Як узбагаціць слоўнікавую скарбонку?

Навучанне грамаце — надзвычай адказны і важны перыяд, таму што ад таго, якім чынам адбудзецца знаёмства вучняў з беларускай мовай, залежыць іх стаўленне да вывучэння мовы ў далейшым. Працэс фарміравання арфаграфічных навыкаў патрабуе вялікіх намаганняў як з боку настаўніка, так і з боку вучняў. Для кожнага педагога паўстаюць пытанні, з дапамогай якіх сродкаў забяспечыць паступальны рух у выпрацоўцы трывалых арфаграфічных навыкаў, як дабіцца таго, каб малодшыя школьнікі свядома авалодалі правіламі.

Фарміраванне арфаграфічных навыкаў у пачатковых класах адбываецца на кожным этапе ўрока: у час выканання хвілінак чыстапісання, пры рабоце над слоўнікава-арфаграфічнымі практыкаваннямі, на этапе тлумачэння новага матэрыялу ці самастойнай работы. Разам з тым неабходна засяродзіць увагу на тым, што арганізацыя вучэбнай дзейнасці на ўроку беларускай мовы павінна спрыяць не толькі выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў, але і актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, станоўчай матывацыі да вывучэння беларускай мовы, павышэнню цікавасці да прадмета. З настаўніцкага вопыту вядома, што нельга навучыць школьніка, калі ён абыякавы, калі не бачыць патрэбы ў набыцці ведаў. І, на жаль, такія дзеці ў класе заўсёды ёсць.Але ці можна ведаць напісанне ўсіх слоў, якія знаходзяцца ў нашым ужыванні?! Вядома, не. Трэба растлумачыць вучням, што ў кожнага бываюць выпадкі, калі ў працэсе запісу сваіх думак, нейкіх звестак узнікае сумненне: што напісаць — а ці о, е ці і? Вось у такіх выпадках прыходзяць на дапамогу слоўнікі. Слоўнікі можна лічыць сродкам не толькі навучання школьнікаў, але і іх выхавання. Сёння вучань мае магчымасць карыстацца не толькі арфаграфічным слоўнікам, але і тлумачальным, словаўтваральным, слоўнікам замежных слоў, сінонімаў, антонімаў, амонімаў і г.д. Аднак ці звернецца вучань да слоўніка па ўласнай ініцыятыве?!
Рэдкі вучань выкарыстае багацце, якое ёсць у яго распараджэнні, нават у тым выпадку, калі ўсе неабходныя слоўнікі стаяць побач з ім на паліцы. Адно з тлумачэнняў такога факта схавана ў добра вядомай фразе: усё пачынаецца з дзяцінства. На больш ранніх этапах навучання дзіцяці не сфарміраваны патрэба звяртацца да слоўнікаў, уменне арыентавацца ў сродках дапамогі і хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю. Вось чаму даўно стала зразумелым, што работа са слоўнікамі павінна пачынацца ў пачатковых класах.
У школьнай праграме фармулюецца патрабаванне вучыць вучняў уменню карыстацца слоўнікамі, таксама прадугледжана знаёмства з арфаграфічным і тлумачальным слоўнікамі. Галоўны крытэрый адбору слоўнікаў на ўрок: слоўнік павінен адпавядаць узросту.
У сваёй рабоце я карыстаюся слоўнікам “Слоўнікавая скарбонка для пачатковых класаў”. Выданне ўяўляе сабой руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнік, словы якога найбольш часта сустракаюцца ў тэкстах падручнікаў, дыктантах пачатковай школы і прадстаўлены па тэмах: “Школьныя прылады”, “Цацкі, гульні, забавы” і інш.
Вельмі добрым дапаможнікам для настаўнікаў будзе кніга А.Клышкі “Чую, бачу, гавару”. Дапаможнік ахоплівае найбольш ужывальную, тэматычна згрупаваную лексіку, якая адлюстроўвае навакольны і ўнутраны свет дзіцяці. Тлумачэнне і засваенне слова даецца не толькі праз малюнак, але і праз яго жыццё ў сказе.
Каб выпрацаваць у вучняў навык работы са слоўнікам, адводжу на ўроках мовы час на спецыяльныя практыкаванні. Першая група практыкаванняў непасрэдна накіравана на развіццё ў вучняў навыку карыстання слоўнікам: хутка адшукаць словы на адну і тую ж літару, размешчаныя ў розных месцах раздзела; адшукаць словы, якія пачынаюцца з розных літар. Другая група практыкаванняў са слоўнікам звязана з вывучэннем асноўных праграмных тэм кожнага класа: для падбору прыкладаў на правіла; для граматычнага разбору; для разбору слова па саставе (выпішыце словы, якія складаюцца з аднаго кораня, з кораня і канчатка) і інш.
Трэцяя група практыкаванняў мае сваёй мэтай выкарыстанне слоўніка для папярэджання памылак у самастойнай рабоце навучэнцаў. Так, перад пісьмовай работай вучні па заданні настаўніка даведваюцца аб напісанні шэрага слоў або самі знаходзяць у прадыктаваным тэксце словы, аб напісанні якіх яны будуць даведвацца па слоўніку.
Прапаноўваю вучням наступныя заданні:
* выпішыце слоўнікавыя словы на тэму “Прадукты” (птушкі, транспарт, настрой чалавека і інш.);
* выпішыце слоўнікавыя словы, у якіх усе зычныя вымаўляюцца цвёрда (мякка);
* выпішыце слоўнікавыя словы з націскам на першым (другім, трэцім) складзе;
* выпішыце слоўнікавыя словы пэўнай будовы;
* выпішыце са слоўніка 5 назоўнікаў, падбярыце да іх прыметнікі (дзеясловы).
Па меры авалодання ўменнем карыстацца слоўнікамі актуальным становіцца работа па складанні памятак.
Ад таго, як будуць сфарміраваны навыкі правапісу ў пачатковых класах, залежыць далейшае навучанне дзіцяці ў школе, яго арфаграфічная і маўленчая пісьменнасць, яго здольнасць асвойваць родную мову ў пісьмовай форме. Толькi сiстэматычная i мэтанакiраваная работа можа гарантаваць добры вынiк.

Святлана КАЛАШНІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў
Сласцёнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.