Для развіцця крытычнага мыслення — праблемныя пытанні, заданні, сітуацыі

Узровень развіцця разумовых здольнасцей вызначае ўменне правільна мысліць, дабівацца поспехаў у вырашэнні праблем, таму трэба навучыць не толькі разумець, але і мысліць. Для гэтага неабходна развіваць разумовыя здольнасці вучняў. Гэтае развіццё забяспечвае магчымасць самастойна авалодваць ведамі. Але такая дзейнасць павінна быць матываванай, таму неабходна, каб вучні разумелі карыснасць сваёй вучэбнай работы і маглі асэнсаваць матывы сваёй дзейнасці. Усе гэтыя складнікі могуць быць рэалізаваны праз выкарыстанне тэхналогіі праблемнага навучання або яе элементаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

Як вядома, праблемай называюць задачу, якую немагчыма вырашыць з дапамогай вядомых ведаў і спосабаў дзеяння. Яна звычайна выглядае як супярэчанне, якое ўзнікае падчас развіцця пазнання. Многія педагогі спрошчана разумеюць сутнасць праблемнага навучання і бачаць яе ў супярэчнасці паміж ведамі і адсутнасцю неабходных ведаў. Але тады ўзнікае пытанне: які шлях ад няведання да ведання? Калі ж ён ляжыць праз завучванне, то тут і праблемы няма. Але калі для засваення новага матэрыялу неабходны самастойныя пошукі, звязаныя з даследаваннем прадметаў і з’яў, з выяўленнем іх сувязей, змен, г.зн. узнікае праблемная сітуацыя, то тут патрабуецца напружанне разумовай дзейнасці.

Калі звярнуцца да тэорыі, то праблемнае навучанне — гэта такая арганізацыя вучэбных заняткаў, якая мае на ўвазе стварэнне пад кіраўніцтвам настаўніка праблемных сітуацый і актыўную самастойную дзейнасць вучняў па іх вырашэнні, у выніку чаго адбываецца творчае авалодванне ведамі, уменнямі і навыкамі і развіццё мысліцельных здольнасцей. Схема праблемнага навучання ўяўляецца як паслядоўнасць працэдур, якія ўключаюць:

— пастаноўку настаўнікам вучэбна-праблемнай задачы, стварэнне для вучняў праблемнай сітуацыі;

— асэнсаванне, прыняцце і вырашэнне ўзніклай праблемы, у працэсе чаго вучні авалодваюць абагульненымі спосабамі набыцця новых ведаў;

— прымяненне гэтых спосабаў для вырашэння канкрэтных задач.

Шляхам стварэння праблемнай сітуацыі мадэлююцца ўмовы даследчай дзейнасці і развіцця творчага мыслення вучня.

Праблемныя сітуацыі могуць стварацца на ўсіх этапах працэсу навучання: пры тлумачэнні, замацаванні, на кантрольным этапе.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Звесткі аб жыцці і творчасці Я.Янішчыц. Малая радзіма ў светлых колерах лірыкі” ў 11 класе вучням прапаноўваю наступныя праблемныя сітуацыі праз пастаноўку праблемных пытанняў.

А) На этапе тлумачэння:

• Якое ўражанне зрабіў на вас верш “Чаму ніколі не баюся я…”?

• Які настрой ён выклікае?

• Чаму, на ваш погляд, прысвечаны гэты твор?

• На якое пытанне дае адказ у сваім вершы паэтэса і які гэты адказ?

• Ці можна, зыходзячы з прачытаных вамі водгукаў аб асаблівасцях паэзіі Я.Янішчыц, згадзіцца са сцвярджэннем, што верш “Чаму ніколі не баюся я…” з’яўляецца вершам-медытацыяй, праграмным творам паэтэсы? Калі так, то чаму?

Б) На этапе замацавання:

• Пазнаёміўшыся з паэзіяй Я.Янішчыц і Р.Барадуліна, адкажыце, што, на ваш погляд, аб’ядноўвае гэтых паэтаў? Падрыхтуйце адказ, абапіраючыся на прачытаныя творы і літаратурна-крытычныя матэрыялы.

В) На этапе кантролю:

• Напішыце інтэрпрэтацыю верша Яўгеніі Янішчыц, які вам найбольш спадабаўся.

Вывучаючы тэму “Нетрадыцыйны падыход Івана Мележа да раскрыцця псіхалогіі заможных сялян у рамане “Людзі на балоце” ў 10 класе, вучняў можна пазнаёміць з рознымі меркаваннямі крытыкаў па гэтай тэме, пасля чаго прапаноўваецца сфармуляваць праблему самім і даць па магчымасці некалькі варыянтаў адказу. Такім чынам, у вучня фарміруецца ўменне выказваць уласны погляд на існуючую праблему.

Калі праблемная сітуацыя створана, неабходна сфармуляваць вучэбную мэту і паставіць вучняў у такія ўмовы, пры якіх вырашэнне гэтай праблемы становіцца абавязковым.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Знакі прыпынку ў бяззлучнікавым складаным сказе” ў 11 класе на этапе знаёмства з новым матэрыялам пастаноўку вучэбнай задачы можна рэалізаваць праз наступную праблемную сітуацыю. На дошцы запісаны сказ, у якім вучням неабходна паставіць знакі прыпынку: Сонца схавалася за хмары падуў халодны вецер. Вопыт работы паказвае, што часцей за ўсё ў гэтым сказе вучні ставяць працяжнік. Настаўнік, у сваю чаргу, выказвае свой погляд на ўзніклую праблему і прапаноўвае варыянт сказа з двукроп’ем і коскай, тым самым падводзіць да вываду, што ў залежнасці ад сэнсава-граматычных адносін, якія ўзнікаюць паміж часткамі, у адным і тым жа сказе могуць ставіцца розныя знакі прыпынку.

Праблемныя сітуацыі ствараюцца пры дапамозе пастаноўкі праблемных пытанняў. Пад праблемным разумеецца такое пытанне, якое патрабуе інтэлектуальных намаганняў, аналізу сувязей з раней вывучаным матэрыялам, спробы параўнаць, выдзеліць найбольш важныя палажэнні. Такое пытанне павінна быць дастаткова складаным, каб вучні адчулі, што адразу вырашыць яго не могуць, бо для гэтага ў іх не хапае ведаў.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Шматгранныя нацыянальныя характары ў рамане Івана Мележа “Людзі на балоце” ў 10 класе вучням мэтазгодна задаць наступныя праблемныя пытанні:

• Чым з’яўляецца зямля для мележаўскага героя, для тых людзей, якіх чамусьці называюць “простымі”?

• Як ацаніць адносіны Яўхіма да Ганны? Кахае ён Ганну ці не? Каханне гэта ці страсць?

• Хто ён, Халімон Глушак, як чалавечы тып? Як вы ставіцеся да гэтага героя і чаму?

• Чаму Іван Мележ часта ставіць сваіх герояў перад выбарам? Дакажыце сваю пазіцыю на канкрэтным вобразе з рамана.

Пры вывучэнні тэмы “Янка Брыль. Агляд жыцця і творчасці. Апавяданне “Memento mori” ў 10 класе на этапе падагульнення вучні атрымліваюць магчымасць паразважаць:

• Чаму галоўны герой, маючы магчымасць жыць, палічыў за лепшае памерці?

• Як вы разумееце заклік пісьменніка “memento mori” (памятай пра смерць) і чаму аўтар у якасці назвы апавядання абраў менавіта гэтыя словы?

• Чаму, на ваш погляд, у апавяданні Янка Брыль не называе вёску, у якой адбыліся падзеі?

На этапе праверкі чытацкіх уменняў і навыкаў пры вывучэнні тэмы “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча як узор рамана ў вершах” у 11 класе вучням прапаноўваю праблемныя пытанні:

• Якое ўражанне выклікаў у вас твор?

• Ці можна яго назваць ліра-эпічным? Чаму?

• Растлумачце сэнс назвы твора.

Пры пошуку адказаў на гэтыя пытанні перад вучнямі ўзнікае задача аргументавана раскрыць вывад, даць ацэнку існуючай праблеме.

Больш якасна актывізацыя працэсу навучання адбываецца, калі класу прапаноўваецца параўнаць ацэнку розных крытыкаў аднаго і таго ж літаратурнага факта і выбраць тую, якая адпавядае меркаванню вучня. Затым неабходна матываваць свой выбар або даказаць, што супярэчнасці тут няма, бо крытыкі з розных бакоў падыходзяць да літаратурнай з’явы.

Напрыклад: 1) Паводле слоў даследчыка Серафіма Андраюка, “глыбінны канфлікт твора разгортваецца не вакол Ганны, а вакол зямлі”. Ці згодны вы з даследчыкам? Выкажыце свае меркаванні. (Урок беларускай літаратуры ў 10 класе па тэме “Нетрадыцыйны падыход аўтара да раскрыцця псіхалогіі заможных сялян” пры вывучэнні рамана І.Мележа “Людзі на балоце”.) 2) Некаторыя крытыкі і пісьменнікі сцвярджаюць, што Мележ парушыў логіку характару, калі паказаў, што гордая, смелая, з пачуццём чалавечай годнасці Ганна без супраціўлення пайшла замуж за Яўхіма. Другія ж, наадварот, гавораць, што Ганна і павінна была паводзіць сябе так, як апісвае І.Мележ у рамане. А як лічыце вы? Чыя пазіцыя бліжэй да вас? (Урок беларускай літаратуры ў 10 класе па тэме “Шматгранныя нацыянальныя характары ў рамане “Людзі на балоце” Івана Мележа”.)

Яшчэ адным з дзейсных элементаў праблемнага навучання з’яўляюцца праблемныя заданні — гэта такія заданні, якія ставяць перад вучнямі задачы і арыентуюць іх на самастойны пошук рашэнняў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе як дзеяслоўныя формы” ў 10 класе прапаноўваю вучням у групах абмеркаваць праблему і адказаць на пытанне, якія з пералічаных прыкмет (від, пераходнасць/непераходнасць, зваротнасць/незваротнасць, склон, лад, час, лік, род) характэрны для:

а) інфінітыва;

б) дзеяслова прошлага часу;

в) дзеепрыметніка залежнага стану.

У 10—11 класах праблемныя заданні павінны ўскладняцца, набываць ярка выражаны супастаўляльны, даследчы характар.

Напрыклад, на ўроку беларускай мовы ў 11 класе пры вывучэнні тэмы “Знакі прыпынку ў складаназалежных і складаназлучаных сказах” на этапе актуалізацыі раней вывучанага матэрыялу мэтазгодна вучням прапанаваць наступныя заданні:

• Скласці схемы сказаў. Замяніць складаназлучаны сказ складаназалежным з даданай часткай, якая адказвае на пытанні чаму? па якой прычыне?

• Параўнаць сказы. Што паміж імі агульнага і чым яны адрозніваюцца?

Гэтае заданне патрабуе ўмення супастаўляць з’явы, рабіць адпаведныя вывады.

Таксама часта выкарыстоўваю на ўроках праблемныя заданні, якія патрабуюць ад вучняў умення сінтэзаваць матэрыял, структураваць яго. Напрыклад, на ўроку беларускай мовы ў 11 класе па тэме “Знакі прыпынку ў складаназалежных і складаназлучаных сказах” пры тлумачэнні новага матэрыялу прашу дзяцей спачатку зрабіць сінтаксічны разбор простага сказа:

Высокая трава, густа акропленая расою, іскрылася сотнямі вясёлак у промнях сонца.

Потым замяніць адасобленае азначэнне даданай часткай і запісаць атрыманы сказ. У выніку вучні павінны вызначыць спосаб сувязі даданай часткі з галоўнай, скласці схему сказа, зрабіць вывад. (Адна і тая ж думка можа быць выражана разнастайнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, але яны адрозніваюцца або адценнем значэння, або сферай выкарыстання. Так, складаназалежны сказ з даданай азначальнай часткай ужываецца як у гутарковай, так і ў кніжнай мове, дзеепрыметнікавы зварот — пераважна ў кніжнай.)

Як і кожная сучасная методыка, тэхналогія праблемнага навучання мае свае плюсы і мінусы. Сярод цяжкасцей, якія сустракаюцца ў педагагічнай практыцы прымянення гэтай тэхналогіі, неабходна адзначыць, што не заўсёды хапае часу на ўроку, каб выслухаць усе меркаванні вучняў, таму важна карэкціраваць некаторыя этапы ўрока падчас іх правядзення. Таксама не ўсе вучні ў класе ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі гатовы да самастойнай пошукавай дзейнасці, што таксама трэба ўлічваць пры падрыхтоўцы да ўрока.

Але разам з тым вопыт выкарыстання тэхналогіі праблемнага навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў 10—11 класах дазваляе зрабіць вывад, што значна актывізуецца пазнавальная дзейнасць вучняў, павышаецца іх матывацыя і выніковая работа. Заняткі, на якіх выкарыстоўваюцца элементы праблемнага навучання, праводзяцца ў форме дыялогу, а гэта, у сваю чаргу, садзейнічае развіццю камунікатыўных навыкаў вучняў. Таксама немалаважна тое, што такія ўрокі павышаюць інтарэс школьнікаў да беларускай мовы і асабліва літаратуры, бо ўносяць разнастайнасць у працэс адукацыі. Выкарыстанне элементаў праблемнага навучання вучыць школьнікаў выдзяляць галоўнае ў тэме, рабіць высновы, параўноўваць свае сцвярджэнні з тэарэтычным матэрыялам.

Святлана БУЙ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слонімскага раённага ліцэя.