Дрэва праектаў вырасцілі вучні пачатковых класаў гімназіі № 16 Мінска

Агульнаадукацыйная школа сёння павінна фарміраваць не толькі цэласную сістэму ведаў, уменняў, навыкаў, але і вопыт самаразвіцця і адказнасці навучэнцаў, здольнасці да стваральнай дзейнасці — гэта значыць ключавыя кампетэнцыі, якія вызначаюць сучасную якасць адукацыі. Калі ў традыцыйнай адукацыйнай практыцы асноўная функцыя педагога — трансляцыя інфармацыі (выкладанне), то ў рабоце над даследчымі праектамі гэтая функцыя адыходзіць на другі план. Ва ўмовах такога навучання педагог для навучэнца — партнёр, у якога можна вучыцца даследчаму падыходу да навучання і жыцця ў цэлым.

Праект — гэта 5 «П»

Творчасць — гэта здольнасць здзіўляцца і пазнаваць, уменне знаходзіць рашэнне ў нестандартных сітуацыях, гэта нацэленасць на адкрыццё новага. Асноўнымі паказчыкамі творчых здольнасцей дзяцей з’яўляюцца бегласць і гібкасць думкі, арыгінальнасць, цікаўнасць і смеласць.
Праектная дзейнасць навучэнцаў — гэта сумесная вучэбна-пазнавальная, творчая або гульнявая дзейнасць, якая мае агульную мэту, узгодненыя метады, спосабы дзейнасці, накіраваная на дасягненне агульнага выніку. Абавязковай умовай праектнай дзейнасці з’яўляецца наяўнасць загадзя выпрацаваных уяўленняў пра яе канчатковы прадукт і, як вынік гэтага, этапы праектавання і рэалізацыі праекта, уключаючы яго асэнсаванне і рэфлексію вынікаў дзейнасці.Праект — гэта 5 «П»: праблема (значная задача); праектаванне (план дзеянняў, выбар прадукту, форма прэзентацыі); пошук інфармацыі (пошук і збор матэрыялу, яго апрацоўка і асэнсаванне); прадукт (вынік работы, выраб: плакат, мадэль, альманах, мультымедыйная прэзентацыя і г.д.); прэзентацыя (падача прадукту, выніку). Следам за гэтым праводзіцца рэфлексія ўласнай дзейнасці.
Наш шматгадовы вопыт работы падказвае, што найбольш зручным перыядам для работы над праектамі з’яўляецца час, які малодшы школьнік праводзіць у групе прадоўжанага дня.
Мэтай сумеснай работы настаўнікаў, выхавальнікаў, бацькоў, навучэнцаў, бібліятэкі і адміністрацыі нашай гімназіі ў гэтым напрамку стала стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў праз праектную дзейнасць.
Мы паставілі перад сабой і шэраг задач:
— вызначыць паказчыкі развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў;
— выявіць узровень развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў;
— вызначыць паслядоўнасць работы па выкарыстанні праектнай дзейнасці ў групе прадоўжанага дня для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў;
— стварыць умовы для ажыццяўлення праектнай дзейнасці;
— вызначыць выніковасць выкарыстання праектнай дзейнасці ў групе прадоўжанага дня для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў;
— фарміраваць у навучэнцаў пазнавальныя, творчыя і чытацкія кампетэнцыі.

Увасабляем ідэі

У нашай гімназіі 25 класаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 22 групы прадоўжанага дня. Мы выбіраем доўгатэрміновыя праекты, тэмы якіх вызначаюцца на метадычным аб’яднанні выхавальнікаў групы прадоўжанага дня.
Так, у 2011/2012 навучальным годзе ўся пачатковая школа ў групах прадоўжанага дня працавала над праектам “Мой дом — горад Мінск”, у 2012/2013 навучальным годзе — “Жывая кніга”,
у 2013/2014-м — “Дзелавы стыль: за і супраць”, у 2014/2015-м — “Памятаем. Ганарымся!”. Выбар тэм вызначаўся тымі задачамі, якія былі актуальныя ў адпаведным навучальным годзе для гімназіі і навучэнцаў. Кожная тэма разбівалася на столькі падтэм, колькі ў гімназіі груп прадоўжанага дня. Падтэмы і “выхады” праектаў выбіралі выхавальнікі разам з навучэнцамі.
У кожным класе афармлялася дрэва праекта. Дзеці дзяліліся на мікрагрупы, пад кіраўніцтвам выхавальніка групы прадоўжанага дня збіралі інфармацыю, вялі даследчую работу, звярталіся ў бібліятэку па літаратуру. У сярэдзіне навучальнага года кожны клас прэзентаваў тэму праекта і прадукт даследчай работы, а ў канцы навучальнага года дзеці абаранялі вынік праектнай дзейнасці — дэманстравалі маляўнічыя альбомы, фільмы, фотавыставы, кнігі, дзіцячыя макеты, малюнкі і інш.
Поспех любой дзейнасці залежыць ад правільнай яе арганізацыі, ад супрацоўніцтва школы, вучня і бацькоў. Выхавальнік нясе на сабе функцыю члена каманды, які накіроўвае, карэкціруе, а самае галоўнае — натхняе. Вучань і бацькі дзейнічаюць тандэмам. Дзіця з’яўляецца выканаўцам, а бацькі дапамагаюць знайсці неабходную інфармацыю і матэрыялізаваць ідэі.
Сваю работу выхавальнікі групы прадоўжанага дня пачыналі з правядзення сумесна з псіхолагам гімназіі дыягностыкі творчых і інтэлектуальных здольнасцей сваіх навучэнцаў. Вынікі дыягностыкі ў далейшым істотна палегчылі работу выхавальнікам групы прадоўжанага дня па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў у рабоце над праектамі.
Потым пачыналася работа над школьным праектам. Кожны наш праект уключаў у сябе некалькі падпраектаў. Напрыклад, праект “Мой дом — горад Мінск” аб’яднаў наступныя падпраекты: “Паркі Мінска”, “Прадпрыемствы горада”, “Славутыя людзi мінулага да 90-х гг.”, “Мінск вачыма мастакоў”, “Новыя мікрараёны Мінска”, “Гісторыя ўзнікнення Мінска: герб, гімн i г.д. ад 1067 г.”, “Храмы горада”, “Традыцыйныя стравы Мiнска”, “Музеі горада”, “Тэатры Мiнска”, “Помнікі архітэктуры Мінска”, “Раслінны свет горада”, “Плошчы, праспекты і галоўныя вуліцы горада”, “Жывёльны свет Мінска”, “Мінск у гады вайны”, “Замкi Мiншчыны”, “Жбанаў і яго скульптуры”, “Вуліца Л.Украінкі, мікрараён Вяснянка”, “Рэлігіі горада”, “Спартыўная Беларусь з 1991 г.”, “Славутыя людзi сучаснасцi: з 90-х гг.”, “Мінск ваенны. Мемарыял “Масюкоўшчына”.
Напрыклад, наш 2 “В” клас разам з выхавальніцай групы прадоўжанага дня С.І.Гапон працаваў над праектам “Музеі сталіцы”. Выхавальніца падзяліла клас на групы. Групавая работа дазваляе дзецям не баяцца зрабіць няправільны вывад, стварае ўмовы для больш шырокіх кантактаў, станоўча адбіваецца на псіхалагічным мікраклімаце. Аптымальная колькасць вучняў у групе не больш за 5 чалавек. Пры рабоце над праектам у групы аб’ядноўваліся выхавальнік і дзеці, выхавальнік і бацькі, а таксама выхавальнік, дзеці і бацькі. Выхавальніца праводзіла заняткі, вучыла дзяцей планаваць, збіраць інфармацыю, знаёміла іх з метадамі даследавання і г.д. Раз на тыдзень збіраліся выхавальнік, вучань і яго бацькі і ўдакладнялі асноўныя правілы вядзення праекта, яго структуру, дзеянні кожнага ўдзельніка. Перш чым пачаць практычную распрацоўку праекта, педагог знаёміла дзяцей з метадамі даследавання, якія ім трэба будзе выкарыстоўваць пры рабоце над праектам: думаць самастойна, праглядаць кнігі, пытацца ў дарослых, звяртацца да камп’ютара, назіраць, кансультавацца са спецыялістам і інш.
На гэтым этапе з дзецьмі агаворваецца, дзе яны будуць шукаць неабходную інфармацыю. Працуючы над праектам “Музеі сталіцы”, вучні 2 “В” класа вырашылі праглядзець матэрыял у школьнай бібліятэцы, наведаць музеі Мінска і, канечне, пакапацца ў інтэрнэце. Далей складаўся план дзеянняў. Дзеці цягнулі жэрабя, каб не было крыўдна — каму які музей выпадзе, і дзяліліся на групы. Ім дасталіся наступныя аб’екты: Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Музей гісторыі горада Мінска.
Бібліятэка дала дзецям для работы маляўнічыя альбомы і прэзентацыі пра Мінск, яго славутасці, у тым ліку і пра музеі. Акрамя інфармацыі пра напаўняльнасць музеяў, дзеці знайшлі інфармацыю пра час іх работы, зайшлі на іх афіцыйныя сайты.
У выніку работы над праектам павінен з’явіцца канкрэтны прадукт — нешта матэрыяльнае, значнае і карыснае. Гэта можа быць кніга, у якой сабралі самую важную і карысную інфармацыю па тэме праекта; альбом, дзе прадстаўлены алгарытм выканання пэўнай аперацыі; дыск з запісам або дэманстрацыяй важнага этапу праекта; сцэнарый распрацаванага мерапрыемства, фільма і г.д. Але, ва ўсякім разе, усё, што будзе прадстаўлена, павінна быць значным не толькі для нас як для стваральнікаў і распрацоўшчыкаў праекта, але і для іншых людзей, чый інтарэс будзе нейкім чынам мець дачыненне да тэмы нашага праекта.
Вынікам падпраекта “Музеі горада” сталі маляўнічыя альбомы-даведнікі, у якіх была сабрана цікавая інфармацыя пра экспанаты. У кожным альбоме размешчаны фотаздымкі класа падчас работы над праектам. Альбомы-даведнікі ва ўрачыстых абставінах былі падораны бібліятэцы гімназіі, каб імі маглі карыстацца як настаўнікі для правядзення інфармацыйных і класных гадзін, так і самі гімназісты.
Этап прэзентацыі праектнай дзейнасці, з нашага пункту гледжання, абавязковы. Ён неабходны для завяршэння работы, для аналізу зробленага, самаацэнкі і пабочнай ацэнкі вынікаў праекта. Для правядзення паспяховай прэзентацыі дзецям неабходна ўмець сцісла выкладаць свае думкі, лагічна, звязна выбудоўваць паведамленне, рыхтаваць нагляднасць, выпрацоўваць структураваную манеру выкладання матэрыялу.
Заканчваецца работа над праектам падвядзеннем вынікаў: змаглі мы дабіцца пастаўленай мэты ці не, ці пацвердзілася гіпотэза, ці задаволены мы сваёй работай. Можна крыху і памарыць — уявіць свае планы на будучыню.

Бацькі заўсёды побач

Праектаванне — вельмі добры інструмент для фарміравання пісьменнай асобы, развіцця творчых здольнасцей дзіцяці, удасканалення такіх якасцей, як самастойнасць, арыгінальнасць мыслення, незалежнасць. Выконваючы праекты, дзеці вучацца працаваць разам, адчуваць сябе паўнапраўнымі членамі калектыву, цярпліва ставіцца да сваіх сяброў, выбудоўваць дзелавыя адносіны.
І ўвесь гэты час побач з намі былі мамы і таты выхаванцаў. Важна, каб бацькі не ўзялі на сябе большую частку работы над праектам, інакш загінула б сама ідэя метаду праектаў. Важна дазволіць дзіцяці выканаць работу самому. А вось дапамога парадай, інфармацыяй, праяўленне зацікаўленасці з боку бацькоў заўсёды вітаюцца.
Бацькам і настаўнікам падчас сходу-лекцыі мы растлумачылі сутнасць праектнай дзейнасці і яе значнасць для развіцця творчай асобы дзіцяці. Мы расказалі пра асноўныя этапы работы над канкрэтным праектам і формы магчымага ўдзелу бацькоў у ёй. Напрыклад, інфармацыйная падтрымка актуальная на этапе збору неабходных для праекта матэрыялаў. Тут бацькі самі выступаюць важнай крыніцай інфармацыі для дзіцяці, могуць парэкамендаваць пэўныя крыніцы або выказаць сумненні адносна некаторых з іх, дапамагчы ў пошуку неабходных звестак у кнігах, перыядычным друку, інтэрнэце.
Акрамя гэтага, мы чакалі з іх боку арганізацыйнай падтрымкі. Напрыклад, арганізацыі экскурсіі ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для збору неабходнай інфармацыі або дапамогі дзіцяці ў размеркаванні часу і дазіраванні нагрузкі. Нам спатрэбілася і тэхнічная падтрымка падчас збору інфармацыі, яе апрацоўкі, у моманты правядзення прэзентацыі. Бацькі ўдзельнічалі ў правядзенні фота- і відэаздымкі, мантажы матэрыялаў, тэхнічным аснашчэнні для правядзення выступленняў. Менавіта з іх дапамогай былі прафесійна выдадзены нашы альбомы пра шэсць музеяў сталіцы.
Адсочванне вынікаў работы над праектамі мы праводзім шляхам непасрэднага назірання і з дапамогай дыягностыкі якасці атрыманых ведаў. Назіраючы за нашымі навучэнцамі на працягу чатырох гадоў, мы заўважаем, што ў класах фарміруецца дружны, згуртаваны калектыў: дзеці менш сварацца, вучацца дапамагаць адно аднаму, адчуваюць адказнасць за сябе і сваіх сяброў.
Далучаючы да работы ў праектах вучняў, якія адстаюць у навучанні, мы назіраем рост самаацэнкі, упэўненасць у сабе, сваіх сілах і, як вынік, матывацыю да навучання (калі ў мяне гэта атрымліваецца, значыць, і іншае можа атрымацца). Ацэнкі бягучага самакантролю, якія выстаўляюцца дзецьмі за свае работы, у многіх сталі вышэйшымі.
І яшчэ, што асабліва адзначаюць педагогі пачатковых класаў, у навучэнцаў пачатковай школы стала больш развітое маўленне, палепшылася памяць, яны больш свабодна выказваюць свае думкі, умеюць правільна і лагічна скласці вуснае выказванне, падрыхтаваць пісьмовы водзыў, аргументавана выкласці свае думкі. У дзяцей развіваецца цікавасць да пазнання свету, новых фактаў, з’яў. Яны сталі больш чытаць энцыклапедычную дзіцячую літаратуру і з задавальненнем дзеляцца са сваімі педагогамі і аднакласнікамі тым новым для іх, пра што ўдалося даведацца. Паспрабаваўшы сябе ў розных якасцях падчас выканання праектаў, дзеці вызначаць, які від работы ім даспадобы, што ў іх лепш атрымліваецца, а чаму трэба яшчэ павучыцца. Пры гэтым фарміруюцца і адпрацоўваюцца розныя ўменні і навыкі, дзеці вучацца творча мысліць, прымаць нестандартныя рашэнні.
У 2015/2016 навучальным годзе калектыў выхавальнікаў групы прадоўжанага дня гімназіі працуе над новым праектам — “На цябе, наша моладзь, надзея”. Яго мэта — фарміраванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці асобы малодшага школьніка ва ўмовах сацыякультурнай прасторы сталіцы.

Алена МАЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 16 Мінска;
Інеса ВЕНГЕР,
загадчыца бібліятэкі гімназіі.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*