Адчуйце новы смак вучэбнай гульні на ўроку!

Сучасныя дзеці ўжо даўно носяць у кішэнях сваіх джынсаў і школьных рукзаках не алоўкі і скакалкі, а смартфоны, планшэты, разумныя партатыўныя гульнявыя ўстройствы. І ўсё для таго, каб гуляць.

Яны гуляюць дома, на вуліцы, на парозе школы, але як толькі звініць званок, ім даводзіцца садзіцца за парты і імгненна пераключацца на зусім іншы від дзейнасці, не заўсёды такі захапляльны і цікавы, як гульня. Каб адукацыйны працэс на ўроку не стаў аднастайным, я яго “вызваляю ад страху”. І ў гэтым мне дапамагае такі метадычны прыём, як “ГеймМікс”.

Безумоўна, у аснове гэтага прыёму ляжыць гейміфікацыя — гэта калі гульнявыя правілы выкарыстоўваюць для дасягнення рэальных мэт. Іншымі словамі, за кошт гульні вы робіце сумныя заданні цікавымі, тое, чаго хочацца пазбегнуц­ь, — жаданым, а складанае — простым. Яшчэ Леў Выгоцкі сцвярджаў, што “гульня не знікае, а насычае сабой усю дзейнасць вучня”. А сучаснае пакаленне Z — гэта нашы вучні, якія і так напалову геймеры.

Я пераканалася, што вопыт прымянення прыёму “ГеймМікс” на любым з этапаў урока інфарматыкі заўсёды паспяховы. Дастаткова, напрыклад, пачаць урок у форме аўкцыёну, дзе, выкарыстоўваючы гэты прыём, зашыфраваць сутнасць праблемнага пытання ў рэбусе… — і вынік абавязкова будзе станоўчым у большасці вучняў.

Прыём “ГеймМікс” працуе не толькі як настройка-камертон урока, але і як плаўны пераход да атрымання новага, не менш цікавага, чым папярэдняе, задання. Галоўнае — надаць задачы цікавы кантэкст. Важна: кожнае выпрабаванне павінна стаць умовай для руху наперад.

Выкарыстоўваючы метадычны прыём “ГеймМікс”, важна не забываць і аб гульнявой механіцы! Гэта тое, як працуе гульня, яе правілы і прычынна-выніковыя сувязі: дзейнічаючы пэўным чынам, атрымліваеш пэўны вынік.

Часта, выкарыстоўваючы метадычны прыём “ГеймМікс” на ўроках інфарматыкі ў 7 класе пры стварэнні міні-праектаў, складанні алгарытмаў, напісанні праграм, мяняю толькі назвы заданняў. Напрыклад, не “ўмоўны аператар” (па патрабаваннях праграмы па прадмеце ў 7 класе), а “ўмовы выжывання” (па правілах “ГеймМіксу”); работу ў парах называю “Сябра ў горы з сабой бяры”, што дазваляе выбудаваць камунікацыю па законе жанру; групавая работа прадстаўлена для навучэнцаў як “Экіпаж машыны бая­вой”, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго; “Гонка прэрасследавання” — месца для індывідуаль­най работы па заданні з неадназначным рашэннем.

Звычайны ўрок пры выкарыстанні метадычнага прыёму “ГеймМікс” цалкам можа перарасці ва ўрок-квест, які прадугледжвае выкананне заданняў з розным узроўнем складанасці. Гульнявыя правілы дазваляюць максімальна хутка настроіцца на рабочы лад, узяць патрэбны тэмп урока і дасягнуць прадукцыйных рэальных вынікаў. Таксама варта памятаць, што пры выкарыстанні такога роду гульняў на ўроках абавязкова павінен быць дакладны сцэнарый, агавораныя правілы і, вядома ж, узнагароджанне.

Выкарыстанне метадычнага прыёму “ГеймМікс” для праверкі дамашняга задання, актуалізацыі і першаснага засваення новых ведаў праходзіць з выкарыстаннем сэрвісаў Web 2.0.: Learningapps.org, Kahoot.it, Kuizizz.com, якія дазваляюць у інтэрактыўнай форме супаставіць пары, па пэўных прыметах падзяліць на групы словы і атрымаць хуткую зваротную сувязь.

Для курса інфарматыкі, што мае вялікі прыкладны складнік, асаблівую цікавасць уяўляюць так званыя дзелавыя (ролевыя) гульні, якія з’яўляюцца сродкам мадэлявання разнастайных умоў прафесійнай дзейнасці. І ў гэтым мне дапамагае “ГеймМікс”. Пры вывучэнні тэмы “Структура камп’ютара” мы з вучнямі “закупляем” асноўныя блокі камп’ютара; “Тэхналогія апрацоўкі тэкставых дакументаў” — працуем у паліграфічнай кампаніі, ствараючы буклеты, візіткі, рэкламныя праспекты, працуем гейм-дызайнерамі; “Аперацыі над фрагментамі малюнка” — рэстаўрыруем старадаўнія фрэскі замка, ставім вітражы; “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання” — становімся тэсціроўшчыкамі і бізнес-аналітыкамі. А вывучэнне тэмы “Апрацоўка інфармацыі ў электронных табліцах” дазваляе дзецям адчуць сябе падатковым інспектарам ці фінансавым дырэктарам.

“ГеймМікс” працуе ў якасці рэфлексіўнага прыёму. Не абыходзіцца ўрок і без “смачных” і нечаканых эфектаў: запрашаю дзяцей у аддаленым доступе наведаць кафэ “Паскаль”, меню якога складаецца з жартоўных рэфлексіўных пытанняў:

Я з’еў бы яшчэ гэта…

Больш за ўсё мне спадабалася…

Я амаль засвоіў…

Я пераеў…

Калі ласка, дадайце…

Выкарыстанне метадычнага прыёму “ГеймМікс” на ўроках інфарматыкі дазваляе мне “апрануць” цяжкасці засваення курса вучнямі ў “забаўнае адзенне”, надаўшы заданням гульнявыя місіі, тым самым павысіць матывацыю да вывучэння прадмета. Станоўчыя эмоцыі выклікаюць эфект лёгкасці, дазваляючы вучням лепш запомніць матэрыял урока.

 “ГеймМікс” фарміруе ў цэлым пазітыўнае стаўленне да вучобы, якое пераносіцца і на больш традыцыйныя школьныя заняткі. Галоўнае — не загуляцца і не ператварыць працэс навучання ў спаборніцтвы. Як гаворыцца, усё добра ў меру. Таму формула поспеху вельмі простая: захоўвайце баланс паміж традыцыйным падыходам і сучаснымі тэхналогіямі, уключаючы прыёмы гейміфікацыі.

Выкарыстоўвайце і вы метадычны прыём “ГеймМікс” і адчуйце новы смак вучэбнай гульні на ўроку! Мінімум затрат і максімум карысці!

Ірына ГЕРМАН,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 51 Мінска.