі, карысная як для пачаткоўцаў, так і для вопытных педагогаў. Сістэмнае выкарыстанне сродкаў зваротнай сувязі забяспечыць атрыманне жаданых вынікаў”.

У арсенале настаўніка фізікі ёсць такі прыём, як сігнальная картка. Выкарыстанне сігнальных картак (каляровыя алоўкі, святлафор) на любым этапе ўрока забяспечвае аператыўную зваротную сувязь. Настаўнік кантралюе дзейнасць усіх вучняў адначасова, па меры неабходнасці ўмешваючыся ў працэс, што дае магчымасць бачыць цэласную карціну паспяховасці.

“Сігнальныя карткі ў выглядзе лічбаў або літар можна выкарыстоўваць для правядзення прамежкавага тэста, каб выявіць прабелы ў ведах. Навучэнцы падымаюць карткі ці адзначаюць імі матэрыял у сшытках (па сітуацыі). Вучні, якія паднялі картку зялёнага колеру, дапамагаюць разабрацца да канца “жоўтым”. З тымі, хто выбраў чырвоны колер, працую дадаткова сам. Размеркаванне роляў у групах адбываецца па выніках самаацэнкі. Гэта вельмі важна, што яны могуць быць кожны раз рознымі. Гэта здымае з дзяцей клішэ “слабы — моцны”, і ў кожнага вучня ствараецца сітуацыя поспеху.

Выкарыстоўваю каляровыя карткі і пры арганізацыі самастойнай дзейнасці вучняў: зялёная — “я ўсё зрабіў, гатовы да дадатковага задання”, жоўтая — “я працую, не перашкаджайце”, чырвоная — “у мяне праблема, патрэбна дапамога”. Выкарыстанне падобных картак дазваляе арыентавацца ў тым, заданні якога ўзроўню выкананы навучэнцамі, не ўмешвацца ў самастойную работу школьнікаў і абмяжоўвацца мінімальнымі тлумачэннямі”, — расказаў педагог.

***

Прыёмы і метады зваротнай сувязі Аляксандрам Уладзіміравічам адпрацаваны, як гавораць, “ад і да”, таму апошнім часам ён захоплены новай тэхналогіяй — перавернутым урокам. “Мне вельмі цікава, бо перавернуты ўрок прымушае шукаць новае, прычым ва ўсім: як у адборы інфармацыі, так і форме яе падачы. Спачатку трэба знайсці тую інфармацыю, якую вучні могуць прапрацаваць без мяне, пасля прыдумаць да яе пытанні, заданні, якія школьнікі таксама змогуць выканаць самастойна. Прычым навучэнец павінен ведаць, якая інфармацыя яму патрэбна ў прапанаваным роліку ці вучэбнай кнізе. Усе гэтыя папярэднія моманты арганізацыі перавернутага ўрока я распрацоўваю.

Мне падабаецца, што гэтая тэхналогія дае магчымасць больш часу аддаваць на практычную адпрацоўку матэрыялу, бо тэорыю дзеці вывучаюць дома. Канечне, калі яны з нечым не разабраліся, мы звернемся да гэтага ў самым пачатку ўрока. Магчыма, такі зварот да незразумелага абыдзецца без мяне — усё патлумачаць аднакласнікі”, — падзяліўся Аляксандр Уладзіміравіч.

Калі перавернуты ўрок арганізаваць правільна, то вучні выкарыстаюць урочны час не для праслухоўвання аповеду настаўніка па новай тэме, а для групавой работы, рашэння задач, а магчымасці камп’ютарнай сеткі — для чытання, прагляду відэа ці іншых вучэбных пазашкольных матэрыялаў.

Меркаванне майго суразмоўцы раздзяляюць многія настаўнікі, як і тое, што не кожны ўрок можна зрабіць перавернутым. Па назіраннях Аляксандра Уладзіміравіча, перавернуты ўрок па фізіцы ў 7 класе правесці вельмі няпроста. А васьмікласнікі ўжо гатовы да такога ўзаемадзеяння. Пра старшакласнікаў увогуле гаварыць няма чаго, бо ідэю перавернутага ўрока яны ўспрымаюць вельмі добра.

Калі гаварыць пра тэмы перавернутага ўрока, то настаўнік звярнуў увагу на такую як “Вільготнасць”. Аднак некаторыя пытаннi тэмы “Электрадынамiка” трэба тлумачыць класічным шляхам, бо ёсць фізічныя з’явы, паняцці, якія нельга панюхаць, памацаць, убачыць — яны цяжка даюцца навучэнцам. У такой сітуацыі неабходна шукаць іншыя падыходы.

Яшчэ адным напрамкам, які ў сваёй педагагічнай дзейнасці развівае Аляксандр Уладзіміравіч, з’яўляецца медыяадукацыя. Разам з жонкай Элай Мікалаеўнай ён распрацоўвае метады павышэння медыякультуры на ўроках фізікі і сваімі напрацоўкамі актыўна дзеляцца на майстар-класах.

“Напрыклад, паказваем рэкламу пэўнага прыстасавання, а затым гаворым пра яго з пункту гледжання фізікі, тым самым даказваючы, што за якасцямі і ўласцівасцямі прыстасавання, якое рэкламуецца, нічога не стаіць. Фізічныя памылкі сустракаюцца ў мастацкай, навукова-фантастычнай і вучэбнай літаратуры, фільмах, урыўкі з якіх варта выкарыстоўваць на ўроках. Увогуле, тэма медыяадукацыі сёння цікавіць як маладых, так і вопытных педагогаў. І трэба прызнаць, што ў нас яна актыўна развіваецца”, — адзначыў педагог.

Слухаючы захоплены аповед Аляксандра Уладзіміравіча пра традыцыі і навацыі ўрока фізікі, злавіла сябе на думцы, што, у прынцыпе, уся яго метадычная дзейнасць накіравана толькі на адно: знайсці ключык да кожнага дзіцяці ў класе, дапамагчы яму адчуць сябе знаўцам фізікі. І яму, як, зрэшты, кожнаму настаўніку, важна і неабходна ведаць і адчуваць, што яго дзеянні і словы на ўроку будуць успрыняты, пачуты і зразуметы.

Формулай паспяховасці А.У.Якубоўскага з’яўляецца рацыянальнае спалучэнне традыцыйных прыёмаў з новымі метадамі і тэхналогіямі, што ў цэлым спрыяе павышэнню выніковасці навучання і задаволенасці настаўніка і яго вучняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.