Біялагічныя лайфхакі

Сучасныя ўрокі біялогіі будуюцца на аснове максімальнага ўключэння ў адукацыйны працэс практычнага кампанента вучэбнага зместу. Дзейнасны падыход біялагічнай адукацыі спрыяе развіццю асобы навучэнца, прымяненню біялагічных ведаў на практыцы, удзелу ў практычнай дзейнасці ў галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, біятэхналогіі, аховы прыроды.

Правільнасць выбранага напрамку пацвярджаюць і вынікі рэспубліканскага маніторынгу ўзроўню навучанасці па біялогіі: лепш за ўсё навучэнцы справіліся з заданнямі, якія правяралі засваенне тэарэтычных біялагічных ведаў. З групай заданняў, накіраваных на праверку практычных уменняў, навучэнцы справіліся значна горш — усяго 0,3% правільных адказаў (правядзенне біялагічнага эксперымента, назіранняў). Вынікі маніторынгу дазваляюць сцвяр­джаць, што незалежна ад зместу вучэбнага матэрыялу па біялогіі навучэнцы адчуваюць значныя цяжкасці ў выкарыстанні ведаў і ўменняў на практыцы. Пры гэтым каля 1/3 навучэнцаў адзначылі, што адчуваюць трывогу з-за дрэнных адзнак па біялогіі, адсутнасці сітуацыі поспеху на вучэбных занятках.

Кожны педагог мае свой вопыт павышэння пазнавальнай актыўнасці і выпрацоўкі практычных уменняў. Я таксама выкарыстоўваю шэраг прыёмаў, якія дазваляюць зрабіць камфортным урок як для навучэнца, так і для настаўніка. “Біялагічныя лайфхакі” — гэты тэрмін мне падказалі дзеці. Лайфхак — карысныя практычныя парады і прыёмы, якія прызначаны спрасціць і аблегчыць наша жыццё. Асабліва мне падабаюцца лайфхакі, якія дапаўняюць праграмны практычны кампанент і не патрабуюць ад педагога значных часавых затрат.

У сваёй рабоце я выкарыстоўваю практыка-арыентаваныя заданні пачынаючы з 7 класа. Так, у тэме “Будова кветкі” прымяненне лайфхака “Загадка белага колеру” дазваляе параўноўваць і аналізаваць розныя аб’екты жывой і нежывой прыроды.

Табліца 1. Лайфхак “Загадка белага колеру”

Аб’ект, які дэманструецца   Інфармацыя для настаўніка  
1. Дэманстрацыя снежак, кавалкаў лёду.   2. Белы пялёстак асцярожна сціскаю пальцамі. Паветра з міжклетнікаў выходзіць, і пялёстак становіцца белым.   3. Апусціце пялёсткі ў ваду. Вада праз вусцейка пранікне ў міжклетнікі, пялёсткі стануць бясколернымі Прычынай белай афарбоўкі пялёсткаў кветак і сняжынак з’яўляюцца вялікія пустоты, запоўненыя паветрам. Кожная сняжынка паасобку бясколерная. Напластоўваючыся адна на адну, ствараюць ілюзію белага колеру. А вось лёд, які не мае паветраных поласцей, празрысты  

Тэма “Сцябло” пачынаецца з праблемнага пытання “Якое сцябло самае стойкае?”. Лайфхак “Самыя стойкія” стымулюе пазнавальную актыўнасць. На мой погляд, гэты прыём дазваляе распазнаць і вырашыць праблемную сітуацыю, засноўваючыся на вызначэнні лагічнай сувязі: будова — уласцівасці — функцыі.

Табліца 2. Лайфхак “Самыя стойкія”

   Аб’ект, які дэманструецца

   Інфармацыя для настаўніка

1. Металічнымі шпількамі прыціскаю да глебы расліны жыта, каб сцябло размяшчалася гарызантальна

   Палеглае сцябло жыта здольна падымацца праз некалькі дзён вертыкальна пасля моцных ліўняў у выніку фарміравання выгіну ў аснове міжвузелля. Выкарыстайце 2—3 расліны, вырашчаныя ў вазоне

2. Звязваем разам пучок ільняных валокнаў і спрабуем разарваць

   Ступень полімерызацыі цэлюлозы лёну ў 2—3 разы вышэйшая, чым у бавоўны, таму ён значна мацнейшы, больш стойкі да разбурэння на святле

Аналізуючы на працягу некалькіх гадоў памылкі абітурыентаў на ЦТ па біялогіі, я адзначыла цяжкасць у распазнаванні збожжавых культур і прадуктаў іх перапрацоўкі. Таму пачынаючы з урокаў батанікі ў 7 класе акцэнтую ўвагу навучэнцаў на тэхнічных і харчовых раслінах, якія растуць у нашай мясцовасці.

Табліца 3. Лайфхак “Што мы ядзім?”

Аб’ект, які дэманструецца   Інфармацыя для настаўніка  
1. Дэманстрацыя кавалка чорнага хлеба Солад — высушаныя і размолатыя 4—5-дзённыя прарасткі пшаніцы, жыта ці ячменю.  
2. Манныя крупы Зярняты пшаніцы  
3. Груца Зярняты аўса  
4. Ячныя крупы Нешліфаваныя крупінкі ядра ячменю. Уяўляюць сабой драблёныя зярняты ячменю рознай формы, вызваленыя ад кветкавых плевак. Ячныя крупы ў адрозненне ад груцы вырабляюць без шліфавання і паліравання, таму ў іх больш клятчаткі  

Павышае цікавасць да прадмета і выкарыстанне ў якасці лайфхака графічных крыжаванак. Ніжэй прадстаўлены фрагмент графічнай крыжаванкі “Бурак” (sites.google.com/site/agropiligrimymk).

Злучы правільныя адказы:

1. Усе карані адной расліны называюць каранёвай сістэмай таму, што:

а) у расліны многа каранёў (41—45—47—42—26);

б) усе карані расліны звязаны агульнай функцыяй (26—41—42—45—47);

в) у каранёў розныя назвы (42—26—41—47—45).

2. Каранёвы чэхлік фарміруецца з тканкі:

а) покрыўнай (26—46—47—48—49);

б) праводзячай (48—47—49—46—26);

в) усмоктвальнай (47—22—46—48—49).

Праводзіць назіранне за дынамічнымі біялагічнымі аб’ектамі і з’явамі дазваляе прыём “Раслінныя хамелеоны”.

Табліца 4. Лайфхак “Раслінныя хамелеоны”

Аб’ект, які дэманструецца Інфармацыя для настаўніка  
1. Клубень бульбы Пакласці на сонечнае святло. Праз некалькі сутак клубень пазелянее, што даказвае парасткавае паходжанне клубня  
2. Ліст чырвонакачаннай капусты — прыродны індыкатар Першапачаткова яна мае малінава-бэзавы колер. У моцнакіслым асяроддзі (рН 2—3) набывае чырвоны, а пры рН 4—5 — ружовы колер. Далей, па меры нейтралізацыі, ружова-чырвоны колер мяняецца спачатку на бэзавы, потым на светла-сіні (рН 6—7). Пры пераходе значэнняў рН у шчолачную вобласць колер раствору становіцца зялёным (рН 8), жоўта-зялёным (рН 9—–10) і ў моцна шчолачным асяроддзі (рН вышэй 10) — жоўтым  

Станоўчым момантам пры вывучэнні заалогіі ў 8 класе можна лічыць работу з жывымі біялагічнымі аб’ектамі. Адсутнаць жывога кутка пры жаданні можна кампенсаваць вырошчваннем культуры бактэрыі сянной палачкі.

Тайбліца 5. Лайфхак “Сянная палачка”

   Аб’ект, які дэманструецца

Інфармацыя для настаўніка

Назіраюць аб’ект сянной палачкі пад мікраскопам

Для атрымання культуры бя­руць 25 г сена, дробна наразаюць, змяшчаюць у колбу і заліваюць 200 мл водаправоднай вады. Для нейтралізацыі ў колбу дабаўляюць крыху крэйды і кіпяцяць на працягу 2 г. Для таго каб прарасціць споры сянной палачкі, атрыманы адвар сена зліваюць у іншую колбу пластом не больш за 1—2 см, закрываюць ватным коркам і ставяць у тэрмастат пры тэмпературы +25… + 30°С. Праз 2—3 сутак вадкасць спачатку скаламуціцца, а потым пакрыецца белаватай плеўкай, якая складаецца з сянных бактэрый (споры ператвараюцца ў бактэрыі)

У 10 класе пры вывучэнні тэмы “Фітагармоны” вялікае значэнне ўдзяляю ўменню прымяняць біялагічныя веды на практыцы пры вырошчванні агародніны і дэкаратыўных раслін. Прыёмы “Спрынтары” і “Асенняе лісце” дазваляюць мадэляваць і прагназаваць працэсы, якія адбываюцца ў прыродзе пад уплывам фітагармонаў.

Табліца 6. Лайфхак “Спрынтары”

Аб’ект, які дэманструецца   Інфармацыя для настаўніка  
Дэманструюцца спелыя таматы, якія кладуць у скрынку з недаспелымі. Праз суткі назіраем поўнае выспяванне агародніны Газ этылен, які выдзяляюць спелыя плады, паскарае выспяванне пладоў

Табліца 7. Лайфхак “Асенняе лісце”

Аб’ект, які дэманструецца   Інфармацыя для настаўніка
У дзве прабіркі разліваюць раствор кіпячоных лістоў чырвонакачаннай капусты: у першую дабаўляюць кроплямі воцатную кіслату — пігмент антацыян набывае чырвоную афарбоўку.   У другую дабаўляюць шчолач — пігмент антацыян набывае сінюю афарбоўку Прычына змянення афарбоўкі лістоў увосень — у разбурэнні хларафілу, праяўленні жоўтага пігменту ксантафілу, у змяненні асяроддзя клетачнага соку, у якім знаходзіцца пігмент антацыян.

Лайфхак “Жывыя індыкатары” дазваляе правесці на ўроку ў 11 класе міні-даследаванне па тэме “Экалогія”, заснаванае на флуктуіруючай асіметрыі лістоў, што адлюстроўвае экалагічны стан мясцовасці. Гэты прыём фарміруе ў навучэнцаў вымяральныя навыкі біялагічных аб’ектаў, імавернасныя і статыстычныя метады пазнання.

Табліца 8. Лайфхак “Жывыя індыкатары”

   Аб’ект, які дэманструецца

   Інфармацыя для настаўніка

   Лісты бярозы

   Па меры набыцця таксічных рэчываў пры фарміраванні ліставой пласціны адбываецца тармажэнне роставых працэсаў, дэфармацыя ліста і невялікія адрозненні паміж правай і левай (R — L) бакамі розных марфалагічных структур, якія ў норме валодаюць сіметрыяй

Павышае пазнавальную актыўнасць і гатоўнасць навучэнца самастойна працаваць з біялагічнай інфармацыяй розных крыніц лайфхак “Аграпілігрым”. Сайт “Аграпілігрым” створаны на аснове праграмы аб’яднання па інтарэсах “Аграпілігрым” і можа быць выкарыстаны як педагогамі дадатковай адукацыі, так і ва ўрочнай дзейнасці па біялогіі.

Табліца 9. Лайфхак “Аграпілігрым”

Аб’ект, які дэманструецца Інфармацыя для настаўніка
Раздзел “Вывучай, эксперыментуй, даследуй” Работа з сайтам “Аграпілігрым” sites.google.com/site/agropiligrimymk  

Адкрыццё агракласаў у гэтым навучальным годзе, вынікі рэспубліканскага маніторынгу ўзроўню навучанасці па біялогіі пацвярджаюць своечасовасць і актуальнасць укаранення ў сістэму біялагічнай адукацыі кожнага настаўніка біялогіі практыка-арыентаваных прыёмаў так званых прафесійных проб, якія рых­туюць навучэнцаў да паступлення ў навучальныя ўстановы аграрнай накіраванасці.

Выкарыстанне прыёму “Лайфхак” у маёй практыцы дазваляе не толькі стварыць умовы для павышэння пазнавальнай актыўнасці і развіцця асобы навучэнцаў, але і з’яўляецца своеасаблівай прыступкай да будучай прафесіі. Яркасць, даступнасць, адпаведнасць узроставым асаблівасцям стварае сітуацыю поспеху і напаўняе ўрок вучэбным зместам, значным для кожнага навучэнца ў штодзённым жыцці.

Валянціна БАГДАНОВІЧ,
настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці.

Comments are closed.