Даследуючы — вучымся

Адной з праблем, якая хвалюе настаўнікаў, з’яўляецца развіццё ў дзіцяці ўстойлівай цікавасці да вучобы, да ведаў, патрэбы ў іх самастойным пошуку. Вырашэнне гэтых задач абапіраецца на матывацыйную сферу вучня. Многія дзеці вучацца не для сябе, а за адзнаку, за пахвалу, часам за тое, каб бацькі не сварыліся. Але любому з гэтых знешніх матываў прыходзіць канец. Таму настаўніку неабходна фарміраваць вучэбную матывацыю на аснове пазнавальнага інтарэсу. Дзіцяці павінна падабацца яго дзейнасць, і яна павінна быць яму даступнай. Даследчая дзейнасць з’яўляецца надзейным фактарам матывацыі, таму што найлепшым чынам стымулюе вучняў да актыўнага пазнання, лёгка ўцягвае ў вучэбны працэс, адкрываючы магчымасць для кожнага знайсці ўласны інтарэс у даследаванні, у творчым заданні.

Каб школьнік мог удзельнічаць у даследчай дзейнасці, ён павінен умець самастойна думаць, знаходзіць і вырашаць праблемы, выкарыстоўваючы для гэтай мэты веды з розных галін, вылучаць гіпотэзу, валодаць здольнасцю планаваць работу і прагназаваць яе вынікі. З дапамогай даследчай дзейнасці навучэнцаў можна вырашыць супярэчнасці паміж патрабаваннямі да новай якасці адукацыі выпускніка, яго ўменняў атрымліваць і прымяняць веды на практыцы і недасканаласцю традыцыйных тэхналогій навучання; паміж нагрузкай на навучэнцаў, звязанай з павелічэннем аб’ёму навуковай інфармацыі па кожным прадмеце, і сучаснымі рамкамі класна-ўрочнай сістэмы; паміж патрэбай грамадства ў спецыялістах, якія валодаюць высокім узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці, агульнай культуры і канкурэнтаздольнасці, і немагчымасцю фарміравання асноў гэтых якасцей у рамках традыцыйнай сістэмы адукацыі. А таксама паміж імкненнем вучня да творчага самаразвіцця, самапраектавання і недастатковым выкарыстаннем магчымасцей адукацыйнага працэсу для фарміравання гэтых навыкаў вучняў.
Асноўнай мэтай стварэння ў нашай школе навуковага таварыства навучэнцаў (НТН) “Веды”, у якое ўваходзяць навучэнцы 6—11 класаў, з’яўляецца выяўленне і падтрымка таленавітых навучэнцаў, развіццё іх інтэлектуальных, творчых здольнасцей, падтрымка навукова-даследчых інтарэсаў вучняў. Дэвіз НТН “Вучымся, даследуючы, — даследуючы — вучымся”.
У працэсе стварэння даследчай работы можна вылучыць некалькі этапаў.
На 1 этапе — арганізацыйна-падрыхтоўчым — выяўляюцца навучэнцы, якія хочуць працаваць у навуковым таварыстве. Запіс у навуковае таварыства ажыццяўляецца на падставе жадання навучэнцаў, вынікаў дыягнастычных даследаванняў. Вядучая роля тут належыць і мне як настаўніку-прадметніку. У працэсе індывідуальнай работы з вучнямі стараюся не толькі разгледзець іскру даследчага таленту, але і дапамагчы ў выбары тэмы будучага даследавання, вызначыць кола праблем, якія патрабуюць вырашэння, падабраць неабходную літаратуру.
У сувязі з гэтым важна, каб навучэнец з першых крокаў разумеў канкрэтную значнасць свайго даследавання, магчымасць яго выкарыстання не толькі ў прыкладных мэтах, але і ў практычным плане (выступленні на ўроках і пазаўрочных мерапрыемствах,
удзел у навуковых канферэнцыях).
2 этап. Зацвярджэнне тэм даследаванняў. Гэтая працэдура ажыццяўляецца на ўстановачнай канфэрэнцыі НТН і з’яўляецца важнай, паколькі дазваляе навучэнцам усвя-доміць значнасць сваёй работы, стварыць атмасферу супрацоўніцтва паміж навучэнцамі і настаўнікам, стымулюе развіццё іх навукова-даследчай дзейнасці. Нярэдка ўзнікае сітуацыя, калі тэма праекта знаходзіцца на стыку некалькіх дысцыплін, патрабуе кансультацыйнай дапамогі спецыялістаў. У гэтым выпадку да супрацоўніцтва далучаюцца іншыя настаўнікі-прадметнікі.
3 этап. Непасрэдная работа над праектам. Два разы на тыдзень праходзяць заняткі, дзе навучэнцы прадстаўляюць праведзеную работу. Гэта дазваляе ажыццяўляць кантроль над працэсам работы, аператыўна вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, падтрымліваць цікавасць і ўзровень інфармаванасці пра даследаванні, якія праводзяцца сярод вучняў і настаўнікаў.
4 этап. Самым важным этапам даследчай работы вучняў з’яўляецца экспертыза творчых праектаў, якая праводзіцца экспертнымі групамі, створанымі на аснове метадычных аб’яднанняў настаўнікаў школы. Рэцэнзенты і апаненты з ліку настаўнікаў і прысутных навучэнцаў даюць папярэднюю ацэнку праведзенай рабоце, выяўляюць слабыя бакі даследавання, аказваюць дапамогу ў вырашэнні пытанняў, якія ўзніклі. Разгледзім рэалізацыю этапаў на канкрэтным прыкладзе.

Заняткі НТН па раздзеле “Цеплавыя працэсы”

Тып праекта — практыка-арыентаваны; склад удзельнікаў — навучэнцы 10 класа; працягласць праекта — 7 заняткаў.

ПЛАН РАБОТЫ

1. Паставіць канкрэтную задачу вучням
Напрыклад: У геолагаў, якія вядуць даследаванні ў горным бязлесным раёне, выйшаў са строю пошукавы дазіметр-радыёметр.
Усе дарослыя геолагі былі занятыя, таму даставіць прыбор у экспедыцыю папрасілі трох дзесяцікласнікаў. У іх пачаліся канікулы. Выдалі 10 млн рублёў і сказалі, што калі яны здолеюць добра арганізаваць сваю
экспедыцыю і ў іх застануцца грошы, то яны могуць пакінуць іх сабе.
2. Падвесці вучняў да пастаноўкі праектных і даследчых задач, выкарыстоўваючы інфармацыйную базу, якая складаецца з наступных блокаў:
А. Агульная інфармацыя пра некаторую галіну чалавечай практыкі.
Асноўныя сітуацыі, з якімі давядзецца сутыкацца навучэнцам у горным бязлесным раёне, арганізацыя харчавання і начнога адпачынку ў гарах.
Прынцыповыя варыянты адпаведных тэхнічных прылад (канструкцыя, матэрыял, тыпы размяшчэння, рэжымы выкарыстання).
Б. Спецыфікацыя праблемы.
Пастаноўка больш прыватных праблем у рамках агульнай тэмы: як выбраць (спраектаваць) палiва, кацялкі, палаткі, спальныя мяшкі.
В. Адкрыты пералік магчымых даследчых напрамкаў.
* Параўнанне ўдзельнай эфектыўнасці розных відаў паліва: цеплааддачы, хуткасці цеплааддачы, экалагічнасці, бесперапыннасці або перапыннасці працэсу гарэння.
* Параўнанне энергаспажывання пры выкарыстанні рознага посуду. Даследаванне ўплыву матэрыялу, формы, наяўнасці або адсутнасці накрыўкі.
* Даследаванне цеплаёмістасці вады і камянёў, якія могуць быць нагрэты загадзя, каб уначы падтрымліваць у палатцы тэмпературны рэжым.
* Даследаванне цеплааддачы вады. Праверка прапарцыянальнасці колькасці цяпла, якое аддаецца, масе цепланосьбіта і рознасці тэмператур. Што лепш для раўнамернага абагрэву палаткі ноччу: загадзя нагрэць мала вады да высокай тэмпературы або больш вады да больш нізкай тэмпературы, калі патрацілі адну і тую ж колькасць паліва?
* Параўнанне цеплаправоднасці розных уцяпляльнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў спальных мяшках.
Г. Узор выкананага праекта, які ўключае фізічнае даследаванне з нарматыўным афармленнем.
Першыя два блокі інфармацыйнай базы (А і Б) служаць зыходным пунктам для самавызначэння навучэнцаў у пастаноўцы праектнай задачы.
Блок В выступае апорай для вылучэння патрэбных відаў фізічнага даследавання. Блок Г задае ўзор праектнай дзейнасці, уключаючы форму чаканага прадукту.
3. Арганізаваць групавую работу па тэмах “Параўнанне эфектыўнасці розных відаў паліва”, “Даследаванне залежнасці тэмпературы вады ад часу пры рознай ступені цеплаізаляцыі”, “Параўнанне цеплааддачы каменя і вады”, “Даследаванне залежнасці хуткасці цеплаперадачы ад якасці ізалятара”.
4. Прапанаваць дадатковыя дамашнія даследаванні: параўнаць здольнасць праводзіць цяпло рознымі металамі, вызначыць тэмпературу сумесі вады розных мас і тэмператур. Неабходна, каб на працягу работы над праектам навучэнцы ўтрымлівалі агульную задачу, і работу трэба арганізоўваць так, каб гэтаму спрыяць.

Этапы работы

Заняткі 1. Прадмет “Фізіка”

Пачынаем з пастаноўкі задачы. На гэтых занятках абмяркоўваюцца ўсе даследаванні, якія плануюцца, намячаюцца шляхі іх правядзення, фарміруюцца групы навучэнцаў для выканання эксперыментаў.
Навучэнцам ў класе прапануецца абмеркаваць:
1. Па якіх параметрах мы будзем выбіраць паліва? Сярод названых параметраў звычайна такія:
1) па кошце;
2) па тым, якое паліва пры згаранні нагрэе ваду хутчэй;
3) па тым, якое паліва пры згаранні нагрэе ваду мацней.
Навучэнцам прапануецца вызначыць, якія параметры адносяцца да галіны фізічных даследаванняў, а таму мы можам вывучыць іх на ўроку. Пасля гэтага фармулююцца патрабаванні да ўстаноўкі: аднолькавая маса ўсіх відаў паліва, аднолькавая колькасць вады, якая награваецца, у аднолькавых пасудзінах. Затым прапануецца адказаць на пытанні:
а) Якое паліва лягчэй зберагчы ад намакання? б) Якое паліва зручней транспартаваць? в) Што яшчэ трэба ўлічыць пры выбары паліва? На дошцы і ў рабочых сшытках робяцца шаблоны для запісу даных доследу.
2. Які ўцяпляльнік выбраць для спальных мяшкоў? Выкарыстанне якога ўцяпляльніка забяспечвае мінімальныя страты цяпла? Параўнаць страты цяпла пры выкарыстанні сухога і вільготнага ўцяпляльніка. Робіцца прагноз выніку, запісваецца на дошцы і ў сшытках, абмяркоўваецца структура табліцы для запісу вынікаў.
3. Як захаваць ежу гарачай? Ежу, прыгатаваную з вечара, трэба захаваць максімальна гарачай да раніцы, каб раніцай не раскладаць агонь, а адразу адпраўляцца ў дарогу. Пытанне: што ў посуду, у якім знаходзіцца гарачая ежа, важней цеплаізаляваць: дно, сценкі або верх, у тым выпадку, калі мы не можам ізаляваць усё адразу? Варта абмеркаваць з навучэнцамі сутнасць эксперымента і табліцу для запісу вынікаў.
4. Варта абмеркаваць задачу абагрэву палаткі ноччу.
У гарах рэзкі перапад дзённых і начных тэмператур. Каб не падтрымліваць агонь ноччу, дзеці вырашылі з вечара награваць і змяшчаць у палатцы каністры з вадой ці камяні. Яны, паступова ахалоджваючыся, будуць аддаваць цяпло і тым самым абаграваць палатку.
Пытанне: што больш аддасць цяпла — нагрэты камень або нагрэтая вада? Папярэдне робіцца прагноз, ці аднолькавай будзе тэмпература сумесі ў тым выпадку, калі да халоднай вады далівалі гарачую і ў тым выпадку, калі ў халодную ваду клалі камень з такой жа масай, як у гарачай вады, і з такой жа тэмпературай. Настаўнік арганізоўвае абмеркаванне структуры табліцы для
запісу вынікаў.
Варта звярнуць увагу навучэнцаў на тое, што на працягу некалькіх урокаў павінна захоўвацца адзіная мэта ўсяго ланцужку даследаванняў.
Каб клас утрымліваў задачу, патрабуем афармлення вынікаў у адзіным стылі, па адзіным плане: 1. Фармулёўка задачы; 2. Схема доследу; 3. Вынікі; 4. Высновы; 5. Абазначэнні, якія выкарыстоўваюцца.

Заняткі 2. Прадмет “Інфарматыка”

Заданне 1:
А) Параўнаць кошт розных відаў паліва: драўніны, спірту і сухога гаручага. Навучэнцы дзеляцца на тры групы, і кожная шукае кошт аднаго віду паліва ў інтэрнэце. Адразу ж ставіцца абмежаванне: прадавацца гаручае павінна недалёка ад месца размяшчэння фарміравання экспедыцыі.
Б) Разлічыць кошт 1 грама кожнага віду паліва. Пошук займае няшмат часу. Даныя выносяцца на дошку.
Заданне 2: Знайсці кошт спальных мяшкоў, якія ёсць у продажы, іх вагу, склад.

Заняткі 3—4. Прадмет “Фізіка”

Выкананне даследаванняў па групах, фіксаванне вынікаў. Усе даследаванні праводзяцца на двух уроках. Навучэнцы да гэтых урокаў павінны падрыхтаваць загатоўку для справаздачы. У гэтай загатоўцы павінна быць пералічана ўсё, што неабходна для даследавання, у тым ліку схема ўстаноўкі, шаблоны табліц. На гэтым этапе іх неабходна прыцягваць да падрыхтоўкі абсталявання для правядзення доследаў. Кожная група павінна прааналізаваць вынікі сваіх эксперыментаў, адказаць на пастаўленыя пытанні.

Заняткі 5—6. Прадмет “Інфарматыка”

На ўроку інфарматыкі выконваецца пабудова графікаў у электронных табліцах. Па выніках даследавання страт цяпла, якое было зроблена ў класе напярэдадні, выкарыстоўваючы электронныя табліцы, навучэнцы будуюць графікі залежнасці тэмпературы ад часу. Кожная група пачынае рыхтаваць прэзентацыю пра свае даследаванні для канферэнцыі.

Заняткі 7. Канферэнцыя

Навучэнцы выступаюць з паведамленнямі вынікаў сваёй работы. Іх работы праецыруюцца на экран, і пасля кожнага паведамлення навучэнцы пісьмова адказваюць на пытанні і ацэньваюць выступленні па прапанаваных крытэрыях. Адказы фіксуюцца ў кантрольным лісце. Гэта дазваляе зацікавіць ва ўважлівым праслухоўванні адказаў сяброў, фарміраваць ацэначныя ўменні, а настаўніку ацаніць ступень разумення матэрыялу вучнямі.
Калі вучань здолее справіцца з работай над вучэбным праектам, можна спадзявацца, што ў дарослым жыцці ён будзе больш прыстасаваным: здолее планаваць уласную дзейнасць, арыентавацца ў разнастайных сітуацыях, сумесна працаваць з рознымі людзьмі — адаптавацца да зменлівых умоў.
Уключэнне даследчай работы навучэнцаў у працэс навучання ў сярэдняй школе ў рамках НТН дазваляе прыўнесці ў яго не толькі індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю адукацыі, стаць сродкам вызначэння індывідуальнага адукацыйнага маршруту з улікам здольнасцей і інтарэсаў вучня, але і быць рэальнай асновай інтэграцыі асноўнай і дадатковай адукацыі, што з’яўляецца ўмовай развіцця асобы вучня і яго здольнасцей.

Міхаіл МЯЛЬНОЎ,
настаўнік фізікі Ціманаўскай сярэдняй школы
Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.