Навука для чамучак

Навошта ў школе ўніверсітэт?

Летась гомельскія малодшыя школьнікі сталі наведваць універсітэт.

У пачатку XXI стагоддзя ў Германіі пры Цюбінгенскім універсітэце з’явіўся першы Kinder-Uni. Журналісты мясцовай газеты звярнуліся да прафесараў з тымі пытаннямі, якія задаюць дзеці. І паступова асобныя лекцыі і заняткі выраслі ў сур’ёзную адукацыйную праграму. Сёння дзіцячыя ўніверсітэты існуюць у 43 краінах свету, у 2011 годзе створана Еўрапейская асацыяцыя дзіцячых універсітэтаў, якая налічвае 24 члены-заснавальнікі. Штогод ва ўсім свеце 500 тысяч дзяцей становяцца “студэнтамі”, лекцыі для якіх чытаюць звыш 15 тысяч вучоных.
Аб існаванні дзіцячага ўніверсітэта давялося пачуць у рамках Міжнароднага фестывалю школьных настаўнікаў (Елабуга, 2014). Рэктар Прыволжскага гуманітарнага ўніверсітэта, пералічваючы дасягненні навучальнай установы, з вялікай гордасцю расказала аб рабоце дзіцячага ўніверсітэта. Гэты праект накіраваны на папулярызацыю навуковых ведаў, пашырэнне кругагляду і інтэлектуальнае развіццё малодшых школьнікаў. Штомесяц праходзяць заняткі, прычым не толькі ў актавых залах універсітэта, але і ў лабараторыях і музеях. Акрамя таго, арганізоўваюцца пазнавальныя экскурсіі і вучнёўскія канферэнцыі, разнастайныя выставы і конкурсы, выдаюцца зборнікі як з матэрыяламі лекцый, так і з дзіцячымі работамі, фота- і відэасправаздачы рэгулярна абнаўляюцца на сайце. Яшчэ ў рамках праекта існуе “Бацькоўскі лекторый”, мэта якога — павышэнне псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў у галіне выхавання.
Аповед выклікаў гарачую цікавасць і жаданне арганізаваць нешта падобнае і ў нас, бо на сённяшні дзень, на жаль, беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы не могуць пахваліцца ўдзелам у праекце.
Ідэю стварэння дзіцячага ўніверсітэта падтрымаў педагагічны калектыў пачатковай школы № 63 Гомеля (дырэктар А.В.Гулевіч), і з верасня 2014 года работа закіпела! Спачатку правялі анкетаванне навучэнцаў па пытаннях “Калі б у нашай школе чыталі лекцыі для дзяцей, вы б хацелі на іх хадзіць?” і “Якія тэмы вас цікавяць, пра што б вы хацелі даведацца?”.
Пераважная большасць дзяцей выказала гатоўнасць “вучыцца яшчэ!”, а тэматыка аказалася настолькі разнастайнай, што разбягаліся вочы: “Дзе нарадзіўся футбол?”, “Чаму каты драпаюцца?”, “Якімі былі першыя гадзіннікі?”, “Чаму вымерлі дыназаўры?”, “З чаго складаецца чорная дзірка?”, “Калі нарадзіўся Бог?”, “Чаму бываюць землятрасенні?”, “Чаму ў Афрыцы людзі чорныя?”, “Як з’яўляецца пухліна?”, “Адкуль бярэцца электрычнасць?”, “Чаму жалеза ржавее?”, “Чаму цукар псуе зубы?”, “Чаму пальцы ў вадзе моршчацца?”, “Чаму ў Кітаі ядуць чарвякоў?”, “Як працуе машына часу?”, “Адкуль узялася радыяцыя?”, “Чаму людзям сняцца сны?”, “Які прадмет самы роўны?”, “Ці могуць мікробы захварэць?”, “Чаму людзі ваююць?”, “Якая навука самая важная?”, “Як стварыць сываратку кахання?”, “Як стаць вядомым?” — і гэта далёка не ўсё! Пытанні класіфікавалі і сістэматызавалі, выявілі перавагі і прыярытэты, вызначылі асноўныя тэмы.
Вырашылі праводзіць заняткі адзін раз у чвэрць па суботах для ўсіх жадаючых (нечаканым аказаўся той факт, што самымі актыўнымі “студэнтамі” сталі першакласнікі, якія не прапусцілі ніводнай лекцыі, хаця першапачаткова ўніверсітэт разлічваўся на старэйшых вучняў).
А першымі “прафесарамі” ўніверсітэта сталі настаўнік астраноміі гімназіі № 56 У.С.Ларыёнаў, настаўнік біялогіі школы № 44 С.Р.Дубкоў, настаўнік фізікі гімназіі № 51 І.К.Бацуноў, студэнт 5 курса факультэта геалогіі Гомельскага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны А.А.Цыганкоў.
На лекцыі “Загадкі космасу” дзецям расказалі аб найстаражытнейшай абсерваторыі ў Стоўнхэнджы, аб гісторыі касманаўтыкі, пазнаёмілі з цікавымі фактамі пра зоркі і планеты. А яшчэ можна было ўбачыць фотаздымкі лектара і пачуць аповед пра сапраўдны скафандр, зроблены ў Зорным гарадку, убачыць аўтографы касманаўтаў (Уладзімір Сямёнавіч Ларыёнаў быў удзельнікам праграмы “Космас — дзецям”, з’яўляецца аўтарам артыкулаў па касманаўтыцы ў Беларускай энцыклапедыі, узнагароджаны медалём Юрыя Гагарына).
Лекцыю “Гэтыя дзівосныя жывёлы” не толькі дзеці, але і дарослыя слухалі літаральна з раскрытым ротам. Якіх толькі незвычайных істот не стварыла прырода — гэта зорканос і вярдлюпард, трубказуб і руканожка, землякоп і даўгапят і многія іншыя! Але Сяргей Рыгоравіч Дубкоў здолеў зацікавіць вучняў расказамі і аб знаёмых жывёлах — малпах і вярблюдах, трусах і кракадзілах, кенгуру і жырафах, гепардах і мядзведзях. А яшчэ можна было даведацца новае і незвычайнае аб птушках і рыбах, змеях і насякомых. Заняткі прайшлі на адным дыханні, уласна, толькі так і можа быць у сорасаўскага настаўніка.
Ігар Канстанцінавіч Бацуноў прыйшоў з дзвюма цяжкімі сумкамі. А як іначай? Хіба можна праводзіць лекцыю “Займальная фізіка і тэхніка” без доследаў і эксперыментаў? Сіла і ціск, электрычнасць і магнетызм, плаванне і плаўленне, оптыка і акустыка — ілюзіяністы маглі б пазайздросціць майстэрству педагога! А яшчэ былі раскрыты сакрэты звыклых з’яў: чаму валасы становяцца дыбам, чаму на лыжах не правальваешся ў снег, чаму бывае рэха, чаму агонь тушаць вадой, чаму людзі не ўмеюць лётаць, чаму ў прадметаў ёсць цень? І хаця часавыя рамкі заняткаў не дазволілі адказаць на ўсе пытанні, галоўнае стала зразумела: навакольны свет можна спазнаць, і вывучаць яго таямніцы дазваляецца не толькі паважаным вучоным!
А вось знайсці выкладчыка для выніковай лекцыі было няпроста. Здавалася, яны вымерлі разам з дыназаўрамі, тэма якіх была наступнай у дзіцячым рэйтынгу. Выкладчык палеанталогіі ўніверсітэта парэкамендавала звярнуцца з просьбай правесці лекцыю да старшыні студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі Андрэя Алегавіча Цыганкова. У выніку ён бліскуча справіўся з пастаўленай задачай. Калі жылі дыназаўры, якіх памераў яны дасягалі і чым харчаваліся, што можна ўбачыць у музеі і якія старажытныя жывёлы захаваліся да нашых дзён, чаму ж яны вымерлі і ці можна іх зноў адрадзіць — вучні не толькі даведваліся адказы на пастаўленыя пытанні, але і разам з выкладчыкам выказвалі і аналізавалі гіпотэзы, спасцігаючы невядомае…
Сухіх акадэмічных дакладаў на лекцыях не было — толькі жывыя аповеды, якія суправаджаліся слайдамі прэзентацый, відэаролікамі і шматразова перарываліся непасрэднай дзіцячай рэакцыяй “Ух ты!” і бясконцымі пытаннямі. На занятках стваралася тая самая развіццёвая і творчая атмасфера, аб якой марыць кожны настаўнік. А пасля заняткаў дзеці яшчэ доўга не адыходзілі, літаральна засыпаючы лектара пытаннямі, а потым працягвалі абмеркаванне тэмы ў класе і дома.
Напрыканцы навучальнага года школьнікі пісалі свае ўражаннні аб дзіцячым універсітэце, якія можна абагульніць такім водзывам: “Мне вельмі спадабалася. УСЁ!!!”. А пажаданні на наступны год — хімія і анатомія, батаніка і эканоміка, гісторыя, геаграфія і ўсё, што ёсць навокал!
А яшчэ ў планах на будучыню — праводзіць заняткі часцей, наладзіць супрацоўніцтва з гомельскім універсітэтам, арганізаваць дзіцячую канферэнцыю “Дзіўнае побач”, прыцягнуць да правядзення заняткаў бацькоў. І мы не сумняваемся, што так яно з часам і будзе, бо якія б новыя тэхналогіі і гаджэты ні з’яўляліся, жывыя зносіны нішто замяніць не зможа.

Першымі “прафесарамі” дзіцячага ўніверсітэта сталі настаўнік астраноміі гімназіі № 56 У.С.Ларыёнаў, настаўнік фізікі гімназіі № 51 І.К.Бацуноў, настаўнік біялогіі школы № 44 С.Р.Дубкоў і студэнт 5 курса факультэта геалогіі Гомельскага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны А.А.Цыганкоў.

Нашы першыя выкладчыкі, імёны якіх ужо ўвайшлі ў гісторыю дзіцячага ўніверсітэта, давалі дзецям не толькі веды. Кожны з іх быў прыкладам захопленага чалавека, перакананага ў каштоўнасці ведаў, які адчувае радасць пазнання і які разумее, што аддаваць важней, чым браць, бо заняткі праводзіліся на валанцёрскіх пачатках.
“Самыя складаныя задачы схаваны ў простых пытаннях. Жадаю дзіцячаму ўніверсітэту іх паспяхова вырашаць”, “У жыцці ёсць шмат цікавага і таямнічага. Дзейнічайце!”, “Жадаю вам моцных ведаў і незабыўных уражанняў пры пагружэнні ў свет навукі”, “Дарагія дзеці! Развівайцеся штодзённа і штогадзінна. Памятайце: чалавек, які думае, і думае крэатыўна, — жыве, а не існуе! Толькі веды прывядуць вас да поспеху ў жыцці!” — вось пажаданні, пакінутыя ў школьным летапісе. Кожны з лектараў прама ці ўскосна гаварыў аб тым, што ў навуцы яшчэ далёка не ўсё вядома і вывучана і будучыя першаадкрывальнікі сёння сядзяць за партамі, нават не падазраючы аб гэтым…
Адно з правіл для бацькоў у Прыволжскім дзіцячым універсітэце гучыць так: “Бацькі маюць права дапамагчы сваім дзецям у задавальненні іх імкнення да новых ведаў”. Думаецца, што падобнае права павінна стаць абавязкам сучаснага настаўніка, бо будучыня — гэта нашы дзеці, бо будучыня — у руках нашых дзяцей, бо будучыня — за нашымі дзецьмі.
Вы згодны? Тады няхай і ў вашай школе адкрыецца дзіцячы ўніверсітэт!

Святлана ГІН,
Фота аўтара.