Адчуваць хараство беларускага слова

На думку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Ноны Уладзіміраўны Сілюк, поспех урока ў многім залежыць ад агульнай атмасферы ў класе, ад падрыхтаванасці вучняў і іх жадання здабываць веды, ад настаўніка, яго прафесіяналізму, майстэрства. “Кожны ўрок павінен быць добра прадуманым і адпавядаць узроўню класа. А гэта значыць, што настаўнік мусіць быць і добрым рэжысёрам, і псіхолагам, і акцёрам, і дарадцам, і суддзёй… Якіх толькі роляў мы на сябе не прымяраем! Але ж важна пры гэтым заставацца шчырым са сваімі вучнямі. Толькі той урок будзе эфектыўным і паспяховым, на якім настаўнік і вучні разумеюць адно аднаго”, — мяркуе педагог.

Нона Уладзіміраўна паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Актыўна прымяняе на сваіх уроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, стварае ўласныя электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія адзначаюцца дыпломамі на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Колькі сябе памятаю, заўсёды марыла быць настаўніцай, — расказвае Нона Уладзіміраўна. — Любімая гульня ў дзяцінстве — у школу. Першай маёй вучаніцай была малодшая сястра. Спачатку хацела стаць настаўніцай геаграфіі: знаёміцца (хай сабе і па кнігах!) з далёкімі краінамі — гэта так рамантычна і цікава… Але любоў да настаўніцы беларускай мовы Нілы Андрэеўны Будзько перамагла. Яе прыгожая, пявучая і такая незвычайная для нас, палешукоў (я нарадзілася на Століншчыне, у вёсцы Харомск), мова зачароўвала, таму ў 16 гадоў я стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ.

У наш імклівы час, калі любую інфармацыю можна лёгка атрымаць у інтэрнэце, усё больш каштоўным навыкам становіцца камунікацыя. Відавочна, што вывучэнне беларускай мовы не можа абмяжоўвацца толькі патрэбамі асобы ў лінгвістычных ведах, знаёмствам вучняў з моўнымі адзінкамі і законамі. Сваю задачу як настаўніка-моваведа Нона Уладзіміраўна бачыць у тым, каб навучыць сваіх выхаванцаў кары­стацца беларускім словам, дапамагчы ім авалодаць маўленчай этыкай, сфарміраваць камунікатыўную культуру паводзін. Улічваючы, што ўключэнне вучняў у працэс камунікацыі па-беларуску адбываецца ў асноўным толькі ў межах урока, праблема развіцця камунікатыўных уменняў бачыцца асабліва актуальнай. Разам з тым назіраецца яўная супярэчнасць: значэнне развіцця маўленчых навыкаў у цяперашні час відавочнае, аднак маўленчая культура, дзякуючы ЦТ, не заўсёды адэкватна ацэнь­ваецца (а бывае, ігнаруецца!) настаўнікамі, таму галоўнай мэтай дзейнасці педагога з’яўляецца пошук практычных шляхоў фарміравання камунікатыўных кампетэнцый вучняў. А эфектыўнасць сваіх урокаў Нона Уладзіміраўна ацэньвае па тым, наколькі актыўна вучні ўступаюць ва ўзаемаадносіны. Для гэтага Н.У.Сілюк заўсёды старанна падбірае дыдактычны матэрыял (словы, сказы, тэксты, якія выкары­стоўваюцца для моўнага аналізу), стварае рэальныя і ўяўныя маўленчыя сітуацыі, праводзіць цэласныя ўрокі не толькі з пункту гледжання адукацыйнай мэты, але і лексічнага напаўнення. Галоўным пры фарміраванні камунікатыўных кампетэнцый педагог лічыць працэс, а не вынік: калі вучань зацікавіцца, адчуе прыгажосць роднага слова, то вынік будзе заканамерным.

Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый — працэс складаны і працяглы. У ім можна вылучыць некалькі ўзаемазвязаных этапаў: актыўнае папаўненне лексічнага запасу школьнікаў, арганізацыя работы з гатовымі тэкстамі, стварэнне ўласных тэкстаў, уменне вырашаць камунікатыўныя задачы ў розных сферах і сітуацыях маўлення, свабоднае валоданне мовай.

Лексічны запас вучняў у 5 класе папаўняецца ў першую чаргу праз тлумачэнне незнаёмых слоў у тэкстах і сказах, якія Нона Уладзіміраўна прапаноўвае для замацавання лінгвістычных ведаў. На ўроку існуе дзве тэмы: вучэбная і камунікатыўная. Калі пры вывучэнні тэмы “Галоўныя члены сказа” ў 5 класе актуалізуюцца веды вучняў на прыкладзе прыказкі “Шавец у падзёртых ботах ходзіць”, то і арфаграфічная хвілінка будзе прадстаўлена словамі “валанцёр”, “ляснік”, “балерына”, “жняя”, “пекар”. Вучні паўтараюць правапіс е, ё, я; разважаюць, што робяць гэтыя людзі, складаюць з прапанаванымі словамі сказы, вызначаюць у іх галоўныя члены сказа, асэнсоўваюць паняцце развітага і неразвітага сказа, а галоўнае — задумваюцца, як многа ёсць розных цікавых прафесій, дзеляцца сваімі планамі з аднакласнікамі. Такім чынам, любую вучэбную тэму можна звязаць адзіным камунікатыўным зместам.

На кожным уроку ствараюцца ўмовы для маўленчых зносін. Мэтанакіраванае развіццё ўсіх відаў маўленчай дзейнасці (чытанне, гаварэнне, слуханне, пісьмо) рэалізоўваецца на аснове работы з тэкстам. З аднаго боку, тэкст — стымул для абмеркавання розных праблем, з другога — неабходны фактычны матэрыял для самастойнага аналізу.

Для фарміравання камунікатыўных уменняў Нона Уладзіміраўна прапаноўвае такія заданні, як скласці тэкст са сказаў, дапоўніць тэкст (прыдумаць пачатак ці канцоўку), уставіць патрэбныя словы або словазлучэнні, на аснове тэксту скласці дыялог, пераказаць тэкст ад іншай асобы, інфармацыю, змешчаную ў тэксце, перадаць праз уласна створаны тэкст іншага стылю. Выклікаюць цікавасць у навучэнцаў заданні, у якіх неабходна перакласці канкрэтныя словы і скласці з імі тэкст на прапанаваную тэму, вызначыць яго тып, стыль, жанр, прыдумаць загаловак або ўклю­чыць прапанаваныя словы ў дыялог (работа ў парах) ці ў палілог (работа ў групах).

У фармiраваннi і развіцці камунікатыўных уменняў эфектыўнымі настаўніца лічыць наступныя метады: метад ролевай гульні, які можа быць рэалізаваны праз стварэнне стэрэатыпных камунікатыўных сітуацый, інтэрв’ю, прэс-канферэнцыі, метад калектыўнага абмеркавання (круглы стол, мазгавы штурм), метад рашэння камунікатыўных задач рознага ўзроўню складанасцi: тэкставыя заданнi (дапоўнiць, прадоўжыць, аднавiць, стварыць тэкст), задачы, звязаныя з выпрацоўкай стратэгii i тактыкi паводзiн у акрэсленай камунiкатыўнай сiтуацыi (дадзена апісанне сiтуацыi, вызначана мэта — неабходна паказаць шляхі, спосабы i сродкі яе дасягнення), заданнi, звязаныя з удасканаленнем аргументацыйных уменняў i іншыя.

— Сучасны ўрок — гэта актуальны ўрок з цікавымі заданнямі і матэрыяламі, на якім вучні самі здабываюць веды. Настаўнік дапамагае зразумець актуальнасць і важнасць тэмы, арганізоўвае дыялог (палілог), падказвае шляхі вырашэння праблемы, стварае сітуацыю поспеху, здзіў­ляе незвычайнымі фактамі і здзіўляецца сам нестандартным падыходам сваіх вучняў. На такім уроку камфортна адчуваюць сябе ўсе прысутныя, — заўважае Нона Уладзіміраўна.

Падрыхтоўка да алімпіяды — працэс адказны і складаны. І ў пэўнай ступені вынік залежыць ад прадуманасці і планамернасці падрыхтоўкі да конкурсных заданняў. У кожнага настаўніка — свая сістэма работы з вучнямі.

— Мне ўспамінаецца добра вядомая прытча пра Майстра, які вырашыў наву­чыць сваіх вучняў страляць з лука. Ён прымацаваў да дрэва мішэнь і спытаў у вучняў, што тыя бачаць. Нехта сказаў, што ён бачыць ствол дрэва і мішэнь на ім, другі — неба і дрэвы, астатнія бачылі лісце, сонца, птушак… І толькі адзін прызнаўся, што не можа бачыць нічога іншага, акрамя мішэні. Ён у выніку і стаў лепшым стралком, — гаворыць настаўніца. — Так і ў нашай справе. Таленавітых дзяцей вельмі многа. Задача настаўніка — своечасова разгле­дзець іх таленты і здольнасці, падтры­маць, дапамагчы тым дзецям, якія сапраўды бачаць перад сабой мэту, імкнуцца да вялікіх перамог.

Будучых алімпіяднікаў Нона Уладзі­міраўна імкнецца заўважыць яшчэ ў 5 класе, зацікавіць сваім прадметам (каб вочкі загарэліся), падахвоціць словам, адзнакай, стварыць умовы для першага поспеху (спачатку на ўзроўні класа, школы), паназіраць, як вучань рэагуе на няўдачы, — вось самы першы этап падрыхтоўкі. А потым, калі трывалая ўлюбёнасць у прадмет адбылася, усё ідзе само па сабе: ускладняюцца заданні, прад’яўляюцца больш сур’ёзныя патрабаванні, ставяцца высокія мэты. І калі ў 5—7 класах гэта можа быць работа ў невялікіх групах на факультатыўных занятках, то ў старшых класах — толькі індывідуальная работа.

— Такіх дзяцей у звычайнай школе, канечне, адзінкі. Нават калі здаецца, што вельмі добра ведаеш свайго вучня, упэўнены ў яго падрыхтаванасці, цяжка бывае спрагназаваць, як павядзе ён сябе ў нестандартнай, напружанай сітуацыі на алімпіядзе, — тлумачыць педагог.

Намаганні педагога недарэмныя. На працягу двух апошніх гадоў яе вучаніца Вікторыя Крэнь была ўладальніцай дыплома ІІІ ступені абласнога этапу алімпіяды. Зараз Вікторыя — студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Сёлета дзве выхаванкі Н.У.Сілюк — Лізавета Вайніцкая і Марта Базык — сталі пераможцамі (першае і другое месца) раённай алімпіяды.

Каб быць заўсёды цікавым для сваіх вучняў, настаўнік павінен крочыць у нагу з часам. А наш час — гэта эпоха інфармацыйных тэхналогій. Як жа сумясціць на ўроку камп’ютар і зносіны па-беларуску? Адказам на гэтае пытанне стала стварэнне Нонай Уладзіміраўнай электроннага адукацыйнага рэсурсу “Размаўляй са мной па-беларуску”. Асаблівасць і навізна яго ў тым, што на аснове гэтага рэсурсу вучням можна прапанаваць розныя тыпы камунікатыўна-арыентаваных заданняў, падчас якіх выпрацоўваецца моўнае чуццё, развіваюцца аналітычныя і творчыя здольнасці навучэнцаў. Напрыклад, па тэме “Прафесіі” настаўніца прапаноўвае дзецям успомніць некалькі прыказак, у якіх сустракаюцца назвы прафесій, патлумачыць сэнс прыказкі, запісаць словы ў адпаведнасці з іх лексічным значэннем (адначасова дэманструецца фотаздымак-падказка): знайсці чацвёртае лішняе, аргументаваць свой выбар, з прапанаваных слоў скласці свой слоўнікавы дыктант, улічваючы індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў класа.

Электронны рэсурс складаецца з 7 прэзентацый, 15 крыжаванак, 30 тэстаў, 20 інтэрактыўных заданняў. Распрацавана 40 маўленчых сітуацый, на аснове якіх навучэнцы могуць стварыць сказы, тэксты (маналогі, дыялогі). З дапамогай дыдактычных матэрыялаў настаўнік-мовавед зможа прыдумаць цікавы пачатак урока, патлумачыць новую тэму на аснове канкрэтнага лексічнага матэрыялу, прапанаваць арфаграфічныя і лексічныя хвілінкі, адпрацаваць арфаэпічныя нормы, навыкі перакладу, успомніць вывучаныя літаратурныя творы, абудзіць цікавасць да прадмета, уключыць у маўленчы працэс максімальную колькасць дзяцей.

Сістэмная работа Н.У.Сілюк над развіццём маўлення школьнікаў дапамагае не толькі развіваць іх мысленне, назіральнасць, удумлівыя і беражлівыя адносіны да роднага слова, але і садзейнічае фарміраванню агульнай культуры, камунікатыўных кампетэнцый, выхаванню сацыяльна актыўнай асобы. Усё гэта і вызначае якасць сучаснага адукацыйнага працэсу.

— Развіццё чытацкай цікавасці — яшчэ адна вельмі важная задача ў рабоце настаўніка-філолага. Выразнае чытанне ўголас, літаратурныя гульні, конкурсы, крыжаванкі, малюнкі, складанне дыялогаў на аснове прачытаных твораў, рэклама любімай кнігі — усе гэтыя формы работы дапамагаюць рашэнню акрэсленай праблемы, — зазначае Н.У.Сілюк. — Не сакрэт, што зараз настаўнікі-моваведы больш увагі ўдзяляюць вывучэнню беларускай мовы (а не літаратуры!) у сувязі з тым, што мова больш запатрабавана вучнямі на экзаменах і здачы ЦТ. А на самай справе атрымліваецца, што дзеці, нават выбіраючы не рускую, а беларускую мову, не ведаюць паловы беларускіх слоў, бо мала чытаюць, не могуць пацвердзіць сваю думку вядомымі беларускімі афарызмамі, ды і выказаць гэтую думку ім бывае складана. А што ўжо гаварыць пра традыцыйна цяжкія, па словах вучняў, літаратурныя заданні на нашай прадметнай алімпіядзе…

Гэтыя развагі прывялі настаўніцу да стварэння яшчэ аднаго электроннага адукацыйнага рэсурсу — “ЛІТАРАТУРА.BY”. Педагог выкарыстоўвае яго пры падрыхтоўцы да ўрокаў літаратуры ў 5—11 класах, прапаноўвае для самастойнай работы вучням, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў алімпіядзе.

“ЛІТАРАТУРА.BY” — гэта віртуальны горад, вандруючы па якім можна вывучыць, паўтарыць, успомніць школьную праграму па беларускай літаратуры. Ён змяшчае неабходны мінімум матэрыялаў, заданняў, тэстаў, літаратурных гульняў, аўдыя- і відэазапісаў, неабходных для фарміравання і падтрымання ўзроўню літаратурнай адукацыі.

З названымі вышэй рэсурсамі можна азнаёміцца ў блогу настаўніцы “РазМОВА”. “Вельмі зручна мець свой блог, — заўважае Нона Уладзіміраўна. — У ім можна не толькі рабіць пэўныя запісы, але і захоўваць напрацоўкі з вопыту работы, праводзіць разнастайныя конкурсы і інтэрнэт-алімпіяды, размяшчаць праекты. У блогу многа матэрыялаў для падрыхтоўкі да прадметнай алімпіяды. Гэта старонкі “Фразеалагізмы”, “Увага! Слова”, “Гаворым правільна”, “Цікава ведаць”. Мяркую, што прапанаваныя матэрыялы будуць карысныя і цікавыя не толькі алімпіяднікам. Матэрыялы старонак “Інтэрактыўныя заданні”, “Тэсты”, “Рыхтуемся да ЦТ” — гэта ўласныя распрацоўкі розных практыкаванняў і тэстаў на замацаванне арфаграфічных і лексічных норм. Навучэнцы самастойна (колькі і калі захочуць), могуць выконваць гэтыя цікавыя заданні, адпрацоўваючы свае навыкі. А мае калегі могуць выкарыстоўваць іх падчас сваіх заняткаў”.

Зусім нядаўна настаўніца адкрыла для сябе тэхналогію вэб-квестаў, з дапамогай якой праводзіць урокі літаратуры ў старшых класах. Спадабалася педагогу таксама ідэя стварэння анлайн-школы. У планах Н.У.Сілюк — далейшае развіццё і ўдасканальванне блога.

— Ад работы атрымліваю вялікае задавальненне, бо працую ў калектыве аднадумцаў. Люблю сваю работу, люблю дзяцей, іх непасрэднасць і нават капрызы. А калі дзіцячыя вочы напоўнены радасцю і цікавасцю да майго прадмета, калі мы разам дасягаем пэўных вяршынь, то гэта натхняе і прымушае вучыцца, знаходзіць новае, здзіўляць і здзіўляцца, — гаворыць Нона Уладзіміраўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.